Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Марына ПАШУК

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ

Кожны з нас, у большай ці меншай ступені, знаёмы са зместам кананічных Евангелляў: з прыпавесцямі Езуса, Яго настаўленнямі і рознымі гісторыямі з жыцця людзей той вельмі далёкай для нас эпохі. Аднак пасланне Евангелля не губляе сваёй надзённасці нават сёння, яно здольнае ўплываць на нашыя паводзіны, думкі, успрыняцце свету. Яно застаецца заўсёды актуальным дзякуючы свайму глыбокаму сэнсу, які выходзіць па-за межы гісторыі і часу. Яно не старэе, але заўсёды захапляе чалавека розных эпохаў і розных краінаў.

Хрысціянін, які разважае над Божым словам і хоча наследаваць Езуса сёння, часта задае сабе пытанне: «А што зрабіў бы Езус у маёй сітуацыі?» Так распачынаецца працэс актуалізацыі Евангелля і яго інкультурацыі, а ў пэўнай ступені нават стварэнне «сучаснага апокрыфа».

Паняцце апокрыф1 было запазычана ад гностыкаў для назвы раннехрысціянскіх твораў, якія не лічыліся Касцёлам боганатхнёнымі, а таму не былі ўключаныя ў канон Бібліі. З часам апокрыфамі сталі называць таксама мастацкія творы з біблійным сюжэтам, але з пэўнай інтэрпрэтацыяй аўтара. Напэўна, апокрыфам у гэтым сэнсе можна было б назваць нашумелую ў мінулым годзе ў нашым оперным тэатры драму «Саламея»2 англа-ірландскага драматурга Оскара Уайльда.

Калі б сёння вучні Езуса пісалі Евангелле Хрыста, то рабілі б гэта, як і раней, не прыгожай мовай, але простай, магчыма, нават з жаргонамі і дыялектамі. І чыталі б гэтую кнігу не вучоныя і паспяховыя людзі, але ў першую чаргу простыя: самыя бедныя сярод убогіх, з якімі не лічацца ў грамадстве, якіх адкінулі і пра якіх забыліся жыхары элітных дамоў і прыгожых багатых асабнякоў, тыя, хто не атрымаў бліскучай адукацыі, хто не можа ганарыцца сваім выхаваннем, хто не меў у сям’і цяпла і любові, хто з прычыны сваіх памылак апынуўся за кратамі, ад якіх усе адвярнуліся, каго сустрэла невылечная хвароба. А героямі Евангелля сёння замест пракажоных сталі б, напэўна, наркаманы, замест гаспадароў вінаградніку — кіраўнікі розных інстытуцый, а замест фарысеяў — тыя, хто… а, магчыма, мы самі.

У нашым ХХІ стагоддзі таксама не спыняюцца спробы перанесці біблійны сюжэт на сучаснасць. Адну з такіх спробаў зрабіў нават не пісьменнік, а каталіцкі святар, бібліст К. Бардскі3.

Перад сваім невялічкім выданнем «Е-вангелле. А калі б Езус нарадзіўся сёння?»4 (названае таксама «Варшаўскае Евангелле»), якое пабачыла свет у 2016 г., аўтар змясціў фрагменты з апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium папы Францішка:

«Не трэба думаць, што евангельскае пасланне заўсёды перадаецца пры дапамозе сталых акрэсленых формул ці ў канкрэтных словах, якія выяўляюць абсалютна нязменны змест. Яно перадаецца ў такіх розных формах, што іх нельга апісаць ці сістэматызаваць» (папа Францішак, Evangelii gaudium, 129).

«Трэба мець адвагу знаходзіць новыя знакі, новыя сімвалы, новыя спосабы перадачы слова, новыя формы прыгажосці, якія з’яўляюцца ў розных культурных колах, у тым ліку з нязвыклымі формамі выяўлення прыгожага» (папа Францішак, Evangelii gaudium, 167).

У анатацыі да кнігі ксёндз Кшыштаф Бардскі піша: «Новая евангелізацыя, да якой заахвочваў нас св. Ян Павел ІІ. Новая мова, новая наррацыя, новае бачанне рэчаіснасці папам Францішкам. Спрадвечная навізна Евангелля.

Прыгожае і незвычайнае апавяданне пра Езуса, які нарадзіўся і жыве ў ХХІ ст. Што кажа Ён пра розныя паводзіны людзей? Як увайшоў у сённяшнюю рэчаіснасць? Якое Яго жыццё і якая Яго дзейнасць? Наколькі Ён папулярны сярод людзей і наколькі Ён дзівак, не падобны да іншых, рэвалюцыянер ці рытуаліст?

Можна пайсці далей і паразважаць — перш чым зазірнуць у кнігу — як людзі ўспрынялі б Яго цуды і вучэнне пра палявыя лілеі і нябесных птушак, калі б Ён жыў сёння, сярод нас; як адзін з нас? Што б сказалі пра Казанне на гары з Яго словамі «благаслаўлёныя міласэрныя», і наколькі сур’ёзна было б успрынята Яго настаўленне пра любоў да ворагаў?

Запрашаем па-новаму зразумець сутнасць паслання Добрай Навіны пра Езуса Хрыста».

Прапануем увазе чытачоў некалькі кароткіх апавяданняў аўтара ў перакладзе на беларускую мову. Паспрабуем крыху ўявіць, што было б, калі б Езус нарадзіўся сёння, і не ў Бэтлееме, а дзесьці ў Беларусі…

Марына Пашук

Гл. таксама:
:: Е-ВАНГЕЛЛЕ. А КАЛІ Б ЕЗУС НАРАДЗІЎСЯ СЁННЯ? ::


  1. Ст.-грэц. ἀπό-κρῠφος (ἀπό  ‘ад’ + κρῠπτω ‘пішу’) — схаваны, скрыты, патаемны, таемны.
  2. Аднаактавая драма на біблійны сюжэт была напісана па-французску ў 1891 г. — «Salomé» — спецыяльна для Сары Бернар, якую О. Уайльд называў «змяёй старажытнага Ніла». У Лондане яе забараніла цэнзура. П’еса была надрукавана ў 1893 г., а ў 1894 г. выйшаў яе пераклад на ангельскую мову з ілюстрацыямі Обры Бёрдслі. Упершыню спектакль па гэтым творы быў пастаўлены ў Парыжы ў 1896 г. У аснове сюжэта — гісторыя смерці біблійнага прарока Яна Хрысціцеля (у п’есе ён названы на габрэйскі манер Ёхананам), пра якую згадвае евангельскі тэкст (Мц 14, 1–12). Версія драматурга адыходзіць ад кананічнага тэксту і пераносіць падзеі ў часы аўтара.
  3. Кшыштаф Бардскі нар. 28 студзеня 1962 r. у Варшаве. У 1980–1981гг. вывучаў ангельскую і нямецкую філалогію ў Лісабонскім універсітэце. Там жа займаўся на курсах габрэйскай і арабскай мовы і культуры, вывучаў санскрыт і індыйскую культуру. У 1987 г. стаў магістрам тэалогіі і атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Праз год абараніў ліцэнцыят па тэалогіі, а ў 1988 г. распачаў вучобу ў Папскім Біблійным Інстытуце ў Рыме. У 1990 г. атрымаў Diplôme d’Etudes françaises, а таксама Diplôme de Langue française (niveau III–2) у Парыжскім Каталіцкім Інстытуце. Ліцэнцыятам біблійных навук стаў у 1991 годзе. У 1993 г. вывучаў габрэйскую мову на інтэнсіўных курсах (г. зв. Ulpan) у Ерузалеме, а таксама юдаізм у Інстытуце Пьера дэ Рацісбона. Прымаў удзел у археалагічных раскопках у Beth-Gimal. У 1997 г. абараніў з адзнакаю summa cum laude доктарскую працу з біблійных навук у Папскім Біблійным Інстытуце ў Рыме. Ступень доктар габілітаванага ў галіне тэалогіі біблійнай атрымаў у 2004 г., а ў 2006 г. стаў прафесарам надзвычайным. Прэзідэнт Польшчы ў 2012 г. надаў яму тытул прафесара, а ў 2013 г. ён стаў прафесарам звычайным.
  4. Сама назва «Е-вангелле» падкрэслівае сучасны характар перадачы евангельскага паслання як «добрага, радаснага паведамлення» сёння – e-mail-а (заўвага перакладчыка)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY