Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?

Свой артыкул пра кнігу Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» Галіна Тычка слушна назвала «Пакліканне». Нам здалося, што будзе дарэчы даць побач з гэтым літаратуразнаўчым артыкулам казанне ксяндза Аляксандра Чайкоўскага, пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку, якое ён прамовіў на прыміцыйнай Імшы ксяндза марыяніна Аляксандра Жарнасека, сына пісьменніцы (Імша адбылася 12 чэрвеня 2005 года.) І не толькі таму ўзнікла такое жаданне, што два пакліканні, пісьменніцы і святара, у дадзеным выпадку – маці і сына, апынуліся побач, а найперш таму, што ксёндз Чайкоўскі раскрыў саму сутнасць паклікання. Эмацыйна, глыбока і ярка сказаў пра святарства як місію. І хоць казанне звернута да канкрэтнай асобы, да новапрэзбітэра Аляксандра, яно шмат дадае да зразумення сутнасці ахвярнай місіі папярэднікаў маладога марыяніна, ксяндзоў Ляшчэвіча і Кашыры, якім прысвечаны раман «Будзь воля Твая». Думаецца, што гэтае ўсхваляванае слова пра святарства карысна будзе прачытаць усім нашым чытачам – і святарам, і свецкім. А два гэтыя матэрыялы, пастаўленыя побач, няхай паспрыяюць большай цікавасці да рамана Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая».

Рэд.

 
Ці патрэбныя сёння святары?

Сёння, калі мы жывем у XXI стагоддзі? За апошнія 50 гадоў чалавек асягнуў у галіне ведаў пра свет і пра самога сябе больш, чым за мінулыя пяць стагоддзяў. Мы гаспадарым на зямлі і на зорках: высылаем людзей у космас, запускаем ракеты на далёкія планеты. Каго цяпер здзівіш тым, што людзі былі на Месяцы? Сучасная тэхніка здзяйсняе самыя фантастычныя людскія мары. Мы ўсё больш пануем над прыродай. Медыцына, клінічная псіхалогія, псіхааналітыка, антрапалогія робяць фенаменальныя адкрыцці, не меншыя, чым у сучаснай фізіцы. Ці яшчэ патрэбныя святары ў такім свеце?

Прыгадваюцца словы лекара, які пасля аперацыі сказаў, што нідзе не знайшоў душы ў чалавеку, а таксама словы касманаўта, які, выйшаўшы ў адкрыты космас, зрабіў справаздачу, што не бачыў Бога. Зразумела, што існаванне святара мае сэнс толькі тады, калі сапраўды існуе Бог і калі чалавек сапраўды несмяротны.

Вось яно – адвечнае пытанне: ці сапраўды Бог існуе і ці сапраўды чалавек несмяротны? Можа, чалавек выходзіць з нічога і ідзе ў нішто? Адкуль наш род? І куды мы ідзем? Гэтыя пытанні, як землятрус. Чалавек задае іх сабе і свету ад пачатку свайго існавання.

Мы шукаем адказы на пытанні, звязаныя з Богам і з нашай несмяротнасцю, усялякімі даступнымі нам спосабамі. Мы шукаем Бога, выкарыстоўваючы нашыя ўласныя сілы. Але ў гэтых пошуках нельга забывацца пра адну прынцыповую магчымасць: калі Бог існуе, то, можа, Ён сам, са свайго боку, таксама шукае чалавека? Іншымі словамі, можа, чалавек у пошуках не адзін, і таму не трэба абмяжоўвацца толькі ўласнымі сіламі? Можа, Бог, калі Ён ёсць, таксама выходзіць нам насустрач? У гісторыі чалавецтва здзейсніліся цудоўныя рэчы. Мы называем іх Аб’яўленнем. Мы атрымалі Пісанне, даступнае кожнаму, каб над ім разважаць.

У вызначаны час і ў канкрэтнай краіне жыў чалавек па імені Езус, які абвясціў, што Ён – Божы Сын. Сёння, праз дзве тысячы гадоў пасля Яго, нельга шукаць Бога, ігнаруючы Яго сведчанне. Ён, Езус з Назарэта, стаіць перад кожным чалавекам добрай волі ў пакінутым нам Слове і ў заснаваным Ім Касцёле.

Такім чынам, шуканне Бога – гэта не толькі справа людскіх сілаў, аргументаў, вучоных разважанняў. Сёння пошук Бога з’яўляецца справаю веры, асабістага даверу Езусу Хрысту. Ці праўдзівае Евангелле? Адказ на гэтае пытанне кожны з нас атрымлівае асобна, у цішыні нашага сумлення. Да канца свету будуць жыць людзі, якія даказваюць, што Евангелле – байка. Але і да апошняга дня застануцца такія, якія ў сваім найглыбейшым асабістым досведзе будуць перакананыя: Евангелле – гэта праўда. Гэтыя людзі называюцца хрысціянамі. Для іх Бог, аб’яўлены ў Езусе Хрысце, больш рэальны, чым дрэва пры дарозе і горы на даляглядзе. У гэтым людзям патрэбныя святары. Але не толькі ім. Святары патрэбныя ўсім. Веруючым – як сведкі Бога, а тым, што сумняваюцца, – як напамін пра тое, што існуе таксама іншая дарога ў жыцці.

Святары патрэбныя. Але якія? Адказ на гэтае пытанне таксама, як землятрус. Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты. Скажы мне, які святар табе патрэбны, і я скажу ўсё пра тваё хрысціянства.

Калі святар, які прамаўляе да цябе, кажа толькі тое, што ты хочаш пачуць, і цябе гэта цалкам задавальняе, калі святар, перад якім ты вызнаеш свае слабасці, што цягнуць цябе на дно, гаворыць, што нічога дрэннага не здарылася, і ты адыходзіш ад канфесіянала з перакананнем, што твайму жыццю не патрэбныя перамены, калі твайго святара цалкам задавальняе прымітыўнасць тваёй рэлігійнай свядомасці, а ты ў імя Божае марнуеш час замест таго, каб глыбей акунуцца ў праўды тваёй веры, калі ты трываеш у перакананні, што святар, пакліканы служыць Богу і людзям, павінен таксама служыць аб’ектам тваіх фантазій і толькі такі святар заслугоўвае тваёй увагі, і калі ўсё гэта – твой святар, то тваё хрысціянства не ад Хрыста.

Калі ж святар называе белае белым, а чорнае – чорным, калі ён супрацівіцца ўсялякаму мінімалізму – этычнаму, маральнаму і інтэлектуальнаму, шэрасці, сярэднячковасці, логіцы жыцця «з дня на дзень», канцэпцыі жыцця, якую не прасякае і не рухае творчая думка, што ажыўляе подых духу, жыцця, якое не хоча развівацца і прагне заставацца на мізэрным задавальненні са свайго status quo, – і калі гэты святар адпавядае твайму ідэалу, то можна быць упэўненым, што духоўныя семінарыі не дарма ядуць хлеб, а тваё хрысціянства – ад Бога.

 
Хто такі святар?

Апостал Павел у Пасланні да Габрэяў даў наступнае акрэсленне: «Кожны святар, спасярод людзей узяты, для людзей пастаўлены ў тым, што належыць Богу». З гэтага вынікае, што святар – гэта сведка Бога. Якім чынам святар павінен сведчыць пра Бога? Напэўна, праз свае веды і мудрасць. Але перадусім – сваім жыццём. Можна здагадацца, якая гэтая святарская місія цяжкая. Але як слабы чалавек можа асягнуць таямніцу бясконцага Бога, каб сведчыць аб Ім перад людзьмі? Адказ можа быць толькі такі: праз з’яднанне са святарствам Езуса Хрыста, Божага Сына. Бо святар – гэта таксама сведка Евангелля. Святар абвяшчае радасную навіну аб тым, што ўсе мы маем супольнага Айца ў небе і што тым Айцом ёсць Бог, які нас любіць. Святар сведчыць аб праўдзе Евангелля, у якім Бог аб’явіўся чалавеку і дазволіў сябе пазнаць у сваім Адзінародным Сыне, Езусе Хрысце. Святар – гэта чалавек Евангелля, пасланы да людзей абвяшчаць Добрую Навіну Хрыста. Евангелле паводле святога Мацвея заканчваецца словамі Езуса, скіраванымі да Апосталаў: «Ідучы, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога, навучаючы іх захоўваць усё, што я вам пераказаў. А я буду з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету».

 
Як жывуць святары?

Святарскае пакліканне адрозніваецца ад паклікання да якой-небудзь прафесіі, бо і само святарства не з’яўляецца прафесіяй у побытавым значэнні гэтага слова. Святарства – гэта місія. Знешні стыль жыцця святара таксама адрозніваецца ад жыцця свецкага чалавека. Людзі разумеюць ягоную «іншасць». Гэта мае свае добрыя бакі, але таксама нясе і пэўную небяспеку. Бо часам святар становіцца чалавекам «з іншага свету», далёкім ад штодзённага жыцця «звычайных» людзей. Але ў той жа час святар жыве гэтаксама, як і кожны іншы чалавек. У сваім сэрцы ён нясе таямніцу паклікання, але часта і сам не ведае, як гэта сталася, што ён стаў святаром. Ён ніколі не меў незвычайных аб’яўленняў і ў сваім святарскім жыцці не мае патэнту на беспамылковасць. Шукае. Як і многія іншыя давярае Божай ласцы... І гэта... усё. Святар, як і кожны чалавек, паходзіць з нейкай сям’і, мае родных і сяброў. Хварэе. Часам бывае стомлены і галодны. Найчасцей жыве небагата. І зусім не абавязкова павінен быць разумнейшы за іншых. Мае свой тэмперамент, лепшы альбо горшы характар. Здараюцца такія сітуацыі, што ён губляе над сабой кантроль, гневаецца, асабліва тады, калі яму моцна ў гэтым «дапамагаюць» парафіяне. Часам і ў яго апускаюцца рукі – настаюць моманты слабасці. І яму часам «не хочацца жыць». Святар, як і кожны чалавек, мае свае ўпадкі і нявернасці, трапляе ў грахі. Няма чаго хаваць: і святару нялёгка даецца святасць. А, можа, менавіта святару святасць даецца ой як нялёгка.

Людзі асуджаюць святароў вельмі сурова. І слушна. Гэта толькі пацвярджае тое, як сур’ёзна яны ўспрымаюць іх пакліканне. Але святар ва ўсёй сваёй натуры застаецца чалавекам Божым. Які б ён ні быў, але ён мае моц «сцягнуць» на зямлю жывога Бога: «Гэта Маё Цела... Чыніце гэта на Маю памяць». Святар мае ўладу дараваць правіны: «Каму даруеце грахі, будуць ім дараваныя». Мае дар выпрошвання ласкі ў сакрамэнтах Касцёла. Нягледзячы на сваю большую альбо меншую асабістую святасць, святар нясе людзям Бога.

 
Ці варта сёння быць святаром?

Часам мы пытаемся, якімі матывамі кіруецца малады чалавек, калі выбірае дарогу святарскага паклікання? Сёння малады святар пачуў словы: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і прызначыў на тое, каб вы ішлі і прыносілі плён». Гэта вельмі шмат кажа нам пра тое, дзеля чаго малады чалавек выбірае святарства. Бо ў сапраўднасці гэта не сённяшні прыміцыянт у свой час выбраў духоўную семінарыю, але тады менавіта да яго Хрыстус скіраваў словы: «Ідзі за Мной». І на гэты заклік ён проста адказаў сваім: «Іду».

Дарагі ксёндз прыміцыянт! Ты пойдзеш прыносіць плён, хоць гэта не будзе лёгка, бо гэты свет усё больш вар’яцее. А Хрыстус цябе паклікаў, каб ты ішоў у гэты дзіўны свет:

– у свет, у якім Бог са сваім Евангеллем любові, на першы погляд, прайграе бітву з паўсюль прысутным злом;

– у свет, які часам курчыцца ад жалю над зламанай раслінай і не жадае задумацца над жахлівай смерцю мільёнаў людзей;

– у свет, які толькі і будзе чакаць, каб ты яму спадабаўся, трапіў у ягоныя ласкі, ідучы на кампрамісы.

У гэты дзіўны варожы свет пойдзеш ты, пасланы, як авечка паміж ваўкамі, узброены толькі верай, ласкай святарства і гарачым сэрцам. Пойдзеш, каб сказаць гэтаму свету: «Езус – адзіная Дарога, Праўда і Жыццё».

Ты будзеш пасланы да розных людзей. Да тых, чыя простая вера і дзіцячы давер кінуць цябе на калені. Да тых, чые споведзі пакажуць табе, колькі ты павінен яшчэ працаваць над сабой, каб да іх дарасці. Але пойдзеш таксама і да тых, якія з крывадушнай усмешкай, як афіняне святому Паўлу, скажуць: «Мы паслухаем цябе іншым разам». Ты пойдзеш да людзей вельмі простых і вельмі адукаваных, да тых, што жывуць у бядоце, і тых, што «як сыр у масле». Да тых, якія з пашанай захочуць пацалаваць тваю руку, і да тых, якія, убачыўшы цябе, плюнуць на зямлю і лінуць услед памыямі брыдкіх словаў.

І ўсіх іх ты павінен будзеш любіць! Каб быць другім Хрыстом, ты павінен любіць іх усіх. Табе недазволена будзе ўсміхнуцца добрым і адвярнуцца ад настроеных варожа – усіх трэба будзе атуліць бацькоўскімі рукамі Бога. І не разлічвай на падзяку за сваю працу, тым больш што мы – нікчэмныя слугі. Часам, калі ты стомлены прыйдзеш дахаты, адзінай падзякай табе будзе голас чалавека ў тэлефоннай слухаўцы, які скажа, што ненавідзіць цябе, бо ты яму сёння не так усміхнуўся. Падрыхтуйся да таго, што свет не зразумее цябе і тваёй місіі. Увесь час ты будзеш пад абстрэлам.

Пасля ўсяго сказанага можа нарадзіцца пытанне: ці ёсць, у такім разе, сэнс быць святаром сёння, на пачатку трэцяга тысячагоддзя? Так. Менавіта таму, што сённяшні свет такі заблытаны, яму патрэбныя святары.

 
Ці лёгка быць святаром?

Магчыма, прыйдзе час, і цябе расчаруюць людзі, не пашкадуе законнае начальства, наваляцца хвіліны сумневу. Але кожны святар перажывае таксама і такія хвіліны, якія кампенсуюць яму ўсе непамыслоты, такія моманты, якія ўмацоўваюць яго ў перакананні, што ягоная служба патрэбная. Для мяне гэткім момантам было адно здарэнне, якое я перажыў у сваёй парафіі ў Наваполацку. Мяне паклікалі да хворай. Немаладая ўжо жанчына ніколі не хадзіла ў касцёл, і раней яе лічылі кепскім чалавекам. Кажу «раней», бо калі я да яе прыйшоў, яна была цалкам паралізаваная і не магла ўжо прамовіць слова. Мяне паклікала яе суседка, бо ў сям’і вырашылі: іхняя маці настолькі злы чалавек, што і ксёндз ёй не дапаможа. Калі я ўдзяліў ён сакрамэнт хворых, а асабліва, калі прасіў, каб шкадавала за свае грахі, з яе вачэй пацяклі слёзы, а з нямых вуснаў вырваўся плач. Гэтая хвіліна шакіравала мяне, але адначасна дапамагла таксама і зразумець, што мая паслуга патрэбная ў гэтым свеце. Бо чым мог бы я дапамагчы гэтай жанчыне, калі б не быў святаром? Калі лекары разводзілі рукамі, а дзеці чакалі смерці?

Дарагі ксёндз Аляксандр!
Ты патрэбны гэтаму свету, бо ў ім жыве шмат сляпых, што ідуць па жыцці навобмацак, без веры; жыве ў ім шмат нікадэмаў, якія пад покрывам начы прыходзяць з цяжкімі пытаннямі; шмат фарысеяў, што даўно заблыталіся ў сваёй хлусні. Усім ім ты будзеш абвяшчаць Праўду, якая здольная вызваліць іх скаваныя сэрцы з путаў. Абвяшчэнне гэтай Праўды будзе вымагаць ад цябе адвагі, але памятай, што ты не адзін. Святы Дух дзейнічае ў табе, бо Яго ты атрымаў у сакрамэнце святарства. Ты ўжо дзейнічаеш Ягонай сілай і ад імя Касцёла, які падтрымлівае цябе двума тысячагоддзямі існавання. Ёсць у ягонай гісторыі прыклады сведкаў, якія за Праўду аддалі жыццё. Сваю першую святую Імшу ты адпраўляеш у касцёле, які носіць імя аднаго з іх, – святога Андрэя Баболі. Ты належыш да ордэна марыянаў, які даў свету двух адважных у сваёй вернасці Хрысту і Касцёлу блаславёных, нашых землякоў – Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. Памятай пра іх асабліва тады, калі цябе не будуць разумець, калі веру тваю будуць ігнараваць, а з тваёй паслугі здзеквацца. Але ўзірайся на іх таксама і тады, калі падступіцца спакуса выгадна ўладкаваць сваё жыццё, ідучы на кампраміс з гэтым светам, з ягонымі законамі і правіламі гульні.

Нават калі ў тваёй сям’і цябе не зразумеюць, памятай, што ты папоўніў шэрагі Божых мураўёў. Ты належыш да выбранага племені. І гэта няпраўда, што гэтае племя, як любяць казаць атэісты, заўсёды было тормазам прагрэсу. Гісторыя сведчыць насуперак стэрэатыпам антыклерыкалаў на тваю карысць. Бо гэта менавіта манахі захавалі творы старажытных класікаў, перапісваючы іх у сваіх кляштарах, калі ў часы Сярэднявечча варварства запаланіла ўвесь культурны свет. Гэта менавіта людзі ў сутанах і хабітах літару за літарай перапісвалі старыя кодэксы, калі моцныя гэтага свету не ўмелі нават паставіць свой подпіс на паперы. Мала хто ведае, што менавіта манах Фра Мауро намаляваў карту свету яшчэ да адкрыцця Амерыкі, і гэтай картай потым карыстаўся Калумб. Першы механічны гадзіннік мы маем ад чалавека, які пісаў касцёльную хроніку, а палепшыў яго Геберт, пазнейшы Папа Рымскі Сільвестр ІІ, які таксама ўвёў у арыфметыку арабскія лічбы. Першы астранамічны гадзіннік змайстраваў абат Рычард Валімфорд, а чалавек у францішканскім хабіце

Ражэ Бэкан вынайшаў лінзы і сканструяваў тэлескоп. Ксёндз Мікалай Капернік першым даказаў, што сонца стаіць, а зямля рухаецца па сваёй арбіце. Першыя бясплатныя школы для дзяцей стварыў святар, а першым чалавекам, які прыйшоў на дапамогу глуханямым, быў ксёндз з Іспаніі. А хто вынайшаў порах, жывапіс на шкле? Каму належыць вынаходніцтва шкалы і асноўных прынцыпаў навукі аб гармоніі, вынаходніцтва спектральнага аналізу? Хто прыдумаў паліхромію, хто значна палепшыў компас, хто першы прыдумаў веласіпед, паветраны шар, газавыя свяцільні? Усё гэта людзі твайго племені, ксёндз Аляксандр. Напэўна, мала хто ведае, што акуляры прыдумаў таксама манах. Гэта быў дамініканец, наш з табой цёзка – Аляксандр Спіна.

Ксёндз Аляксандр! Ты выбраў найцяжэйшую з дарог. І хоць знойдуцца тыя, якія скажуць табе, што ты пайшоў па гэтай дарозе дзеля выгады і лёгкай працы, памятай, што ты выбраў пакручастую і абрывістую дарогу. Бо кожны з нас, святароў, усведамляе сваю слабасць, абмежаванасць і грахоўнасць. Кожны з нас згодны з тым, пра што піша святы Павел: «Мы захоўваем скарб у гліняных начыннях, каб з Бога была тая вялікая моц, а не з нас». І менавіта крохкасць гэтага начыння – твае слабасці, цярпенні, грахі – стануць парадаксальнай крыніцай сілы. Бо ты ўбачыш, што, нягледзячы на страхі і сумневы, Бог праз цябе будзе чыніць сапраўдныя цуды ў людскіх сэрцах. І сляпым, і нікадэмам, і фарысеям праз цябе Ён пакажа дарогу. Гэта дасць табе вялікую радасць, якую немагчыма параўнаць з ніякай іншай радасцю. Але ў святарства таксама ўпісаны крыж. Бог даў табе вялікую годнасць – сваё святарства. Ён цябе ўзвысіў, але павер: гэтае ўзвышэнне не аднойчы стане тваёй Галгофай. І з гэтай Гары ты, магчыма, не аднойчы закрычыш: «Божа мой, Божа, чаму Ты мяне пакінуў?». Бо прыйдуць выпрабаванні. Прыйдуць дні, поўныя сумневаў і расчараванняў. Не дзеля таго, аднак, яны прыйдуць, каб зламаць цябе, але каб загартаваць. Тады асабліва моцна памятай пра словы святога Паўла: «Што нас можа адлучыць ад любові Хрыстовай?... Нічога. Бо я ўсё магу ў Тым, які мяне ўмацоўвае». І сапраўды: ты ўчыніш ў Ім усё, калі толькі зразумееш, што ад моманту, калі ты прыняў сакрамэнт святарства, жывеш ужо не ты. Жыве ў табе Хрыстус.

Фота з пасвячэння ў Росіцы
Міколы Новікава.

Гл. таксама:
Галіна ТЫЧКА «ПАКЛIКАННЕ»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY