|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
Размовы на пераломе тысячагоддзяў
МЕРА, ВЫЗНАЧАНАЯ ЗЛУ
Пасля краху дзвюх магутных таталітарных сістэмаў – нацызму ў Германіі і камуністычнага «рэальнага сацыялізму» ў Савецкім Саюзе, – якія навіслі над цэлым ХХ стагоддзем і нясуць адказнасць за безліч злачынстваў, здаецца, прыйшоў час паразважаць над іх прыродаю, наступствамі і асабліва над іх значэннем у гісторыі чалавецтва. Святы Айцец, скажыце, калі ласка, як трэба разумець сэнс гэтага вялікага «выбуху» зла? ХХ стагоддзе было ў нейкім сэнсе арэнаю нарастання гістарычных, а таксама ідэйных працэсаў, якія імкнуліся ў кірунку вялікага «выбуху» зла, але таксама было арэнаю іх пераадолення. А таму ці будзе слушным погляд на Еўропу толькі з боку зла, якое з’явілася ў яе сучаснай гісторыі? Ці не ёсць у гэтым нейкая аднабаковасць? Сучасная гісторыя Еўропы, пазначаная (асабліва на Захадзе) уплывамі Асветы, дала таксама шмат добрых пладоў. Гэта, у пэўнай ступені, адпавядае прыродзе зла так, як яе вызначае, адпаведна трактоўцы св. Аўгустына, св. Тамаш. Зло – гэта заўсёды брак, недахоп нейкага дабра, якое ў дадзеным быцці павінна знаходзіцца. Аднак яно ніколі не ёсць поўнаю адсутнасцю дабра. Якім чынам зло вырастае і развіваецца на здаровай глебе дабра, з’яўляецца ў пэўнай ступені таямніцаю. Таямніцаю ёсць таксама і тое дабро, якога зло не здолела знішчыць, якое развіваецца як быццам насуперак злу, прычым на той жа самай глебе. Прыгадваецца евангельская прыпавесць пра пшаніцу і кукаль (пар. Мц 13, 24–30). Калі слугі пытаюць гаспадара: «Хочаш, мы пойдзем выпалем яго [кукаль]?», ён адказвае вельмі ясна: «Не, каб выбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жанцам: збярыце найперш кукаль і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу вязіце ў гумно маё» (Мц 13, 29–30). У гэтым выпадку ўспамін пра жніво належыць да апошняй фазы гісторыі, да эсхаталогіі. Можна сказаць, што гэтая прыпавесць з’яўляецца ключом для зразумення ўсяе гісторыі чалавека. У розныя эпохі і ў розным значэнні «пшаніца» расце разам з «кукалем», а «кукаль» – разам з «пшаніцаю». Гісторыя чалавецтва – гэта арэна суіснавання дабра і зла. Гэта азначае, што зло існуе побач з дабром, але таксама азначае, што дабро трывае побач са злом, расце як бы на той самай глебе людской натуры, бо натура не была знішчана, не стала цалкам нягоднаю, нягледзячы на першародны грэх. Яна захавала здольнасць да дабра, і гэта знайшло пацвярджэнне ў розных гістарычных эпохах.
Адкуль жа тады ўзяліся ідэалогіі зла? У чым карані нацызму і камунізму? Усе гэтыя пытанні маюць глыбокае філасофскае і тэалагічнае значэнне. Трэба зрэканструяваць «філасофію зла» ў яе еўрапейскім і не толькі еўрапейскім вымярэнні. А гэта рэканструкцыя выводзіць нас за межы ідэалогіі. Яна прымушае нас увайсці ў свет веры. Трэба дакрануцца да таямніцы Бога і стварэння, і асабліва – да таямніцы чалавека. Гэта таямніцы, якія я імкнуўся асэнсаваць у першыя гады майго служэння на Сталіцы св. Пятра ў энцыкліках Redemptor hominis, Dives in misericordia i Dominum et vivificantem. Увесь гэты трыпціх, па сутнасці, адпавядае трынітарнай таямніцы Бога. Усё, што адлюстравана ў энцыкліцы Redemptor hominis, я вынес з Польшчы. Таксама рэфлексіі ў Dives in misericordia былі плёнам майго душпастырскага досведу, набытага ў Польшчы, і асаблівым чынам у Кракаве, бо там жа знаходзіцца труна сястры Фаустыны Кавальскай, якой Хрыстус дазволіў быць асабліва натхнёнаю выразніцаю праўды пра Божую міласэрнасць. Гэтая праўда сфармавала ў Фаустыне надзвычай багатае містычнае жыццё. Яна была простаю і неадукаванаю, але, нягледзячы на гэта, людзі, якія чытаюць Дзённічак яе аб’яўленняў, захапляюцца глыбінёю містычнага досведу, адлюстраванага ў ім. Я кажу пра гэта таму, што аб’яўленні сястры Фаустыны, сканцэнтраваныя на таямніцы Божай міласэрнасці, належаць да пярэдадня Другой сусветнай вайны. Гэта менавіта той час, калі ўзнікалі і развіваліся ідэалогіі зла, якімі былі нацызм і камунізм. Сястра Фаустына стала сакратаркаю паслання пра адзіную праўду, здольную ўраўнаважваць зло гэтых ідэалогій, праўду пра тое, што Бог з’яўляецца Міласэрнасцю, праўду пра Хрыста міласэрнага. І таму, пакліканы на Пятрову Сталіцу, я адчуваў асаблівую патрэбу перадаць гэты айчынны досвед, які, несумненна, належыць да скарбніцы паўсюднага Касцёла. Энцыкліка аб Духу Святым Dominum et vivificantem мае ўжо свой рымскі радавод. Яна выспявала трохі пазней. Нарадзілася з медытацыі над Евангеллем ад св. Яна, над тым, што Хрыстус казаў падчас Апошняй Вячэры. Менавіта ў гэтыя апошнія гадзіны зямнога жыцця Хрыста мы атрымалі, хіба, найбольш поўнае аб’яўленне аб Духу Святым. Сярод слоў, якія прамовіў тады Езус, ёсць таксама сцвярджэнне, вельмі характэрнае для тае праблемы, якая нас цікавіць. Ён кажа, што Дух Святы «пераканае свет у граху» (Ян 16, 8). Я імкнуўся заглыбіцца ў гэтыя словы, і гэта прывяло мяне да першых старонак Кнігі Быцця, да падзеі, якая была названая «першародным грахом». Св. Аўгустын надзвычай трапна ахарактарызаваў прыроду гэтага граху ў наступнай формуле: amor sui usque ad contemptum Dei – «любоў да сябе ажно да адмаўлення Бога» (De civitate Dei, XIV, 28). Менавіта amor sui – уласная любоў – падштурхнула прабацькоў да першапачатковай непаслухмянасці, якая дала пачатак пашырэнню граху ва ўсёй гісторыі чалавека. Гэтаму адпавядаюць словы з Кнігі Быцця: «Гэтак як Бог будзеце ведаць дабро і зло» (Быц 3, 5), гэта значыць, будзеце самі вырашаць, што ёсць дабро, а што – зло. І менавіта гэтае першароднае вымярэнне граху не магло знайсці адпаведнай кампенсацыі ў іншай постаці, як толькі праз супрацьлеглае amor Dei usque ad contemptum sui – «любоў да Бога ажно да адмаўлення сябе». Менавіта тут мы дакранаемся да таямніцы адкуплення чалавека, а вядзе нас да гэтага пазнання Дух Святы. Гэта Ён дазваляе нам так глыбока пранікнуць у mysterium Crucis і адначасова нахіліцца над прорваю зла, віноўнікам і разам з тым ахвяраю якога стаў чалавек на пачатку сваёй гісторыі. Менавіта да гэтага адносіцца выраз «пераканаць свет у граху». Мэтаю ж гэтага «пераканання» не з’яўляецца асуджэнне свету. Калі Касцёл, узмоцнены Духам Святым, называе зло па імені, то толькі дзеля таго, каб паказаць магчымасць яго пераадолення. Amor Dei usque ad contemptum sui мае менавіта такое вымярэнне. Гэта адпаведнае вымярэнне міласэрнасці. Бог у Езусе Хрысце схіляецца над чалавекам, каб падаць яму руку, каб падняць яго кожны раз, калі ён падае, каб яго пастаянна падымаць і падтрымліваць у ягоным намаганні распачаць новую дарогу. Чалавек не здольны падняцца ўласнымі сіламі. Яму патрэбна дапамога Святога Духа. Калі ён адкідае гэтую дапамогу, тады здзяйсняе грэх, які Хрыстус назваў «блюзнерствам супраць Духу», абвяшчаючы адначасова, што ён недаравальны (пар. Мц 12, 31). Чаму недаравальны? Таму што выключае ў самім чалавеку жаданне дараваць. Чалавек адпрэчвае любоў і міласэрнасць Бога, бо сам лічыць сябе Богам. Думае, што ён самадастатковы. Я коратка прыгадаў тры энцыклікі, якія здаліся мне абавязковым каментаром да ўсяго навучання ІІ Ватыканскага Сабору, а таксама да складаных сітуацый, што з’яўляюцца ў гэты гістарычны момант, у які нам выпала жыць. З цягам часу ў мяне нарадзілася перакананне, што ідэалогіі зла глыбока ўкаранёныя ў гісторыі еўрапейскай філасофскай думкі. Тут я павінен закрануць пэўныя факты, звязаныя з гісторыяй Еўропы, асабліва з яе культурай. Калі з’явілася энцыкліка пра Духа Святога, пэўныя асяроддзі на Захадзе адрэагавалі на яе вельмі негатыўна. З чаго вынікала тая рэакцыя? Яна сыходзіла з тых самых крыніцаў, з якіх больш за дзвесце гадоў таму ўзнікла так званая еўрапейская асвета, асабліва – французская, аднак, у тым ліку і англійская, нямецкая, іспанская ці італьянская. Ад усіх іх адрознівалася асвета ў Польшчы. Расія ж тым часам, хіба, не перажыла асветніцкай катастрофы. Крызіс хрысціянскай традыцыі прыйшоў туды іншым шляхам і на пачатку ХХ стагоддзя выбухнуў тым больш нечакана ў вобразе радыкальна атэістычнай марксісцкай рэвалюцыі. Каб лепш асвятліць гэтую праблему, трэба вярнуцца яшчэ да перадасветніцкага перыяду, а найперш да тае рэвалюцыі, якую ў філасофскай думцы здзейсніў Дэкарт. Cogito, ergo sum – «мыслю, значыць існую» перамяніла парадак рэчаў у філасофскай сферы. У пераддэкартаўскі перыяд філасофія, а значыць, cogito (мыслю), ці, дакладней, cognosco (пазнаю), суадносілася з esse (існую), якое было чымсьці першасным. Тым часам для Дэкарта esse сталася нечым другасным, у той час як першасным ён лічыў cogito. Такім чынам, адбылася не толькі змена кірунку філасофствавання, але таксама радыкальны адыход ад таго, чым раней была філасофія, асабліва ад таго, чым была філасофія св. Тамаша з Аквіна: філасофія esse. Раней усё інтэрпрэтавалася праз прызму быцця (esse) і ўсё праз гэту прызму тлумачылася. Бог як Істота існуючая (Ens subsistens) быў незаменнаю апораю для кожнага ens non subsistens, ens participatum, гэта значыць для ўсіх створаных жывых істотаў, а такім чынам таксама і для чалавека. Cogito, ergo sum прынесла разрыў з тою традыцыяй думкі. Першаснаю цяпер стала ens cogitans (істота мыслячая). Пачынаючы з Дэкарта філасофія становіцца навукаю чыстага мыслення: усё тое, што ёсць быццём (esse), – гэтаксама як створаны свет, так і Творца – застаецца ў сферы cogito як сутнасць людской свядомасці. Філасофія займаецца быццём таму, што яно з’яўляецца сутнасцю свядомасці, а не таму, што яно існуе па-за ёю. Тут трэба трохі часу прысвяціць традыцыі польскай філасофіі, асабліва таму, што ў ёй адбылося пасля прыходу да ўлады камуністычнай партыі. З універсітэтаў выкараняліся ўсялякія формы філасофскага мыслення, якія не адпавядалі марксісцкай мадэлі. Адбывалася гэта простым і радыкальным чынам: звальняліся тыя людзі, якія ўвасаблялі такі падыход да выкладання філасофіі. Вельмі паказальна, што сярод тых, каго пазбаўлялі кафедраў, былі найперш прадстаўнікі рэалістычнай філасофіі разам з прадстаўнікамі рэалістычнай фенаменалогіі, такія як прафесар Раман Інгардэн, а таксама прадстаўнікі львоўска-варшаўскай школы, такія як прафесар Ізыдора Домбска. Цяжэй было з прадстаўнікамі тамізму, бо яны знаходзіліся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і на тэалагічных факультэтах у Варшаве і Кракаве, а таксама ў духоўных семінарыях. Аднак іх іншым чынам балюча закранула рука сістэмы. Марксісцкія ўлады з недаверам ставіліся таксама да паважаных мысляроў, якія захавалі крытычны падыход да дыялектычнага матэрыялізму. Сярод іх асабліва запомніліся Тадэвуш Катарбінскі, Марыя Асоўская і Тадэвуш Чэжоўскі. З універсітэцкай праграмы, зразумела, нельга было выкінуць логікі ці метадалогіі навучання. Але можна было рознымі спосабамі ўскладняць і абмяжоўваць уплыў «ненадзейных» выкладчыкаў на фармацыю студэнтаў. Вось такія падзеі, якія адбываліся ў Польшчы пасля прыходу да ўлады марксістаў, прывялі да вынікаў, падобных да тых, што ўзніклі ў сувязі з ранейшымі працэсамі ў Заходняй Еўропе ў пасляасветніцкі перыяд. Гаварылася між іншым пра «заняпад тамісцкага рэалізму», а разам з тым былі спробы трактаваць гэта як адыход ад хрысціянства як ад крыніцы філасофствавання. У выніку пытанне, якое было пастаўлена пад сумненне, датычыла самой магчымасці прыходу да Бога. У логіцы сogito, ergo sum Бог мог заставацца толькі як сутнасць людской свядомасці, але не мог заставацца Тым, хто да канца тлумачыць людское sum. Такім чынам, не мог заставацца як Esse subsistens, «Істота існуючая», як Творца, як Той, хто адорвае існаваннем, і як Той, хто адорвае сабою ў таямніцы ўцелаўлення, адкуплення і ласкі. «Бог Аб’яўлення» перастаў існаваць як «Бог філосафаў». Засталася толькі «ідэя Бога», як тэма для адвольнага фармавання ў людской думцы. Такім чынам рухнулі таксама асновы «філасофіі зла», бо зло, у рэалістычным значэнні, можа ўзнікнуць толькі ў дачыненні да дабра, і асабліва ў дачыненні да Бога, найвышэйшага Дабра. Менавіта пра такое зло гаворыць Кніга Быцця. У гэтай перспектыве можна зразумець першародны грэх, а таксама кожны асабісты грэх чалавека. Гэтае зло было адкуплена Хрыстом на крыжы. Дакладней кажучы, быў адкуплены чалавек, які дзякуючы Хрысту стаў удзельнікам Божага жыцця. Усё гэта, уся гэта вялікая драма гісторыі збаўлення, знікла ў асветніцкім розуме. Чалавек застаўся адзін: адзін як творца ўласнай гісторыі і ўласнай цывілізацыі; адзін, як той, хто вырашае, што ёсць дабро, а што зло, як той, хто павінен існаваць і дзейнічаць etsi Deus non daretur – нават калі б Бога не было. Паколькі чалавек сам, без Бога, можа вырашаць, што добрае, а што нядобрае, то ён можа таксама вырашыць, што пэўная група людзей павінна быць знішчана. Напрыклад, такія рашэнні прымаліся ў гітлераўскай Германіі асобамі, якія пасля прыходу да ўлады па дэмакратычным шляху прыбягалі да іх, каб рэалізаваць вераломную праграму ідэалогіі нацыянал-сацыялізму, якая натхнялася расавымі перадумовамі. Падобныя рашэнні прымала таксама камуністычная партыя ў Савецкім Саюзе і ў краінах, падпарадкаваных марксісцкай ідэалогіі. У гэтым кантэксце адбыўся генацыд габрэяў, а таксама іншых груп, як, напрыклад, цыганаў, сялянаў ва Украіне, праваслаўнага і каталіцкага духавенства ў Расіі, на Беларусі і за Уралам. Падобным чынам адбываўся пераслед усіх нявыгадных для сістэмы людзей: напрыклад, ветэранаў верасня 1939 года і жаўнераў Арміі Краёвай у Польшчы пасля Другой сусветнай вайны, а таксама прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія не падзялялі марксісцкага або нацысцкага светапогляду. Гэта звычайна датычыла ізаляцыі ў фізічным сэнсе, але часам таксама і маральным: менш альбо больш жорстка чалавека пазбаўлялі належных яму правоў. Тут нельга не закрануць праблемы, якая сёння стала вельмі актуальнаю і балючаю. Пасля падзення сістэмаў, збудаваных на «ідэалогіях зла», згаданыя формы генацыду ў гэтых краінах хоць і зніклі, аднак надалей трывае легальнае знішчэнне зачатых людскіх жыццяў да іх нараджэння. Таксама і гэты генацыд прыняты дэмакратычна абранымі парламентамі і запатрабаваны ў імя цывілізаванага развіцця грамадстваў і ўсяго чалавецтва. Хапае таксама іншых сур’ёзных парушэнняў Божага Права. Згадваецца, напрыклад, моцны націск Еўрапарламенту ў пытанні прызнання гомасексуальных шлюбаў за інакшую форму сям’і, якой належала б таксама права ўсынаўляць дзяцей. Можна і нават трэба запытацца, ці не дзейнічае тут таксама яшчэ нейкая іншая «ідэалогія зла», у пэўным сэнсе больш глыбокая і схаваная, якая намагаецца выкарыстаць нават права чалавека супраць чалавека і супраць сям’і. Чаму ўсё гэта адбываецца? У чым корань гэтых постасветніцкіх ідэалогій? Адказ адназначны і просты: адбываецца гэта найперш таму, што адкінуты Бог як Творца, а праз гэта – як крыніца вызначэння таго, што ёсць дабро, а што – зло. Адкінута тое, што найбольш глыбока сведчыць пра чалавечнасць, адкінута паняцце «чалавечай натуры» як «рэальнасці». Яна заменена «плодам мыслення», які адвольна фармуецца і адвольна змяняецца паводле абставінаў. Мяркую, што грунтоўнае асэнсаванне гэтай справы магло б вывесці нас за дэкартаўскія межы. Калі мы хочам вынікова размаўляць пра дабро і зло, то павінны вярнуцца да св. Тамаша з Аквіна, гэта значыць, да філасофіі быцця. Можна, напрыклад, фенаменалагічным метадам аналізаваць досвед, такі, як досвед маральнасці, рэлігіі ці чалавечнасці, значным чынам узбагачаючы наша пазнанне. Аднак нельга забываць, што ўсе гэтыя даследаванні, у пэўнай ступені безагаворачна, прадугледжваюць рэальнасць людскога быцця, гэта значыць, быцця створанага, а таксама рэальнасць Абсалютнага Быцця. Калі не будзем сыходзіць з гэтай «рэальнай» перадумовы, то будзем таўчы ваду ў ступе.
3. Людзям часам здаецца, што зло ўсёмагутнае, што яно непадзельна пануе ў гэтым свеце. На думку Вашай Святасці, ці існуе нейкая вызначаная мера, якой зло не можа пераступіць? Я асабіста зведаў «ідэалогію зла». Гэта штосьці, чаго нельга сцерці ў памяці. Найперш – нацызм. Тое, што даводзілася бачыць у тыя гады, было жахлівае. А многіх жа праяваў нацызму ў той перыяд я не бачыў. Сапраўдны маштаб зла, якое прайшло праз Еўропу, не ўсім нам быў вядомы, нават тым сярод нас, хто жыў у самым яго цэнтры. Мы жылі ўтопленыя ў нейкі вялізны «выбух» зла і толькі паступова пачалі ўсведамляць яго рэальныя памеры, бо асобы, адказныя за зло, імкнуліся любою цаною схаваць свае злачынствы ад вачэй свету. Гэтаксама як нацысты ў часе вайны, так потым і камуністы на ўсходзе Еўропы стараліся схаваць ад свету тое, што рабілі. Захад жа доўга не хацеў паверыць у генацыд габрэяў. Толькі пасля гэта выкрылася ва ўсёй паўнаце. Нават у Польшчы не было вядома пра ўсё, што рабілі нацысты з палякамі, што саветы ўчынілі з польскімі афіцэрамі ў Катыні, а трагічная гісторыя дэпартацыі была вядома толькі часткова. Потым, ужо пасля заканчэння вайны, я сам сабе думаў: Пан Бог даў гітлерызму дванаццаць гадоў існавання і пасля дванаццаці гадоў гэта сістэма рухнула. Відавочна, такая была мера, якую Божы Провід вызначыў гэтаму вар’яцтву. Праўду кажучы, гэта было не толькі вар’яцтва – гэта было нейкае «зверства», як напісаў Канстанты Міхальскі (пар. «Паміж гераізмам і зверствам»). Такім чынам, Божы Провід адмераў гэтаму зверству толькі дванаццаць гадоў. Калі камунізм пражыў даўжэй, думаў я, і калі мае перад сабою нейкую перспектыву далейшага развіцця, то павінен быць у гэтым якісьці сэнс. Тады, у першыя пасляваенныя гады, камунізм паўстаў як вельмі моцны і грозны – у значна большай ступені, чым у 1920 годзе. Ужо тады здавалася, што камуністы заваююць Польшчу і пойдуць далей, у Заходнюю Еўропу, што заваююць увесь свет. На справе тады да гэтага не дайшло. «Цуд над Віслаю», перамога Пілсудскага ў бітве з Чырвонай Арміяй стрымаў тыя савецкія пасяганні. Пасля перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне камуністы з усім імпэтам зноў ішлі на заваёву свету, і ў кожным разе – Еўропы. Напачатку гэта прывяло да падзелу кантыненту на сферы ўплываў, згодна з пагадненнем, заключаным на канферэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 года. Гэта была дамова, якую камуністы нібыта выконвалі, адначасова парушаючы яе рознымі спосабамі, найперш праз ідэалагічнае ўмяшанне і палітычную прапаганду не толькі ў Еўропе, але і ў іншых частках свету. Такім чынам, для мяне стала ясна, што іх панаванне працягнецца даўжэй, чым нацызм. Як доўга? Цяжка было прадбачыць. Можна было падумаць, што і гэтае зло было ў нейкім сэнсе патрэбнае свету і чалавеку, бо здараецца, што ў канкрэтнай рэальнай сістэме людскога існавання зло ў пэўным сэнсе патрэбнае – яно патрэбнае настолькі, наколькі стварае ўмовы для дабра. Хіба Ёган Вольфганг Гётэ не сказаў пра д’ябла: ein Teil von jener Kraft, die stets das Böse will und stets das Gute schafft – «Частка сілы той ліхой, дабро ўтвараецца з якой»1. Св. Павел заклікае па-свойму: «Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром» (Рым 12, 20). У рэшце рэшт, задумваючыся над злом, мы прыходзім да прызнання большага дабра. Калі я затрымаўся на гэтым моманце, каб падкрэсліць меру, вызначаную злу ў гісторыі Еўропы, то павінен тут жа дадаць, што гэтая мера вызначаецца дабром – дабром Боскім і людскім, якое аб’явілася ў той самай гісторыі на працягу мінулага стагоддзя, а таксама на працягу цэлых тысячагоддзяў. Так ці інакш, перажытае зло лёгка не забываецца. Яго можна толькі прабачыць. А што значыць прабачыць? Гэта значыць, звярнуцца да дабра. А яно большае за якое б то ні было зло. Урэшце, такое дабро мае свае вытокі толькі ў Богу. Толькі Бог ёсць такім Дабром. Гэтая мера, вызначаная злу праз Боскае дабро, сталася наканаваннем гісторыі чалавека, асабліва – гісторыі Еўропы, дзякуючы Хрысту. Такім чынам, Хрыста нельга аддзяліць ад гісторыі чалавека. Тое самае я сказаў у часе майго першага наведвання Польшчы, у Варшаве, на пляцы Перамогі. Я казаў тады, што нельга аддзяліць Хрыста ад гісторыі майго народа. Ці можна аддзяліць яго ад гісторыі якога б то ні было народа? Ці можна аддзяліць яго ад гісторыі Еўропы? Гэта ж у Ім усе народы і ўсё чалавецтва могуць пераступіць «парог надзеі»!
Глядзі таксама:
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
|
|
|