|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Эпоха Асветніцтва багатая на шматлікія разнастайныя постаці — пераважна актыўныя, супярэчлівыя, авантурныя — ці то ландскнехт, ці то касцёльны іерарх. На гэтым неспакойным тле людзі нармальныя пачынаюць выклікаць большую цікавасць. Вось, напрыклад, наваградскі кашталян Гедэон Яленскі, які, паводле характарыстыкі Севярына Урускага, «умелы юрыст, але адсталых поглядаў». У 1778 г. у нясвіжскай друкарні Радзівілаў убачыла свет невялікая кніжка пад назваю «Чатыры пункты, для ведання кожнаму неабходныя» (праз дзевяць гадоў перавыдадзеная ў Варшаве, перакладзеная на французскую мову) — плён заклапочанасці Яленскага распаўсюджваннем у свеце асветніцкай атруты. Дастаткова прывесці некаторыя ўрыўкі: «Пункт першы. Ёсць Бог. <…> здаровы розум пацвярджае, што ёсць Бог; <…> Калі прыйдзем да нейкага дому і ўбачым, што ўсё добраўпарадкавана <…> хіба ж не здагадаемся адразу, што павінен быць у гэтым доме гаспадар? Пункт другі. Душа чалавека несмяротная. <…> Чалавек ёсць найдасканалым і найшляхетнейшым стварэннем <…>. Пункт трэці. Ёсць узнагарода і вечная кара. (У пацвярджэнне аўтар прыводзіць спасылкі са Старога і Новага Запавету.) Пункт чацвёрты. Патрэбна было і ёсць аб’яўленне Святога Пісання. <…> праз Святое Пісанне (Бог) навучыў нас праўдам, да якіх уласным розумам <…> не дайшлі б <…>. Адказ на абвінавачванне, што аб’яўленне Святога Пісання ці аб’яўленая рэлігія не былі патрэбныя <…>. Несумненна, што найвышэйшы Аўтар прыроды, ствараючы чалавека, уліў розум, даў несмяротную душу і прышчапіў у розуме і ў сэрцы першасны закон <…> не рабіць другому таго, што не жадаў бы сабе <…>. Сапраўды, больш шчаслівыя звяры, якія не маюць ні розуму, ні закону, чым чалавек, які розум мае, а не ведае аб Богу; які мае права, у сэрцы напісанае, а дрэннымі звычаямі яго парушае». Кніжка на самай справе — даволі прымітыўная апалогія хрысціянства, хаця кс. Каліноўскі, місіянер і прафесар віленскай семінарыі, у прадмове аддае належнае аўтару, бо «ў абароне Бога ад блюзнерстваў кожны вернік — жаўнер». Не трэба спяшацца з высновамі, бо гэта той выпадак, калі трэба глядзець не на слабы твор, а на ўсё жыццё аўтара, яго дзейнасць і параўнаць яго, напрыклад, з сённяшнімі дзяржаўнымі мужамі... Гедэон Яленскі не быў ні багасловам, ні мысляром (ды й навошта, калі св. Тамаш Аквінскі варты быў цэлай кагорты і тых, і другіх), але ўсё ж такі не мог не зрабіць свой пасільны ўнёсак у барацьбу з пошасцю. Мабыць, сапраўды, свету, што пачаў з’язджаць з глузду, трэба было самаю простаю моваю нагадаць аб тым, што ёсць Бог, што душа чалавека несмяротная і г.д. Сапраўды, Яленскі лепш гаварыў, чым пісаў, прычым настолькі, што яго прамова ў Менску 3 сакавіка 1742 г. ад імя адвакатуры з прычыны закрыцця Галоўнага Літоўскага Трыбуналу, трапіла ў свайго роду топ — 100 выдатных прамоваў у Рэчы Паспалітай, аб’яднаных каралеўскім сакратаром Янам Астроўскім-Данейкавічам у збор «Swada polska» («Польскае красамоўства», Люблін, 1745. Т. І). У абароне вечных каштоўнасцяў Яленскі абапіраўся не толькі на свае здольнасці: ён вызначыўся таксама ўдзелам у перакладзе з нямецкай мовы Ёгана Готліба Вальпургера «Косматэалагічныя заўвагі аб найважнейшых Боскіх цудах і праўдах, якія ў валадарстве натуры і ласкі знаходзяцца» (Вільня, Акадэмічная друкарня, 1785). Адзіны з хрысціянаў, які жыў, верагодна, у часы Антанінаў, вольнаадпушчанік па імені Герма, у творы «Пастыр» заўважае, што заможныя хрысціяне – гэта таксама камяні, з якіх будуецца Касцёл. Яленскі быў вельмі заможным чалавекам. Тытулаваўся старостам суховіцкім, насовіцкім і нестановіцкім. Калі ў 1752 г. з Вільні ў Мазыр прыбылі сёстры марыявіткі, быў іх галоўным фундатарам, а пасля таго, як пасябраваў з кс. Францішкам Багамольцам SJ, нашым суайчыннікам з Віцебшчыны, паэтам, лінгвістам, гісторыкам і выдаўцом, не шкадаваў грошай на яго праекты. У прадмове да перавыдадзенай кнігі львоўскага кашталяна Андрэя Максімільяна Фрэдра «Przysłowia mów potocznych, albo przestrogi obyczajowe, radne, wojenne» (Варшава, 1769), (вельмі цікавы збор афарызмаў), кс. Багамолец пісаў: «славуты ў Айчыне нашай муж вяльможны Гедэон Яленскі <…> які ні выдаткаў, ні працы не шкадуе на выратаванне ўжо амаль загінуўшых з-за сваёй рэдкасці, годных несмяротнай памяці твораў нашых старых аўтараў». Добрыя справы Яленскі рабіў не толькі пры дапамозе ўласных сродкаў, але і як дзяржаўны чалавек. На Сойме 1786 г. падтрымаў, у прыватнасці, праект, «каб капіталы духоўных аб’яднанняў», (скасаваных аўстрыйцамі ў рэчышчы рэформаў імператара Юзафа ІІ), «што засталіся ў краіне, былі накіраваныя на грамадскія патрэбы (крамы, шпіталі, дапамогу ўбогай шляхце)». ...«Не маю сумнення, — сцвярджаў кс. Багамолец, — што Вам нашчадкі ўзаемнасцю заплацяць»…
Кароткая бібліяграфічная даведка Гедэон Яленскі нарадзіўся ў 1712 годзе. Паходзіў са шляхты герба «Корчак зменены», аселай у пачатку XVII ст. у мінскім і наваградскім ваяводствах, што займала пасады ў Мазырскім павеце. Быў малодшым сынам Антонія Даджьбога, падчашага мазырскага і адзінай з дзвюх яго жонак з Жабаў ці Кацярыны з Галіашаў. Брат Рафала Юзафа, кашталяна наваградскага, Міхала, падкаморыя мазырскага і Кацярыны, базыліянкі з Вільні. Верагодна, скончыў Віленскую акадэмію. Чашнік мазырскі (1738). Гараднічы мазырскі (1742). Падчашы мазырскі (1745). Падстароста мазырскі (1752). Суддзя земскі мазырскі (1765). Падкаморы мазырскі (1769). Староста мазырскі (1771–1786). Пісар дэкрэтовы асэсарскіх судоў (1752–1776). Пасол ад Мазырскага павету на Соймы 1758, 1761, 1762, 1764, 1766, 1767 гг. У 1761 г. быў адзіным з 43-х паслоў, што сарвалі надзвычайны Сойм з-за немагчымасці правесці скарбовую рэформу. Удзельнік дэлегацыйнага Сойма 1774 года. Набліжаны Станіслава Аўгуста. Кавалер ордэнаў св. Станіслава (1776) і Белага Арла (1783). Старшыня асэсарскіх судоў у Гародні ў 1777 і 1778 гг. Актыўны ўдзельнік Соймаў 1782, 1784, 1786 гг. Пасля 1786 г. адышоў ад палітычнага жыцця. У шлюбе з Магдаленаю з Ромераў меў дзвюх дачок — Анэлю (Абуховіч) і Тэрэзу (Рдултоўскую). Памёр у лютым 1798 г.
Літаратура
|
|
|