Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Франц СІЎКО

АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЬ БОЖУЮ ВОЛЮ

І самаму прызвычаенаму да касцёльнага жыцця верніку няпроста ўявіць той аб’ём працы, які стаіць за ўсім гэтым вывераным, часам да дробязяў, размераным парадкам. Справы душпастырскія, гаспадарчыя, канцылярскія – усё гэта клопат не аднаго дня, які патрабуе і штодзённых высілкаў, і належнага кантролю. Як арганізоўваецца такі кантроль? Што такое біскупская візітацыя? З якою мэтаю яна праводзіцца? Па адказы на гэтыя пытанні мы звярнуліся да ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна.

— Эксцэленцыя, што такое кананічная візітацыя і якія яе мэты?

— Візітацыя – і абавязак, і патрэба біскупа. Згодна з Кананічным правам, біскуп абавязаны штогод цалкам або часткова аб’язджаць сваю дыяцэзію з такім разлікам, што за 5 гадоў ён наведае кожную парафію. Але візітацыя – гэта не такое вузкае паняцце, як часам мяркуюць вернікі, бо гэта справа не аднаго дня. Непасрэднаму прыезду біскупа ў парафію папярэднічае вялікая праца цэлай групы загадзя прызначаных асобаў, якія папярэдне вывучаюць парафіяльныя справы з мэтаю ўсебаковага іх аналізу. Напрыклад, праца канцлера, які вывучае стан справаводства, эканома, які аналізуе справы матэрыяльныя, генеральнага вікарыя, які знаёміцца з працаю ў парафіі ў плане духоўным, душпастырскім і г. д. Так што падчас візітацыі, калі яна праводзіцца якасна, на належным узроўні, падпадаюць пад аналіз усе бакі парафіяльнага жыцця.

— Словам, візітацыя — гэта не проста прыезд біскупа ў парафію ў нейкі вызначаны дзень?

— Безумоўна. Прыезд біскупа – гэта, так бы мовіць, заключная частка вялікай працы. Іншымі словамі – падвядзенне вынікаў супольнай працы курыі і пробашча, вікарыя, сёстраў, вернікаў па выяўленні слабых і моцных бакоў у працы, вызначэнне тэрмінаў выпраўлення недахопаў. Хоць, вядома, і магчымасць чарговы раз сустрэцца з парафіянамі – таксама вялікая радасць. Памаліцца разам з людзьмі падчас святой Імшы, паглядзець ім у вочы, падзякаваць за добрыя справы ў імя Пана Бога, некага падбадзёрыць – усё гэта вельмі, вельмі важна...

— Вы сказалі – супольнай працы курыі і пробашча, сёстраў законных...

— Менавіта так. Парафіі загадзя рыхтуюцца да візітацыі, так што яна не з’яўляецца для іх чымсьці накшталт грому з яснага неба. Перад візітацыяй кожны пробашч атрымлівае анкету для запаўнення яе адпаведнымі звесткамі аб парафіі, з апісаннем сістэмы функцыянавання ўсіх структураў. Такім чынам, пробашч ведае, якія накірункі працы будуць правярацца, і гэта дапамагае яму як найлепей падрыхтавацца да візітацыі.

— Наколькі строга праходзіць праверка?

— Касцёл – гэта строгая іерархія, і біскуп павінен рабіць тое, што ўстаноўлена Касцёлам праз Папу, ажыццяўляць Божую волю. Вядома, і ў Касцёле можна дыскутаваць, але гэта добра тады, калі няма ніякіх праблем. У жывым жа арганізме, якім з’яўляецца Касцёл, заўсёды знойдзецца над чым працаваць. Так што ўсё – строга, з разлікам на паляпшэнне працы, далейшае яе ўдасканаленне.

— Ці можна сказаць, што падчас візітацыі вырашаецца пытанне адпаведнасці святара сваім абавязкам?

— Такое пытанне вырашаецца значна раней. Парафіі – розныя, і, безумоўна, біскуп стараецца так ажыццяўляць падбор святароў, каб яны маглі і найбольш аптымальна раскрыцца самі, і спрыялі развіццю ў парафіянаў іх лепшых задаткаў. А калі ксёндз не адпавядае, то які сэнс яго ў той парафіі трымаць і які сэнс, тым больш, візітаваць? Кожнае новае прызначэнне ці то пробашча, ці то вікарыя – не капрыз біскупа, а аб’ектыўная патрэба. Не заўсёды, на жаль, вернікі гэта разумеюць, ды, часам, і самі ксяндзы.

— Па візітацыі складаюцца нейкія дакументы?

— Складаецца пратакол, які ўключае апісанне гісторыі парафіі, апісанне самой візітацыі, а таксама адпаведныя рэкамендацыі з улікам выяўленых недахопаў. Гэта дакумент, з чытання якога ў парафіі будзе пачынацца чарговая візітацыя.

— Ёсць нейкі графік правядзення візітацый?

— Безумоўна. Першыя візітацыі адбываліся ў нас у 2001 годзе. Тады на Віцебшчыне парафій было нашмат, ці не напалову, меней, чым сёння, і былі яны не ў кожным раёне. Сёння ў нас каля 100 парафій, усе яны візітуюцца ў адпаведнасці з графікам. Звычайна робім гэта ў святы, каб надаць падзеі больш урачыстасці, каб як найбольш людзей магло ўзяць у ёй удзел. Так атрымліваецца, што на кожны месяц прыпадае дзесьці 5-6 візітацый. Гэта апроч будзённых наведанняў парафій, якія таксама даюць пэўны плён. Практычна ў нас няма парафій, якія б я як ардынарый не наведаў на працягу года.

— І якія ўражанні ад наведання?

— У асноўным – добрыя. Згадзіцеся, прыемна прыязджаць у нейкі горад, мястэчка, вёску і на месцы маленечкай капліцы, якая тут была 5 гадоў таму, убачыць прыгожы касцёл, як, напрыклад, у Наваполацку. Вельмі ўрачыста прайшла падчас Вербнай нядзелі візітацыя ў Шаркаўшчыне: шмат людзей сабралася, усе з вербамі, такая прыгожая Літургія была. Добрыя ўражанні пакінулі візітацыі ў Паставах, Дунілавічах, у парафіях Віцебска. Радуе заўсёды гасціннасць, шчырасць людзей. Напэўна, яны бачаць, што я стараюся быць ім братам, а не генералам. Здараюцца смешныя выпадкі. Вось, напрыклад, у Шаркаўшчыне было... Глядзіць, глядзіць дзяўчына на мяне і раптам – шлэп па шчацэ. Аказваецца, камара вырашыла сагнаць, каб не ўкусіў неўспадзеў біскупа. Ці яшчэ: па дарозе ў Лужкі спыняемся ля хаты — бабуля самотная сядзіць: усе біскупа паехалі сустракаць, а яе не ўзялі. «Вось, бачыце, — кажу, — як вам пашанцавала. Вас пакінулі, а вы першая з біскупам сустрэліся». Такая шчаслівая была тая жанчына!

— То калі гэтак усюды добра, дык можна і супакоіцца, даць сабе адпачынак?

— Працы заўжды хопіць. Вядома, вялікая радасць бачыць, як з кожным днём усё больш прыгажэе, да прыкладу, санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, дзе 13 мая сабралася на набажэнства каля 500 чалавек. Але ж як забыцца на тое, што ёсць у нас і парафіі, як, напрыклад, у Більдзюгах на Мёршчыне ці ў Барані каля Оршы, дзе вось толькі цяпер упершыню ад часоў вайны з’явіліся пастаянныя ксяндзы? Клопатаў шмат, адпаведна – і працы.

— Як часта падчас правядзення візітацый адбываецца ўдзяленне сакрамэнтаў, у прыватнасці, сакрамэнту бежмавання?

— Часта. Вось нядаўна ў час візітацыі ў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага атрымалі дар Духа Святога некалькі вернікаў. Гэта надало самой візітацыі больш урачыстасці і адначасова спрыяла задзейнічанню ў яе падрыхтоўцы максімальнай колькасці людзей. Што да вялікіх у колькасным плане парафіяў, дык там ледзь не штогод ёсць патрэба праводзіць бежмаванне. Як абысціся адным бежмаваннем у 5 гадоў, напрыклад, у Глыбокім, дзе так шмат католікаў і дзе падчас першага пасля доўгага перапынку бежмавання ў 1988 годзе, якое праводзіў светлай памяці біскуп Раман Анджэеўскі, так многа было люду, што некаторыя мусілі залезці на дрэвы, каб мець магчымасць усё бачыць. Так што ўсё залежыць ад сітуацыі ў парафіі.

— Час ад часу Вашы візітацыі трапляюць у сюжэты на мясцовым тэлебачанні і нават транслююцца на ўсю Беларусь. Дзеля чаго?

— У першую чаргу дзеля таго, каб лішні раз нагадаць людзям, што гэта такое. А яшчэ – дзеля сведчання веры, што вельмі важна ў рэгіёне, дзе людзі на дзесяцігоддзі былі адарваныя ад Касцёла, ад сваіх каранёў. Наогул, мы шмат надаем увагі супрацоўніцтву з прэсай. Асабліва цесныя стасункі маем з тэлебачаннем. Кожную апошнюю сераду месяца выходзіць на канале «Лад» праграма «Шлях да Бога», якую з задавальненнем глядзяць і католікі, і прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Тэлеканал «Скіф» нярэдка падае сюжэты з нашага жыцця. Плённае супрацоўніцтва з часопісам «Ave Maria» радуе.

— Візітацыя, як можна меркаваць са сказанага Вамі, вельмі важны складнік унутрыдыяцэзіяльнага жыцця. Але ж, пэўна не самамэта...

— Канечне, не самамэта. Візітацыя – гэта тое, што павінна дапамагаць наладжванню ўнутрыдыяцэзіяльнага, унутрыпарафіяльнага жыцця. Бог дае чалавеку ласку веры, а заданне кожнага святара, кожнага біскупа – спрыяць людзям у яе мацаванні, пастаянным узрастанні. Праз дапамогу людзям, праз добрае слова, праз прыклад служэння Богу і Касцёлу. Я жадаю ўсім Божага благаславення і шчыра дзякую тым, хто робіць усё для таго, каб як найболей было ў свеце радасці, святла, дабрыні.

 
У размове біскуп Уладзіслаў закрануў яшчэ і пытанне візітацый дэканальных, і я звярнуўся па тлумачэнні пра іх да канцлера курыі Віцебскай дыяцэзіі кс. Кшыштафа Вітвіцкага. Вось што ён сказаў:

«Дэканальныя візітацыі праводзяцца для таго, каб клопат пра развіццё парафій не быў эпізадычным, ад візітацыі да візітацыі біскупа, а меў рэгулярны характар. Схема іх правядзення аналагічная біскупскім, з тою толькі розніцай, што праводзіць іх дзекан, які з’яўляецца раённым вікарыем біскупа, яго памочнікам. На сёння ў Віцебскай дыяцэзіі існуе 10 дэканатаў, самы малады з іх – Відзаўскі, утвораны ў 2005 годзе. Звычайна межы дэканата супадаюць з межамі раёна, але так бывае не заўсёды. Візітацыя дзекана можа адбывацца з інтэрвалам у 2 ці ў 3 гады – па неабходнасці, якую вызначае дзекан».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY