Прыходзім да цябе, людзі слабой веры,
Каб умацаваў нас прыкладам свайго жыцця
І вызваліў з неспакою
Пра наступныя дзень і год. Тваё ХХ стагоддзе
Славутае прозвішчамі магутных тыранаў
І руйнаваннем у нішто іх драпежных дзяржаваў.
А што так будзе, ты ведаў. Бо навучаў надзеі:
Бо толькі Хрыстус пануе ў Гісторыі.
Чужаземцы не адгадалі, адкуль прыхаваная сіла
У клерыка з Вадавіцаў. Малітва, прароцтва
Паэтаў, не прызнаных прагрэсам і грашыскамі,
Хоць былі роўныя каралям, чакалі Цябе,
Каб за іх абвясціў urbi et orbi;
Што кругом не вір, але лад – шырокі, як мора.
Пастыр пасланы, калі адыходзяць боствы!
І ў імгле над местамі блішчыць Залатое Цяля.
Бягуць безабаронныя тлумы, кладуць ахвяры,
З уласных дзяцей крывавым экранам Малоха.
І жах у паветры, невымоўны лямант:
Бо замала хацець верыць, каб здолець паверыць.
І раптам – як чысты голас, як звон на ютрань,
Твой знак супраціву, цуду падобны.
Калі б хто спытаў: як гэта можа быць,
Што закаханыя ў Цябе маладыя з краінаў без веры
Грамадою стаяць на пляцах, да галавы галава,
Чакаюць навіны, якой дзве тысячы гадоў,
І прыпадаюць да ног Намесніка,
Які атуліў міласцю род чалавечы.
Ты з намі, і заўжды будзеш з намі.
Калі загавораць сілы хаосу,
А ўласнікі праўды пазачыняюцца ў касцёлах,
І адзінымі вернымі будуць тыя, хто ў вечным сумневу,
Твой партрэт у нашым доме напомніць штодзень,
Што можа адзін чалавек і як прарастае святасць.
|