Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(32)/2005

СВЯТОЙ ПАМЯЦІ ЯНА ПАЎЛА ІІ
Галерэя
Мастацтва

«...ТЫ, ПЁТР — СКАЛА...»
З гісторыі Касцёла

ПАПСТВА ЎЧОРА І СЁННЯ
Памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ

НАЙВЫШЭЙШЫ СЭНС

РАЗВАГІ ПРА СМЕРЦЬ

ТРЭБА ВЯРТАЦЦА...

ПАЗНАННЕ ПРАЎДЫ

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Habemus Papam!
Постаці

СЯБРОЎСТВА
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
In memoriam

ЗМОЎКЛІ ПЕСНІ ТЫЯ...

Папа Ян Павел ІІ

ТЭСТАМЭНТ ЯНА ПАЎЛА ІІ

Ватыкан, 07.04.2005

ТЭСТАМЭНТ АД 6. ІІІ. 1979
(і пазнейшыя дадаткі)


 
Totus Tuus ego sum1

У Імя Найсвяцейшай Тройцы. Амэн.

«Не спіце, бо не ведаеце, у якую гадзіну Пан ваш прыйдзе» (пар. Мц 24, 42) – гэтыя словы нагадваюць мне пра апошні покліч, які прагучыць тады, калі Пан пажадае. Хачу за ім рушыць і хачу, каб усё, з чаго складаецца маё зямное жыццё, падрыхтавала мяне да гэтай хвіліны. Не ведаю, калі яна наступіць, але так, як і ўсё, таксама і гэтую хвіліну аддаю ў рукі Маці майго Настаўніка: totus Tuus. У гэтых самых матчыных руках пакідаю ўсё і ўсіх, з кім звязала мяне маё жыццё і маё пакліканне. У гэтых Руках пакідаю найперш Касцёл, а таксама мой народ і ўсё чалавецтва. Усім дзякую. Ва ўсіх прашу прабачэння. Прашу таксама аб малітве, каб Міласэрнасць Божая сталася большаю за мае слабасці і недахопы.

У часе рэкалекцый я яшчэ раз прачытаў тэстамэнт Святога Айца Паўла VI. Гэтае чытанне падштурхнула мяне напісаць дадзены тэстамэнт.


 
et omnia mea Tua sunt2

Не пакідаю пасля сябе ўласнасці, якою трэба было б распарадзіцца. Рэчы штодзённага ўжытку, якімі карыстаўся, прашу раздаць паводле меркавання. Асабістыя нататкі – спаліць. Прашу, каб пра гэтыя справы паклапаціўся кс. Станіслаў, якому дзякую за шматгадовае спагадлівае супрацоўніцтва і дапамогу. Усе ж іншыя словы ўдзячнасці пакідаю ў сэрцы перад Самім Богам, бо цяжка іх тут выказаць.

Што датычыць пахавання, паўтараю тыя самыя распараджэнні, якія выдаў Святы Айцец Павел VI (дадатак на палях: труна ў зямлі, без саркафагу. 13.ІІІ.1992). Наконт месца няхай вырашаць Калегія Кардыналаў і Суайчыннікі.

«Apud Dominum Misericordia et copiosa apud Eum redemptio»3

Папа Ян Павел ІІ

Рым, 6. ІІІ. 1979.

Пасля смерці прашу аб Святых Імшах і малітвах.

5. ІІІ. 1990.


 
Вельмі глыбока веру, што пры ўсёй маёй слабасці Пан спашле мне ўсе патрэбныя ласкі, каб паводле Яго Волі справіцца з усімі заданнямі, досведам і цярпеннямі, якіх Ён захоча пажадаць ад свайго слугі на працягу жыцця. Веру таксама, што не дапусціць, каб калі-небудзь праз нейкія свае паводзіны – словы, дзеянні альбо занядбанне дзейнасці – я мог здрадзіць сваім абавязкам на гэтай святой Пятровай Сталіцы.



 
Totus Tuus ego sum

24. ІІ. – 1. ІІІ. 1980.

На працягу гэтых рэкалекцый я разважаў таксама над праўдаю пра Хрыстова святарства ў перспектыве таго Пераходу, якім для кожнага з нас з’яўляецца хвіліна яго смерці. Хвіліна ростані з гэтым светам, каб нарадзіцца для іншага, для будучага свету, вырашальным, яскравым знакам якога ёсць для нас Змёртвыхпаўстанне Хрыста.

Такім чынам, я прачытаў мінулагодні запіс майго тэстамэнту, зроблены таксама ў часе рэкалекцый, – параўнаў яго з тэстамэнтам майго вялікага Папярэдніка і Айца Паўла VI, з тым цудоўным сведчаннем пра смерць хрысціяніна і папы, і аднавіў у сабе ўсведамленне справаў, да якіх адносіцца падрыхтаваны мною (хутчэй, часова) гэты запіс ад 6. ІІІ.1979.

Сёння хачу дадаць да яго толькі тое, што з магчымасцю смерці кожны заўсёды павінен лічыцца. І заўсёды павінен быць падрыхтаваны да таго, што стане перад Панам і Суддзёю, а разам з тым – Адкупіцелем і Айцом. Таму і я пастаянна лічуся з гэтым, давяраючы той вырашальны момант Маці Хрыста і Касцёла – Маці маёй надзеі.


 
et omnia mea Tua sunt

Час, у які жывем, невыказна цяжкі і неспакойны. Таксама цяжкі і напоўнены адпаведным для гэтага часу выпрабаваннем стаўся шлях Касцёла: і вернікаў, і пастыраў. У некаторых краінах (як, напр., у той, пра якую я чытаў у часе рэкалекцый) Касцёл перажывае перыяд такога пераследу, які нічым не саступае першым стагоддзям, хутчэй, пераўзыходзіць іх па ступені жорсткасці і нянавісці. Sanguis Martyrum – semen Christianorum4. Апрача таго, гэтулькі людзей гіне бязвінна, хоць бы і ў гэтай краіне, у якой жывем...

Хачу яшчэ раз усяго сябе аддаць Волі Пана. Ён сам вырашыць, калі і як я павінен закончыць маё зямное жыццё і пастырства. У жыцці і смерці Totus Tuus праз Беззаганную. Прымаючы ўжо цяпер гэтую смерць, веру, што Хрыстус дасць мне ласку таго апошняга Пераходу – Пасхі. Веру таксама, што ўчыніць яе карыснаю для тае найвялікшай справы, якой імкнуся служыць: для збаўлення людзей, для ацалення чалавечай сям’і, а ў ёй – усіх народаў і людзей (сярод іх сэрца асаблівым чынам звяртаецца да мае зямной Айчыны), для тых асобаў, якіх асаблівым чынам мне даверыў – для справы Касцёла, для хвалы Самога Бога.

Нічога больш не хачу дадаць да таго, што напісаў год таму, – толькі выказаць гэтую гатоўнасць і адначасова давер, да якога мяне зноў схілілі дадзеныя рэкалекцыі.

Папа Ян Павел ІІ


 
Totus Tuus ego sum

5. ІІІ. 1982.

На працягу сёлетніх рэкалекцый прачытаў (некалькі разоў) тэкст тэстамэнту ад 6.ІІІ.1979. Хоць надалей лічу яго часовым (не канчатковым), пакідаю яго ў той форме, у якой ён ёсць. Нічога (пакуль) не змяняю, нічога таксама не дадаю, што датычыць распараджэнняў, якія ў ім ёсць.

Замах на маё жыццё 13.V.1981 г. пэўным чынам пацвердзіў слушнасць слоў, запісаных у часе рэкалекцый 1980 г. (24. ІІ. – 1. ІІІ).

Тым глыбей адчуваю, што знаходжуся цалкам у Божых Руках – і надалей застаюся ў распараджэнні майго Пана, давяраючыся Яму ў Яго Беззаганнай Маці (Totus Tuus).

Папа Ян Павел ІІ


 
5. ІІІ. 1982.

P.S.
У сувязі з апошняю фразаю тэстамэнту ад 6.ІІІ.1979 (пра месца м. інш. пахавання) «няхай вырашае Калегія Кардыналаў і Суайчыннікі» – тлумачу, што маю на ўвазе Кракаўскага Мітрапаліта альбо Галоўную Раду Епіскапату Польшчы. Калегію ж Кардыналаў прашу, каб, па магчымасці, задаволіла тыя просьбы, якія могуць узнікнуць.




 
1. ІІІ. 1985 (у часе рэкалекцый)

Яшчэ – што датычыць звароту «Калегія Кардыналаў і Суайчыннікі»: «Калегія Кардыналаў» ніякім чынам не абавязана пытаць у гэтай справе «Суайчыннікаў», аднак можа зрабіць так, калі па нейкай прычыне палічыць неабходным.

ЯП ІІ



 
Рэкалекцыі Юбілейнага 2000 года (12. – 18. ІІІ)
(да тэстамэнту)

1. Калі 16 кастрычніка 1978 г. канклаў кардыналаў выбраў Яна Паўла ІІ, Прымас Польшчы кард. Стэфан Вышынскі сказаў мне: «Заданне новага папы – увесці Касцёл у Трэцяе Тысячагоддзе». Не ведаю, ці прыводжу гэтую фразу даслоўна, але, несумненна, такі быў сэнс таго, што я тады пачуў. Сказаў жа яе Чалавек, які ўвайшоў у гісторыю як Прымас Тысячагоддзя. Вялікі Прымас. Я быў сведкам Яго пасланніцтва, Яго гераічнага пасвячэння. Яго змагання і Яго перамогі. «Перамога, калі прыйдзе, будзе перамогаю праз Марыю», – меў звычку паўтараць Прымас Тысячагоддзя словы свайго Папярэдніка кард. Аўгуста Хлёнда.

Такім чынам, я быў у пэўнай ступені падрыхтаваны да задання, якое 16 кастрычніка 1978 г. паўстала перада мною. У хвіліну, калі пішу гэтыя словы, Юбілейны 2000 Год стаўся ўжо рэчаіснасцю, якая трывае. У ноч 24 снежня 1999 г. была адчынена сімвалічная Брама Вялікага Юбілею ў Базыліцы св. Пятра, у сваю чаргу ў св. Яна на Латэране, у Маці Божай Большай (S. Maria Maggiore) – на Новы Год, а 19 студзеня – Брама Базылікі св. Паўла «за мурамі». Гэта апошняя падзея з увагі на свой экуменічны характар асабліва адбілася ў памяці.


 
2. Па меры таго, як Юбілейны 2000 Год пасоўваецца наперад, з дня на дзень і з месяца на месяц, зачыняецца за намі дваццаты век, і адкрываецца век дваццаць першы. Па наканаванасці Провіду мне было дадзена жыць у гэтым цяжкім стагоддзі, якое адыходзіць у мінулае, а ў той год, у якім век майго жыцця дасягае васьмідзесяці («оctogesima adveniens»), трэба пытаць, ці не час паўтарыць за біблійным Сімяонам «Nunc dimittis»?5

13 мая 1981 г., у дзень замаху на Папу ў часе аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, Божы Провід цудоўным чынам ацаліў мяне ад смерці. Той, які ёсць адзіным Панам Жыцця і смерці, сам падоўжыў мне гэтае жыццё, як бы падараваў нанава. З таго часу яно належыць Яму яшчэ больш. Веру, што Ён сам дазволіць мне распазнаць, дакуль я павінен выконваць гэтае служэнне, да якога Ён паклікаў мяне 16 кастрычніка 1978 года. Прашу Яго, каб адклікаў мяне тады, калі Сам пажадае. «У жыцці і смерці Пану належым... І таму мы – Панавы» (пар. Рым 14, 8). Веру таксама, што дакуль дадзена мне будзе выконваць Пятрова служэнне ў Касцёле, Божая Міласэрнасць дасць мне сілы, неабходныя для гэтага служэння.


 
3. Як штогод, у часе рэкалекцый я прачытаў мой тэстамэнт ад 6.ІІІ.1979. Распараджэнні, якія ў ім запісаны, надалей падтрымліваю. Тое, што тады, а таксама ў часе чарговых рэкалекцый было дапісана, з’яўляецца адлюстраваннем цяжкай і напружанай агульнай сітуацыі, якая характарызавала васьмідзесятыя гады. З восені 1989 года гэтая сітуацыя змянілася. Апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя было вольнае ад ранейшага напружання, але гэта не значыць, што яно не прынесла з сабою новых праблемаў і цяжкасцяў. Дзякуй Божаму Провіду асабліва за тое, што перыяд так званай «халоднай вайны» закончыўся без узброенага ядзернага канфлікту, небяспека якога ў мінулым вісела над светам.

4. Стоячы на парозе трэцяга тысячагоддзя «in medio Ecclesiae»6, хачу яшчэ раз выказаць падзяку Духу Святому за вялікі дар ІІ Ватыканскага Сабору, даўжніком якога разам з цэлым Касцёлам, і асабліва з цэлым Епіскапатам, я сябе адчуваю. Я перакананы, што яшчэ доўга новыя пакаленні будуць чэрпаць з тых багаццяў, якімі гэты Сабор ХХ стагоддзя нас адарыў. Як біскуп, які ўдзельнічаў у падзеях Сабору ад першага да апошняга дня, хачу даверыць гэту вялікую спадчыну ўсім, хто пакліканы да яе рэалізацыі. Сам жа дзякую Вечнаму Пастыру за тое, што дазволіў мне служыць гэтай вялікай справе на працягу ўсіх гадоў майго пантыфікату.

«In medio Ecclesiae»... ад самых маладых гадоў біскупскага паклікання, менавіта дзякуючы Сабору, дадзена мне было адчуць братнюю супольнасць Епіскапату. Як святар Кракаўскай Архідыяцэзіі я адчуў, чым ёсць братняя супольнасць прэзбітэрыя – Сабор жа адкрыў новае вымярэнне гэтага досведу.


 
5. Колькі ж асобаў я павінен быў бы тут назваць? Хіба ўжо большасць з іх Пан Бог паклікаў да Сябе. Тых, хто яшчэ знаходзіцца на гэтым баку, няхай згадаюць словы гэтага тэстамэнту, усіх і ўсюды, дзе б яны ні знаходзіліся.

На працягу больш як дваццаці гадоў выканання Пятровага служэння «in medio Ecclesiae» я спазнаў зычлівае і вельмі плённае супрацоўніцтва многіх Ксяндзоў Кардыналаў, Арцыбіскупаў і Біскупаў, многіх святароў, многіх кансэкраваных асобаў – братоў і сясцёр – урэшце вельмі многіх свецкіх асобаў, з курыяльнага асяроддзя, з боку вікарыяў Рымскай Дыяцэзіі і з іншых асяроддзяў.

Як жа не агарнуць удзячнаю памяццю ўсіх на свеце Епіскапатаў, з якімі сустракаўся ў часе адведзінаў «ad limina Apostolorum»7? Як жа не памятаць гэтулькі братоў хрысціянаў – не католікаў? А рабіна Рыма? І гэтулькі іншых прадстаўнікоў нехрысціянскіх рэлігій? А колькі прадстаўнікоў свету культуры, навукі, палітыкі, сродкаў інфармацыі?

6. Па меры таго як набліжаецца канец майго зямнога жыцця я вяртаюся памяццю да яго пачатку, да маіх Бацькоў, Брата і Сястры (якой я не ведаў, бо памерла перад маім нараджэннем), да вадавіцкай парафіі, дзе я быў ахрышчаны, да гэтага горада майго юнацтва, да равеснікаў, сябровак і сяброў з васьмігодкі, з гімназіі, з універсітэта, да часу акупацыі, калі працаваў чорнарабочым, а пасля – да парафіі Негавіці і кракаўскай св. Фларыяна, да студэнцкага душпастырства, да асяроддзя... да многіх асяроддзяў... у Кракаве, у Рыме... да людзей, якіх Пан мне асабліва даверыў, – усім хачу сказаць адно: «Няхай Бог Вас узнагародзіць».

«In manus Tuas, Domine, commendo spiritum meum»8.

A.D.
17. III. 2000.

 

Пераклад з польскай мовы К. Лялько
(Заўвагі рэд.)

 


  1. Я – увесь Твой.
  2. і ўсё маё – Тваё.
  3. У Пана Міласэрнасць і вялікае ў Яго адкупленне.
  4. Кроў мучанікаў – насенне хрысціянаў.
  5. Цяпер адпускаеш.
  6. Сярод Касцёла.
  7. Да Апостальскіх парогаў.
  8. У рукі Твае, Пане, аддаю я дух мой.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY