Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...


Ксёндз магістр Юры Быкаў нарадзіўся 21 ліпеня 1964 г. у Мінску. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускай політэхнічнай акадэміі па спецыяльнасці эканоміка і арганізацыя. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю працаваў журналістам Дзяржтэлерадыёкампаніі – радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», «Радыё-2».

У 2003 г. скончыў семінарыю у Драгічыне Надбужанскім (Польшча). Навуковую магістэрскую працу па тэалогіі маральнай абараніў у Папскім каталіцкім універсітэце Стэфана Вышынскага ў Варшаве (тэма: «Годнасць чалавека ў працах кс. Адама Станкевіча»). Працуе вікарыем мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

 
Кс. Юры БЫКАЎ

ПРАЎДА НА СЛУЖБЕ ГОДНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

Слова «праўда» абуджае ў сэрцы чалавека асаблівы водгук. У некаторых выпадках гэтае слова пішацца з вялікай літары, бо праўда — гэта найвышэйшая і фундаментальная каштоўнасць у жыцці чалавека, прычым ва ўсіх яго сферах. Страта праўды — гэта заўсёды страта грунту пад нагамі, а праз гэта часта і страта годнасці. Апора на праўду заўсёды дае шанц для пазітыўнага вырашэння праблемы. Такім чынам, пытанне аб праўдзе, яе магчымасці — як з практычнага, так і тэарэтычнага пункту гледжання — пытанне вельмі важнае.

Праўда з’яўляецца пачаткам усялякіх каштоўнасцяў. Без праўды не можа быць сапраўдных дабра, справядлівасці, прыгажосці, рэлігійнага жыцця. Жыццё чалавека, які не распазнаў праўду, не мае сапраўднага сэнсу. Праблема праўды — гэта адвечная праблема гісторыі чалавека. Пошукі праўды — гэта таксама пошукі шляху да Бога. Святы Аўгустын напісаў: «Шчасліва жыць — значыць радавацца праўдзе, радавацца Табе, Божа, які ёсць Праўда»1. Сэнс праўды знаходзіць прасвятленне толькі ў Богу як абсалютнай праўдзе.

Для людзей, якія вераць у Бога, Слова Божае з’яўляецца праўдай. Усё Святое Пісанне — Стары і Новы Запаветы — гэта Слова Бога, скіраванае да чалавека. У Аб’яўленні Божым заключана праўда аб чалавеку, яго пакліканні і сэнсе жыцця. Бог з’яўляецца Богам праўды. Праўда ў Святым Пісанні — гэта аб’яўленая катэгорыя, тоесная Слову Бога, якое ёсць праўда. Старазапаветнае аб’яўленне праўды споўнілася ў асобе Езуса Хрыста: «Закон быў дадзены праз Майсея, ласка ж і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (Ян 1, 17). Паняцце праўды ў Новым Запавеце прынцыпова тое ж самае, што і ў Старым Запавеце, але ўсю моц і сэнс яно чэрпае са збаўчай падзеі, якая ўвасоблена ў таямніцы Уцелаўлення Адвечнага Слова.

Паняцце праўды ніколі не выступае ў множным ліку — гэта адна, непадзельная, Боская праўда, якая ёсць у Езусе. Такім чынам, няма ніякага плюралізму праўды, і хоць аб праўдах веры мы кажам у множным ліку, усе яны зводзяцца да гэтай адной праўды — да Езуса Хрыста2. Праз супольнасць жыцця з Езусам Хрыстом — адзіным пасрэднікам праўды (пар. Ян 1, 17) — кожны, хто ў Яго верыць, уваходзіць таксама ў супольнасць жыцця з Айцом, які ёсць Праўда. Езус пачуў ад Айца і аб’явіў людзям: «Цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога» (Ян 8, 40). Слова Божае, якое з’яўляецца праўдай, трывае і перадаецца ў Евангеллі, якое абвяшчалі Апосталы. «У Ім і вы пачулі слова праўды, Евангелле вашага збаўлення» (Эф 1, 13). Аднак Хрыстус з’яўляецца не толькі пасрэднікам праўды, бо праўда ёсць у самім Езусе Хрысце: «Вы чулі Яго і ў Ім навучыліся, – бо праўда ў Езусе» (Эф 4, 21). Хрыстус аб’яўляе і абвяшчае людзям поўную праўду — «Я кажу праўду» (Ян 8, 45), — але адначасова Ён сам з’яўляецца Праўдаю: «Я дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6). Праўда становіцца тут вырашальным сувязным звяном паміж «дарогаю» і «жыццём». Гэта апавядае біблейскаму вучэнню пра дзве дарогі: пра дарогу дабра, якая вядзе да вечнага жыцця, і пра дарогу зла, якая вядзе да смерці (пар. Дрг 30, 15–19; Сір 15, 16–17). Езус аб’яўляе сябе самога як дарогу і праўду, што вядзе да жыцця, якое не заканчваецца са смерцю. На гэтай дарозе Езус заклікае наследаваць Яго3. Праўды, аб’яўленыя ў Езусе Хрысце, патрабуюць рэалізацыі і спаўнення. Прынесеная Хрыстом праўда з’яўляецца адначасова дарам і абавязкам, яна акрэслівае сэнс і заданне хрысціянскага жыцця. Для св. Яна Праўда — гэта Хрыстус, і таму кожнае дзеянне чалавека, якое звязана з праўдай, чэрпае свой сэнс у Хрысце4.

«А хто чыніць праўду, той ідзе да святла» (Ян 3, 21) — у гэтых словах праўда атаясамліваецца з маральным дабром. Святы Ян Апостал адзначае: «Кожны, хто робіць благое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла» (Ян 3, 20). У канчатковым выніку чыніць праўду азначае ператвараць у жыццё веру ў Езуса Хрыста. Ад таго, даверымся мы Яму ці не, залежыць суд над намі пасля смерці. «Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны» (Ян 3, 18)5. Словы з Евангелля св. Яна выразна сведчаць пра непарыўную сувязь паміж праўдай і маральнасцю. Урэшце, усе маральныя наказы заключаны ў галоўнай запаведзі любові і ў ёй знаходзяць сваё спаўненне (пар. Ян 15, 12–13), таму праўда павінна быць таксама праверана любоўю. Такім чынам, з перспектывы веры праўда з’яўляецца перадусім дарам ласкі, якая патрабуе супрацоўніцтва чалавека6.

Бог заклікае людзей служыць Яму ў духу і праўдзе. У Езусе Хрысце Бог дасканала аб’явіў сябе самога і свае намеры. Езус Хрыстус — уцелаўленне праўды Божай — не толькі абвяшчаў праўду, але Ён сам быў і з’яўляецца праўдаю. Езус, здзяйсняючы на крыжы справу збаўлення, каб здабыць для людзей збаўленне і сапраўдную свабоду, дапоўніў сваё аб’яўленне. Ён даў сведчанне аб праўдзе: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голасу Майго» (Ян 18, 37). Сваім праціўнікам Хрыстус не хацеў навязваць праўды сілай, бо Яго Валадарства абараняецца не пры дапамозе ўдараў: «Валадарства Маё не з гэтага свету; калі б з гэтага свету было Валадарства Маё, то слугі Мае бароліся б, каб Я не быў выданы юдэям. Але Валадарства Маё не згэтуль» (Ян 18, 36). Яно ўзмацняецца праз сведчанне аб праўдзе і праз слуханне праўды7.

Перад сваёй мукай Езус маліўся ў інтэнцыі Апосталаў і прасіў Айца: «Асвяці іх праўдаю Тваёю: слова Тваё — праўда» (Ян 17, 17). Для св. Яна Евангеліста праўда — гэта Боская рэчаіснасць, унутраная крыніца і сутнасць звышнатуральнага жыцця, якое ў Хрысце сталася зямной рэчаіснасцю і якой можна дасягнуць ужо тут, на зямлі, праз супольнасць жыцця з Хрыстом. На гэта ўказваюць, між іншым, такія словазлучэнні, як «быць ад Бога» (Ян 8, 47) і «быць ад праўды» (Ян 18, 37)8. «Быць ад праўды» азначае ўваходзіць ужо ў сапраўдную супольнасць сакрамэнтальнага жыцця з Хрыстом Уваскрослым. Характар праўды ў Святым Пісанні раскрываецца галоўным чынам праз такія выразы, як «чыніць праўду» (1 Ян 1, 6; Ян 3, 21), «хадзіць у праўдзе» (2 Ян 4; 3 Ян 3.4), а таксама «сведчыць аб праўдзе» (Ян 5, 33; 18, 37) альбо быць «супрацоўнікамі праўды» (3 Ян 8). Такім чынам, нарматыўны характар праўды ў Новым Запавеце, а асабліва ў св. Яна, не вынікае выключна з аб’яўленых праўдаў, якія патрабуюць рэалізацыі і спаўнення, але таксама з таго факту, што праўда з’яўляецца асноваю і крыніцаю асвячэння, якое здзяйсняецца моцаю і дзеяннем Бога і само па сабе з’яўляецца абавязацельствам для чалавека9. Праўда, аб’яўленая ў Езусе Хрысце, — гэта адначасова сутнасць і ўнутраная крыніца маральнага жыцця10. Пра евангельскую сутнасць праўды кс. Адам Станкевіч сказаў: «Гэтымі словамі Езус пацвярджае адвечную праўду аб тым, што ў нашым жыцці мы хоць і карыстаемся зямнымі, матэрыяльнымі рэчамі, штодзённым хлебам, але ўсё гэта павінна мець сваю апору ў рэлігіі, у Богу»11.

Адам Станкевіч піша, што Бог запрашае чалавека да сябе рознымі спосабамі: праз розум чалавека і праз Божае натхненне, праз пасрэдніцтва Божага вучэння, а таксама праз ласку12. І чалавек не памыляецца, калі думае, што, маючы ўдзел у святле Божай думкі, ён узвышаецца сваім розумам над светам рэчаў. На працягу стагоддзяў, дзякуючы стараннаму практыкаванню свайго творчага духа, чалавек, безумоўна, дасягнуў поспехаў у эксперыментальных навуках, у тэхнічных уменнях. У цяперашні час чалавек дайшоў да выдатных дасягненняў, асабліва ў даследаванні і падпарадкаванні сабе матэрыяльнага свету. Аднак заўсёды чалавек шукаў найглыбейшай праўды і знаходзіў яе, бо розум не абмежаваны аднімі з’явамі, але можа з сапраўднай упэўненасцю ахапіць спасцігальную рэчаіснасць. Інтэлектуальная натура чалавечай асобы ўдасканальваецца і павінна ўдасканальвацца праз мудрасць, якая лагодна накіроўвае розум чалавека да пошукаў і адданасці праўдзіваму і добраму13.

Толькі чалавек пытаецца аб праўдзе і толькі ён можа перажыць праўду як каштоўнасць, прызнаць яе сапраўднай і пазней перадаць іншым. Найвышэйшае пакліканне чалавека — ператвараць у жыццё пазнаную праўду і праз уласную творчасць надаваць свету аблічча праўды. Веліч чалавека выяўляецца не толькі ў мысленні, але і ў стварэнні новага свету па-за сабою, свету, які становіцца вынікам пазнанай суб’ектам каштоўнасці — праўды. А калі чалавек гатовы адкрыцца на праўду як галоўную каштоўнасць, ён павінен быць гатовы шукаць яе, быць яе верным сведкам і рашуча абараняць яе ад няпраўды. У акце безумоўнай вернасці праўдзе чалавек аб’ядноўвае ў адно цэлае сваю годнасць і веліч14.

Вернасць праўдзе для кожнай асобы — справа прынцыповая, і нельга ставіць яе ніжэй за асобу. Аднак трэба памятаць, што праўда — гэта тая каштоўнасць, якая па сваёй сутнасці выключае знявагу асобы. Сувязь чалавека з праўдай можа нарадзіцца толькі ў свабодзе, таму ў імя праўды нельга нікога зневажаць. Неабходна, асабіста застаючыся верным праўдзе і прызнаючы годнасць іншага чалавека як асобы, дазваляць яму свабодна прызнаць праўду. «Бо Хрыстус, — чытаем у кс. Станкевіча, — вядзе людзей да сваёй Божай Праўды не сілай, а па іх асабістым жаданні. Ён асвячае іх, распальвае іх сэрцы, але ў пытанні выбару, пайсці за Ім ці не, пакідае ім вольную волю»15. Вернасць праўдзе і ўшанаванне годнасці асобы дазваляе чалавеку высакародна адрознівацца ад іншых стварэнняў. І, сапраўды, няма тут ніякай дылемы ці кампрамісу, бо ўсведамленне годнасці асобы — гэта праўда, якая ляжыць у аснове вернасці ўсім іншым праўдам16.

Праўду неабходна не толькі пазнаць, але таксама прызнаць, бо чалавек можа пазнаць праўду, але адвярнуцца ад яе і ігнараваць яе ў сваім жыцці. Сэнс пазнання праўды ў тым, каб прыняць яе за аснову асабістага і грамадскага жыцця. Чалавек сумленны павінен рэалізоўваць пазнаную праўду, асабліва праўду маральную і рэлігійную17. Асабістае прыняцце праўды азначае вернасць у адносінах да яе. Толькі праўда, згодна са словамі Хрыста, асвячае чалавека. Інакш кажучы, праўда, якую чалавек унутрана прымае, вызваляе яго ад націску зла. Паколькі Хрыстус з’яўляецца найбольш поўным прыкладам цалкавітай згоднасці слова і ўчынку, то спаўненне праўды ахоплівае таксама наследаванне Хрыста ў Яго бязгрэшнасці і дасканалай паслухмянасці волі Айца. Спецыфіка праўды заключаецца не толькі ў згоднасці прамоўленага з унутраным перакананнем, але таксама ў згоднасці ўсіх учынкаў з унутраным падыходам. Важным у гэтых адносінах з’яўляецца напамін апостала — будзем жыць праўдзіваю любоўю (пар. Эф 4, 15). Распазнаная праўда з кожным разам становіцца ўсё больш багатай, яна ўвесь час пашыраецца.

Чалавек грашыць супраць праўдзівасці жыцця тады, — піша кс. Адам Станкевіч ў кнізе «Божае Слова» (1938 г.), — калі не выкарыстоўвае дадзеных яму Богам талентаў і не змагаецца са сваімі слабасцямі, але прыхарошвае іх альбо ўвогуле не прызнаецца ў іх. Жыць у праўдзе можа толькі чалавек пакорлівы, а менавіта той, хто мае адвагу стаць у праўдзе18. Ганарыстага чалавека робяць сляпым яго слабасці і памылкі. Ён схільны скідваць на іншых адказнасць за свае недахопы: на бацькоў, выхавацеляў, касцёльныя ці дзяржаўныя ўлады. Фанабэрысты чалавек прымае да ведама толькі тое, што яго пераконвае, і часта адкідвае альбо ігнаруе праўду. Такі чалавек прыпісвае сабе ўладу вырашаць, як найвышэйшы суддзя, што ёсць праўда, а што — няпраўда, і адкідвае абавязак адкрывацца на праўду і прымаць яе не як уласную вынаходку, але як дар, атрыманы ад Бога. «У свеце бывае так, — піша кс. Адам Станкевіч, — што людзі часцей выбіраюць няпраўду, чым праўду. Некаторыя праўду ненавідзяць, бо яны ганарыстыя і сапсаваныя сваім кепскім жыццём. Праўда ж ахінаецца плашчом прастаты, сціпласці і чысціні. Іншыя выбіраюць праўду, але толькі на словах, яны жадаюць пра яе слухаць, але не хочуць згодна з ёю жыць. Такія людзі падобныя да Пілата, які цікавіцца праўдаю і пытаецца Езуса, што такое праўда, але адказу не чакае, не шукае праўды, каб ёю жыць. Такім людзям не хапае мужнасці і сілы, каб развітацца з няпраўдаю і цвёрда стаць на шлях праўды. Іншыя выбіраюць праўду і прагнуць яе, але не ўмеюць яе шукаць. Не ўмеюць, бо баяцца цяжкасцяў і непрыемнасцяў, з якімі звычайна звязаны пошукі праўды, баяцца яны таксама развітацца з той няпраўдай, якую ўжо прызвычаіліся называць праўдай. Такія людзі не ўмеюць рашуча шукаць праўду, бо ў пошуках праўды яны недастаткова адважныя, неразважлівыя, бо на шляху да праўды карыстаюцца няпраўдай. Такой дарогай да праўды не прыйдзеш. І вінаватая ў гэтым не праўда, а чалавек, які праўду або ненавідзіць, або не хоча добра пазнаць, або неналежным чынам шукае яе»19. Толькі тады, калі чалавек трывае ў праўдзе, ён з’яўляецца сведкам Езуса Хрыста. Калі ж чалавек свядома жыве і дзейнічае ў няпраўдзе, ён супрацоўнічае з шатанам у яго разбуральнай дзейнасці. Адносна гэтага Евангелле не пакідае сумненняў. Езус паабяцаў: «Калі застанецеся ў слове Маім, то сапраўды вы — вучні Мае. І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі. (...) Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды» (Ян 8, 31–32; 16, 13). Пазнанне праўды з’яўляецца не толькі плёнам уласных намаганняў, але, па сутнасці сваёй, дарам ласкі, аб якой трэба маліцца. «Шлях, які нам паказвае Хрыстус, балесны і нялёгкі, але для перамогі над злом, для таго, каб здабыць праўду, толькі па ім адным трэба ісці, бо тых, хто ідзе па гэтым шляху, Святы Дух суцяшае, падтрымлівае, асвячае»20.

Ксёндз Адам Станкевіч кажа пра патрэбу нястомных пошукаў праўды, а таксама пра вернасць у адносінах да яе. Гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя пошукаў праўды пра свет і праўды пра самога чалавека. Вынікам прыняцця праўды Божай з’яўляецца маральная перамена чалавека, а менавіта яго асвячэнне як укараненне ў аб’яўленай праўдзе. Божая праўда ўдзяляе веруючым звышнатуральную дынаміку, напаўняе іх Божым жыццём і паглыбляе накіраванасць да дабра21. Праўда пра асаблівую каштоўнасць асобы выразна акрэслівае адпаведныя маральныя адносіны да іншых людзей, дапамагае ў пазнанні належных ім правоў, якія вынікаюць з праўды пра чалавека. Пастулат пашаны да свабоды іншых вынікае з прызнання таго, што не толькі я сам, але кожны чалавек мае права і абавязак імкнуцца да дабра. Нягледзячы на тое, што чалавеку ўласціва памыляцца, ён здольны шукаць праўду. У сваю чаргу, наказ павагі да чалавечага жыцця вынікае з усведамлення простай праўды пра тое, што жыццё — гэта фундаментальнае дабро чалавека, без якога ён не ў стане да нечага імкнуцца, не ў стане ніякім чынам самарэалізавацца22.

Ксёндз Адам Станкевіч у адной з гаміліяў сказаў: «Шукайце праўду шчыра, адважна, разумна, а Праўда вас вызваліць з кайданаў няпраўды, з няволі граху, і дзякуючы ёй вы будзеце ўзрастаць да годнасці вольных сыноў Божых»23. Кожны чалавек, які шукае свабоды, павінен шукаць праўду пра тое, да чаго ён імкнецца. Праўда — гэта беспамылковы паказальнік, які вядзе да мэты. Чалавек, які адкідвае праўду, ніколі не дасягне свабоды. Ён будзе вечным вандроўнікам і менавіта таму будзе прынцыпова адрознівацца ад пілігрыма. Пілігрым таксама ў дарозе, але ён ведае, чаго хоча дасягнуць і куды накіроўваецца. Яго шлях — гэта шлях да праўды і шлях праўды. З кожным зробленым крокам пілігрым усё больш у яе паглыбляецца, з кожным днём усё больш уваходзіць у яе таямніцу і такім чынам становіцца больш свабодным. Праўда вызваляе яго. Будучы нястомным вандроўнікам, ён усё больш жыве ў праўдзе, гэта значыць, усё больш адчувае сябе як дома24.

Накіраванасць на праўду азначае, што чалавек знутры, праз сваё сумленне і перакананасць павінен імкнуцца да жыцця ў гармоніі з аб’ектыўным парадкам, з рэчаіснасцю. Чалавек не павінен пагарджаць знешнімі формамі жыцця, але перадусім павінен клапаціцца пра каштоўнасць свайго духоўнага жыцця, каб яно было напоўнена сэнсам і моцай, — піша кс. Адам Станкевіч. Гэтае патрабаванне акрэсліваецца як жыццё праўдай. Гэта азначае, што толькі рэчаіснасць складае фундамент нашага жыцця, а не ілюзія — тое, у чым чалавек сябе пераконвае (фантазіі, мары, утопіі, падманы). Уяўнага фундамента недастаткова для разумнага спаўнення жыццёвых патрабаванняў. Няздольнасць супраціўляцца патрабаванням рэчаіснасці, выкліканая стратай кантакту з гэтай рэчаіснасцю, сведчыць пра тое, што чалавек жыве ў свеце ілюзій. Такое жыццё з’яўляецца супрацьлегласцю жыцця ў праўдзе — жыцця ў згодзе з рэчаіснасцю. У свеце ілюзій існуюць падманлівыя ідалы, аб’екты прагнасці, якія ўскладняюць належныя адносіны да сапраўднага Бога і ўрэшцэ знішчаюць чалавека. Па гэтай прычыне псуюцца і адносіны з іншымі людзьмі. У свеце ілюзій існуюць толькі ўяўныя сустрэчы, а не праўдзівыя сустрэчы з Богам і з людзьмі. Галоўнае патрабаванне жыцця ў праўдзе павінна знайсці бачны выраз у чалавечым дзеянні, якое абапіраецца на праўду. Гэтае патрабаванне мае пацвярджэнне ў запаведзі любові да Бога і бліжняга. Бог ёсць увасабленне праўды. Неабходнай з’яўляецца таксама праўда любові да бліжняга, бо грамадскае жыццё без праўды немагчымае. Праўда, як ужо адзначалася, з’яўляецца ўмовай поспеху адносінаў паміж людзьмі25. Біблія адназначна сцвярджае, што чалавек, які бунтуе супраць Бога, раней ці пазней будзе няздольным да міжчалавечых кантактаў ва ўсіх сферах жыцця. Іншымі словамі, адпаведныя адносіны да Бога з’яўляюцца неабходнай умовай хрысціянскіх адносінаў да чалавека. У Старым Запавеце гэтае перакананне ілюструецца ў прыпавесці пра Каіна і Авеля (пар. Быц 11), а прыклад Хрыста кажа пра тое, як перамагаць спакусы, пыху і ўсё, што з’яўляецца злом і аддаляе ад праўды26.

Рухаючай сілай сапраўднага прагрэсу чалавецтва з’яўляецца сведчанне аб праўдзе. Гэта сведчанне далёкае ад прымушэння, яно грунтуецца на любові і ахвяруе ў дары свабоду тым, хто яго прымае. І таму палітычная ці грамадская тыранія, незалежна ад таго, датычыцца яна супольнасцяў, калектываў ці адзінак, можа толькі дрыжаць перад спазнаннем праўды, якое прычыняе боль грэшнаму чалавеку, але таксама вызваляе таго, хто чэрпае з яе жыццё27. Такое вучэнне прыняў Касцёл са словаў Хрыста, які прадказваў сваім вучням будучую радасць, радасць з таго факту, што новы чалавек прыйшоў на свет. «Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, навучыць вас усей праўдзе, бо не ад сябе прамаўляць будзе, але будзе казаць вам усё,што пачуў, і будучыню абвесціць вам» (Ян 16, 13). Даючы сведчанне місіі Айца, Хрыстус атрымаў ад Яго сведчанне для сябе, смерць жа сталася для Яго шляхам Змёртвыхпаўстання. Таксама і сведка праўды ўваходзіць у муку і цярпенне для таго, каб дайсці да адкуплення. Мучанік праўды не можа быць пераможаны, бо само яго выданне на смерць — далёкае ад таго, каб яго знішчыць, — яшчэ больш умацоўвае яго ў адданасці Праўдзе28.

На думку кс. А. Станкевіча, абавязак каталіцкіх святароў — падымаць дух народа да разумення тых праўдаў, якія даў нам Хрыстус. Паміж праўдай і поспехам грамадскага жыцця, як і паміж праўдай і здзейсненым жыццём індывідуума, існуе непасрэдная сувязь. Праўда робіць магчымай камунікацыю, якая з’яўляецца галоўнай умовай поспеху грамадскага жыцця. Без праўды камунікацыя, а разам з ёю і грамадскае жыццё, немагчымае. Такім чынам, праўда становіцца грамадскай праблемай у сутнасным значэнні гэтага слова. Хто падманвае, той ставіць асабістыя інтарэсы вышэй за супольнае дабро. Восьмая запаведзь Дэкалога — «не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго» — стаіць на варце згоды паміж людзьмі29. Маральнае абавязацельства, якое вынікае з праўды, распасціраецца таксама на ўнутранае вымярэнне жыцця хрысціяніна, якое выяўляецца ў паяднанні з Богам і ў адкрыцці сябе на Яго, Яго моц і дзеянне ў душы чалавека.

«Спаўненне дабра звязана з духоўнай прыемнасцю і маральнай прыгажосцю», — вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла30. Цікавымі з’яўляюцца і суадносіны праўды з прыгажосцю: «Праўда прыгожая сама па сабе»31. Перад тым, як Бог аб’явіўся чалавеку ў словах праўды, Ён паказаўся ў прыгажосці і гармоніі свайго стварэння, «бо з велічы і прыгажосці стварэнняў пазнаецца праз падабенства іх Творца» (Мдр 13, 5).

Той, хто праяўляе дзейсную любоў, будзе названы «супрацоўнікам праўды» (3 Ян 8). З гэтага вынікае, што дзейсная любоў — гэта спаўненне праўды, а чыніць праўду і хадзіць у праўдзе фактычна азначае выконваць найвялікшую запаведзь — запаведзь любові. Прычына абыякавасці ў адносінах да праўды на самай справе крыецца ў глыбіні сэрца. Нельга знайсці праўду, калі яе не любіш. Немагчыма пазнаць праўду, калі не хочаш яе пазнаць. Любоў чэрпае свае матывы з веры, а вера знаходзіць сваю поўню і вяршыню ў любові. А любоў і праўда прыносяць плён збаўлення, які з’яўляецца канчатковым вынікам праўды, прынятай верай і споўненай у любові32.

 


  1. Św. Augustyn. Wyznania. Warszawa, 1954, 220.
  2. Пар. J. Piegsa. Człowiek — istota moralna. Opole, 2000, 61.
  3. Ibid, 19.
  4. Пар. H. Muszyński. Czynić prawdę w miłości. ComP 7: 1987, nr 4, 14–20.
  5. Пар. J. Piegsa. Człowiek — istota moralna. Opole, 2000, 23.
  6. Ibid, 23.
  7. Пар. Dignitatis humanae, 11.
  8. Пар. J. Gałkowski. Jan Paweł II o godności człowieka. W: Zagadnienie godności człowieka. Lublin, 1994, 110.
  9. Пар. Vita consecrata, 64.
  10. Пар. H. Muszyński. Czynić prawdę w miłości. ComP 7: 1987, nr 4, 14.
  11. A. Stankievič. Božaje slowo na Niadzielu i Śviaty. Lvov — Vilnia, 1938, 56.
  12. Ibid, 106.
  13. Пар. Gaudium et spes, 15.
  14. Пар. P. Góralczyk. Wartość prawdy. ComP 7: 1987, nr 4, 130.
  15. A. Stankievič. Božaje, 114.
  16. Пар. A. Siemianowski. Kompromis a prawda. Wdr 12: 1984, nr 7, 13.
  17. Пар. S. Kowalczyk. Wychowanie w prawdzie i wolności. Radom, 1997, 13.
  18. Пар. J. Nagórny. Posłannictwo chrześcijan w świecie. T. 1. Świat i wspŗlnota. Lublin, 1998, 320.
  19. A. Stankievič. Božaje, 19–21.
  20. A. Stankievič. Božaje, 99.
  21. Пар. S. Kowalczyk. Wychowanie w prawdzie i wolności. Radom, 1997, 12.
  22. Пар. A. Szostek. Sumienie – prawda – prawo. „Znak” 44: nr 11, 77.
  23. Пар. A. Stankievič. Božaje, 91.
  24. Пар. M. Jędraszewski. Domem wolności jest prawda. Wdr 20: 1992, nr 10, 8–9.
  25. Пар. M. Machinek. Śmierć w dyspozycji człowieka. Teologia moralna wobec problemów etycznych u kresu źycia ludzkiego. Olsztyn, 2001, 82.
  26. A. Stankievič. Božaje, 47–56.
  27. Пар. A. Stankievič. Chryścijanstva i Biełaruski narod. Chd 13: 1992, nr 1, 46–52.
  28. Пар. J.-M. Lustiger. Dać świadectwo prawdzie. ComP 7: 1987, nr 7, 74–75.
  29. Пар. A. Stankievič. Chryścijanstva i Biełaruski narod. Chd 13: 1992, nr 1, 52–61.
  30. KKK 2500.
  31. Тамсама.
  32. Пар. H. Muszyński. Czynić prawdę w miłości. ComP 7: 1987, nr 4, 20–22.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY