|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
[Пачатак у №2(28)/2004] Пілігрымка ў санктуарый Марыі Пасля св. Імшы я пайшоў з Вавелю проста ў семінарыю, бо там быў прыём для запрошаных гасцей, але яшчэ ў той самы вечар паехаў з так званым «асяроддзем» маіх сяброў у Чэнстахову, дзе на наступны дзень раніцаю адправіў св. Імшу ў капліцы цудоўнага абраза Маці Божай. Чэнстахова – гэта асаблівае месца для палякаў. У пэўным сэнсе яна атаясамліваецца з Польшчаю і з яе гісторыяй, асабліва – з гісторыяй барацьбы за нацыянальную незалежнасць. Тут ёсць нацыянальны санктуарый – Ясная Гара. Clarus mons – Chiaromonte: гэтая назва, звязаная са святлом, што разганяе цемру, набыла асаблівае значэнне для палякаў, якія перажывалі змрочныя часы войнаў, падзелаў і акупацый. Усе ведалі, што крыніца гэтага святла надзеі – прысутнасць Марыі ў Яе цудоўным абразе. Гэтак было, хіба, упершыню ў часе шведскага нашэсця, што завецца ў гісторыі «патопам». Тады (і гэта вельмі важна) санктуарый стаў крэпасцю, якой не ўдалося ўзяць заваёўнікам. Народ зразумеў тады гэты факт як прадвесце перамогі. Вера ў апеку Марыі дала палякам сілу для перамогі над заваёўнікамі. З таго часу Яснагорскі санктуарый стаў у пэўным сэнсе апораю веры, духу, культуры і ўсяго таго, што вызначае нацыянальную свядомасць. Так было асабліва ў доўгі перыяд падзелаў і страты дзяржаўнага суверэнітэту. У часе Другой сусветнай вайны менавіта гэта меў на ўвазе Папа Пій ХІІ, калі казаў: «Не прапала Польшча і не прападзе, бо Польшча верыць, Польшча моліцца, Польшча мае Ясную Гару». І, дзякаваць Богу, гэтыя словы збыліся. Аднак пасля прыйшоў іншы змрочны перыяд у нашай гісторыі – час барацьбы з камунізмам. Партыйныя ўлады добра разумелі, што значыць для палякаў Ясная Гара, цудоўны абраз і марыйная пабожнасць, якая з самага пачатку фармуецца каля яго. Таму, калі па ініцыятыве Епіскапату, і асабліва кардынала Стэфана Вышынскага, з Чэнстаховы распачалася перэгрынацыя «Чорнай Мадонны», Якая павінна была наведаць усе парафіі і супольнасці ў Польшчы, камуністычныя ўлады рабілі ўсё, каб сарваць гэтае «наведванне». Калі абраз быў «арыштаваны» міліцыяй, то пілігрымавалі пустыя рамы, і яны прамаўлялі яшчэ больш выразна. У гэтых рамах без абраза людзі бачылі нямы знак недахопу рэлігійнай свабоды, а народ ведаў, што мае на яе права і яшчэ больш аб ёй маліўся. Гэтая пілігрымка працягвалася амаль дваццаць пяць гадоў і прынесла плён незвычайнага ўмацавання палякаў у веры, надзеі і любові. Усе веруючыя палякі пілігрымуюць у Чэнстахову. Я таксама з маленства ездзіў туды з пілігрымкамі. У 1936 годзе адбылася вялікая пілігрымка студэнцкай моладзі з усяе Польшчы, спалучаная са складаннем урачыстай прысягі перад абразом. Пасля яна паўтаралася штогод. У часе акупацыі я адбыў гэтую пілігрымку ўжо як студэнт польскай філалогіі філасофскага факультэта Ягелонскага універсітэта. Яна мне асабліва запомнілася, бо, каб падтрымаць традыцыю, мы паехалі ў Чэнстахову як дэлегаты: Тадэвуш Улевіч, я і яшчэ нехта трэці. Ясная Гара была акружана гітлераўскімі войскамі. Айцы паўліны запрасілі нас да сябе. Яны ведалі, што мы прыехалі як дэлегацыя. Зразумела, гэта было заканспіравана. Мы былі задаволеныя, што нам удалося падтрымаць гэтую традыцыю. Пазней я таксама неаднаразова ездзіў туды з рознымі пілігрымкамі, асабліва з вадавіцкаю. Штогод на Яснай Гары адбываліся рэкалекцыі біскупаў, звычайна на пачатку верасня. Першы раз я ўдзельнічаў у іх яшчэ як звычайны біскуп намінат. Узяў мяне з сабою арцыбіскуп Базяк. Памятаю, што тыя рэкалекцыі вёў кс. Ян Зея, выдатны святар і асоба. Зразумела, першае месца займаў Прымас, кардынал Стэфан Вышынскі – чалавек, сапраўды спасланы Божым Провідам на той час, у які мы жылі. Напэўна, з тых пілігрымак на Ясную Гару ўзнікла жаданне скіраваць першыя крокі папскага пілігрымавання ў марыйны санктуарый. Гэтае жаданне прывяло мяне ў першае апостальскае падарожжа ў Мексіку, да падножжа Панны з Гвадэлупэ. У любові мексіканцаў і ўвогуле жыхароў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі да Марыі з Гвадэлупэ, любові, якая выяўляецца спантанна і эмацыйна, але вельмі інтэнсіўна і глыбока, ёсць шмат падобнага да польскай марыйнай пабожнасці, якая сфармавала таксама і маю духоўнасць. Мексіканцы сардэчна называюць Марыю La Virgen Morenita, што свабодна можна перакласці як «Чорная Мадонна». Ёсць там вельмі вядомая народная песня пра каханне юнака да дзяўчыны; мексіканцы адносяць гэтую песню да Маці Божай. Увесь час гучаць у маіх вушах гэтыя меладычныя словы:
Я наведаў санктуарый у Гвадэлупэ ў часе маёй першай папскай пілігрымкі ў студзені 1979 года. Рашэнне аб падарожжы было прынята ў адказ на запрашэнне прыняць удзел у паседжанні Канферэнцыі Біскупаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) у Пуэбла дэ лос Анджэлес. Гэтая пілігрымка пэўным чынам натхніла і сфармавала ўсе наступныя гады пантыфікату. Найперш я затрымаўся ў Санта Дамінга, а адтуль выправіўся ў Мексіку. Было надзвычай хвалююча, кіруючыся да месца адпачынку, праязджаць вуліцамі, запоўненымі людзьмі. Была магчымасць, калі можна так сказаць, адчуць на дотык пабожнасць гэтай безлічы людзей. Калі нарэшце мы даехалі да месца начлегу, людзі працягвалі спяваць, хоць была ўжо поўнач. І тады Стась (ксёндз Станіслаў Дзівіш – нязменны сакратар Папы. – Заўв. перакл.) вырашыў, што павінен выйсці, каб іх супакоіць, растлумачыць, што Папа мусіць паспаць. Тады яны супакоіліся. Памятаю, што паездку ў Мексіку ў нейкай ступені я ўспрымаў як «пропуск», які мог адкрыць мне шлях да польскай пілігрымкі, бо я меркаваў, што камуністы ў Польшчы не змогуць адмовіць мне ў дазволе прыехаць на Радзіму пасля таго як мяне прыняла краіна з такою свецкаю Канстытуцыяй як у тагачаснай Мексіцы. Я хацеў паехаць у Польшчу, і так сталася ў чэрвені таго самага года. Гвадэлупэ – найбольшы санктуарый ва ўсёй Амерыцы – мае для гэтага кантыненту такое ж значэнне, як Чэнстахова для Польшчы. Гэта два трохі розныя светы: у Гвадэлупэ – свет лацінаамерыканскі, а ў Чэнстахове – славянскі, уся Усходняя Еўропа. У гэтым можна было пераканацца ў часе Сусветных дзён моладзі ў 1991 г., калі ўпершыню ў Чэнстахове з’явіліся маладыя людзі з-за польскай усходняй мяжы: украінцы, латышы, беларусы, рускія... Былі прадстаўлены ўсе куточкі Усходняй Еўропы. Вернемся, аднак, да Гвадэлупэ. У 2002 годзе ў гэтым санктуарыі мне было дадзена кананізаваць Хуана Дыегу. Гэта была цудоўная магчымасць падзякаваць Богу. Хуан Дыега, прыняўшы хрысціянскае пасланне, не адмаўляючыся ад сваёй карэннай прыналежнасці, адкрыў глыбокую праўду пра новае чалавецтва, у якім усе пакліканы да таго, каб быць дзецьмі Божымі ў Хрысце. «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных, а аб’явіў тое дзецям» (Мц 11, 25). І ў гэтай таямніцы асаблівая роля належала Марыі.
|
|
|