Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Дадатак да артыкула - Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»

Сярод апосталаў Пётр займае асаблівае месца; падлічана, што ён згадваецца евангелістамі нашмат часцей за іншых – каля 150 разоў; да прыкладу, «умілаваны вучань» Езуса Ян, сын Завядзея – толькі 29 разоў, іншыя апосталы – яшчэ радзей. У агіяграфіі Пятра выдзяляюцца тры групы падзей: а) евангельскія, б) з «Дзеяў Апосталаў», в) легендарныя і апакрыфічныя эпізоды з Антыёхіі і Рыма. «Рэлігійнае жыццё гэтага апостала ад самага пачатку і да канца адзначана самымі кранальнымі падзеямі», – напісаў архімандрыт Ніканор, аўтар «Біблейскай энцыклапедыі» (Масква, 1891). Народжаны ў Віфсаідзе ў Галілеі, Пётр быў рыбаком і меў імя Сымон. Эпізод яго паклікання апісаны Мацвеем (Мц 4, 18–22) і Маркам (Мк 1, 16–20). Імя Кіфа (скала па-арамейску, камень – па-грэцку) ён атрымаў ад Езуса, калі быў прыведзены да Яго братам Андрэем (Ян, 1, 42). «Я кажу табе: ты, Пётр – скала – і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (Мц 16, 18). Езус бываў у іх доме ў Капернауме і аднойчы вылечыў цешчу Сымона ад гарачкі (Мц 8, 14–15).

Сімвалізм і рэалізм евангельскага апавядання спалучаюцца ў эпізодзе буры на моры Генісарэцкім, калі Езус пайшоў па вадзе і апосталы ў лодцы перапалохаліся, палічыўшы Яго за прывід. Нават Пётр усумніўся і сказаў: «Пане! Калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе. А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Езуса. Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане! Уратуй мяне. Езус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! Навошта ты засумняваўся? І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер сціх» (пар. Мц 14, 25–32). Гэты шматзначны эпізод вельмі папулярны ў еўрапейскім мастацтве, Пётр Сергіевіч намаляваў яго сярод роспісаў жодзішкаўскага касцёла.

Калі збіральнікі даніны на храм пажадалі атрымаць яе ад Езуса, Ён загадаў Сымону Пятру: «ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр [манету], вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе». (пар. Мц 17, 24–27). Толькі Пётр, Якуб і Ян былі сведкамі Перамянення Езуса на гары Табор, Ён забараніў ім расказваць пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. Яны стрымалі слова, але не разумелі, што гэта азначае: уваскрэснуць з мёртвых? (пар. Мк 9, 2–10).

Пётр быў сведкам апошніх дзён зямнога жыцця Езуса. Ён спрабаваў запярэчыць, калі Езус пачаў абмываць яму ногі на Апошняй вячэры, даючы вучням урок пакоры (Ян 13, 4–14). Пятра і абодвух сыноў Завядзеевых Езус узяў у Гефсіманскі сад. На прадказанне Езуса пра тое, што спалоханыя вучні адмовяцца ад Яго, Пётр запэўнівае, што ніколі гэтага не зробіць, але Збавіцель, ведаючы, што павінна здарыцца, і чалавечую слабасць, пацвердзіў: «праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне» (пар. Мц 26, 34). Усімі евангелістамі апісаны падзеі гэтай ночы і тое, як, спрабуючы абараніць Езуса, Пётр адсек вуха Малху. «Тады гаворыць яму Езус: вярні меч свой у яго месца, бо ўсе, хто ўзяў меч, ад мяча загінуць» (Мц 26, 51; Мк 14, 47; Лк 22, 50; Ян 18, 10), Пётр ідзе следам за Хрыстом у двор першасвятара, дзе дакладна збылося прадказанае Езусам маладушнае адрачэнне Пятра. (Мц 26, 69; Лк 22, 54; Ян 13, 38). «І выйшаўшы вонкі, плакаў горка» (Ян 26, 75). Шчырае раскаянне было прынятае Панам, і пасля Уваскрэсення, трэці раз з’яўляючыся вучням на Тыверыядскім возеры, Езус ізноў даручае Пятру апостальскую місію, тройчы паўтарыўшы: «пасі ягнят Маіх». Збавіцель прадказвае яму пакутніцкую смерць: «калі ты быў маладзейшы, дык падпярэзваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, дык выцягнеш рукі свае, і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш» (пар. Ян 21, 15–19).

«Дзеі Апосталаў» адразу паказваюць Пятра як лідэра: вярнуўшыся з Аліўнай гары пасля Унебаўшэсця і стаўшы сярод вучняў, ён звяртаецца да 120 першых хрысціянаў, на Пяцідзесятніцу прапаведуе да ўсіх жыхароў Ерузалема, заклікаючы ахрысціцца (Дз 1, 2). Апостал Пётр ацаляе спаралізаванага і навяртае 5 тысяч; ён не раз трапляе ў вязніцу, адкуль яго вызваляе анёл (Дз 5, 19; 12, 7), у Самарыі ён рашуча адмовіў чараўніку Сымону даць за грошы апостальскую ўладу; Пётр хрысціць, іменем Езуса ацаляе Энея ў Ліддзе і ажыўляе Тавіфу ў Іопіі. Апошні раз на старонках «Дзеяў» імя Пятра згадваецца ў Ерузалеме ў часы ганенняў Ірада Агрыпы, калі быў забіты Якуб, а Пётр пасаджаны ў вязніцу і асуджаны на смерць, адкуль яго вывеў анёл. Потым ён з’яўляецца ў Рыме – тагачасным «Вавілоне» (адтуль напісана яго першае саборнае пасланне). У 54 г. ён прысутнічае на апостальскім Саборы, наведвае Антыёхію, самааддана прапаведуе Евангелле на Усходзе і Захадзе.

У апакрыфічным грэцкім тэксце (180–200 гг. ад Н. Х.) апавядаецца пра яго падарожжа па моры ў Рым, згадваецца дачка апостала Петранэля.У сталіцы імперыі ён стварае першыя супольнасці хрысціянаў і памірае пакутніцкай смерцю пры Нероне каля 66 г. (не пазней за 68 г.) Адтуль жа паходзіць кранальны эпізод, апісаны ў знакамітым рамане Генрыка Сянкевіча «Quo vadis». Калі пачаліся ганенні, хрысціяне Рыма пераканалі Пятра пайсці з горада, але на Апіевай дарозе ён сустрэў Хрыста, які ішоў у Рым, і вярнуўся. Паводле падання, Пётр і Павел былі пасаджаны Неронам у Мамерцінскую вязніцу і былі адначасова пакараныя смерцю. Будынак гэтай вязніцы са слупом, да якога прывязвалі апостала, паказвалі ў ХІХ ст. пілігрымам. Пётр па ўласнай просьбе быў укрыжаваны перад прэфектам Агрыпаю ўніз галавою, бо лічыў сябе нявартым быць укрыжаваным, як Хрыстус.

На Усходзе культ апостала Пятра вядомы з 156 г., на Захадзе – з ІІІ ст. асабліва ўшаноўваецца месца яго мучаніцтва ў Ватыкане. Пры раскопках 1952–1965 гг. знайшлі магілу св. Пятра каля амфітэатра Нерона. У выніку раскопак 1940–1949 гг. пад саборам св. Пятра выявілі невялічкую пабудову 160–180 гг. і алтар базылікі імператара Канстанціна (324–326 гг.), а таксама рэліквіі апостала, загорнутыя ў пурпуровую тканіну з залатымі ніцямі. 26 ліпеня 1968 г. Папа Павел VІ зацвердзіў вынік комплексных даследаванняў, якія засведчылі сапраўднасць рэліквій.

Урачыстасць апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца 29 чэрвеня, а таксама 18 лістапада (пасвячэнне базылікі св. Пятра ў Рыме) і 22 лютага (катэдра ў Антыёхіі). У рэлігійна-побытавай культуры сярэднявечнай Еўропы св. Пётр – нябесны апякун рыбакоў, маракоў, слесараў, будаўнікоў мастоў, кавалёў, мяснікоў, працаўнікоў каменаломняў. Ён захоўвае ад ліхаманкі, падучай хваробы, злодзеяў, змеяў, яго лічаць нябесным брамнікам і святым, які вызначае надвор’е.

У сакральным мастацтве Усходу і Захаду Пётр выглядае як круглатвары, лысаваты старац з сівымі курчавымі валасамі і кароткай завітай барадой. Найдаўнейшая пагрудная выява св. Пятра захавалася на сінайскай іконе VI ст. Яго атрыбуты: ключы з бародкай у форме крыжа, іх звычайна два: «І дам табе ключы Валадарства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах (Мц 16–19). У руцэ апостал можа трымаць таксама скрутак, у пазнейшыя часы – кнігу. З XIVст. як папскі знак – крыж з трыма папярочнымі бэлькамі, або перавернуты крыж, мітра або тыяра, біскупскае адзенне. Певень – знак здрады і раскаяння грэшніка; рыба – знак рыбака і згадка пра цуд са стацірам, карабель (Navicella) – знак Касцёла, ва ўлонні якога адзіна магчыма збаўленне.

Мастакі эпохі Рэнесансу і барока, асабліва італьянскія, адлюстравалі падзеі апостальскага служэння Пятра. «Пакліканне апосталаў Андрэя і Пятра» паказалі Даменіко Гірландаё на фрэсцы Сікстынскай капэлы ў Ватыкане (1481), там жа Перуджыно намаляваў «Уручэнне ключоў св. Пятру». «Цудоўны ўлоў рыбы» паказаў Рафаэль (1515–1516), «Утаймаванне буры» – Рэмбрандт (1633), праца «Хрыстус умывае ногі Пятру» створана А. Дзюрэрам («Малыя страсці»). У эпоху Контррэфармацыі стаў папулярным сюжэт «Раскаянне Пятра» як рэакцыя на пратэстанцкае адмаўленне значнасці святой Таямніцы пакаяння. (Майкапар А. Новый Завет в искусстве. М., 1998, с. 157).

У Беларусі самая старажытная выява апостала Пятра выразана на каменным мініяцюрным абразку першай паловы ХІІІ ст., знойдзеным Э.М. Загарульскім пры раскопках у Мінску (Пластыка Беларусі ХІІ–XVIII стагоддзяў. Аўтар і складальнік Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1983). Апостал паказаны строга франтальна, па пояс; правая рука прыўзнята ў благаславенні, у левай, прыкладзенай да грудзей, – ключы. Аблічча Пятра нетрадыцыйнае: з густымі валасамі, якія навісаюць над ілбом, і акладзістай барадой: іканаграфія, наогул блізкая да выявы Збаўцы, можа сведчыць пра невізантыйскае паходжанне абразка. На другім баку паказана па пояс Маці Божая Дэісусная.

У манументальнай скульптуры апосталы Пётр і Павел – адны з самых папулярных святых, фігуры якіх часта ставіліся ў алтарах касцёлаў, нават асвечаных пад іншымі тытуламі, напрыклад, у будслаўскім бернардынскім (1649 г.), ружанскім кармеліцкім, пінскім францішканскім (каля 1712 г.). У міхалішскім касцёле аўгустынцаў гарэльефы апосталаў Андрэя і Пятра (апошняя чвэрць XVII ст.) размешчаны на сценах прэзбітэрыя абапал галоўнага алтара; апрача таго, гэтыя апосталы ва ўмовах шматканфесійнай Беларусі ўвасаблялі ўсходняе і заходняе хрысціянства. У пінскім касцёле Пётр і Павел паказаны яшчэ раз на спінцы амбоны, дзе яны сядзяць абапал падножжа Хрыста Валадара. У галоўным алтары катэдральнага (былога езуіцкага) касцёла ў Гродне апосталы Пётр і Павел размешчаны бліжэй да тытульнага святога, Францішка Ксаверыя.

У беларускім іканастасе, сфармаваным на мяжы XVI–XVII стагоддзяў другі ярус утвараў рад з апостальскіх абразоў, у перыяд позняга барока іх месца занялі скульптуры апосталаў. Такі іканастас вядомы па інвентарных апісаннях у Сафійскім саборы ў Полацку. Скульптуры апосталаў такога паходжання цудам ацалелі ў царкве ў Нягневічах (Пластыка Беларусі ХІІ–XVIII стагоддзяў. № 124–128). У 1798 г., як сведчыць інвентар, яны знаходзіліся на папярэчнай бэльцы перад алтаром (верагодна, перанесеныя з разабранага ў сярэдзіне XVIII ст. іканастаса). У цэрквах і музеях захавалася даволі шмат фрагментаў іканастасаў і асобных абразоў апосталаў, пераважна XVIII – першай паловы ХІХ ст.

Па характэрным тыпажы апостала Пятра няцяжка вызначыць сярод іншых на «Тайнай Вячэры» і некаторых святочных абразах. На «Ушэсці» з Дзівіна (Томаш Міхальскі, 1751 г.) апостал Пётр, амаль зусім лысы, у сінім хітоне і залатым плашчы, упаў на калені перад Маці Божай, узняўшы рукі ў неба. На пярэднім плане побач з Марыяй стаіць апостал на «Ушэсці» з Маларыты (1805 г.). Апавядальныя евангельскія сюжэты з удзелам апостала Пятра для старабеларускага жывапісу не характэрныя. Напрыклад, пакуль што вядома адзіная карціна «Раскаянне Пятра» пачатку ХІХ ст. з Палесся, на якой заўважны ўплыў заходнеўрапейскага жывапісу XVII ст. Цудам захаваўся да нашага часу на Міншчыне цікавы патранальны абраз св. Пятра партрэтнага характару, да таго ж з кранальным подпісам унізе палатна: 1822 M-ca aprila. D 25. Takowy obraz sporządzony Kosztom i staraniem Symona...Majstra Kunsztu Tkackiego y Katarzyny żony jego Piastunki Piotra Ratyńskiego Chorążyca Ptt Mins. Kaplica Ojcieniewo»

Фота М. Мельнікава,
М. Новікава, А. Ярашэвіча

Для друку
Для друку


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Akavita Rating All.BY