|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
– так напісаў пра Яна Паўла ІІ у 2000 годзе другі вялікі хрысціянін ХХ ст. Чэслаў Мілаш. Абодва жылі ў стагоддзі, «славутым прозвішчамі магутных тыранаў і руйнаваннем іх вялікіх дзяржаваў», і абодва з найвышэйшай годнасцю перажылі і перамаглі пачварных уладцаў і магутныя імперыі нялюдства, бо абодва верылі без сумневу, што «толькі Хрыстус пануе ў Гісторыі».
За што Яна Паўла ІІ будуць любіць і шанаваць людзі?.. Пішу пра Яго не ў мінулым, а ў цяперашнім і будучым часе, бо не ведаю нават, ці можна ўжываць у дачыненні да Святога Айца такое простае непазбежнае слова як «смерць», калі гэта толькі імгненне ў жыцці Вялікага Чалавека і Папы паміж зямным існаваннем і бясконцым часам Гісторыі. Калі сведчаць, што Ян Павел ІІ усё помніў і разумеў да апошняй хвіліны, то і пантыфікат Яго быў ад першай да апошняй хвіліны асвечаны Вялікім Святлом Адзінага, і апошняя хвіліна зямнога побыту была першай хвілінай Яго вечнай святасці. Быў разам з усім чалавечым родам і будзе разам з усімі, хто ў Яго верыць.
Пройдзе час, і стане відавочным, што Ян Павел ІІ ці не самая значная асоба ХХ стагоддзя – не ў гісторыі самога ХХ ст., але самая значная асоба ХХ ст. у Гісторыі чалавецтва.
Мы ў ХХ ст. падзабылі, што было сказана дзве тысячы гадоў таму: «Прыду да вас, а вы не пазнаеце...». Быў Вялікі Чалавек і Вялікі Папа, не прападзе ніводнае з яго словаў. «Не бойцеся!» Не прападзе.
Ён здолеў атуліць сэрцам цэлы свет – і быць не можа, каб не адратаваў нікога, «няхай было б іх хоць дваццаць, хоць дзесяць, няхай ніхто б з іх яшчэ не нарадзіўся». Бо народзіцца ў Сэрцы той, хто названы без імені ў сэрцы Вялікага Чалавека і Вялікага Папы. Немагчымае ў людзей магчымае ў Бога.
Час не спыніўся, а затрымаўся на імгненне – каб Адзіны пачуў адзінае сваё Імя на зямлі?
– Караль... Караль... Караль...
21.37, 02.04.2005.
Цяпер крыпта. Побач св. Пятра.
8 красавіка 2005 года
|
|
|