|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
Яго вобраз стаў для нас вобразам Касцёла. Адзіным, высокім і прыцягальным. Ад яго сыходзілі любоў і святло, якія сагравалі і давалі надзею. Яго голас быў голасам Прарока. Ён прамаўляў проста да нашых сэрцаў. Мы чакалі яго слова, бо яно адкрывала новыя глыбіні праўды пра чалавека, пра яго душу, умацоўвала нашу слабую веру. «Чалавек не перастае быць вялікім нават у сваёй слабасці, – не стамляўся паўтараць ён. – Не бойцеся сведчыць аб годнасці кожнае чалавечае асобы – з хвіліны зачацця і аж да смерці...» Нам так патрэбны былі сіла яго пераканання, яго ўпэўненасць, непахіснасць яго веры. Нас, як магнітам, цягнула туды, дзе быў ён – нястомны Божы пілігрым, бо нават кароткая сустрэча з ім адразу станавілася самым шчаслівым момантам усяго жыцця... Нам здавалася, што так будзе заўсёды, што інакш проста не можа быць... Мы нават не заўважылі, як прайшоў час, цэлая чвэрць веку, і гэты вобраз пазначыла цярпенне. Яно няўмольна паглыблялася і станавілася невыносным. Часам хацелася баязліва адвесці вочы, бо немагчыма было да канца зразумець яго таямніцы, бо не дадзена было спасцігнуць глыбіні яго сэнсу. За што? Навошта? Дзеля чаго? Слабеў голас, зліваліся, станавіліся невыразнымі словы... А пасля настала маўчанне. Трывога і страх ахапілі нашыя сэрцы. Мы ўмомант забылі, што з першых дзён пантыфікату ён вучыў нас не баяцца. Як Хрыстус вучняў, усе гэтыя гады ён рыхтаваў нас да гэтай хвіліны і нават у апошнія гадзіны свайго зямнога жыцця „праводзіў катэхезу: вучыў, як трэба паміраць. Па-людску. Па-хрысціянску”. Апошняе «амэн» закончыла малітву ўсяго яго жыцця, якое само было малітваю. Безупыннаю. Нястомнаю. Яна пастаянна трывала і трымала Касцёл і ўсіх нас, увесь гэты свет, для якога ён, Папа Ян Павел ІІ, стаў сапраўдным духоўным Айцом і найвялікшым маральным аўтарытэтам. І цяпер, калі мы засталіся без яго, трэба вяртацца да тае вялікай спадчыны, якую ён нам пакінуў і якую яшчэ трэба па-сапраўднаму адкрыць, каб убачыць і зразумець увесь яе духовы скарб. Трэба вяртацца да Паслання ўсяго яго пантыфікату, каб адчуць сябе адною вялікаю сям’ёю дзяцей Божых. Трэба вяртацца ў яго школу Любові, каб стаць сапраўднымі вучнямі Хрыста...
|
|
|