Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Георг Освальд КОТТ

ПАДАРОЖЖА ЛЕСІНГА ДА ЕВЫ КЁНІГ У ВЕНУ

Аварыя з карэтаю Лесінга каля вёскі Гесэн.
Мастак Макс Котт.

З таго часу як герцагскі двор пераехаў у Браўншвайг, Вольфенбютэльскі замак з ягонымі амаль трохстамі пакоямі пустуе. Толькі Лесінг туліцца ў дзвюх мансардах. Наколькі багата выглядае палац звонку з ягонымі вадзянымі ірвамі, упрыгожаным мастом і высокай гадзіннікавай вежаю, настолькі цьмянае ўражанне робіць будынак унутры: змрочны, халодны і са скразнякамі. Нават чарнілы застываюць на марозе. Лесінг цягне наверх кош, даверху напоўнены дровамі. Прыступкі лесвіцы скрыпяць, і прагнілыя масніцы пры кожным кроку пагражаюць зламацца. Па калідорах бегаюць спалоханыя крахтаннем пісьменніка пацукі.

Раздумваючы, ускудлачваючы валасы, Лесінг ходзіць туды-сюды па сваёй абстаўленай нешматлікай мэбляй каморцы. Як гэта часта бывае, дыміць печ, вецер задзімае ў комін, і пакой не награваецца. За акном сядзяць на таполях зграі варонаў, і з галінаў капае птушыны памёт. Карканне перашкаджае Лесінгу, ён адчыняе акно, барабаніць апалонікам па жалезным чане. Вароны з крыкам узлятаюць, робяць два-тры кругі вакол цэйхгаўза і ратонды і зноў апускаюцца на дрэвы.

Лесінг наракае. Двухаблічным бачыць ён гэты Вольфенбютэль. Вось ужо пяты год жыве ён у гэтым цесным горадзе: усё яшчэ халасцяком, пад падазроным наглядам жыхароў — перш за ўсё пастараў. У параўнанні з Берлінам і Гамбургам, дзе ён доўгія гады дзейнічаў у асяроддзі сяброў і аднадумцаў і дзе зарадзілася ягоная слава як філосафа і пісьменніка, Вольфенбютэль для яго — пакінуты Богам глухі закуток. Толькі бібліятэка і ўтрымлівае яго ў гэтым месцы, гэтая ўнікальная кніжная скарбніца, адроджаная Александрыйская бібліятэка, як ён яе называе. Пісьменнік ведае: кнігі — гэта адушаўлёныя стварэнні. Яны дыхаюць, у іх ёсць твар, яны размаўляюць з намі, захоўваюць мінулае, адкрываюць невядомае, яны, нібы чараўнікі, ствараюць новыя прасторы, акрыляюць чалавека. Адукаваны Лесінг карыстаецца скарбам: даследуе, робіць адкрыцці, папаўняе кніжны фонд і стварае ў зацішку Вольфенбютэля несмяротныя творы.

Але ў гэтыя дні яго нішто не трымае. Туга па ягонай заручанай Еве Кёніг у Вене неадольная. Таму ён піша герцагу прашэнне аб адпачынку. Пасля гэтага манарх дазваляе прасіцелю аўдыенцыю ў Браўншвайгскай рэзідэнцыі.

Лесінг зняў два сціплыя пакоі ў доме гандляра віном Ангота, прытулак, у якім ён заўсёды жыве, калі яго цягне ў Браўншвайг. Тут ён атрымлівае імпульсы ў тэатры ці ў размовах з мысліцелямі, якія жывуць побач, такімі як Эшэнбург, Эберт, абат Ерузалем і іншыя.

Недалёка ад маленечкай кватэры пісьменніка знаходзіцца гатычны касцёл святога Эгідыя. Ён узвышаецца над горадам, проста-такі ўпіраецца ў нябёсы, нібы катэдра. Яго размяшчэнне ўнікальнае ў параўнанні з іншымі святынямі Браўншвайга: ён стаіць на ўзгорку, які ўзнімае яго над навакольнымі дамамі, і ўжо здалёку надае нешта ўзвышанае сілуэту горада. Лесінг зноў і зноў захапляецца гэтым месцам, дзе яго позірк скіроўваецца над Больвегам1 да касцёла святой Катарыны2 і дзе вежы сабора з абодвух бакоў ўпрыгожваюць краявід.

Па дарозе ў герцагскі замак, якраз перад новым каталіцкім касцёлам у стылі барока на Фрызэнштрасе, ён сустракае старога Маквіца, падзёншчыка, які часам бывае на пасылках у пісьменніка. Маквіц паказвае на касцёл, моршчыць лоб і ўзрушана кажа: «Вы толькі паглядзіце на гэты будынак! Цяпер католікі вяртаюцца — і так блізка ад замка». Лесінг усміхаецца, пярэчыць: «Добра, спадзяюся, іх прыйдзе яшчэ болей. Там, дзе ёсць добрыя суседзі, выдатна жывецца!»

Вольфенбютэльскі замак, дзе Лесінг доўгі час жыў у цеснаце.
Фота Георга Освальда Котта.

Пісьменнік заходзіць у герцагскі замак праз уваход для парабкаў. Слуга ў ліўрэі вядзе яго праз заблытаны будынак да пярэдняй перад асабістымі пакоямі манарха і кажа яму пачакаць. Пасля бясконцай гадзіны слуга з’яўляецца зноў і адчыняе двухстворчатыя дзверы. Герцаг прымае Лесінга весела. Але менавіта гэтая таварыскасць робіць Лесінга асцярожным, і таму ён аб’яўляе свой родны горад Каменц мэтаю падарожжа. І яшчэ дадае, што шлях, магчыма, можа праходзіць праз Лейпцыг ці Берлін. Пра сапраўдную мэту свайго падарожжа, Вену, ён не кажа ні слова, добра ведаючы, што гэта выклікала б у герцага падазрэнні, таму што двор у Вене ужо шмат разоў паддобрываўся да Лесінга. У правячых манархаў прынята выхваляцца адзін перад адным вучонымі людзьмі, якіх яны трымаюць пры двары: у Патсдаме стары Фрыдрых фанабэрыцца Вальтэрам. Кароль Даніі запрасіў Клапштока ў Капенгаген, а Анна Амалія заключыла дамову з Віландам у Веймары. У гэтым шэрагу герцаг Браўншвайгскі з Лесінгам пры двары займае надзвычай добрую пазіцыю. І ён гэта ведае. Таму ён трымае свайго бібліятэкара на доўгім ланцужку і задавальняе яго прашэнне аб адпачынку. Аднак у канцы аўдыенцыі ён крычыць яму ўслед: «Але ж не спакушайцеся!»

Мігам упакаваныя дарожны мяшок і сумка. Паштовая карэта адпраўляецца. Сігнал ражка робіць Лесінга радасным, яго тугу як рукой зняло. Лейпцыг вабіць. Шлях вядзе на паўднёвы ўсход. У вёсцы Гесэн здараецца першая аварыя: зграя здзічэлых бяздомных сабак з брэхам накідваецца на карэту, коні палохаюцца, экіпаж нахіляецца, спаўзае ў калдобіну і перакульваецца. Складзены на даху багаж коціцца ў лужыны. Фурман падае з козлаў і са страху адпускае павады. Коні ўстаюць на дыбкі і ў паніцы іржуць. З’яўляецца каля тузіна жыхароў вёскі, прыцягненых гэтым відовішчам. Яны выцягваюць Лесінга з паланкіна. На шчасце, ён абышоўся толькі драпінай. Сяляне прывыклі да такіх прыкрасцяў. Яны падсоўваюць пад экіпаж бэлькі, паднатужваюцца і ставяць карэту вертыкальна, пакуль яна, яшчэ крыху хістаючыся, зноў не стаіць на колах.

Пазней Лесінг піша ў лісце да свайго брата: «...Больш за шэсць разоў я перакульваўся і больш за дзесяць разоў захрасаў. Нарэшце ўвечары ў чацвер я прыехаў у Лейпцыг, замест таго каб прыбыць туды ў аўторак ранкам ...»

Аднак цяжкасці падарожжа хутка забытыя. Абуджаюцца ўспаміны: калі ён быў студэнтам у Лейпцыгу, ён нарэшце адчуў сябе вольным ад бацькоўскага кантролю і муштры ў княжацкай школе ў Майсэне. Тады ў Лейпцыгу Лесінг напісаў п’есы для тэатра, і Караліна Фрэдэрыка Нойбер са сваёю трупаю нават паставіла яго «Маладога вучонага». Як у часы студэнцтва, ходзіць пісьменнік па горадзе, наведвае знаёмыя яму месцы. Таксама ёсць яшчэ ігральныя дамы і кабакі з былога часу, і яны нават пахнуць гэтак, як раней. Тут ён мог бы яшчэ некаторы час пабадзяцца, але атрымліваецца інакш: Эрнэстына Крыстына Райскэ, прывабная ўдава, пераследуе яго, раптам апынаецца там, дзе ён фланіруе, і больш не адступае ад яго ні на крок. Яна кожны дзень складае праграму. Ён бурчыць, але дазваляе ёй гэта. Але, калі яна цягне яго паслухаць духавы аркестр, ён у наступнай паштовай карэце ўцякае ў Берлін.

На Шпрэе ён доўга не затрымліваецца. Туга па Еве робіцца ўсё мацнейшаю. Таму ён едзе далей у Дрэздэн, адтуль, спешнай поштаю, праз Прагу — у Вену. Ён прыязджае запылены і галодны, спыняецца ў заезным доме «Оксэн». Тры гады ён не бачыў сваю любімую Еву. Ён хуценька прымае ванну, чысціць вамс і нацельную бялізну. Не ўзяўшы ў рот ні крошкі, ён спяшаецца з дому. Карчмар паказвае яму дарогу ў прадмесце «Аўф дэр Відэн», дзе жыве Ева; дзе яна, стаўшы ўдавою, у апошнія гады спрытна і з розумам вывела з даўгоў занядбаныя фабрыкі свайго мужа і цяпер можа з невялікім прыбыткам прадаць іх. Сёння добрасумленная дама таксама сядзіць за сваімі разліковымі кнігамі. Дзверы ў кантору злёгку адчыненыя. Лесінг бачыць любімую жанчыну, якая з лупаю ў руцэ разбірае ліст. Готхальд Эфраім дрыжыць, у яго сэрца выскоквае з грудзей. Ева чуе шолах, паварочваецца, бачыць нарачонага, ускоквае так, што зэдлічак з грукатам падае на падлогу. Абое кідаюцца адно да аднаго, сутаргава абдымаюцца, задыхаюцца ад блізкасці. Пачынаюцца бесклапотныя дні. Нібыта пажар, распаўсюджваецца навіна: Лесінг у Вене.

Памятны абеліск Еве Кёніг на былых могілках
за царквою Святой Тройцы ў Вольфенбютэлі.
Фота Георга Освальда Котта.

Тэатр робіць перастаноўку ў рэпертуары, ставіць у гонар Лесінга «Эмілію Галоці». І ўсе высокапастаўленыя асобы на Дунаі запрашаюць пісьменніка ў госці. Марыя Тэрэза таксама просіць яго ў свой палац. За ім прыязджае карэта. Каля галоўнага ўвахода салютуе варта. Два лёкаі адчыняюць дзверцы карэты, адкідваюць прыступку, здымаюць капелюшы і кланяюцца. Цырымоніймайстар суправаджае Лесінга ў палац Шонбрун. Яны праходзяць праз Вялікую галерэю, дзе велічэзныя люстры адбіваюцца ў бліскучым паркеце. Імператрыца прымае пісьменніка ў Блакітным салоне — пышна ўбраным памяшканні са шпалерамі з рысавай паперы, кітайскімі вазамі і мэбляй з інкрустацыяй. Наведванне гэтага прыстанішча лічыцца асаблівым гонарам. Такім чынам кожны дзень у Вене робіцца для Лесінга святам, і Готхальд Эфраім з Еваю нават снуюць вясельныя планы. Вяселле павінна адбыцца яшчэ ў гэтым годзе.

Але гэтая ідылія рэзка заканчваецца: у Вене раптам з’яўляецца прынц Леапольд Браўншвайгскі. Лесінга адразу ж выклікаюць да яго. У імператарскім доме для гасцей на мармуровай лесвіцы стаіць малады прынц дваццаці двух гадоў, у ботах са шпорамі, і абвяшчае: адпачынак скончыўся, з гэтага моманту Лесінг павінен служыць аднаму толькі прынцу і мігам сабраць свае рэчы для падарожжа ў Італію.

Ужо наступным ранкам пісьменнік павінен рушыць у дарогу. Дарожная карэта бітком напакаваная ўскладзенымі адзін на адзін і замацаванымі рамянямі чамаданамі і куфрамі Леапольда. Для торбы Лесінга амаль што няма месца. Ева Кёніг абдымае свайго любага нарачонага на развітанне і хавае слёзы. Прынц рэзка патрабуе тут жа вырушыць у дарогу. Лесінг яшчэ раз махае насоўкаю з ад’язджаючай карэты. Экіпаж хутка знікае ў ранішнім тумане. Некаторы час Ева яшчэ чуе грукат падковаў па бруку.

* * *

Лесінг павінен быў суправаджаць прынца Леапольда Браўншвайгскага з Вены па Італіі. Падарожжа працягвалася з 25 красавіка да 15 снежня 1775 года. Ева Кёніг не атрымала ад свайго заручанага за гэтыя восем месяцаў ніводнай вестачкі. Лісты Лесінга да Евы Кёніг не адпраўляліся па прызначэнні.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Сямёнавай-Герцаг.

Літаратура:

  1. Paul Raabe: Hamburger Köpfe – Eva König, mit einem Geleitwort von Helmut Schmidt; Hamburg 2005.
  2. Dieter Fratzke und Wolfgang Albrecht (Hrsg.): Dialog in Briefen und andere ausgewählte Dokumente zum Leben Gotthold Ephraim Lessings mit Eva Catharina König; Erbepflege in Kamenz Schriftenreihe des Lessings-Museums; Kamenz 1981.
  3. Dieter Hildebrandt: Lessing – Biographie einer Emanzipation; München Wien 1979.


  1. Больвег — назва вуліцы ў цэнтры Браўншвайга (заўв. перакл.).
  2. Царква святой Катарыны — евангелічна-лютэранская царква ў Браўншвайгу (заўв. перакл.)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY