Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Ала СЯМЁНАВА

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

«Бо для мяне жыццё – Хрыстус,
і смерць – набытак»
(Флп 1, 21)

21.37 – паводле сярэднееўрапейскага, 22.37 – у нас, на Беларусі. Святы Айцец Ян Павел ІІ адышоў да Айца Нябеснага...

Момант, калі вызначаецца сапраўдная існасць існавання на зямлі, быцця, актуалізаванага ў дзеяннях кожнадзённых. У Яна Паўла ІІ – у Яго служэнні Касцёлу. Хрысціянам. Чалавецтву. «Упершыню...» «Упершыню...» Паўтараюць, пішуць каментарыі СМІ... Планетарны, сусветны маштаб дзеянняў Вікарыя Хрыста, што відзён усім, а за рэальнасцю слоў і спраў – містычныя памкненні, Знак ад Трансцэндэнтнага Уладара, эсхаталагічнага Суддзі.

Забяры мяне, Настаўнік, у Эфрэм і дазволь
там застацца з Табою.
..........
Бо Ты ёсць сама Ціша, вялікае Маўчанне...

          («Песня пра ўкрытага Бога», 17).

Душпастыр каталікоў (а і хрысціянаў свету), мысляр, паэт, дзеяч... Той, каму адчыняліся Таямніцы Быцця... Ён любіў, адчуваў, ведаў Хараство Зямлі, спазнаваў культуру, уведаў высокую злучанасць Культуры з Верай. Ці не таму апошняе Пасланне Святога Айца, які ўжо апошнім разам вярнуўся са шпіталя («...радуюся ў муках маіх за вас...» Клс 1, 24) – было перасцярогаю, клопатам – пра тое, каб тэхнічны прагрэс не паглынуў культуру.

Апошняе Слова... у час спасціжэння Найвышэйшага Сэнсу Быцця...

І ў хвіліну адыходу кожны ёсць большы,
чым гісторыя...
          («Пачынаецца размова з Богам...»)

Вызнаецца і вызначаецца пазачасавае... І Святы Айцец мовіць – часовае не павінна паглынуць вечнае. А на свой звычаёвы розум разважаю – сапраўды, скажам, сучаснае кіно – якія дасягненні тэхнікі, дзівосы, цуды – а часам дзеля дасягнення якіх мізэрных эстэтычных і амаральных мэтаў... Як найвышэйшае, здавалася б, дасягненне навукі – Інтэрнэт – усё ж: дае вокамгненна інфармацыю, можа, і не шкалярска-турыстычны набор ведаў... Аднак – хараство, водар, чароўнасць мастацтва – у самым шырокім сэнсе – застаюцца па-за ўсведамленнем. Рэестр. А яшчэ – паглынанне стракатымі, рознабаковымі звесткамі сапраўдных сэнсаў, сапраўдных каштоўнасцяў... А бывае і горш. Ці не пра тое было ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ «Fides et ratio»: «У сферы прыродазнаўчых даследаванняў паступова распаўсюдзілася пазітывісцкае мысленне, якое не толькі парвала ўсялякія сувязі з хрысціянскім бачаннем свету, але – што самае галоўнае – адмовілася таксама ад іх метафізічных і маральных паняццяў. <...> Больш таго, некаторыя з іх [людзей навукі], усвядоміўшы, якія магчымасці адкрывае развіццё тэхнікі, не толькі паддаліся спакусе рынку, але і паставілі сабе за мэту здабыць уладу дэміурга, каб кіраваць прыродаю і чалавечым быццём».

Пра гэта думалася, згадвалася – у той красавіцкі тыдзень – як пра сваё, асабістае, нібы Святы Айцец звярнуўся – да ўсіх, а і да цябе, канкрэтна... Згадвалася і іншае... Гледзячы на экран...

Увесь свет у жалобе... Мільёны ў Апостальскай Сталіцы... Відавочнае трыумфаванне Касцёла...

П’яцца Сан-П’етро... Плошча Святога Пятра... Згадваю гэтую плошчу пяць гадоў назад... Сонца... Святло... І нечуванае святло ў душы... Беатыфікацыя 11 сясцёр з супольнасці Святой Сям’і з Назарэту... Самыя чыстыя памкненні душы, адчуванне велічы і вышыні моманту – усведамленне Дару Божага – Высокая Сустрэча са Святым Айцом, духоўнае ўзрушэнне, усё жывое – пад промнямі іншага, пазабудзённага адліку... Калі яднаюцца мудрасць, квітнеючая маладосць душы, натхненне, у якім угадваецца подых вечнага, глыбіннага сузірання мінулага, сённяшняга і будучага, схаваная іх скіраванасць і сапраўдны сэнс.

«Kochamy Cię!» – скандуюць землякі Папы. Ці былі яны гэтымі красавіцкімі днямі там, у Рыме, дзе бела-чырвоныя штандары Польшчы луналі на першым плане ўсіх тэлекамер? Так ці не – але ўсе мы шчаслівыя тым, што гады нашага жыцця супалі з гістарычным часам пантыфікату Яна Паўла ІІ, а калі мне бачыліся палотны ў натоўпе, дзе можна было прачытаць «Santo subito», дык згадваліся словы, напісаныя на пачатку мінулага, ХХ стагоддзя, Аляксандрам Блокам: «Нашы душы – судалучаныя Сусветнай. <...> ХІХ стагоддзе прымусіла нас забыць самыя імёны святых; – ХХ, магчыма, пабачыць іх на свае вочы».

На свае вочы мы бачылі, так бы мовіць, і сусветны збор: людзі розных рэлігій, розных канфесій хрысціянскіх, уладныя асобы, што пры іншых абставінах ніколі не былі б побач... Мільёны вернікаў... Сведчанне Подзвігу Веры Яна Паўла ІІ.

І апошняе Пасланне – будзе пачутае. У дзеянні. Абранне новым Папам кардынала Ёзафа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI – дае Высокую Надзею. Надзея – у яго справах. Яго Словах. Яго тэалагічным вопыце. «Мэта хрысціяніна – не яго асабістая асалода... Ён верыць у Хрыста і таму верыць у будучыню свету, а не проста ва ўласную будучыню». Гэта – з Яго кнігі «Уводзіны ў хрысціянства».

Найвышэйшая мэта, Сэнс Быцця – Жыццё з Богам. І гэта глыбока ведаў, даносіў свету і спасцігнуў ужо Высокую яго Таямніцу – Ян Павел ІІ.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY