|
|
№
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ
На кніжнай паліцы
In memoriam
На шляху веры
Працяг размовы
Постаці
Культура
Проза
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Слова святара
На кніжнай паліцы
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
|
ПАКЛIКАННЕ
Ірына Жарнасек. Будзь воля Твая.— Мінск: «Про Хрысто», 2004.
Ірына Жарнасек — сталы і вядомы на Беларусі аўтар. Яе кнігі прозы «Ліст да сына», «Гульні над студняй», «Гадара» даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў сярод чытачоў і прафесійных літаратараў, а кніга «Спрэчка анёлаў» проста зачаравала дзяцей і падлеткаў, дзеля якіх яна і была задумана. Але ўсё ж новы твор пісьменніцы не проста ўзрадаваў, а ўразіў, усхваляваў да глыбіні душы. Не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтую кнігу многія людзі чакалі ўсё сваё жыццё, і не толькі тыя, хто сам стаў ахвярай таталітарных рэжымаў, але і тыя, хто з паўзабытых дзён ранняга маленства памятае, як бабуля шэптам расказвала ім, сваім унукам піянерам ды камсамольцам забароненую гісторыю пра трагічную гібель людзей у Росіцы і пра пакутніцкую смерць разам з імі ксяндзоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Чакалі і тыя, хто, вывучаючы гісторыю Бацькаўшчыны на прыкладах псеўдагераізму, псеўдапамяці, інтуітыўна адчуваў, што былі на Беларусі і сапраўдныя героі, і глыбінны патрыятызм. Шмат дзесяцігоддзяў народ з ваколіцаў Ідолты, Друі, Браслава, Верхнядзвінска нёс у сваіх сэрцах балючую памяць пра тыя страшэнныя часіны і стараўся зберагачы яе, пераказваючы з вуснаў у вусны сваім дзецям ды ўнукам. Буялі быльнёг і крапіва, там дзе ляжалі косці і попел спаленых жывымі людзей, а помнікі безымянным героям вайны ўзвышаліся каля кожнага сельсавета, каля кожнай мясцовай школы. Стандартныя шэрыя абеліскі з пяцікутнаю зоркай і кволымі кветкамі ля падножжа ўзносіліся на скрыжаваннях дарог, на цэнтральных плошчах вялікіх вёсак, мястэчкаў і гарадоў дзеля таго, каб гэтай бязлікай, бязадраснай памяццю заглушыць, сцерці з людскіх душаў жывую скруху, схаваць гістарычную праўду. З тае прычыны, што гэтая праўда, гэты боль выяўлялі сапраўдную сутнасць не толькі фашызму, але і таталітарнай сістэмы ўвогуле. Толькі пасля 1989 года, калі бальшавіцкая ідэалогія пацярпела поўны крах, стала магчымым правесці першую Імшу на брацкіх магілах пакутнікаў Росіцы. Прысутнічалі на ёй усяго тры чалавекі: марыянін, святар ідолтаўскага касцёла а. Антоні Лось, які толькі напрыканцы жыцця змог вярнуцца на сваю гістарычную радзіму, законная сястра Ядвіга, адна з нямногіх, хто ацалеў у 1943 годзе ў Росіцы, і шафёр, які прывёз іх туды. Сёння пра росіцкую трагедыю мы можам гаварыць услых. Сёння на месцы гібелі людзей стаіць помнік ахвярам, а айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра далучаны да ліку святых. Раман «Будзь воля Твая» Ірыны Жарнасек, у якім па-мастацку ўзноўлены тыя жахлівыя падзеі лютага 1943 года з постацямі рэальных людзей у цэнтры — ксяндзоў Ляшчэвіча і Кашыры, таксама стаў своеасаблівым помнікам бязвінным ахвярам, сімвалічным увасабленнем панавання Боскай праўды і справядлівасці не толькі ў небе, але і на грэшнай зямлі.
Нават калі б у рамане проста адлюстроўваліся падзеі нядаўняга трагічнага мінулага нашага краю, гэта таксама мела б свой сэнс. Але Другая сусветная вайна, у полымі якой сярод шмталікіх крывавых ахвяраў была і вёска Росіца разам са сваімі жыхарамі і святарамі — айцамі марыянамі –Антоніем Ляшчэвічам і Юрыем Кашырам— толькі адзін з аспектаў шматпакутнай беларускай рэчаіснасці, узноўленых у гэтым творы. У рамане, як і ў тагачасным рэальным жыцці, выявіліся складаныя перапляценні нашай айчыннай гісторыі, адбіўся пакутлівы лёс беларускага народа на скразняках гісторыі і на скрыжаваннях інтарэсаў магутных таталітарных сістэм ХХ стагоддзя — фашызму і камунізму, адзінасутных у сваёй антыгуманнасці, у нянавісці да ўсяго духоўнага. «Найстрашнейшы валадар нашых дзён гаспадарыць цяпер на нашай зямлі. Ён мае д’ябальскую сілу, шалёныя намеры і поўную бесчалавечнасць. Вось яна — схватка цемры са святлом, зла з дабром», — разважае ў рамане адзін з галоўных яго герояў Антоні Ляшчэвіч, молячыся за душы памерлых і паміраючых на яго вачах, ведаючы і пра сваю немінучую смерць. «Мы — у цэнтры гэтай схваткі. Але дзеі гэтага свету вырашаюцца не тут, не ў агні вайны, яны вырашаюцца Тваёю воляй.
...дык няхай жа будзе сёння наша ахвяра прад Табою, Прымі ж, Пане, ахвяру Расіцы, і няхай яна адплоціць за грахі многіх на гэтай зняверанай, змучанай, скалечанай зямлі, якую калечылі не толькі прыхадні, але й гаспадары», — прамаўляе ў думках святар. На сустрэчы з чытачамі ў Чырвоным касцёле імя св. Сымона і Алены Ірына Жарнасек расказвала, як доўга, на працягу многіх гадоў, яна выношвала мару пра напісанне гэтага твора, як паступова і няпроста назапашвала матэрыял, з якога потым узнікла кніга. Расказвала пра свае сустрэчы з нешматлікімі жывымі сведкамі росіцкай трагедыі, пра тое, як была ўражана і ўзрушана, калі на аснове фактаў, жывых аповедаў людзей, убачыла ўвачавідкі адзінства дзвюх, здавалася б, антаганістычных сістэм — фашызму і камунізму, якія, змагаючыся паміж сабой, аднолькава бязлітасна і жорстка нішчылі чалавечыя жыцці, лёсы. Сапраўдная д’ябальская сутнасць таталітарызму, якому неўласцівая была шкадоба ні да сваіх, ні да чужых, раскрываецца ў рамане Ірыны Жарнасек у непрыдуманым і, на жаль, тыповым для беларусаў лёсе Ганкі, бацьку якой рэпрэсавалі бальшавікі, маці — расстралялі фашысты, а самую дзяўчынку вывезлі ў Германію, дзе яна цудам выратавалася ад смерці ў газавай камеры. Гісторыя чалавецтва, гісторыя цывілізацыі ад першых дзён свайго стварэння мае ў сабе своеасаблівы зародак, парадыгму далейшага развіцця. У кожным часе, у гісторыі кожнага народа на пэўным этапе паўтараюцца тыя ці іншыя знакавыя сітуацыі, якія становяцца выразнымі сімваламі на шляху станаўлення духоўнасці. Гэтая сімволіка ўражвае сваёй лаканічнай прастатой і недасяжнай велічнасцю.
Хто з нас не адчуў магічнай сілы гэтага тэксту? Але само пакліканне — лёс нямногіх, выбраных, і патрабуе нязломнай веры, адвагі. Не кожнаму дадзены такая адвага і вера. Айцам марыянам Антонію Ляшчэвічу і Юрыю Кашыру былі дадзены. Здаецца, яны былі зусім розныя людзі. Антоні Ляшчэвіч — старэйшы па ўзросце, высокаадукаваны чалавек, які цудоўна валодаў некалькімі замежнымі мовамі, у тым ліку і нямецкай, больш вопытны і спрактыкаваны ў жыцці, бо шмат дзе быў і шмат чаго бачыў. Юры Кашыра — сын беднай удавы, а потым і зусім сірата з недалекай ад Друі вёскі, сціплы і сарамяжлівы, які дзякуючы друйскім айцам марыянам трапіў на вучобу ў далёкі Рым. Але было і тое, што іх яднала. Абодва яны былі спалучаны лёсам з друйскімі айцамі марыянамі, дзейнасць якіх у гісторыі беларускага Адраджэння стала легендай. Ляшчэвічу і Кашыру было ў каго вучыцца мужнасці, веры і патрыятызму, бо сярод іх настаўнікаў былі не толькі славутыя а. Андрэй Цікота і а. Фабіян Абрантовіч, але і многія іншыя асобы, якія ахвяралі сваім лёсам і жыццём дзеля народу, сваёй Радзімы.. Зерне, кінутае ў добрую глебу, прынесла свой плён. Выгнаныя польскімі ўладамі з роднага краю за сваю патрыятычную дзейнасць, беларускія айцы марыяне пры першай магчымасці вярнуліся ў родны край. Антоні Ляшчэвіч пакінуў далёкі кітайскі Харбін, а Юры Кашыра— еўрапейскі Рым, славутую каталіцкую сталіцу свету. Яны вярнуліся на Беларусь у самы цяжкі, самы складаны час, калі бурыліся дзяржаўныя межы, калі вайна нішчыла жыцці, руйнавала святыні, калечыла людскія лёсы. Яны вярнуліся сюды «несці словаў Божых праўду», бо былі годнымі вучнямі сваіх настаўнікаў: мелі адвагу і веру, любілі свой край і свой народ, адчувалі сябе беларусамі. «Калі выйду на поле — вось мячом забітыя. Калі пайду ў горад — вось пакуты голаду. Нават прарок і святар, нічога не разумеючы, блукаюць па краі...» Прарок Ерамія… Гэтыя словы ён казаў хіба што і пра гэтую зямлю, якая ў дваццатым стагоддзі прагрэсу ператваралася ў выпаленую пустэльню. Выйду ў поле — вось мячом забітыя, пайду ў горад — вось пакуты галодных. Нават прарок і святар, нічога не разумеючы...», — рэфлексуе, згадваючы Святое Пісанне, айцец Ляшчэвіч, благаслаўляючы на пакутлівую смерць сваіх суайчыннікаў. Такая яна была ў тыя гады — беларуская рэчаіснасць. І няпроста было тады, калі паўсюль панавала здрада, калі ў сусветным маштабе паўтаралася спрадвечная драма Каіна і Авеля, калі дзяржава ішла на дзяржаву, народ — на народ, калі сусед забіваў суседа дзеля таго, каб забраць яго няхітры спажытак, — няпроста было захаваць чалавечнасць, не зняверыцца. У рамане Ірыны Жарнасек нямецкі штурмбанфюрэр, у душы якога за час вайны, здаецца, не засталося нічога святога і які, відаць, не ўпершыню ўзначальвае пацыфікацыю, назіраючы за тым, што адбываецца на яго вачах у Росіцы, думае пра Хрыста: «І ўсё ж Ён быў... Не мог не быць хоць бы таму, што во гэтыя самыя пастыры праз дзве тысячы гадоў гатовыя памерці за Яго. За прывід не паміраюць. І прывід не дае сілы на пакутніцкую смерць...» Так, гэта праўда. Хрыстус дае сілы. І не толькі на мужную смерць. Ён дае сілы жыць, тварыць, абвяшчаць Яго праўду. Ва ўсе часы і на ўсёй зямлі, у тым ліку і на нашай шматпакутнай беларускай. У сярэдзіне ХХ стагоддзя Ён паклікаў айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру на падзвіжніцкую смерць разам са сваімі парафіянамі, а праз паўстагоддзя пісьменніца Ірына Жарнасек адчула Боскае пакліканне ўвасобіць гэты подзвіг у мастацкім слове.
Гл. таксама:
|
|
|