18 мая 1920 г. – у Вадавіцах, у сям’і Караля і Эміліі Вайтылаў, нарадзіўся сын, якому ў часе хросту было дадзена імя Караль.
13 красавіка 1929 г. – памерла маці Караля.
5 снежня 1932 г. – памёр старэйшы брат Эдмунд.
14 мая 1938 г. – Караль закончыў гімназію.
Лета 1938 г. – пераезд з бацькам у Кракаў.
Восень 1938 г. – паступае ў Ягелонскі універсітэт на факультэт польскай філалогіі.
Кастрычнік 1940 г. – на другі год нямецкай акупацыі распачынае працу як чорнарабочы ў кракаўскіх каменаломнях; праз год – на хімічнай фабрыцы Сольвай.
18 лютага 1941 г. – раптоўна памірае бацька.
Кастрычнік 1942 г. – Караль Вайтыла распачынае вучобу на тайных курсах тэалагічнага аддзялення Ягелонскага універсітэта як клерык падпольнай духоўнай семінарыі.
Вясна 1945 г. – ананімны літаратурны дэбют: друкуе ў часопісе «Голас Кармэлю» «Песню пра ўкрытага Бога».
1 лістапада 1946 г. – у прыватнай капліцы кардынала Сапегі Караль Вайтыла прымае з рук кардынала сакрамэнт святарскага пасвячэння.
15 лістапада 1946 г. – выязджае ў Рым для далейшай вучобы.
19 чэрвеня 1948 г. – абараняе доктарскую дысертацыю ў Рымскім дамініканскім універсітэце «Анджэлікум», тэма: «Паняцце веры ў св. Яна ад Крыжа».
Пачатак ліпеня 1948 г. – вяртаецца ў Польшчу.
8 ліпеня 1948 г. – атрымлівае прызначэнне на працу вікарыем у парафіі ў Негавіці.
17 сакавіка 1949 г. – пераходзіць у парафію св. Фларыяна ў Кракаве, працуе спачатку вікарыем, а потым адказвае за душпастырства моладзі.
12 кастрычніка 1954 г. – распачынае выкладчыцкую працу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
8 ліпеня 1958 г. – менаваны кракаўскім дапаможным біскупам.
Жнівень 1960 г. – падпісана ў друк кніга біскупа Вайтылы «Любоў і адказнасць».
5 кастрычніка 1962 г. – выязджае ў Рым на ІІ Ватыканскі Сабор.
13 студзеня 1964 г. – Караль Вайтыла менаваны арцыбіскупам мітрапалітам Кракаўскім.
29 мая 1967 г. – арцыбіскуп Вайтыла менаваны кардыналам.
Снежань 1969 г. – падпісана да друку праца кардынала Вайтылы «Асоба і ўчынак».
7–13 сакавіка 1976 г. – праводзіць рэкалекцыі для Рымскай курыі.
16 кастрычніка 1978 г. – кардынал Караль Вайтыла абраны Папам. Узяў сабе імя Ян Павел ІІ.
22 кастрычніка 1978 г. – урачыстая інаўгурацыя пантыфікату на плошчы св. Пятра. Ян Павел ІІ звяртаецца да прысутных са словамі, якія стануць вызначальнымі для ўсяго яго пантыфікату: «Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту і Яго збаўчай уладзе! Адкрыйце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што носіць у сваёй душы чалавек. Толькі Ён ведае гэта!»
25 студзеня – 1 лютага 1979 г. – першае евангелізацыйнае падарожжа Папы Яна Паўла ІІ у Дамініканскую рэспубліку, Мексіку і на Багамскія астравы.
4 сакавіка 1979 г. – абвяшчэнне першай энцыклікі Redemptor hominis («Адкупіцель чалавека»). Папа падкрэслівае, што «шляхам Касцёла з’яўляецца чалавек».
2–10 чэрвеня 1979 г. – першая пілігрымка на Радзіму, у Польшчу.
Яна стала паваротным момантам у жыцці палякаў.
2–12 мая – апостальскае падарожжа ў Афрыку.
30 чэрвеня – 12 ліпеня 1980 г. – пілігрымка ў Бразілію.
30 лістапада 1980 г. – энцыкліка пра Божую міласэрнасць Dives in misericordia («Багаты міласэрнасцю»).
31 снежня 1980 г. – абвяшчэнне святых апосталаў славянаў Кірыла і Мятода апекунамі Еўропы.
16–27 лютага 1981 г. – падарожжа на Далёкі Усход, на Філіпіны і ў Японію.
13 мая 1981 г. – замах на Папу. Стрэлы прагучалі, калі Святы Айцец выязджаў на плошчу св. Пятра на генеральную аўдыенцыю. Страляў турак Алі Агджа. Папа быў тройчы паранены: адна куля прайшла навылёт праз жывот, другая трапіла ў правае плячо; найбольш сур’ёзнае было раненне страўнікава-кішэчнага тракту – куля прайшла за некалькі міліметраў ад аорты (яе пашкоджанне адразу выклікае смерць). Кулі, на шчасце, абмінулі пазваночнік. Аперацыя была надзвычай складаная, але ўдалая.
14 верасня 1981 г. – выданне энцыклікі Laborem exercens («Выконваючы працу»). Гэта першая энцыкліка, прысвечаная сацыяльным праблемам.
12–15 мая 1982 г. – пілігрымка ў Фаціму. У 65-ю гадавіну Марыйных аб’яўленняў у Фаціме і ў першую гадавіну замаху на сваё жыццё Папа наведаў гэты санктуарый, каб падзякаваць Марыі за ацаленне.
28 мая – 2 чэрвеня 1982 г. – падарожжа ў Англію.
28 верасня 1982 г. – Папа ўпершыню прымае духоўнага кіраўніка тыбецкіх будыстаў Далай Ламу.
10 кастрычніка 1982 г. – кананізуе Максіміліяна Кольбэ ў Ватыкане.
25 студзеня 1983 г. – Ян Павел ІІ падпісаў новы Кодэкс Кананічнага Права.
2–10 сакавіка 1983 г. – пілігрымка ў Цэнтральную Амерыку, у Нікарагуа.
14–15 жніўня 1983 г. – пілігрымка ў Францыю, у Люрд.
11 снежня 1983 г. – візіт у лютэранскі касцёл у Рыме. Упершыню ў гісторыі Біскуп Рыма пераступіў парог пратэстанцкай святыні.
9–21 верасня 1984 г. – падарожжа ў Канаду. Сустрэча з 2 тысячамі дзяцей.
31 сакавіка 1985 г. – ліст да моладзі ўсяго свету, першы ў гісторыі папства дакумент, звернуты выключна да маладога пакалення.
2 чэрвеня 1985 г. – дата публікацыі энцыклікі Slavorum Apostoli («Апосталы славянаў»).
8–20 жніўня 1985 г. – пілігрымка ў Афрыку.
31 студзеня – 11 лютага 1986 г. – падарожжа ў Індыю.
23 сакавіка 1986 г. – І Сусветны дзень моладзі ў Рыме.
13 красавіка 1986 г. – візіт у рымскую сінагогу.
«Вы нашы ўмілаваныя браты і ў пэўным сэнсе, можна сказаць, нашы старэйшыя браты», – адзначыў Ян Павел ІІ у сваёй прамове. Гэта быў першы такі візіт у гісторыі папства.
18 мая 1986 г. – энцыкліка аб Духу Святым Dominum et Vivificantem («Пана і Жыватворцу»).
27 кастрычніка 1986 г. – Сусветны дзень малітваў за мір у Асізі.
25 сакавіка 1987 г. – энцыкліка Redemptoris Mater («Маці Адкупіцеля»).
10–21 верасня 1987 – падарожжа ў ЗША.
19 лютага 1988 г. – абвяшчэнне энцыклікі Sollicitudo rei socialis («Клопат пра грамадскія справы»).
15 жніўня 1988 г. – Апостальскі ліст Mulieris dignitatem пра годнасць і пакліканне жанчыны.
1–10 чэрвеня 1989 г. – першая ў гісторыі Касцёла пілігрымка Папы ў скандынаўскія дзяржавы.
1 снежня 1989 г. – у Ватыкан з візітам прыязджае М. Гарбачоў. Сустрэча, якая паўплывала на змены ва ўсім свеце.
15 сакавіка 1990 г. – устаноўлены дыпламатычныя сувязі паміж Апостальскаю Сталіцаю і СССР.
21–25 красавіка 1990 г. – першая пілігрымка ў посткамуністычную краіну – у Чэхаславакію.
7 снежня 1990 г. – энцыкліка аб місійнай дзейнасці Redemptoris missio («Місія Адкупіцеля»).
1 мая 1991 г. – абвяшчэнне энцыклікі Centesimus annus («Сотая гадавіна»). Прысвечана сотай гадавіне энцыклікі Льва ХІІІ Rerum novarum, якая распачала каталіцкую сацыяльна-эканамічную дактрыну.
1–9 чэрвеня 1991 г. – пілігрымка ў Польшчу. Папа наведвае 12 гарадоў.
13–16 жніўня 1991 г. – зноў візіт у Польшчу. У Чэнстахове Папа сустракаецца з мільёнам маладых людзей на Сусветных днях моладзі.
25 чэрвеня 1992 г. – Ян Павел ІІ падпісвае новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
4–10 верасня 1993 г. – першая пілігрымка ў краіны былога СССР – у Літву, Латвію і Эстонію.
5 кастрычніка 1993 г. – абвяшчэнне энцыклікі Veritatis splendor («Святло праўды»).
Верасень 1994 г. – выходзіць кніга Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі», якая адразу становіцца сусветным бестселерам.
14 лістапада 1994 г. – у Лісце Tertio millennio adveniente («На парозе трэцяга тысячагоддзя») Папа заклікае Касцёл да рахунку сумлення.
13 снежня 1994 г. – першы ў гісторыі папскі «Ліст да дзяцей» усяго свету.
30 сакавіка 1995 г. – энцыкліка Evangelium vitae («Евангелле жыцця»).
25 мая 1995 г. – энцыкліка Ut unum sint («Каб усе былі адно»).
29 чэрвеня 1995 г. – «Ліст да жанчын».
4–7 кастрычніка 1995 г. – візіт у ЗША. Прамова Папы ў ААН.
1 лістапада 1996 г. – у базыліцы св. Пятра Папа адпраўляе ўрачыстую св. Імшу з нагоды 50-годдзя свайго святарства.
2 снежня 1996 г. – выйшла аўтабіяграфія Яна Паўла ІІ «Дар і Таямніца».
12–13 красавіка 1997 г. – пілігрымка ў Сараева.
21–24 жніўня 1997 г. – візіт ў Францыю. Папа ўдзельнічае ў ХІІ Сусветных днях моладзі.
21–25 студзеня 1998 г. – пілігрымка на Кубу. Яна лічыцца адною з самых важных, бо пахіснула духоўны фундамент гэтага камуністычнага бастыёну.
21–23 сакавіка 1998 г. – пілігрымка ў Нігерыю.
11 кастрычніка 1998 г. – кананізацыя кармелітанкі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа – Эдыты Штэйн.
15 кастрычніка 1998 г. – абвяшчэнне энцыклікі Fides et ratio («Вера і розум»).
16–18 кастрычніка 1998 г. – святкаванне 20-годдзя пантыфікату і 40-годдзя біскупскай сакры Яна Паўла ІІ.
22–27 студзеня 1999 г. – падарожжа ў Мексіку і ЗША.
7–9 мая 1999 г. – візіт у Румынію – першую праваслаўную краіну на пілігрымкавым шляху Яна Паўла ІІ.
5–7 чэрвеня 1999 г. – пілігрымка ў Польшчу. Папа наведаў больш за 20 гарадоў, выступіў у парламенце, беатыфікаваў 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны. Сярод іх – беларускіх ксяндзоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча.
11 кастрычніка 1999 г. – у гаміліі падчас Імшы на адкрыцці Сіноду Біскупаў для Еўропы Папа абвясціў апякункамі гэтага кантыненту трох святых: Брыгіту Шведскую, Кацярыну Сіенскую і Эдыту Штайн – Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа.
5–9 лістапада 1999 г. – апостальскае падарожжа ў Індыю і Грузію.
18 студзеня 2000 г. – экуменічны пачатак новай эры ў гісторыі хрысціянства: Ян Павел ІІ разам з прадстаўнікамі іншых канфесій адчыніў Святыя Дзверы ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.
24–26 лютага 2000 г. – пілігрымка ў Егіпет. Святы Айцец маліўся на Сінаі.
8 сакавіка 2000 г. - Папяльцовая серада – абвяшчэнне ў Ватыкане дакументу Міжнароднай тэалагічнай камісіі «Памяць і паяднанне: Касцёл і правіны мінулага».
12 сакавіка 2000 г. – пакаяльнае набажэнства, кульмінацыяй якога стала прызнанне правінаў Касцёла, агучанае Папам і сямю кардыналамі, супрацоўнікамі Ватыканскай курыі.
20–26 сакавіка г. – пілігрымкі ў Святую Зямлю: у Іарданію, Ізраіль і Палестынскую Аўтаномію. Урад Ізраіля яшчэ перад пілігрымкаю назваў яе найважнейшым візітам у гісторыі гэтай дзяржавы.
30 красавіка 2000 г. – кананізацыя благаславёнай сястры Фаустыны Кавальскай, польскай законніцы, містычкі, якая перадала свету пасланне аб Божай Міласэрнасці.
7 мая 2000 г. – экуменічнае набажэнства ў Ватыкане.
12–13 мая 2000 г. – пілігрымка ў Фаціму (Партугалія). Ян Павел ІІ беатыфікаваў дваіх фацімскіх пастушкоў: Францішка і Гіяцынту, якім у 1917 г. аб’явілася Маці Божая.
18 мая 2000 г. – 80-годдзе Яна Паўла ІІ. Папа адправіў у Ватыкане Імшу падзякі, у якой удзельнічала 7 тыс. святароў з усяго свету.
15–20 жніўня 2000 г. – XV Сусветныя дні моладзі ў Рыме.
3 верасня 2000 г. – беатыфікацыя двух Папаў: Пія ІХ і Яна ХХІІІ.
5 верасня 2000 г. – абвяшчэнне ў Ватыкане дэкларацыі Dominus Iesus («Пан Езус»). Яе аўтар – тагачасны кіраўнік Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер.
21–28 студзеня 2001 г. – беспрэцэдэнтная па колькасці намінацыя 44 кардыналаў. Яна праходзіла ў два этапы: спачатку было менавана 37 кардыналаў, а праз тыдзень – яшчэ 7.
11 сакавіка 2001 г. – найбольшая ў гісторыі Касцёла беатыфікацыя: да хвалы алтара вынесена 233 мучанікі.
4–7 мая 2001 г. – падарожжа шляхамі Апостала Паўла – у Грэцыю, Сірыю і на Мальту.
У Сірыі Ян Павел ІІ пераступіў чарговы рэлігійны парог: як першы Папа ён наведаў мячэць, былую хрысціянскую святыню ў Дамаску з рэліквіямі св. Яна Хрысціцеля.
23–27 чэрвеня 2001 г. – пілігрымка на Украіну, у Кіеў і Львоў.
22–27 верасня 2001 г. – пілігрымка ў Казахстан і Арменію.
24 студзеня 2002 г. – супольныя малітвы ў Асізі за мір прадстаўнікоў розных рэлігій.
22–26 мая 2002 г. – пілігрымка ў Азербайджан і Балгарыю.
23 ліпеня – 2 жніўня 2002 г. – падарожжа ў Канаду, Гватэмалу і Мексіку.
16–19 жніўня 2002 г. – пілігрымка ў Польшчу. Папа асвяціў базыліку Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і прысвяціў увесь свет Божай Міласэрнасці.
7 кастрычніка 2002 г. – кананізацыя благаславёнага Хасэмарыі Эскрывы (1902–1975), заснавальніка Opus Dei.
16 кастрычніка 2002 г. – абвяшчэнне Апостальскага ліста Rosarium Virginis Mariae. Папа дадаў чацвёртую частку да святога Ружанца, прысвечаную «таямніцам святла».
6 сакавіка 2003 г. – ватыканская і кракаўская прэзентацыя паэмы Папы «Рымскі трыпціх».
17 красавіка 2003 г. – абвяшчэнне 14-й энцыклікі Яна Паўла ІІ Ecclesia de Eucharistia пра Эўхарыстыю ў жыцці Касцёла.
3–4 мая 2003 г. – падарожжа ў Іспанію.
5–9 чэрвеня 2003 г. – пілігрымка ў Харватыю. Гэта было сотае замежнае падарожжа Папы.
16–21 кастрычніка 2003 г. – урачыстасці, прысвечаныя 25-годдзю пантыфікату, беатыфікацыя Маці Тэрэзы з Калькуты.
14–15 жніўня 2004 г. – асаблівая пілігрымка ў Люрд: схварэлы Папа прыбывае ў санктуарый хворых.
18 студзеня 2005 г. – беспрэцэдэнтная аўдыенцыя для 160 рабінаў і кантараў – прадстаўнікоў усіх плыняў юдаізму.
1 лютага 2005 г. – Папа тэрмінова перавезены ў клініку Джэмэллі: пасля перанесенага грыпу ўзніклі праблемы з дыханнем.
24 лютага 2005 г. – Святому Айцу зроблена аперацыя – трахеатамія.
13 сакавіка 2005 г. – Ян Павел ІІ вяртаецца ў Ватыкан.
25 сакавіка 2005 г. – першы за ўвесь пантыфікат Крыжовы шлях у рымскім Калізеі без Папы.
27 сакавіка 2005 г. – сумны Вялікдзень: Святы Айцец толькі паказваецца ў акне ватыканскага палаца, але не можа прамовіць да сабраных.
31 сакавіка 2005 г. – трывожныя навіны: у Папы высокая тэмпература, кардыялагічны крыз... Святы Айцец прымае сакрамэнт хворых.
2 красавіка 2005 г. – «нечаканым днём моладзі» называе «L’Osservatore Romano» прысутнасць на плошчы св. Пятра некалькіх тысяч маладых людзей. «І ўсе крокі скіраваліся сюды...» У 21 гадзіну 37 хвілін па еўрапейскім часе Ян Павел ІІ адышоў у Дом Айца.
8 красавіка 2005 г. – пахаванне Святога Айца ў Рыме.
Кульмінацыя шасцідзённай жалобы пасля смерці Папы. Ян Павел ІІ і пасля свайго адыходу чыніць цуды і атрымлівае нечуваную перамогу: вялікая хваля спачування і ўдзячнасці плыве праз увесь свет, таксама з асяроддзяў зусім не каталіцкіх. Гэтая тэма пераважае і ў сродках масавай інфармацыі, далёкіх ад Касцёла. Само пахаванне цудоўным чынам сабрала людзей, якія ні ў якім іншым выпадку не маглі б апынуцца побач.
У часе Імшы на плошчы св. Пятра гучаць воклічы: Santo subito! – «Прызнаць неадкладна святым!». Vox populi – vox Dei.
Падрыхтавала Крыстына ЛЯЛЬКО