Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

САМЫ ВЯДОМЫ Ў СВЕЦЕ МІНЧУК

Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Сёлетні месяц травень-май для нас, сучаснікаў ХХІ стагоддзя — гістарычны: роўна 200 гадоў таму, 5 (17) мая 1819 года ў маёнтку Убель, які належаў Чаславу і Альжбеце (з Маджарскіх) Манюшкаў, нарадзілася немаўлё. З-за слабасці здароўя, небяспечнай для жыцця, было яно ахрышчанае ў той самы дзень «адною вадою». Праз тыдзень адбыўся поўны хрост: гучны, урачысты, з паўдзясяткам сваякоў Манюшкаў і не менш годных іншых сваякоў, як і належыць пракаветнай літоўскай шляхце. Нашчадка «па мячý» даўно чакалі Манюшкі. З трывогаю. Бо ва ўсіх дзядзькоў, братоў Часлава Манюшкі, нараджаліся спрэс дзяўчаты.

Ці не таму пры хросце першынца хлапчука бацькі далі сыну ажно чатыры імёны: Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір. Дзіўным збегам абставінаў дакумент пра хрост ані разу й нідзе да сёння не друкаваўся, бо іначай манюшказнаўцы на ўсёй планеце параўналі б, да прыкладу, што знакаміты Шапэн меў толькі падвоенае імя Фрыдэрык-Францішак, а наш Станіслаў Манюшка — удвая болей. Дзякуючы новаму кіраўніку архіўнай галіны краіны Віктару Курашу афіцыйны сайт «Архівы Беларусі» апошнім часам рупліва папаўняецца радаводнымі дакументамі. Вось адпаведная касцёльная вытрымка пра нашага юбіляра ў перакладзе з лацінскай мовы Алеся Жлуткі.

«З двара Убель. У год 1819, 5 мая я, Вінцэнт Сяліцкі з Кангрэгацыі Святой Місіі, ахрысціў з адной вады з-за слабасці народжанага сёння з імёнамі Станіслава-Яна-Эдварда-Казіміра, сына найяснейшага спадара Часлава Манюшкі, капітана польскага войска, рыцара святога Яна Ерузалемскага і найяснейшай Альжбеты з дому Маджарскіх, яго жонкі, законных сужэнцаў. Хроснымі былі Грыгорый Мяшкевіч і Аксенія Крычыха, сведкамі — Андрэй Езуіта і Францішка Астрыкоўна. У той жа год, дзясятага дня месяца мая, я, той жа самы, давяршыў абрады хросту над названым вышэй немаўлём. Сведкамі гэтых абрадаў былі вяльможны спадар Адам Манюшка, каморнік Ігуменскага павету, і вяльможная спадарыня Марыля Маджарская, яснавяльможны спадар Эдвард Ваньковіч, харужы Мінскага павету, і вяльможная спадарыня Ганна Манюшкаўна, найяснейшы спадар Дамінік Манюшка, маёр польскага войска, рыцар святога Яна Ерузалемскага, і вяльможная спадарыня Марыяна Маджарская, найяснейшы спадар Юзаф Манюшка, харужы Барысаўскага павету, кавалер святога Яна Ерузалемскага і вяльможная спадарыня Ганна Главацкая».

Бацькі немаўляці не снілі й не думалі, аднолькава як і паўдзясятка Часлававых братоў не магла ведаць, што вось гэты нованароджаны, прыйсце якога так шчодра й гучна святкавалася ў першатравеньскай раскошы над рэчкай Волмай-Валмянкай, будзе першым й адзіным дзіцем у іхняй сям’і, адзіным нашчадкам працягу разгалінаванага роду з мілагучным прозвішчам Манюшка. Аднолькава як ніхто не ведаў, што яму наканавана будзе застацца ў гісторыі беларускай і польскай культур (ды і ўсёй Еўропы) славутым кампазітарам, арганістам і дырыжорам Станіславам Манюшкам.

Навучаўся Стах напачатку у сямейных абставінах, дзе першаю скрыпкаю была яго матуля Альжбета з роду Маджарскіх (таго самага, продкі якога лічацца заснавальнікамі на нашых землях ткацтва слынных слуцкіх пасаў), а таксама асветныя дзядзькі: Адам, Дамінік, Казімір, Юзаф Манюшкі.

Да прыкладу, Дамінік Манюшка (1780–1848) — асветнік-думанік, філантроп, які шмат у чым апярэджваў сваю эпоху: задоўга да царскага маніфэста 1861 г. падбаў пра вызваленне сялянаў ад прыгоннага права, раздаўшы спадчынную зямлю ў вольнае карыстанне сваім падданым. Другі дзядзька, Казімір Манюшка (1795–1836), абараніў кандыдацкую дысертацыю пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта. Паміраючы ад сухотаў у Радкаўшчыне (яшчэ адзін маёнтак, набыты дзедам кампазітара, таксама Станіславам Манюшкам), усю маёмасць сваю пакінуў братанцу, будучаму кампазітару. Найбольшую каштоўнасць ад Казіміра мела багатая бібліятэка з тысячай тамоў.

Першапачатковая хатняя адукацыя пазней працягвалася ў гімназіях Варшавы, Менска, у берлінскім музычным інстытуце. Першыя творы пакуль яшчэ малавядомага нават у Беларусі-Літве кампазітара былі напісаны ў Мінску і пастаўлены на тутэйшай сцэне на пачатку 1840-х гадоў: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкантаў», «Латарэя». Падзеяй сталася пастаноўка 9 лютага 1852 г. п’есы «Ідылія» на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча, дзе паны прамаўлялі па-польску, а сяляне і войт Навум гаварылі па-беларуску. І, як пазнейшыя класічныя творы кампазітара «Галька», «Страшны двор» і інш. праславілі яго ва ўсім свеце, дык дзякуючы «Ідыліі» кампазітар Станіслаў Манюшка, поруч з В. Дуніным-Марцінкевічам, лічыцца бацькам нашай нацыянальнай оперы.

Чым яшчэ вылучаецца творчасць генія і чым яна нам дарагая? У ягонай творчай спадчыне налічваецца не адзін дзясятак кампазіцый для фартэпіяна і аргана, аб’яднаных назваю «Песні нашага Касцёла». «Чыстая, глыбокая і непахісная вера Станіслава Манюшкі суправаджала яго крокі ад пачатку да самага скону жыцця. Хрысціянскія погляды, прывітыя бацькамі, а таксама шматвяковымі традыцыямі шляхецкага асяроддзя, якое ўзгадавала кампазітара, у многім абумовілі яго рэалізацыю ў асабовай і творчай прасторы. Вучань варшаўскага арганіста-віртуоза Аўгуста Фраера і вялікага знаўцы духоўнай музыкі Карла Рунгенхагена ў Берліне, ён усебакова раскрыў сябе як касцёльны музыкант і менавіта на рэлігійную музыку скіраваў значную плынь сваёй магутнай творчай энергіі. Каля васямнаццаці гадоў сваёй музычнай дзейнасці — з 1840 па 1857 год — Манюшка прысвяціў працы арганіста ў віленскім касцёле святых Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста. Апрача штодзённых абавязкаў суправаджэння Імшаў і набажэнстваў, кампазітар знаходзіў час на рэпетыцыі з хорам і арганізацыю духоўных канцэртаў, пры Таварыстве дабрачыннасці заснаваў музычную школу для сіротаў, ладзіў заняткі ў прыкасцёльных залах» (С. Немагай).

Паказальна, што ўсе рэлігійныя творы Станіслаў Манюшка ахвярна выдаваў уласным коштам, бо яны былі яму вельмі дарагія і невыпадковыя ў яго творчасці.

Першы біёграф творцы, Аляксандр Валіцкі, у пасмяротным нарысе (Варшава, 1873 год) пакінуў каштоўныя сведчанні пра ўнутраны, духоўны свет і каардынаты быцця творцы на штодзень. «Пры сваёй высокай адукацыі, якую займеў, захаваў жывую і гарачую веру, якая рэдка ў каго сустракаецца. Высока шануючы ўладу розуму, ніколі не дазваляў яму паглыбляцца ў аналіз пачуццяў, а заадно і веры, таму не зносіў аніякіх рэлігійных дыспутаў. Веру захаваў ажно да смерці такую, якую меў у маленстве. З усёй прастатой верыў у кожнае слова катэхізісу, як таго патрабуе Касцёл. Звычайна некалькі разоў у год прыступаў да споведзі і заўсёды ў вельмі раннюю пару, бо не жадаў з таго рабіць параднасці. Аднак з гэтага не трэба меркаваць пра яго як пра фанатыка. Наадварот, паважаў веравызнанне і перакананні іншых, але за гэта патрабаваў, каб і іншыя паважалі ягоныя перакананні. <...>

Звычайна вельмі рана, бо а пятай гадзіне ўставаў, а ўлетку нават раней, адразу ішоў у касцёл на Імшу. Гэта быў звычай, ад якога магла ўстрымаць яго толькі хвароба. Вярнуўшыся з касцёла, зараз жа садзіўся за працу, і амаль усе ягоныя кампазіцыі-творы паўсталі ў гэтую пару. <...> Калі выходзіў з дому ў тэатр, каб дырыжыраваць уласнай операй, тады, зачыніўшыся ў сваім кабінеце, кленчыў перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай і даручаў сябе Яе апецы. Ані разу гэтага звычаю не занядбаў».

Што ж, на абсягах забранай Бацькаўшчыны моцная вера жывіла хоць нейкай надзеяй на лепшую будучыню і дадавала сілаў вытрымаць паняверку.

«Эстэтычныя прынцыпы, што сфарміравалі аблічча рэлігійных песень і дуэтаў Манюшкі, былі абумоўленыя як аб’ектыўнымі фактарамі, якія склаліся на той час у Каталіцкім Касцёле былой Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім у прыватнасці, так асабістымі поглядамі i перакананнямі самога кампазітара. Станіслаў Манюшка не мог не ўлічваць непрывабнага стану тагачаснай літургічнай музычнай практыкі, заняпад якой быў абумоўлены закрыццём многіх касцёлаў і кляштараў, знішчэннем і заняпадам вялікай часткі інструментарыя і рэцэсіяй прафесіяналізму. Сваёй творчасцю ён імкнуўся адпавядаць тагачасным соцыякультурным запатрабаванням, згодна з якімі яго рэлігійныя сачыненні былі арыентаваныя на выканальніцкія магчымасці пераважна паўпрафесійных спевакоў і арганістаў, якіх на той час у касцёлах працавала большасць. Асэнсоўваючы неабходнасць рэфармавання касцёльнай музыкі ў былым ВКЛ, а затым і ў кароннай Польшчы, Манюшка паставіў перад сабой мэту стварэння якаснага i даступнага літургічнага і пазалітургічнага рэпертуару — месаў, рэлігійных песень, харавых i арганных твораў», — піша наша вядомая музыказнаўца Святлена Немагай.

Мы цяпер сапраўды можам ганарыцца тым, што святкуем значны юбілей не проста знакамітага кампазітара, але і адначасова хрысціяніна католіка, які сваім жыццём і творчасцю будзе так доўга служыць узорам нашчадкам, як доўга будзе гучаць і захапляць ягоная цудоўная музыка.

Найлепшы манюшказнаўца мінулага ХХ стагоддзя слушна падкрэсліваў, у чым яшчэ сакрэт Станіслава Манюшкі: маўляў, звыкшы высока ацэньваць мастакоў такога рангу, як Міцкевіч, Славацкі, Шапэн, мы часта недаацэньваем дзейнасць тых, хто застаўся ў Польшчы, хоць менавіта яны ўзялі на сябе найцяжэйшы абавязак служэння свайму народу ў новых умовах, замяняючы адсутнасць зачыненых па ўсёй краіне культурных установаў. Іх дзейнасць разгортвалася пад пільным наглядам цэнзуры і паліцыі, якія абмяжоўвалі — да пакутаў — іх творчую волю.

Бо што зрабіў наваградскі Адам Міцкевіч дзеля ўтрымання духу народа пасля паразы Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў, напісаўшы свайго «Пана Тадэвуша», тое пасля чарговага вызвольнага, але трагічнага адкрытага супраціву сваіх сучаснікаў у другой палове ХІХ ст. — паўстання 1863–1864 гадоў пад началам Кастуся Каліноўскага (у польскай гісторыяграфіі — Студзеньскае паўстанне) зрабіў кампазітар Манюшка сваім «Страшным дваром».

«Як Адам Міцкевіч пасля паразы паўстання 1830–1831 гадоў у незваротным расстанні з Айчынай з сумотна-светлай любоўю да яе творыць шырачэзную карціну нацыянальнага жыцця (пераважна ў шляхецкім асяроддзі) — эпічную паэму «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве» (такая яе поўная назва; разгорт падзеяў у паэме заканчваецца 1812 годам), гэтак і Станіслаў Манюшка ў далечыні ад родных мясцінаў творыць высокай прыгажосці музычную карціну з жыцця сваіх суайчыннікаў незабыўнага мінулага — оперу «Страшны двор», але ўжо пасля паразы паўстання 1863–1864 гадоў. У вернасці зямлі, што іх узгадавала, абодва вялікія творцы знаходзілі новыя духоўныя сілы і натхненне, а іхнія творы, жывыя і паўнакроўныя, неслі ў сабе надзею на свабоду, якую ў народа ўсё ж не забраць. Толькі так, напэўна, і маглі сапраўдныя мастакі-патрыёты ўдыхнуць у душы суайчыннікаў надзею на перамогу ў будучыні» (Скорабагатаў В., Мархель Ул., Каржанеўская Г. Манюшка на Радзіме. – Убель, 2019. С. 45.)

А для мяне асабіста творца «Галькі» і «Страшнага двара» яшчэ паўстае не толькі змагаром-барацьбітом, захавальнікам-прадаўжальнікам, які ў сваіх руках утрымаў паходню нацыянальнага існавання народа між Дняпром і Бугам, над берагамі Нёмана й Дзвіны, але нагадвае сваёй прыроднай сціпласцю нашага класіка Янку Купалу. Калі пасля смерці Фрыдэрыка Шапэна адна з пісьменніц заявіла: «Мы не перасталі б праліваць слёзы па Шапэну ў скарбніцу вечнай скрухі, калі б Манюшка не змякчыў наш боль сваімі напевамі», дык стваральнік «Галькі» на гэта адказаў рэзка і рашуча: «Калі хтосьці настолькі дурны, што можа суцяшацца мною пасля страты Шапэна, дык гэта не мая віна, бо я ніколі не ставіў сябе ў адзін шэраг ні з адной еўрапейскай знакамітасцю, тым больш з Шапэнам, якога я бязмежна люблю. Таксама недарэчна было адзначаць добрыя якасці маёй музыкі ў параўнанні з Маерберам, бо ён піша для парыжскага тэатра, я ж — для нашага айчыннага карыстання, а гэта, як вядома, сфера, у якой вельмі цяжка атрымаць поспех...».

Хіба не прабіваецца тут выразнае, славутае Купалава: «Я не паэта, о крый мяне Божа! Не рвуся я к славе гэткай німала…»

І колькі яшчэ іх, прызабытых, малавядомых, чакаюць нашага годнага ўшанавання…

Толькі з эпохі Манюшкі мне бачыцца неабходнасць займець асобныя манаграфіі пра Ахіла-Джузэпэ Банольдзі, Аляксандра Валіцкага, Валeнта-Волеся Ваньковіча, Яна Дамеля, Тадэвуша Ладу-Заблоцкага, Яна Карловіча, Рамуальда Падбярэскага, Яна Рустэма. Што тут доўга пералічваць, калі пра самога Манюшку ў нас так і не з’явілася дысертацыйнае даследаванне, у адрозненне ад суседніх летувісаў і нават далёкіх італьянцаў, немцаў, не кажучы пра польскамоўныя манаграфіі. Вядома, каб зразумець цэлае, яго часам дзеліш на часткі, але як можна падзяліць на часткі адзін народ, нацыю?

Гісторыя нашай Айчыны апошніх стагоддзяў — гэта гісторыя пра тое, як на месца ратных ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага й Жамойцкага прыйшлі рупліўцы на палетках культуры. І на гэтым новым талкавiску, пазбаўленыя падтрымкі ад уласнай дзяржавы, штодня адчуваючы каланіяльны ўціск заваёўнікаў, не здаліся духова. І перамаглі.

І адзін з тых слынных ваяроў-песняроў — Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір Манюшка.

* * *

Ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана ў мінскім катэдральным касцёле 30 мая адбылося асвячэнне мемарыяльнай дошкі з барэльефам у гонар кампазітара Станіслава Манюшкі. Аўтар твора — скульптар Валяр’ян Янушкевіч.

У сваёй пастырскай навуцы, прамоўленай перад асвячэннем, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч закрануў тры розныя тэмы, мудра з’яднаўшы ўсё ў адно цэлае: свята Унебаўшэсця, 20-ю гадавіну трагедыі на Нямізе і 200-годдзе знакамітага сына нашай Айчыны.

«У сённяшнюю ўрачыстасць святы Касцёл адзначае Унебаўшэсце Пана. На 40-ы дзень пасля Уваскрасення Езус Хрыстус узыходзіць на нябёсы. Ён вяртаецца да свайго Нябеснага Айца, выканаўшы сваё заданне. І ўсе мы павінны ісці наперад, развівацца, перамагаючы шмат цяжкасцяў, бо заўсёды ў жыцці ёсць цяжкасці… Але пры гэтым трэба бачыць і мэту свайго жыцця, ведаючы, што для нас найгалоўным з’яўляецца Божая ласка, патрэбная для збаўлення…

Мы павінны добра ведаць і памятаць, што «без Бога ні да парога». Тая трагедыя, якая сталася 20 гадоў таму, за сто метраў адсюль, на Нямізе, калі людзі растапталі адзін аднаго, выклікае пытанне: чаму так сталася? 53 чалавекі… 250 было паранена. А гэта ж было таксама свята Унебаўшэсця Пана. І ў гэты дзень тут было арганізавана свята піва. Піва было пастаўлена вышэй за Езуса.

…Заданне кожнага хрысціяніна, кожнага верніка, якое выплывае з сённяшняга свята, — гэта менавіта памятаць пра тое, што мы не можам страціць самы каштоўны дар, якім з’яўляецца Божая ласка. І мы павінны быць яе прапагандыстамі ў нашым свеце.

Такім прапагандыстам быў Станіслаў Манюшка. Музыцы яго найперш навучала мама, потым ён вучыўся ў Мінску, потым — у Варшаве, у Берліне. Працаваў арганістам у Вільні, у касцёле святых Янаў. Потым пераехаў у Варшаву, дзе быў дырыжорам Варшаўскай оперы. За жыццё стварыў шмат музычных рэлігійных формаў, такіх як «Вастрабрамскія літаніі». Манюшка быў музыкантам, кампазітарам і сваім талентам служыў людзям, служыў Богу. Сваёй творчасцю Манюшка яшчэ раз падкрэсліў значэнне слова «культура». Вельмі часта мы ўжываем гэта слова, да канца не асэнсоўваючы яго. У ім коранем з’яўляецца «культ», а гэта азначае, што слова павінна мець духоўны характар. Сёння мы найчасцей бачым субкультуру, наогул тое, што не вядзе да Бога, але ад Бога. <...> Зазначу яшчэ, што Станіслаў Манюшка служыў усім людзям, людзям розных нацыянальнасцяў, людзям розных поглядаў. Сваёй дзейнасцю ён аб’яднаў тры краіны, тры народы: Беларусь, Лiтву i Польшчу. Гэта прыклад для кожнага з нас знайсці паразуменне, знайсці супольную мову. Няхай жа гэтая падзея і свята Унебаўшэсця Езуса яшчэ раз напомняць нам пра тое, што мы павінны быць каталізатарамі сучаснага свету.

Няхай памяць пра нашага вялікага земляка, Станіслава Манюшку, жыве ў нашых сэрцах! І няхай добры Бог прыме яго ў сваё Валадарства, каб ён там далучыўся, як выдатны кампазітар, як выдатны музыка, да анёльскіх хораў, каб разам праслаўляць Бога, які вядзе нас сваім шляхам у краіну вечнага шчасця ў небе».

Фота Міколы Новікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY