|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
Кардынал Езаф Ратцынгер і кардынал Караль Вайтыла пазнаёміліся ў 1977 г. на адным з сінодаў, а іх больш цесны кантакт пачаўся толькі на канклаве ў 1978 г. «Мы інтуіцыйна разумелі адзін аднаго, але мне нават ніколі не магло прыйсці ў галаву, што ён падумае пра мяне», – казаў кардынал Ратцынгер. Кардынал Ратцынгер лічыў, што прызначэнне яго ў 1981 г. прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння было «вельмі асабістым рашэннем» Яна Паўла ІІ. Пра сувязь, якая іх яднала, ён апавядаў Пьетро Сівальдо ў інтэрв’ю, апублікаваным у кнізе «Соль зямлі»: «Перадусім звязала нас яго вольная ад усялякіх ускладненняў непасрэднасць і адкрытасць, а таксама незвычайная сардэчнасць. Было тут пачуццё гумару, была выразна адчувальная пабожнасць, у якой няма ніякага перабольшання і нічога паказнога. Было адчуванне, што гэта Божы чалавек, у якім няма ніякай ненатуральнасці. Адчувалася, што гэта чалавек надзвычай арыгінальны, які прайшоў доўгі разумовы і жыццёвы шлях. (...) Папа перажыў усю трагедыю нямецкай і савецкай акупацыі Польшчы, а потым камуністычнай улады, выбраў уласную інтэлектуальную дарогу, займаўся нямецкай філасофіяй, глыбока вывучаў гісторыю еўрапейскай думкі. Ведаў таксама галоўныя элементы гісторыі тэалогіі, якія зусім не супадаюць з агульнапрынятымі. Дзякуючы ўсяму гэтаму духоўнаму багаццю, а таксама радасці ад размовы і абмену думкамі, я адразу адчуў сімпатыю да Папы». Прызначэнне прэфектам адной з найважнейшых ватыканскіх кангрэгацый кардынал Ратцынгер прыняў не адразу. Ян Павел ІІ гаварыў яму, што хацеў паклікаць яго ў Рым яшчэ да замаху на сваё жыццё. Пасля замаху ён не змяніў свайго рашэння. «Я адчуваю вялікую сувязь з тэалогіяй, – адказаў кардынал, – таму ў далейшым хацеў бы мець права на публікацыю ўласных працаў, але не ведаю, ці такое было б магчыма спалучаць з гэтай місіяй. Аднак аказалася, што падобнае рабілі ўжо іншыя перада мною, таму Папа зазначыў: “Не, гэта зусім не перашкода, мы можам гэта зрабіць”». Сяброўства і духоўнае паразуменне вытрывалі выпрабаванне часам. Кардынал Ратцынгер на працягу 24 гадоў быў адным з самых блізкіх супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ, яго «праваю рукою». На адной з лекцый, прысвечанай змешчанай у лістах і энцыкліках Яна Паўла ІІ «тэалогіі мудрасці», кардынал Ратцынгер тлумачыў, што «сапраўднаю крыніцаю натхнення» Святога Айца была «мудрасць сэрца» і «мудрасць Крыжа». «Ян Павел ІІ – Папа, які паходзіў з Усходу, з таго хрысціянскага Усходу, які заўсёды старанна захоўваў мудрасць сэрца як шлях да святасці – з’яўляецца таксама чалавекам, які ўласным цярпеннем нанава адкрыў (ужо з маладосці перайманую з тэкстаў св. Яна ад Крыжа) мудрасць Крыжа. Цяжка думаць пра Яго, не звяртаючыся да выразу яго твару, на якім пазначаны глыбокія сляды цярпення. Папа ведае Крыж, пазнае Яго зблізку, як кожны вучань Езуса. Аднак здаецца, што гэты вучань праз асабістае спазнанне болю больш за іншых засвойвае мову цярпення, якое вызваляе (Salvifici doloris), цярпення прынятага і ахвяраванага для таго, каб увесці Касцёл у трэцяе тысячагоддзе. “У цярпенні трэба Яго ўвесці...” – дазволіў сабе сказаць Папа некалькі гадоў таму назад падчас малітвы «Анёл Панскі». Гэта мудрасць, якая асабліва патрэбна ў эпоху, калі, з аднаго боку, боль укрываецца як прычына ганьбы, а з другога, не ўдаецца перамагчы крыніцы зла, што пастаянна прыгнятае сэрца чалавека», – гаварыў кардынал Ратцынгер. У 2002 г. Святы Айцец выказаў пашану да кардынала Ратцынгера, прызначаючы яго дзеканам Калегіі Кардыналаў. Калі яны бачыліся апошні раз, то Ян Павел ІІ ляжаў ужо на смяротным ложы. За некалькі гадзін да смерці Ян Павел ІІ узяў за руку сябра, які нахіліўся над ім, і з велізарным высілкам прашаптаў толькі адно слова: «Danke!» («Дзякуй!»). З вялікаю любоўю кардынал Ратцынгер гаварыў пра Яна Паўла ІІ пасля яго смерці, а таксама тады, калі па волі Божага Провіду стаў яго наступнікам. Ён назваў Яна Паўла ІІ вялікім і любым. Надоўга застануцца ў памяці словы, якія ён прамовіў на заканчэнне казання падчас пахавальнай святой Імшы: «Мы можам быць упэўненыя, што наш любы Папа глядзіць з акна Дома Айца, бачыць нас і нас благаслаўляе». «Я адчуваю, што як бы яго моцная рука трымае маю. Мне здаецца, што я бачу яго радасныя вочы і чую яго словы, скіраваныя да мяне ў гэтую асаблівую хвіліну: “Не бойся!”» – сказаў ужо як Бэнэдыкт ХVІ у гаміліі, адрасаванай кардыналам. Сам выбар на Пятрову Сталіцу ён палічыў асабліваю ласкаю, якую выпрасіў для яго святой памяці папярэднік Ян Павел ІІ. Яго смерць і наступныя дні пасля яе ён назваў «часам ласкі». «У хвіліну смерці, прыпадобніўшыся да свайго Пана і Настаўніка, Ян Павел ІІ закончыў свой доўгі, плённы пантыфікат, умацоўваючы люд хрысціянскі ў веры, збіраючы вакол сябе і робячы так, каб уся чалавечая сям’я адчувала сябе больш з’яднанаю». Новы Папа гаварыў пра тое, што Ян Павел ІІ «пакідае пасля сябе Касцёл, які мае больш адвагі, мае большую свабоду, становіцца больш маладым. Касцёл, які, згодна з яго навучаннем і прыкладам, спакойна глядзіць на мінулае і не баіцца будучыні». Ён казаў пра пачуцці і захапленне людзей з усяго свету, якія сабраліся вакол труны Яна Паўла ІІ. Пра вялікую любоў і павагу да папярэдніка сведчыць таксама і той факт, што падчас інаўгурацыі пантыфікату Бэнэдыкт ХVI паўтарыў словы Яна Паўла ІІ, сказаныя ім 22 кастрычніка 1978 г., калі Папа паляк займаў Апостальскі Пасад. Заклік Яна Паўла ІІ «Не бойцеся, адкрыйце насцеж дзверы Хрысту!» стаў таксама заклікам Бэнэдыкта ХVI.
«Źródło», 20/2005.
Пераклад з польскай мовы І. Ламакі.
|
|
|