|
Адсутнасць
Няшмат бракавала,
а магла б мая мама пабрацца
з панам Збігневам Б. са Здуньскай Волі.
І калі б мелі дачку – не я была б ёю.
Можа, з лепшаю памяццю на імёны і твары,
і кожную чутую толькі раз мелодыю.
Немыляльна распазнаючай любую птушку між птушак.
З выдатнымі адзнакамі ў фізіцы ды хіміі
і з горшымі ў польскай,
але патайна пішучай вершы,
зразу шмат цікавейшымі ад маіх.
Няшмат бракавала,
а тады ж мог бы мой бацька пабрацца
з паннай Ядвігай Р. з Закапанэ.
І калі б мелі дачку – не я была б ёю.
Можа, больш упартай у настойванні на сваім.
Бязбоязна скачучай у глыбаводдзе.
Схільнай паддавацца агульным настроям.
Паўсякчас заўважанай і там, і тут,
але рэдка пры кніжцы, часцей на падворку,
пры ганянні мяча разам з хлапчукамі.
Можа, абедзве сустрэліся б нават
у тойсама школе і ў тымсама класе.
Але ніякага паравання між імі,
ніякае крэўнасці,
а на групавым здымку воддаль адна ад адной.
— Дзяўчаткі, станьце во тут, —
гукаў бы здыймач, —
хто ніжэйшы, папераду, хто вышэйшы, за імі.
І ўсім гожа ўсміхацца, калі падам знак.
Толькі йшчэ палічыце,
ці ўсе ўжо вы тут?
— Так, калі ласка, усе.
|
Дарожны выпадак
Яшчэ не ведаюць,
што паўгадзіны таму
сталася там, на шашы.
На іхніх гадзінніках
гэткая сабе пара
папалудневая, чацвярговая, вераснёвая.
Нехта адцэджвае макароны.
Нехта ў садзе зграбае лісце.
Дзеці з віскам бегаюць вакол стала.
Камусь кот з сваёй ласкі дазваляе палашчыць сябе.
Хтось плача –
як зазвычай бывае пры тэлевізары,
калі нядобры Дыега здраджвае Хуаніце.
Чуецца стук у дзверы –
нічога, гэта суседка з пазычанай патэльняй.
У глыбіні кватэры званок тэлефону –
пакуль толькі наконт аб’явы.
Калі б хтось падышоў да вакна
і паглядзеў на неба,
мог бы ўжо ўбачыць хмары,
прывеяныя ад месца здарэння.
Праўда, паразрываныя, параскіданыя,
але гэта ўжо ў іх завядзёнка такая.
|
Заўтра – без нас
Ранак чакаецца халодны, імглісты.
З захаду
пачнуць насоўвацца дажджавыя хмары.
Бачнасць будзе слабая.
На дарогах слізка.
Удзень паступова
пад уплывам паўночнага кліну высокага атмасфернага ціску
месцамі ўжо магчымае праясненне.
Аднак пры моцным, пераменным, з парывамі, ветры
мажлівыя буры.
Уночы
амаль на ўсёй тэрыторыі будзе пагодна.
Толькі на паўднёвым усходзе
нявыключаныя ападкі.
Тэмпература значна абнізіцца,
затое ціск павышэе.
Наступны дзень
прадбачыцца сонечны,
хоць тым, хто маецца жыць,
яшчэ спатрэбіцца парасон.
|
Лясное маралітэ
Заходзіць у лес,
і, ўласна, губіцца ў ім.
Ведае яго навылёт і на птушыны пралёт,
адлёт вандроўны і прылёт наноўны.
Чуецца вольна ў няволі голля,
у іхніх заценях ды ценях,
зялёных скляпеннях,
у цішы, што ў вушы парушыць,
а што зруш, дык скрушыш.
Усё тут рыфмуецца,
як рыфмуюць дзеці.
Паміж кустом і дрэвам
ён як сусед трэці.
Роды ды плоды бачыць, распазнае,
узаемныя патаемныя звязкі, абавязкі,
скамечаныя пачаткі, зблытаныя парадкі,
а ў закутках выняткі.
Ведае, што тут часта – густа,
што выжыльна, адхільна,
што там высока да аблокаў,
а ў шчылінах шчыльна.
Якія мурашкі ў ярку, сасняку, мяшаным гайку,
чые скокі, праскокі, адскокі на бокі,
што тут грабам, што яварам, што лазой, што бярозай,
толькі смерць тут гаворыць
звычайнаю прозай.
Ведае, што тут бежкі ў праплешкі
самым скрайчыкам сцежкі
мільганула й прапала,
хоць шэдэўр дасканалы,
рыхтык ненатуральнае, звышнатуральнае.
Ведае, дзе готык-небадотык,
а дзе клубкасты барока,
што вось чыжык, вунь стрыжык,
там зябок пры зябку,
і ад калі на высеку
дыбары дубняку.
Ну а потым — дадому,
палянай, добра вядомай,
але ўжо непадобнай да бачанай рана.
І толькі споміж людзей бярэ яго злосць,
кожны зліць, а найвіньшы, хто ад іншых іншы.
|
Здарэнне
Неба, зямля, раніца,
гадзіна восьмая з чвэрцю.
Спакой і ціша
у зжоўклых травах саваны.
У воддалі чарнадрэвец
з лісцем заўжды зялёным
і разложным карэннем.
Але вось нейкі порух у блаславёным безруху.
Зрыванне ў бег дзвюх істотаў, хочучых жыць.
Гэта антылопа ў раптоўным уцёку,
а за ёю задыханая і галодная львіца.
Шансы іх абедзвюх пакуль што роўныя.
Нават пэўную перавагу мае ўцякачка.
І калі б не той корань,
што тырчыць з-пад зямлі,
калі б не той скульг
аднаго з чатырох капыткоў,
калі б не чвэрць секунды
парушанага рытму,
з чаго карыстаецца львіца
і адным доўгім скокам –
На пытанне, хто вінаваты,
нічога, толькі маўчанне.
Невінаватае неба, circulus coelestis.
Невінаватая terra nutrix, зямля-карміцелька.
Невінаваты tempus fugitivum, час.
Невінаватая антылопа, gazelle dorcas.
Невінаватая львіца, leo massaicus.
Невінаваты чарнадрэвец, diospiros mespiliformis.
І назіральнік з лярнэткай пры воку,
у такіх, як гэты, выпадках
homo sapiens innocens.
|
Уласна, кожны верш
Уласна, кожны верш
мог бы мець загаловак «Хвіля».
Досыць адной фразы
у цяперашнім часе,
мінулым і нават будучым;
досыць, што нешта,
словамі несенае,
прашаматне, прабліскане,
праляціць, праплыве,
роўна як застаецца
і ў гэтак званай нязменнасці,
але з ценем мянлівым;
досыць, што ёсць гаворка
пра некага побач з некім
або некага побач з нечым;
пра Алю, што мае ката,
або яго ўжо не мае;
або пра іншых аляў,
катоў і не катоў
з іншых буквароў,
перагортваных ветрам;
досыць, калі ў абсягу позірку
аўтар змесціць дачасныя горы
і нетрывалыя даліны;
калі пры гэтай аказіі
нагадае пра неба,
толькі з выгляду вечнае і няўзрушнае;
калі з’явіцца пад рукой пішучай
хоць аднюськая рэч,
рэччу чыёйсьці названая;
калі чорным па белым,
ці хоць бы ў дадумцы,
з важлівай або кепскай прычыны,
будуць пастаўлены знакі пытання,
а ў адказе –
калі двукроп’е:
|
Пераклад з польскай мовы
Ніны Мацяш
Вершы з кнігі «Dwukropek»
выд-ва а5, Кракаў, 2005 г.
|
|