Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Валеры БУЙВАЛ

МАЗАІКІ РАВЭННЫ

Добры Пастыр. Каля 440 г.
Маўзалей Галлы Плацыдыі.
Равэнна — аскепак грэчаскага свету. Яна — водгук універсальнай культуры элінізму, што сваёй прыгажосцю скарыла народы ад Гіндукуша на мяжы кітайскай цывілізацыі да Адрыянавага валу, якім рымская Брытанія адгарадзілася ад Шатландыі. Цяперашні правінцыйны цэнтр Паўночнай Італіі жыве ўспамінамі аб сваёй сталічнай велічы і славе. Заснаванае італійскім племем умбраў у дарымскую эпоху, прыморскае паселішча прыцягнула ўвагу першага рымскага імператара Актавіяна Аўгуста, які пабудаваў тут вялікі порт на Адрыятыцы. У 402 г. імператар Ганорый перанёс у Равэнну сталіцу Заходняй Імперыі з Мілана. Менавіта ў Равэнне ў 476 г. апошні рымскі імператар Ромулус Аўгустус быў нізвергнуты германскім заваёўнікам Адаакрам, што азначала канец Імперыі. У наступныя часы горад быў сталіцай каралеўства готаў, а ў 540 г. быў заваяваны візантыйскім палкаводцам Белісарыем. Візантыйцы валодалі горадам (зрабіўшы яго сваёй сталіцай у Італіі) на працягу двух стагоддзяў да самага нашэсця лангабардаў.

Але ў вечнасці Равэнна застаецца дзякуючы сваёй ролі ва ўкараненні хрысціянства на Захадзе антычнага свету і перш за ўсё ў станаўленні вобразаў і формаў хрысціянскага мастацтва. Пра гэта добра напісаў венскі гісторык мастацтва Макс Дворжак: «Першаснае хрысціянскае мастацтва захавалася ў падземных пінакатэках (катакомбах) ад апостальскіх часоў да перыяду, калі перамога хрысціянства паставіла перад ім новыя задачы. Гэта мастацтва, хутка адрываючыся ад сваіх сціплых пачаткаў, прыняло ва ўсёй паўнаце спадчыну познеантычнага паганскага мастацтва».1

Працэсія святых пакутніц. VI ст.
Храм Сант-Апалінарэ Нуово.
Мазаікі маўзалея Галлы Плацыдыі (каля 440 г.) — гэта шэдэўр мастацтва пераможнага хрысціянства. Сястра імператара Ганорыя пахавана ў Рыме, але мяркуецца, што менавіта для яе вечнага спачыну быў пабудаваны гэты раннехрысціянскі храм-маўзалей у форме роўнаканцовага крыжа. Мазаічнікі разгарнулі ў інтэр’еры маўзалея цэлую іконаграфічную праграму з постацямі святых, а таксама стылізаванай выявай зорнага неба на скляпеннях. Сімвалічнай з’яўляецца і кампазіцыя «Добры Пастыр», размешчаная на вялікай паўцыркульнай плоскасці сцяны. Выява Хрыста ў вобразе маладога пастуха, які клапоціцца пра свой статак, — адзін са старажытнахрысціянскіх сімвалаў, што існаваў яшчэ ў часы забароненага, катакомбнага хрысціянства (таксама, як і выявы рыбы, карабля, якара — першыя сімвалы новага духоўнага свету).

Уваходзячы ў інтэр’ер маўзалея, не верыш, што мазаічны шэдэўр створаны больш за паўтары тысячы гадоў таму. Фарбы захавалі непарушную чысціню, яркасць і глыбіню, якую бачылі яшчэ сучаснікі творцаў. Гэта сакрэт смальты — шклопадобнай масы, афарбаванай выкісам металаў у розныя колеры і потым абпаленай у спецыяльнай печы. Выкананая з кубікаў смальты мазаіка так і называецца візантыйскай. Кубікі смальты не мелі стандартных памераў, больш за тое, майстры клалі іх на аснову (вапнавы раствор) не роўнай плоскасцю, а з лёгкім нахілам у розныя бакі, што дадавала колерам эфект зіхацення. Нават на падлогах, на знешніх сценах пад уздзеяннем сонечнага святла, вады, тэмпературных зменаў смальта захоўваецца непашкоджанай на працягу тысячагоддзяў.

Сінь скляпенняў, расквечаная стылізаванымі выявамі зорак, стварае вобраз нябеснага свету, Боскай гармоніі, незямной радасці. Архітэктурныя канструкцыі раствараюцца ў гэтай каларыстычнай субстанцыі. Мы нібыта ўзносімся ўвысь, над горадам і ўсёй зямлёй, губляем сувязь з гэтым мітуслівым светам і трапляем у вечнасць. Сілаю мастацтва нам дазволена ўбачыць матэрыялізаваны ідэал хрысціянскай душы, Валадарства Боскае, дзе пануюць вечны спакой і вечнае святло. Гэта з аднолькавай сілаю пачуццяў перажывалі людзі розных пакаленняў — вернікі раннехрысціянскай эпохі і італьянскі паэт першай паловы ХХ стагоддзя Габрыэле Д’Аннунцыо, які напісаў пра мазаікі маўзалея: «Праз няяркае святло спадае кроплямі маўчанне...»

Працэсія святых пакутнікаў. VI ст.
Храм Сант-Апалінарэ Нуово.
Некаторыя даследчыкі вызначаюць паўцыркульную кампазіцыю «Добрага Пастыра» як выяву райскага саду, а фігуры авечак — як сімвалы душаў праведнікаў, што трапілі ў Рай. Аднак традыцыя раннехрысціянскага мастацтва сведчыць пра тое, што выява Хрыста-Пастыра з авечкамі сімвалізуе Боскую апеку душою чалавека як на небе, так і на зямлі. Невыпадкова візантыйскі мастак стварыў такі жывы і канкрэтны краявід у гэтай сцэне, што жыве ў кантрасце з нябеснай абстракцыяй скляпенняў. Скалістыя выступы няроўнай лініяй акрэслілі аснову кампазіцыі ў ніжняй яе частцы. У імкненні перадаць трэцяе вымярэнне і пластыку масы скалы адчуваюцца засвоеныя ўрокі познерымскага жывапісу, які ўжо цалкам авалодаў перпектывай. Прастора асноўнай кампазіцыі, аднак, неглыбокая, дастаткова вузкая, як сцэна камернага тэатра, на якой разыгрываецца містэрыя. На паверхні скалы дзе-нідзе ярка зелянеюць травяністыя расліны і купкі хмызняку. На празрыста-блакітным фоне жывым сілуэтам абвіваюцца галіны пальмаў (не будзем, аднак, забывацца, што пальмавая галіна — сімвал хрысціянскага пакутніцтва і райскай узнагароды за праведны подзвіг). У цэлым пабудова фігурнай кампазіцыі мае сіметрычны характар. Строга ў цэнтры, як на троне, сядзіць Хрыстус (гэтае ўражанне ўзмацняюць тры скальныя прыступкі, перакрэсленыя залатым сілуэтам крыжа ў Яго руцэ). Паабапал Яго — па тры авечкі з абодвух бакоў, і ўсе яны звяртаюць да Яго свае галовы. Але на гэтым строгая сіметрыя заканчваецца. Выявы авечак паказаны ў розных разваротах, а адну з іх Хрыстус пяшчотна трымае за голаў. І сама Яго фігура пры ўсёй франтальнасці выявы паказана ў складаным і натуральным руху (хаця і адчуваецца некаторая наіўная плоскаснасць трактоўкі формы). Вакол Яго галавы золатам ззяе німб, магутны жэст левай рукі завяршаецца вяршыняй крыжа, якая патанае ў ззянні німба. Мы становімся сведкамі стварэння візантыйскага архетыпа выявы Збаўцы. Але гэта толькі першыя крокі фармавання ўсходнехрысціянскай мастацкай мовы. Твар Хрыста — адухоўленае, маладое, сапраўды цудоўнае аблічча, у адлюстраванні якога яшчэ няма візантыйскага канона. У Ім — жывая повязь з эстэтычным ідэалам антычнай культуры, спадчыннікам якой было хрысціянскае мастацтва. Пецярбургскі мастацтвазнаўца Вера Ліхачова так вызначыла гэтыя працэсы: «Змяненне стылю адбывалася ў шчыльнай сувязі і адначасова з увядзеннем новай тэматыкі мастацтва. Строгія прынцыпы сіметрыі і плоскаснасці кампазіцыі, рознамаштабнасць фігур, іх франтальная пастаноўка сталі выкарыстоўвацца дзеля перадачы новых тэмаў з большай духоўнасцю, якую прапаведвала хрысціянства».2

Сярод храмаў Равэнны, якія з’яўляюцца скарбніцай непаўторнага багацця візантыйскіх мазаік, асаблівае месца займае касцёл Сант-Апалінарэ Нуово. Пабудаваны яшчэ ў 493–496 гг. па загадзе караля готаў Тэадорыха, храм быў кансэкраваны як рыма-каталіцкі касцёл каля 560 г. і асвечаны ў гонар святога Апалінарыя ўжо ў ІХ ст., калі сюды былі перанесены рэліквіі гэтага святога з касцёла бліжняга мястэчка Классэ (адсюль дадатак у назве касцёла: «Nuovo» («Новы»). Галоўная кампазіцыя над каланадай цэнтральнай навы вялікай базылікі — бяспрыкладны іконаграфічны ўзор у гісторыі хрысціянскага манументальнага мастацтва. З Захаду на Усход, да Хрыста на троне, накіроўваецца доўгая працэсія святых пакутнікаў (паўночная сцяна) і да Мадонны на троне — працэсія святых пакутніц (паўднёвая сцяна). Пакутнікі ў белых шатах і пакутніцы ў белых і шытых золатам строях нясуць у руках кароны (сімвал хрысціянскага подзвігу). Каля іх ног — белыя лілеі (сімвал чысціні і цноты), дзе-нідзе — выява авечкі, а паміж постацямі — пальмавыя дрэвы. Яркае ззянне залатога фону стварае велічную гаму з колерамі райскага саду і постацяў святых.

Ужо пятнаццаць стагоддзяў гучыць гэты трыумфальны гімн пераможнага хрысціянства.

 


  1. Max Dvoшăk i jego teoria dziejуw sztóki. Warszawa, 1974. C. 7.
  2. В. Лихачёва. Искусство Византии ІV-ХV веков. Л., 1986. С. 38.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY