|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
ПАПА БЭНЭДЫКТ XVI(Ёзаф Ратцынгер)
Папа Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер) паходзіць з Германіі — краіны з вельмі старажытнымі хрысціянскімі каранямі і багатай каталіцкай традыцыяй. Пачатак гісторыі хрысціянства на нямецкіх землях адносіцца да ІІІ стагоддзя. Насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню, што Германія — гэта выключна пратэстанцкая (лютэранская) краіна, каталікі складаюць там амаль палову насельніцтва. 16 красавіка 1927 года ў невялічкім нямецкім мястэчку Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі, у сям’і паліцэйскага Ратцынгера нарадзіўся другі хлопчык, якога ахрысцілі Ёзафам. Бацькі Ёзафа паходзілі з сялянскага і рамеснага асяроддзя і не былі заможнымі людзьмі, аднак яны выхоўвалі дзяцей у веры і як маглі клапаціліся пра тое, каб іх дзеці атрымалі адукацыю і выраслі добрымі людзьмі. Вельмі рана юнаму Ёзафу давялося сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі. Перадусім яны былі звязаныя з пануючым у тыя часы ў Германіі фашысцкім рэжымам, які вельмі непрыхільна ставіўся да Каталіцкага Касцёла. Пад канец Другой сусветнай вайны юнака мабілізавалі ў дапаможную службу супрацьпаветранай абароны. У гэтых складаных драматычных умовах і нарадзілася ў яго пакліканне да святарства. З 1946 да 1951 года Ёзаф Ратцынгер вывучае філасофію і тэалогію спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце і 29 чэрвеня 1951 года прымае святарскае пасвячэнне. У сваёй дзейнасці малады святар не абмяжоўваецца толькі цэлебрацыяй Імшы і падрыхтоўкай казанняў і ўжо праз два гады абараняе дысертацыю на тэму «Народ і дом Божы ў вучэнні св. Аўгустына пра Касцёл». Наступную навуковую ступень ксёндз Ратцынгер атрымлівае ў 1957 г., абараняючы працу «Тэалогія гісторыі святога Бонавэнтуры». Пасля гэтага на працягу амаль цэлага дзесяцігоддзя ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю спачатку ў Боне, затым у Мюнстэры і нарэшце ў Цюбінгене. З 1962 да 1965 года ў Рыме праходзіць Другі Ватыканскі Сабор. Ёзаф Ратцынгер прымае актыўны ўдзел у працы гэтага Сусветнага Сабору ў якасці кансультанта па пытаннях тэалогіі. Менавіта тады ён набывае вядомасць у Касцёле на міжнародным узроўні. З 1969 года ён выкладае дагматыку ва універсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляецца прарэктарам гэтай навучальнай установы. З’яўляюцца першыя публікацыі яго навуковых працаў, а таксама душпастырскіх разважанняў. У 1977 годзе Папа Павел VI прызначыў Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага надаў яму годнасць кардынала. Для свайго біскупскага герба Ёзаф Ратцынгер абраў дэвіз Cooperatores veritatis — Супрацоўнікі праўды. Гэты дэвіз набыў асаблівае значэнне, калі ў 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Ратцынгера прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння — асноўнага ведамства Каталіцкага Касцёла, якое паклікана клапаціцца пра чысціню праўдаў веры. На гэтай пасадзе Ёзаф Ратцынгер праявіў сябе як непахісны абаронца чысціні веравучэння ад розных скажэнняў. Ён, у прыватнасці, паслядоўна выступаў супраць такіх негатыўных з’яваў сучаснага свету, як гомасексуалізм, эўтаназія, аборты, радыкальны фемінізм, які вядзе да разбурэння асноваў сям’і, і інш. Кангрэгацыя Веравучэння пад яго кіраўніцтвам рашуча асуджала таксама ўсялякія дактрынальныя злоўжыванні ў Касцёле: «тэалогію вызвалення», якая апраўдвала ўдзел Касцёла і духавенства ў палітычнай барацьбе; плюралістычную тэалогію рэлігіі, якая бачыла ў нехрысціянскіх рэлігіях частку Божага плану збаўлення. Свае погляды на гэта Ёзаф Ратцынгер найбольш красамоўна выклаў у дакуменце Dominus Iesus — Пан Езус (2000 г.), у якім выразна сказана, што толькі ў Каталіцкім Касцёле можна знайсці ўсю паўнату сродкаў, неабходных для збаўлення. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі гэтага дакументу, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння яшчэ раз падкрэсліў, што памылкаю было б лічыць усе рэлігіі роўнымі і няпраўда, што ўсе яны вядуць да збаўлення, але рознымі шляхамі. У перыяд з 1986 да 1992 года Ёзаф Ратцынгер засяродзіў сваю дзейнасць на падрыхтоўцы новага грунтоўнага і ўсеабдымнага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кіруючы працаю адпаведнай Камісіі. Акрамя вышэйзгаданай Кангрэгацыі Веравучэння, ён узначальваў Папскую біблейскую камісію і Міжнародную тэалагічную камісію, а таксама супрацоўнічаў у Дзяржаўным Сакратарыяце (міністэрстве замежных спраў) Ватыкана і ўваходзіў у склад Кангрэгацый (міністэрстваў) па справах Усходніх Цэркваў, Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, Біскупаў, Евангелізацыі народаў, Каталіцкай адукацыі. У 2002 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў дэканам Калегіі Кардыналаў. На працягу амаль усяго пантыфікату Яна Паўла ІІ Ёзаф Ратцынгер быў яго бліжэйшым супрацоўнікам і аднадумцам, таму невыпадкова менавіта яму з волі Бога было прызначана падвесці сімвалічную рысу пад пантыфікатам Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, што ён зрабіў у сваёй прачулай і эмацыянальнай гаміліі падчас пахавальнай святой Імшы. Таму невыпадкова менавіта яму з волі Бога было наканавана працягнуць справу свайго Вялікага Папярэдніка... Адразу пасля таго, як стала вядома, што 19 красавіка канклаў абраў Папам кардынала Ёзафа Ратцынгера, сродкі масавай інфармацыі застракацелі штампам «кансерватар». У гэтае слова ахвочыя на сенсацыі журналісты імкнуліся ўкласці адмоўны сэнс, як бы «забываючыся» пра тое, што кардынал Ратцынгер усю сваю дзейнасць прысвяціў ажыццяўленню рэформы і аднаўлення Касцёла, згодна з пастановамі апошняга Сабору. Да таго ж любыя штампы і ярлыкі гэта нішто іншае, як свядомае скажэнне праўды, бо як можна чалавека, а асабліва такую выдатную і шматгранную асобу, як Ёзаф Ратцынгер, акрэсліць усяго толькі адным словам? Як бы прадбачачы гэта, кардынал Ратцынгер у сваёй гаміліі падчас Імшы за абранне Папы ў панядзелак 18 красавіка мужна назваў найбольш вострыя праблемы сучаснасці сваімі імёнамі і дадаў, што «наяўнасць яснай веры, згоднай з Credo Касцёла, часта атрымлівае ярлык фундаменталізму». А хто ж іншы, калі не Папа, павінен у першую чаргу захоўваць чысціню і яснасць веры ад бруду скажэння і злоўжыванняў? І хто іншы сёння можа лепш, чым Ёзаф Ратцынгер — паслядоўны абаронца Евангелля і Апостальскай Традыцыі, бясконца верны вучэнню ІІ Ватыканскага Сабору, — справіцца з гэтаю няпростаю задачаю? Новаабраны Папа ўзяў сабе імя Бэнэдыкт і сам растлумачыў гэты свой выбар, узгадваючы Папу Бэнэдыкта XV, «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзеяў Першай сусветнай вайны», а таксама «незвычайную асобу святога Бэнэдыкта, які з’яўляецца зыходным пунктам для еўрапейскай інтэграцыі і несумненных хрысціянскіх каранёў яе культуры і цывілізацыі». У сваім казанні падчас інаўгурацыйнай святой Імшы (чытайце на сс. 68–71) Папа Бэнэдыкт XVІ так акрэсліў «праграму» свайго пантыфікату: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам вёў Касцёл у гэты перыяд нашай гісторыі». Глядзі таксама: СПЕЦЫЯЛЬНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ
Рэд.
|
|
|