Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Фрагмент скульптуры святога Пятра ў Ватыкане.
Адам БАНЕЦКІ

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ

Гісторыя папства, якая налічвае 264 наступнікаў святога Пятра, бурлівая, часам трагічная, захапляльная, а калі-нікалі яна можа выклікаць шок. Ёсць у ёй Папы святыя і благаслаўлёныя, а ёсць і антыпапы. Ад місіі стварэння еднасці і ўмацавання братоў у веры ў часы пераследу, праз уздым зямной магутнасці, праз амаль поўнае знікненне ў часы авіньёнскага палону і знішчэння Касцёльнай дзяржавы шлях папства вядзе да асэнсавання яго першаснага прызначэння ствараць супольнасць у веры.

Усяго іх было 264 (разам з Янам Паўлам ІІ. — Рэд.), сярод якіх 208 італьянцаў (у тым ліку сардынцаў і сіцылійцаў), 15 французаў, 13 грэкаў, 6 немцаў і 1 немец-лангабард, 6 сірыйцаў, 3 афрыканцы, 2 іспанцы, 2 габрэі, 2 далматы з Харватыі, англічанін, паляк і партугалец. Самы кароткі пантыфікат (Стэфана ІІ) працягваўся чатыры дні, а самы доўгі (Пія ІХ) — 31 год і 8 месяцаў (гл. «Poczet Papieży», Анджэй Матыска-Храма, Катавіцы, 2000). Кожны з іх зрабіў якісьці свой — часам лепшы, часам горшы — унёсак, заснаваў якую-небудзь традыцыю. Ян ІІ (533–535) першым з Папаў змяніў імя (і нічога дзіўнага, бо яго звалі Меркурый), Пій V (1566–1572, дамініканец) даў пачатак звычаю насіць белае адзенне (дамініканцы носяць габіты белага колеру. — Рэд.), Пій VIII (1829–1830) заснаваў Ватыканскую пошту, Ян Павел І (жнівень–верасень 1978 г.) адмяніў звычай насіць Папу на спецыяльным паланкіне sedia gestatoria, уведзены таксама адным з Папаў, імя якога, на жаль, высветліць не ўдалося.

Галава, намеснік, пастыр

Кім з’яўляецца біскуп Рыма ў разуменні Каталіцкага Касцёла? Кодэкс Кананічнага Права адказвае на гэта ў сухіх дакладных фармулёўках (каноны 330–341). У біскупе Рымскага Касцёла — гэта асноўны пункт — прабывае служэнне, даручанае Панам Езусам Пятру, якое перадаецца ягоным наступнікам. Такім чынам, біскуп Рыма з’яўляецца галавою Калегіі Біскупаў, намеснікам Хрыста і пастырам усяго Касцёла на гэтай зямлі. Таму ў адпаведнасці са сваёй пасадаю ён мае ў Касцёле найвышэйшую, поўную, непасрэдную і універсальную звычайную ўладу, якую можа заўсёды свабодна здзяйсняць. Гэтую ўладу ён атрымлівае праз законны і прыняты ім самім выбар, зроблены канклавам. Яго магчымае адрачэнне ад выканання абавязкаў не павінна быць яшчэ кімсьці прынятае.

У выкананні сваіх абавязкаў біскуп Рыма з’яднаны ў супольнасць з астатнімі біскупамі і з усім Касцёлам, аднак толькі ён адзін мае права вырашыць, якім чынам — індывідуальна ці калегіяльна — ён будзе гэтыя абавязкі выконваць. Пастановы і дэкрэты біскупа Рыма не могуць быць абскарджаныя ці аспрэчаныя. У выкананні абавязкаў Папу дапамагаюць біскупы (у прыватнасці, Сінод біскупаў), кардыналы, а таксама іншыя асобы і ўстановы (напр., Рымская Курыя), але яны не маюць аніякай улады, і калі рымская сталіца застаецца вакантнай, або ўзнікаюць перашкоды ў яе дзейнасці, не могуць нічога змяняць у кіраванні Касцёлам.

Толькі біскуп Рыма можа склікаць Сусветны Сабор, толькі ён можа яго ўзначальваць (асабіста ці праз іншых асобаў), толькі ён можа яго перанесці, прыпыніць або распусціць. Ён вызначае справы, якія павінны стаць прадметам абмеркавання, а таксама парадак гэтых абмеркаванняў. Пастановы Сабору ўступаюць у сілу і становяцца абавязковымі для выканання пасля зацвярджэння біскупам Рыма разам з Айцамі Сабору.

Узрастанне...

У навах рымскай базылікі святога Паўла за Мурамі змешчаны партрэты Папаў.
Аднак усведамленне Касцёлам папства зусім не было такім выразным з самага пачатку, яно складалася на працягу стагоддзяў, часам не без штуршкоў. З упэўненасцю можна сказаць, што яно будзе развівацца і далей, нягледзячы на ясныя кананічныя фармулёўкі. Менавіта гэта меў на ўвазе Ян Павел ІІ, калі ў энцыкліцы Ut unum sint («Няхай будуць адно». — Рэд.) адзначаў трагічны парадокс: «з розных прычынаў і насуперак волі адных і другіх тое, што павінна было служыць [еднасці], магло час ад часу набываць зусім іншую форму». Папа прывёў словы, прамоўленыя з нагоды візіту праваслаўнага Патрыярха Канстанцінопальскага Дымітрыаса І у Ватыкан (6 студзеня 1987 г.): «Я палымяна малюся да Духа Святога, просячы Яго адарыць нас сваім святлом і прасвятліць усіх пастыраў і тэолагаў нашых Касцёлаў, каб мы разам шукалі такія формы здзяйснення гэтага служэння, у якіх будзе магчыма рэалізаваць прызнанае аднымі і другімі служэнне любові. Гэта вялікае заданне, ад якога мы не можам ухіліцца, і якога я не магу выканаць сам па сабе». Калі Папа заклікаў некаталіцкіх тэолагаў і царкоўных іерархаў шукаць новыя формы, гэта значыць, што тая форма здзяйснення папскай улады, якая існуе дагэтуль, не канчатковая.

Яго заклік знайшоў шырокі водгук, а ў вывучэнне пытання ўключыліся таксама і падпарадкаваныя яму ўстановы. У студзені 1996 г. Кангрэгацыя Веравучэння арганізавала сімпозіум «Першынство Наступніка Пятра ў таямніцы Касцёла». У ім, акрамя каталіцкіх тэолагаў, удзельнічалі праваслаўны тэолаг біскуп Зізіулас і лютэранскі тэолаг Вольфгарт Паненберг. Працы сімпозіума былі апублікаваныя, а Кангрэгацыя абвясціла дакумент пад назваю «Першынство Наступніка Пятра ў таямніцы Касцёла», у якім спасылаецца на высновы сімпозіума. Варта, аднак, заўважыць, што ў гэтым тэксце не столькі ідзе гаворка пра новыя формы здзяйснення першынства, колькі прысутнічае імкненне захаваць status quo.

...і развіццё свядомасці Касцёла

Што датычыць кіруючай ролі Пятра ў супольнасці Дванаццаці і ў першай супольнасці вызнаўцаў Хрыста ў Ерузалеме, то тут не ўзнікае ніякіх сумненняў. Пра гэта сведчаць наказы, дадзеныя Пятру Езусам (Мц 16, 13–19; Лк 22, 31; Ян 21, 15–17), і шмат іншых тэкстаў, як, напрыклад, 1 Кар 15, 5. Ужо ў самых ранніх сведчаннях Пётр паўстае перад намі як той, хто з’яўляецца надзейным гарантам абвяшчэння праўды пра Езуса. Ці можна зрабіць з гэтага выснову, што ў раннім Касцёле пасля смерці Пятра было ўсведамленне пераемнасці яго ўлады дзеючым біскупам Рыма? Адказ: не. Яшчэ ў 300 г. цяжка знайсці пацвярджэнне перакананню хрысціянаў у тым, што біскуп Рыма з’яўляецца галавою ўсіх вернікаў і мае апошняе слова ў вырашэнні справаў усяго Касцёла.

У змроку мінулага не праглядаецца інстытут, яго тэарытычнае абгрунтаванне і механізмы здзяйснення ўлады. Годнасць наступнікаў Пятра напачатку мае рэлігійнае, а не юрыдычнае значэнне; праявы адказнасці за іншыя Касцёлы носяць братэрскі характар. Асабліва важным стала тое, што ў Вечным Горадзе прынялі мучаніцкую смерць «карыфеі веры» — апосталы Пётр і Павел, і там яны пахаваныя. Да такой высновы нас прыводзіць факт, што на Захадзе Рым быў адзіным апостальскім Касцёлам, а таму не толькі ў Італіі, але і ў Галіі, і ў Паўночнай Афрыцы гэтую біскупскую сталіцу лічылі «апостальскай сталіцай». Сляды паўсюднай адказнасці Рыма за іншыя Касцёлы ўпершыню сустракаюцца ў ІІ стагоддзі. Гаворка ідзе пра канчатковае слова ў вырашэнні спрэчкі адносна даты адзначэння Вялікадня (у нядзелю ці, як гэта рабілі юдэі, 14 чысла месяца нісана; зрэшты, пазіцыя Рыма не стала вырашальнай) і ў пытанні — значна больш важным — сапраўднасці хросту, удзеленага ератыкамі: ці трэба было яшчэ раз хрысціць ератыкоў, якія далучаліся да Касцёла? У гэтай спрэчнай сітуацыі дваццаць трэці біскуп Рыма Стэфан (254–257) быў вымушаны спаслацца на тое, што ў разуменні Евангелля паводле Мацвея (Мц 16, 18) ён з’яўляецца наступнікам Пятра. Гэта першы выпадак, калі згаданы тэкст з Евангелля быў аднесены да біскупа Рыма. Клаўс Шатц, аўтар класічнай манаграфіі «Першынство Папы ад пачатку да сучаснасці», сцвярджае, што першынство Рыма ў такой форме «ні ў якім выпадку не існавала ад пачатку, але развівалася ў працяглым працэсе, першы этап якога адносіцца да V стагоддзя». Да IV стагоддзя складаецца вобраз Рыма як маральнага аўтарытэту, які ў момант крызісу становіцца зыходным пунктам у пошуках communio (супольнасці) паміж Касцёламі, перадусім у тым, што датычыцца веравучэння. Паняцце «наступнік Пятра», якое пацягнула за сабою шмат наступстваў, уводзіць Леў І Вялікі (440–461).

Разуменне неабходнасці стварэння пастаяннага служэння Пятра для захавання еднасці вынікала з багатага вопыту. Касцёл на працягу стагоддзяў вучыўся таму, як захоўваць сувязь са сваёю гістарычнаю крыніцаю — апасталічнасцю — і адначасова абараняў сваю актуальную еднасць як бачнай супольнасці ў веры. Абараняючыся ад ерасі і падзелаў, ён вяртаўся да вытокаў. Шатц піша: «Ён не можа „ствараць“ сваіх істотных элементаў, але як Касцёл, заснаваны Езусам, жыве тым, што раней атрымаў як дар, а таму і свайго аб’яднальнага цэнтра не можа стварыць з нічога, але вымушаны проста шукаць такі пункт еднасці менавіта ў апостальскай традыцыі. Штучна створаны інстытут мог бы з чыста практычных меркаванняў мець пэўную вартасць, пераважна ў якасці каардынацыйнага цэнтра і пасрэдніцкай інстанцыі, аднак (...) няма ніякай гарантыі, што Касцёл, абапіраючыся на штучна ўтвораны аб’яднальны цэнтр, зможа прабываць у праўдзе. Менавіта такім штучным, па чалавечай волі створаным цэнтрам, была хрысціянская імперыя, заснаваная Канстанцінам».

Уласцівы папству з IV стагоддзя рымскі і імперскі характар, кіраванне — з пашырэннем хрысціянізацыі ўсё новых народаў — свецкімі, палітычнымі прыкладамі можа выклікаць непаразуменні. Ці не засланяецца такім чынам іншая, чым у свецкіх інстытутаў улады, спецыфіка ўлады Касцёла і ці не зацяняецца сутнасць таго, што ўласціва хрысціянству? Шатц адказвае: «Вядома, так, але за кошт гэтага паўсюдны Касцёл стаў не абстракцыяй, але канкрэтнай рэальнасцю, якая не дазваляе ўключыць сябе ў дзяржаўны або нацыянальны парадак, а абараняе сваю незалежнасць».

Спрэчка за першынство

Хрыстус не вызначыў Пятру адміністрацыйных функцый, якіх, аднак, з развіццём Касцёла само сабою станавілася ўсё больш і больш. Сёння паўстае пытанне, ці сапраўды некаторыя заданні з тых, якія выконвае біскуп Рыма, па сваёй прыродзе адносяцца да сутнасці першынства. Ва ўзгаданым напачатку дакуменце Кангрэгацыя Веравучэння дае нам адказ: «Сам факт таго, што нейкае заданне ў пэўную гістарычную эпоху Папа выконваў у рамках першынства, не азначае, што такое заданне абавязкова павінна быць назаўсёды замацавана за біскупам Рыма; і наадварот, сам факт, што нейкую функцыю Папа не выконваў раней, не дазваляе рабіць выснову, што ніколі ў будучыні такая функцыя не можа быць уключана ў абсяг кампетэнцыі першынства».

Прадметам дэбатаў, калі нават не спрэчак, застаецца ў Касцёле не само першынство біскупа Рыма, а, пачынаючы з І Ватыканскага Сабору, усё большая цэнтралізацыя ўлады ў адной, але вельмі неаднароднай інстанцыі. Арцыбіскуп Сан-Францыска на пенсіі Джон Р. Куін у адказ на заклік Яна Паўла ІІ звярнуў увагу на ўзрастанне ў апошнія дзесяцігоддзі такой з’явы, як набыццё Рымскай Курыяй месца трэцяй улады ў Касцёле, пасля Папы і біскупаў, калі нават увогуле не вышэй за біскупаў. Кардынал Карло Марыя Марціні на Сінодзе еўрапейскіх біскупаў у 1999 г. не згадваў пра Курыю, але падаў тэзіс пра «агульныя сустрэчы, якія б зрабілі магчымым абмен думкамі паміж біскупамі, дазволілі разблытаць некаторыя „вузлы“ дысцыплінарнага і дактрынальнага характару». Кардынал не вымавіў слова «Сабор», хоць менавіта так яго словы зразумелі назіральнікі. Ён выразна казаў пра «патрэбу і нават ужо амаль неабходнасць калегіяльнага, аўтарытэтнага абмену думкамі паміж усімі біскупамі па некаторых ключавых пытаннях, якія паўсталі на працягу апошніх сарака гадоў». Сярод вузлавых праблемаў ён назваў «сітуацыю жанчыны ў грамадстве і ў Касцёле; удзел свецкіх асобаў у некаторых чыннасцях, звязаных са служэннем; сексуальнасць; сужэнскую дысцыпліну; практыкаванне пакаяння; адносіны з братнімі Праваслаўнымі Цэрквамі і — у найбольш агульным разуменні — патрэбу ажыўлення экуменічнай надзеі». Ён казаў таксама пра «адносіны паміж дэмакратыяй і каштоўнасцямі; паміж грамадзянскімі правамі і правам маральным». Можна паразважаць пра тое, ці развіццё інстытута Сіноду біскупаў, што адбывалася на працягу апошняй чвэрці стагоддзя, не стане для Касцёла зыходным пунктам для зменаў у кірунку большай калегіяльнасці.

Абвешчаны ў 1869 г. догмат пра беспамылковасць Папы не прывёў да выбуху дактрынальных фармулёвак Пантыфікаў, чаго многія баяліся. Будучы лагічным вынікам доўгага працэсу эвалюцыі самасвядомасці Касцёла, ён стаў, як гэта ні парадаксальна, зыходным пунктам для разважання пра калегіяльнасць падчас ІІ Ватыканскага Сабору. Сярод тых асаблівых выклікаў гісторыі, з якімі сутыкнецца новы Папа, гэты здаецца асабліва важным, калі не найважнейшым.

Такім чынам, папства — гэта справа чалавечая і Божая. Гэта — дар Хрыста, дадзены для стварэння еднасці веры і асвячэння, дар, які паступова і ўсё больш пазнаваў Касцёл, а часам і злоўжываў ім, які, застаючыся нязменным па сутнасці, развіваўся ў практыцы яго выкарыстання, звышнатуральны і адначасова інкультураваны, гэта значыць, упісаны ў культуры розных эпох. Дар старажытны, як і Касцёл, і ў той жа час новы пры кожным канклаве.

Ксёндз Адам Банецкі,
галоўны рэдактар тыднёвіка
«Tygodnik Powszechny».

Пераклад з польскай мовы.

Загаловак рэдакцыі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY