|
|
№
2(32)/2005
Галерэя
Мастацтва
З гісторыі Касцёла
Памяці Святога Айца
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці
Хрысціянская думка
In memoriam
|
ГАМІЛІЯ ЯГО СВЯТАСЦІ БЭНЭДЫКТА XVI
Святая Імша з ускладаннем палія
Найдастойнейшыя кардыналы, вялебныя браты ў біскупстве і святарстве, шаноўныя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў і дыпламатычнага корпусу, дарагія браты і сёстры! У гэтыя вельмі насычаныя падзеямі дні ўжо тройчы суправаджаў нас спеў літаніі да ўсіх святых: падчас пахавання нашага Святога Айца Яна Паўла ІІ, з нагоды ўваходу кардыналаў на Канклаў, а таксама сёння, калі мы ізноў спявалі яе з заклікамі Tu illum adiuva — дапамагай новаму наступніку святога Пятра. Кожны раз у гэтым малітоўным спеве я асаблівым чынам чуў вялікае суцяшэнне. Якімі ж пакінутымі мы адчувалі сябе пасля адыходу Яна Паўла ІІ! Гэты Папа на працягу цэлых 26 гадоў быў нашым пастырам і правадыром у дарозе гэтага часу. Ён пераступіў парог новага жыцця, уваходзячы ў таямніцу самога Бога. Але ён зрабіў гэты крок не ў адзіноце. Хто верыць, ніколі не бывае адзін: ні ў жыцці, ні ў смерці. У гэты момант мы маглі заклікаць святых усіх вякоў — яго сяброў, яго братоў у веры, ведаючы, што яны створаць жывую працэсію, якая правядзе яго ў іншы свет, у хвалу Пана. Ведаем, што яго там чакалі. Ведаем, што цяпер ён сярод сваіх і знаходзіцца ў сваім сапраўдным доме. Мы ізноў атрымалі суцяшэнне, калі ўрачыста ўваходзілі на Канклаў, каб абраць таго, каго выбраў Пан. Як маглі даведацца, хто гэта? Як маглі 115 біскупаў, якія паходзяць з розных культурных асяроддзяў і краінаў, вызначыць таго, каму Пан жадае даручыць заданне звязваць і развязваць? І зноў мы ведалі гэта: ведалі, што мы не адны, што нас акружаюць, накіроўваюць і вядуць сябры Бога. І цяпер, у гэты момант, я — слабы слуга Божы — павінен прыняць гэты надзвычайны абавязак, які сапраўды пераўзыходзіць усе чалавечыя магчымасці. Як я магу зрабіць гэта? Якім чынам буду ў стане гэта зрабіць? Усе вы, дарагія сябры, толькі што заклікалі ўсю супольнасць святых, прадстаўленую некаторымі вялікімі імёнамі гісторыі адносінаў Бога з людзьмі. Такім чынам таксама і ўва мне ажывае гэтае ўсведамленне: я не адзін. Мне не трэба аднаму несці тое, што на самай справе я ніколі б не змог несці адзін. Супольнасць святых абараняе мяне, дапамагае мне і вядзе мяне. І вашая малітва, дарагія сябры, вашая спагадлівасць, вашая любоў, вашая вера і вашая надзея суправаджаюць мяне. Сапраўды, да супольнасці святых належаць не толькі тыя вялікія асобы, якія былі перад намі і чые імёны мы ведаем. Супольнасць святых утвараем усе мы, ахрышчаныя ў імя Айца і Сына, і Духа Святога, якія чэрпаем жыццё з дару Цела і Крыві Хрыста, праз якія ён жадае перамяніць нас і ўчыніць падобнымі да сябе. Касцёл сапраўды жывы, і гэта цудоўна пацвярджаецца ў гэтыя дні. Менавіта ў сумныя дні хваробы і смерці Папы гэта цудоўным чынам выявілася на нашых вачах: Касцёл жывы. І Касцёл малады. У ім — будучыня свету, і таму ён таксама кожнаму з нас паказвае шлях да будучыні. Касцёл жывы, і мы бачым гэта: мы адчуваем радасць, якую Уваскрослы абяцаў тым, хто Ягоны. Касцёл жывы — ён жывы, таму што жывы Хрыстус, таму што Ён сапраўды ўваскрос. У болю, які быў на твары Святога Айца ў дні Пасхі, мы сузіралі таямніцу мукі Хрыста і ўсе разам дакрануліся да Ягоных ранаў. Але ў гэтыя дні мы маглі таксама, у самым глыбокім сэнсе, дакрануцца і да Уваскрослага. Нам было дадзена адчуць радасць, якую Ён абяцаў, пасля невялікага змрочнага перыяду, як плён свайго ўваскрасення. Касцёл жывы — так я з вялікай радасцю вітаю вас усіх, сабраных тут разам, найдастойнейшыя браты кардыналы і біскупы, дарагія святары, дыяканы, касцёльныя работнікі, катэхеты. Вітаю вас, законнікі і законніцы, сведкі перамяняючай прысутнасці Бога. Вітаю вас, свецкія вернікі, якія прысвячаеце сябе вялікаму заданню будаўніцтва Божага Валадарства, што разгортваецца ва ўсім свеце, ва ўсіх праявах жыцця. Я таксама скіроўваю цёплыя словы прывітання да ўсіх тых, хто быў адроджаны ў сакрамэнце хросту, але яшчэ не знаходзіцца ў поўнай еднасці з намі; і да вас, браты з габрэйскага народа, з якімі нас звязвае вялікая супольная духоўная спадчына, карані якой сягаюць у неадменныя абяцанні Бога. Нарэшце, мая думка, падобна да хвалі, што разыходзіцца, імкнецца да ўсіх людзей нашага часу, веруючых і няверуючых. Дарагія сябры! Мне не трэба цяпер прадстаўляць праграму кіравання. Нейкія абрысы таго, што я лічу сваім абавязкам, мне ўжо выпала магчымасць падаць у маім пасланні, абнародаваным у сераду 20 красавіка, і, напэўна, яшчэ будзе нагода вярнуцца да гэтага. Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам вёў Касцёл у гэты перыяд нашай гісторыі. Замест таго, каб прадстаўляць нейкую праграму, я хацеў бы проста пастарацца растлумачыць два знакі, праз якія будзе літургічна выяўлена прыняцце Пятровага служэння. Да таго ж, абодва яны дакладна адлюстроўваюць тое, пра што гаворыцца ў сённяшніх чытаннях. Першы знак — гэта палій, зроблены з тканіны з чыстае воўны, які будзе ўскладзены мне на плечы. Гэты вельмі старажытны знак, які біскупы Рыма пачалі насіць з чацвёртага стагоддзя, можа ўспрымацца як сімвал Хрыстовага ярма, якое біскуп гэтага горада, Слуга слугаў Божых, прымае на свае плечы. Ярмо Бога — гэта воля Бога, якую мы прымаем. І гэтая воля не з’яўляецца для нас нейкім пабочным цяжарам, што нас прыгнятае і пазбаўляе свабоды. Пазнанне таго, што хоча Бог, пазнанне шляху жыцця было радасцю Ізраэля і яго вялікім прывілеем. Гэта таксама і нашая радасць: воля Бога не адасабляе нас, яна нас ачышчае, часам нават балюча, і так вядзе нас да сябе саміх. Такім чынам мы служым не толькі Яму, а таксама справе збаўлення ўсяго свету і ўсёй гісторыі. На самай справе сімволіка палія яшчэ больш канкрэтная: воўна ягняці азначае згубленую авечку, а таксама і хворую, і слабую, якую пастыр кладзе сабе на плечы і нясе да водаў жыцця. Прыпавесць пра згубленую авечку, якую пастыр шукае ў пустыні, для Айцоў Касцёла была вобразам таямніцы Хрыста і Касцёла. Чалавецтва — усе мы — гэта згубленая авечка, якая не можа знайсці дарогу ў пустыні. Хрыстус не жадае прымірыцца з гэтым; Ён не можа пакінуць чалавецтва ў такім безнадзейным становішчы. Ён устае, пакідае нябесную хвалу, каб адшукаць авечку і ісці за ёю ажно на крыж. Ён бярэ яе на свае плечы, нясе на іх усё чалавецтва, нясе нас з вамі: Ён — добры Пастыр, які аддае сваё жыццё за авечак. Перадусім палій азначае, што ўсіх нас нясе Хрыстус. Але разам з тым Ён заклікае нас насіць адзін аднаго. Такім чынам палій становіцца сімвалам пастырскай місіі, пра якую гаворыцца ў другім чытанні і ў Евангеллі. Святы клопат Хрыстовы павінен натхняць пастыра: яму не ўсё роўна, што так шмат людзей жыве ў пустыні. Ёсць шмат праяваў пустыні. Ёсць пустыня беднасці, пустыня голаду і смагі, пустыні пакінутасці, самотнасці, разбуранага кахання. Ёсць пустыня цемры Бога, духоўнага спусташэння, у якой ужо няма ўсведамлення годнасці і шляху чалавека. У свеце становіцца ўсё больш знешніх пустыняў з-за таго, што такімі неабсяжнымі сталі пустыні ўнутраныя. Таму багацці зямлі ўжо больш не служаць справе стварэння Божага саду, у якім маглі б жыць усе, але пастаўленыя на служэнне сілам эксплуатацыі і знішчэння. Увесь Касцёл і ўсе яго пастыры павінны, як Хрыстус, выправіцца ў дарогу, каб вывесці людзей з пустыні туды, дзе ёсць жыццё, да сяброўства з Божым Сынам, да таго, хто дае нам жыццё — жыццё ў паўнаце. Сімвал ягняці мае яшчэ адно значэнне. У старажытнасці на Усходзе існаваў звычай, што каралі называлі сябе пастырамі свайго народа. Гэта быў вобраз іх улады, цынічны вобраз: народы былі для іх як авечкі, якімі пастух можа распараджацца, як яму спадабаецца. Між тым Пастыр усіх людзей — Бог жывы — сам стаўся ягнём; Ён стаў на бок авечак, на бок тых, каго прыгнятаюць і забіваюць. Менавіта таму Ён аб’яўляе сябе як сапраўднага пастыра: «Я добры Пастыр... Я аддаю сваё жыццё за авечак», — гаворыць Езус пра сябе (Ян 10, 14 і наст.). Збаўляе не сіла, а любоў! Гэта і ёсць знак Бога: Ён сам ёсць любоў. Так часта нам хацелася, каб Бог паказаў сябе больш моцным: каб Ён нанёс жорсткі ўдар, каб знішчыў зло і стварыў лепшы свет. Такое апраўданне знаходзяць сабе ўсе ідэалогіі ўлады; яны апраўдваюць знішчэнне таго, што супрацьстаіць прагрэсу і вызваленню чалавецтва. Мы пакутуем з-за цярплівасці Бога. Але тым не менш нам усім патрэбная Яго цярплівасць. Бог, які стаў ягнём, гаворыць нам, што свет збаўлены Укрыжаваным, а не тымі, хто крыжаваў. Свет збаўляецца цярплівасцю Бога і разбураецца нецярплівасцю людзей. Адной з асноўных вызначальных рысаў пастыра павінна быць любоў да давераных яму людзей на ўзор любові Хрыста, якому ён служыць. «Пасі авечак Маіх», — гаворыць Хрыстус Пятру, а ў гэтую хвіліну таксама і мне. Пасвіць азначае любіць, а любіць азначае таксама быць гатовымі цярпець. Любіць азначае даваць авечкам сапраўднае дабро, даваць пасілак Божай праўды, Божага слова, пасілак Яго прысутнасці, які Ён дае нам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Дарагія сябры, у гэтую хвіліну я магу сказаць толькі: маліцеся за мяне, каб я вучыўся ўсё больш любіць Пана. Маліцеся за мяне, каб я вучыўся ўсё больш любіць Яго статак — вас, святы Касцёл, кожнага з вас паасобку і ўсіх разам. Маліцеся за мяне, каб я не ўцёк ад страху перад ваўкамі. Будзем маліцца адны за адных, каб Пан нёс нас, а мы вучыліся насіць адзін аднаго. Другі знак, які ў сённяшняй літургіі сімвалізуе прыняцце Пятровага служэння, гэта ўручэнне пярсцёнка Рыбака. Пакліканне Пятра быць пастырам, пра якое мы чулі ў Евангеллі, з’яўляецца працягам аповеду пра багаты ўлоў рыбы: пасля ночы, на працягу якой вучні беспаспяхова закідвалі сеткі, яны бачаць на беразе Уваскрослага Пана. Ён загадвае ім закінуць сеткі яшчэ раз, і яны напаўняюцца настолькі, што тыя не могуць іх выцягнуць — 153 вялікія рыбы: «І пры такім мностве сетка не прарвалася» (Ян 21, 11). Гэты аповед, які адносіцца да заканчэння зямнога шляху Езуса з Яго вучнямі, вельмі падобны да таго, у якім гаворыцца пра пачатак: тады таксама вучні за ўсю ноч нічога не злавілі; тады таксама Езус заклікаў Сымона выплыць на глыбіню яшчэ раз. І Сымон, які тады яшчэ не меў імя Пётр, даў дзіўны адказ: «Пане, па слове Тваім закіну сеткі!» І вось пацвярджэнне місіі: «Не бойся! З гэтага часу будзеш лаўцом людзей» (Лк 5, 1-11). Таксама і сёння Касцёл і наступнікі апосталаў закліканыя выплыць на глыбіню ў мора гісторыі і закінуць сеткі, каб здабываць людзей для Евангелля — для Бога, для Хрыста, для сапраўднага жыцця. Айцы прысвяцілі вельмі падрабязны каментар таксама гэтаму асобнаму заданню. Яны гавораць наступнае: для рыбы, створанай, каб жыць у вадзе, быць выцягнутай з мора азначае смерць. Яе вымаюць з жыццёвага асяроддзя, каб яна была пасілкам для чалавека. Але ў місіі лаўца людзей усё па-іншаму. Мы, людзі, жывем адасоблена, у салёных водах цярпення і смерці, у марской цемры, куды не дасягае святло. Сетка Евангелля выцягвае нас з водаў смерці і ўзносіць у бляск Божага святла, у сапраўднае жыццё. Гэта так: несучы місію лаўца людзей, па прыкладзе Хрыста, трэба выцягваць людзей з салёнага мора кожнай адасобленасці на зямлю жыцця, на Божае святло. Гэта так: мы існуем для таго, каб паказаць Бога людзям. Толькі там, дзе відаць Бога, сапраўды пачынаецца жыццё. Толькі тады, калі мы сустракаем у Хрысце жывога Бога, пазнаем, што такое жыццё. Мы не з’яўляемся выпадковым і пазбаўленым сэнсу прадуктам эвалюцыі. Кожны з нас — гэта плод асобнай думкі Бога. Кожны з нас жаданы, кожны любімы, кожны неабходны. Няма нічога лепшага, чым трапіць у такія сеткі і быць вылаўленым Евангеллем, Хрыстом. Няма нічога лепшага, чым ведаць Яго і дзяліцца з іншымі Яго сяброўствам. Заданне пастыра, рыбака людзей часта можа здавацца цяжкім. Але яно прыгожае і вялікае, бо ў рэшце рэшт гэта служэнне радасці, радасці Бога, які жадае ўвайсці ў свет. Мне хацелася б адзначыць яшчэ адну рэч: як у вобразе пастыра, так і ў вобразе рыбака вельмі канкрэтна выяўляецца заклік да еднасці. «Маю Я і іншых авечак, што не з гэтага двара, і іх трэба Мне прывесці, каб і яны пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін пастыр» (Ян 10, 16), — гаворыць Езус на заканчэнне прамовы пра добрага пастыра. А аповед пра 153 вялікія рыбы заканчваецца радасным сцвярджэннем: «І пры такім мностве сетка не прарвалася» (Ян 21, 11). На жаль, любы Пане, цяпер яна парваная! — хочам сказаць мы з болем. Але ж не — мы не павінны быць сумнымі! Узрадуемся Твайму абяцанню, бо яно не падманвае, і зробім усё, што ў нашых сілах, каб прыйсці да еднасці, якую Ты абяцаў. Будзем памятаць пра яе ў малітве да Пана, просячы як жабракі: так, Пане, узгадай пра Тваё абяцанне. Учыні, каб у нас быў адзін пастыр і адна аўчарня. Не дай прарвацца Тваёй сетцы і дапамажы нам быць служыцелямі еднасці. У гэтую хвіліну я ў думках вяртаюся ў дзень 22 кастрычніка 1978 года, калі Папа Ян Павел ІІ тут, на плошчы Святога Пятра, распачаў сваё служэнне. У маіх вушах увесь час гучаць словы, якія ён тады сказаў: «Не бойцеся, адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!» Папа прамаўляў да тых, хто мае ўладу, да моцных гэтага свету, якія баяцца, што Хрыстус можа забраць частку іх улады, калі яны дазволяць Яму ўвайсці і дадуць свабоду веры. Так, безумоўна, Ён штосьці б забраў у іх: засілле карупцыі, скажэнне права, дэспатызм. Але не забраў бы нічога, ад чаго залежыць свабода чалавека, яго годнасць, будаванне справядлівага грамадства. Папа прамаўляў таксама да ўсіх людзей, асабліва да моладзі. Ці ўсе мы не баімся нейкім чынам, што, калі дазволім Хрысту цалкам увайсці да нас унутр, калі цалкам адкрыемся перад Ім, то Ён забярэ ў нас нейкую частку нашага жыцця? Ці не баімся выпадкова адмовіцца ад чагосьці вялікага, непаўторнага, што робіць жыццё такім прыгожым? Ці не рызыкуем пасля апынуцца ў нястачы і пазбаўленымі свабоды? І яшчэ раз Папа хацеў сказаць: не! Хто дазволіць увайсці Хрысту, не згубіць нічога, нічога, абсалютна нічога з таго, што робіць жыццё вольным, прыгожым і вялікім. Не! Толькі ў гэтым сяброўстве расчыняюцца насцеж дзверы жыцця. Толькі ў гэтым сяброўстве адкрываюцца вялікія магчымасці, дадзеныя чалавеку. Толькі ў гэтым сяброўстве мы можам атрымаць прыгажосць і свабоду. Таму і сёння я хацеў бы з вялікаю сілаю і ўпэўненасцю, якая паходзіць з вопыту ўласнага доўгага жыцця, сказаць вам, дарагая моладзь: не бойцеся Хрыста! Ён не забірае нічога і дае ўсё. Той, хто аддаецца Яму, атрымлівае стокроць. Так, адкрыйце, расчыніце насцеж дзверы Хрысту і знойдзеце сапраўднае жыццё. Амэн.
|
|
|