|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
СПЕЦЫЯЛЬНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ
|
Найдастойнейшыя біскупы, вялебныя святары, шаноўныя сёстры законныя, дарагі народзе Божы, |
19 красавіка 2005 года ў 17 гадзін 50 хвілін (па сярэднееўрапейскім часе) з коміна над Сікстынскай Капэлай пайшоў белы дым, а праз некалькі хвілін пачалі біць званы базылікі Святога Пятра і на балконе з’явіўся нававыбраны Папа, да гэтага часу — кардынал Ёзаф Ратцынгер, які ўзяў сабе імя Бэнэдыкт XVI.
Браты і сёстры, мы дзелімся з вамі гэтай вялікай радасцю, што ахапіла ўвесь Касцёл і ўсіх людзей добрай волі. Пасля амаль 27 гадоў выдатнага пантыфікату адышоўшага да вечнасці Папы Яна Паўла ІІ, моцаю Духа Святога, што кіруе Касцёлам, Калегія Кардыналаў выбрала чарговага Наступніка святога Пятра, які з балкону базылікі ўдзяліў сваё першае благаслаўленне Urbi et orbi — Гораду і свету.
Мы сардэчна вітаем Папу Бэнэдыкта XVI і жадаем яму шчодрых дароў Святога Духа ў кіраванні Касцёлам у справах веры і маралі, працягваючы апостальскае служэнне, прынятае ім ад Вялікага і напэўна Святога яго Папярэдніка Папы Яна Паўла ІІ.
Цвёрда, шчыра і пераканаўча запэўніваем Папу Бэнэдыкта XVI у нашай вернасці, паслушэнстве і любові як да новага Намесніка Хрыста.
Абяцаем Яго Святасці Папу Бэнэдыкту XVI нашую нястомную малітву ў Яго інтэнцыі, каб Бог адарыў яго доўгім жыццём, моцным здароўем і нязломнаю сілаю душы і цела ў выкананні апостальскай місіі перад Богам, Касцёлам і светам.
Цалуем персцень Рыбака — знак Пятровай улады.
Кардынал Казімір Свёнтэк, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
Глядзі таксама: ПАПА БЭНЭДЫКТ XVI
|
|