Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Валеры БУЙВАЛ

КАРАВАДЖО.
УКРЫЖАВАННЕ СВЯТОГА ПЯТРА

Дзень 7 мая 1991 г. мы будзем памятаць усё жыццё. Група дзяцей з Нароўлі, што на Гомельшчыне, і некалькі дарослых суправаджаючых з Мінска былі запрошаны ў Ватыкан. У вялікай зале Aula Nervi Папа Ян Павел ІІ прымаў пілігрымаў з усяго свету. Ён прамаўляў у той дзень на трынаццаці мовах: нямецкай, лацінскай, славацкай, шведскай, італьянскай, французскай... І раптам мы пачулі ягоны поўны дабрыні голас, ягоную малітву па-беларуску: «Молімся за Беларусь, за яе народ, за яе дзяцей, што прыйшлі сёння да нас...» Дзеці, адлучаныя савецкім рэжымам ад беларушчыны, ад хрысціянскай традыцыі, былі азораныя Божай ласкай. Потым мы прайшлі ў сабор святога Пятра, да грабніцы апостала, які прыняў пакутніцкую смерць на гэтым месцы. У касцёле на плошчы Дэль Пополо завяршылася рымская пілігрымка малых беларусаў. Шэдэўр Караваджо, створаны для аднаго з алтароў касцёла, уразіў драматызмам і жыццёвай праўдай мастацкага расповеду аб першым біскупе рымскім.

Памяць, увасобленая ў мастацтве, дазволіла многім пакаленням людзей прайсці па святых мясцінах Рыма і перажыць драму барацьбы за Веру першых хрысціянаў.

У 1589 г. у Рым упершыню прыехаў шаснаццацігадовы юнак з мястэчка Караваджо, што непадалёк ад Бэргамо ў паўночнай Італіі. Сын правінцыйнага архітэктара, ён ужо атрымаў першыя грунтоўныя ўрокі жывапісу і зарабляў на жыццё капіраваннем партрэтаў. Мікеланджэло Мэрызі да Караваджо (1573–1610) не ведаў тады, што ягонае імя назаўжды застанецца ў гісторыі мастацтва, а ягоная творчасць угрунтуе цэлую плынь у еўрапейскім жывапісе – караваджызм.

Алтарная карціна «Укрыжаванне святога Пятра» – твор спелага майстра. У поўны голас гучыць у карціне трагічны кантраст святла і цемры. Уласна ва ўсёй творчасці Караваджо галоўнымі героямі выступаюць Святло і Цемра, што адлюстроўваюць антаганізм Дабра і Зла. Караваджо – выдатны каларыст і кампазітар (майстар кампазіцыі), але менавіта chiaroscuro (па-італьянску святлацень, і гэты тэрмін трывала ўвойдзе ў прафесійную лексіку еўрапейскіх жывапісцаў) вызначае непаўторнасць стылю Караваджо, духоўную змястоўнасць і яркую вобразнасць ягоных твораў. Упершыню ў гісторыі жывапісу мастак настолькі паслядоўна развівае жывапісную мову, пабудаваную на асляпляльных эфектах яркага святла, якое раздзірае чарнату. Аднак Караваджо зусім не гнаўся за новымі, чыста фармальнымі вырашэннямі. Глыбокі і хвалюючы рэалізм ягоных твораў сведчыць пра шчырыя перажыванні каталіцкага мастака, для якога галоўным было ўвасабленне велічы хрысціянскага подзвігу. Нямецкі мастацтвазнаўца Томас Шынкёт так сфармуляваў цудоўны прынцып жывапісу Караваджо: «Шматлікія персанажы, якія дзейнічаюць у вузкай прасторы, а таксама святло і цень узмацняюць інтэнсіўнасць трагічнага дзеяння. Яны ствараюць рух. Непраглядная цемра і святло, якое востра ўрываецца ў выяву і “высвечвае” галоўнае, безумоўна маюць уражальнае ўздзеянне, выклікаюць моцнае перажыванне і спачуванне»1.

У карціне адлюстраваны кульмінацыйны момант антыхрысціянскіх ганенняў, учыненых імператарам Неронам. Паводле падання, 29 чэрвеня 67 года на ватыканскім пагорку Рыма адбылося пакаранне смерцю рымскага біскупа – святога апостала Пятра, які цярпеў разам са сваёй паствай. Апостал палічыў сябе нявартым быць укрыжаваным, як Хрыстус, таму ён папрасіў катаў укрыжаваць яго ўніз галавой. Караваджо нібыта быў сведкам гэтай трагічнай падзеі – настолькі непрыхарошана і натуральна паказана злачынная практыка сатанізму. Забойцы прафесійна выконваюць свае функцыі. Дзецюкі ўжо прыбілі цела сваёй ахвяры і ўзнімаюць крыж. Іхнія целы напружыліся ў самых нечаканых ракурсах злачыннага намагання, але гэта – безаблічныя выканаўцы імператарскага загаду. Твараў двух з іх мы не бачым зусім, бо яны павернутыя спінамі, а галава трэцяга ката патанае ў ценю, і мы толькі чытаем зморшчыны на ілбе ягонага грубага твару. (Сапраўды, мастак добра ведаў гэтую натуру. Выбуховы тэмперамент не раз даводзіў яго да скандалу і нават злачынства. Караваджо спазнаў турму, уцёкі з гораду ў горад. У 1608 годзе ён знайшоў прытулак на Мальце, быў нават пасвечаны ў рыцары Мальтыйскага ордэна і стварыў на востраве цудоўныя фрэскі. Але ўсё зноў скончылася турмой і ўцёкамі.) Успышкі святла з непараўнальнай пластычнасцю выляпляюць фігуры катаў, якія ўтвараюць у сціснутай прасторы карціны жорсткі вузел гвалту.

І вось у кантрасце з бяздушнай масай целаў, якая належыць цемры, у цэнтры палатна яркая плынь залівае фігуру пакутніка. У месцы перасячэння дыяганаляў кампазіцыі мы адразу бачым белую набедраную павязку апостала, якая выконвае ролю каларыстычнага ключа ўсёй карціны і мае сімвалічны сэнс (пакутнікі з першых крокаў хрысціянскага мастацтва паказаны апранутымі ў белае адзенне, якое сімвалізуе чысціню). Цела апостала разам з крыжам пераразае кампазіцыю трагічнай дыяганаллю. Прыбітая да крыжа рука напружылася моцнымі мускуламі. Гэта, хутчэй, выраз духоўнай сілы нязломнага барацьбіта за Веру. Прыўзнятая галава Пятра – пажылога чалавека – не мае адбітку болю або адчаю. Гэта твар пераможцы над Злом. Караваджо бачыць у трагедыі ўкрыжавання апостала трыумф хрысціянскай ахвяры. На месцы пакутніцтва Пятра паўстане велічны храм. Успомнім і мы словы Езуса: «Ты, Пётр — скала – і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18).

Сучаснікаў мастака ўражваў рэалізм твораў Караваджо. Жыццёвая натуральнасць драмы «Укрыжавання» ўражвае і нас. Мастацтвазнаўцы назвалі Караваджо “разбуральнікам маньерызму” – мастацкай плыні, якая панавала ў жывапісе пасля эпохі Рэнесансу ў канцы XVI стагоддзя. Сама назва стылю сведчыць пра ягоныя асноўныя рысы: манернасць, штучнасць вобразаў, пабудовы кампазіцыі і каларыту. Караваджо сапраўды разбівае гэтую часовую мадэль сваёй непаўторна шчырай, часам бязлітасна натуральнай жывапіснай мовай. Італьянскі мастацтвазнаўца Ліонэлло Вэнтуры лічыў Караваджо адным з вялікіх рэалістычных мастакоў, «якія адрозніваліся ад мастакоў “ідэалу”, бо інтэрпрэтавалі рэчаіснасць і адлюстроўвалі толькі найважнейшае. Караваджо павінен быў спачатку распрацаваць уласную праграму, каб у палемічным імпэце вызваліць сваю фантазію ад ланцугоў незлічоных забабонаў і правілаў маньерызму»2.

Выразнасць фрагменту – адна з наватарскіх рысаў рэалістычнай манеры Караваджо. Вось, напрыклад, скульптурная пластыка ног апостала: калені нібы вырываюцца за плоскасць палатна. Трошкі ніжэй рука ката ахоплівае ногі. Гэтая рука – сляпая прылада катавання – важней для мастака, чым твар ката, занураны ў цень. Аблічча апостала мае безумоўна патрэтныя рысы, у ім прасочаны глыбокія зморшчыны і ўважліва намаляваны сівыя валасы барады. Надзвычай лаканічны антураж дзеі таксама нясе ў сабе высокі эмацыйны і сэнсавы зарад. Каля ніжняга краю палатна вакол вялікага каменя рассыпаны дробныя каменні, а побач з імі злавесна блішчыць вастрыё рыдлёўкі ў руках ката. Каларыт карціны будуецца таксама на некалькіх асноўных фрагментах і відавочна саступае першынство ў карціне святлаценю. Побач з рыдлёўкай бачна ясная зялёная маса драпіроўкі. На супрацьлеглым канцы дыяганалі з ёю кантрастуе гарачы ўсплеск чырвані ў адзенні ката. Разам з белай павязкай на целе апостала гэтыя колеравыя зоны вызначаюць стрыманую гаму карціны.

Творы Караваджо натхнілі многіх еўрапейскіх жывапісцаў. Сярод караваджыстаў, якія перанялі ад яго драматургію chiaroscuro, былі вялікія мастакі Хосэ дэ Рыбэра і Дзіего Вэласкес у Іспаніі, Жорж дэ Ла Тур у Францыі, Герард Хонтхорст і Хендрык Тэрбругэн у Нідэрландах. Імпульсы караваджызму ажылі таксама ў карцінах Рэмбрандта, Гоі і нават экспрэсіяністаў у ХХ стагоддзі. Караваджо – адзін з вечна жывых творцаў хрысціянскага мастацтва.


  1. Thomas Schinkоеt. Michelangelo da Caravaggio. Dresden, 1989. C. 7.
  2. Lionello Venturi. Il Caravaggio. Roma, 1925. C. 16.

 
Караваджо. Укрыжаванне святога Пятра. 1600–1601 гг.
Палатно, алей. 230х175 см.
Рым, касцёл Санта Марыя дэль Пополо.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY