Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Міхась СКОБЛА

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ

Брылёва Крынічнае хацелася ехаць. Каб пабачыць хуткаплынны, нібы горная рэчка, Нёман, які, выцяўшыся аб абрывісты, умацаваны карэністымі старадрэвінамі бераг, імкліва паварочваў у бок бязлеснай балацявіны. Каб пахадзіць паміж наднёманскіх маладых стогадовых дубоў, якія паўцякалі з мяшанага хвойна-бярозавага лесу да ракі, на адзіноту. А насамперш, каб сустрэцца з Гаспадаром, які звычайна выбіраўся летаваць у гэты малалюдны лясны куток.

Прырода ў Крынічным думала пра будучыню: дубы няспешна назапашвалі жыццёвую моц і сілу; Нёман нястрымна ірваўся наперад, каб у панізоўі пацячы спакойна і раздольна, як і належыць вялікай рацэ. Здавалася, дубы і Нёман запрашалі з сабой у трэцяе тысячагоддзе і людзей. Ці не таму вядомы брылёўскі выраз «трохі пра вечнае» так і хочацца «прыпісаць» да крынічанскага спрадвечнага ландшафту?..

Усіх сваіх гасцей Янка Брыль вадзіў да прыдарожнай бярозы, што вырасла з дубовага пня. Гадоў дваццаць таму бярозавае семя дзіўным чынам прарасло на тым пні, і падземная, жывая частка дуба не адпрэчыла кволы парастак, а па-бацькоўску аддала яму ўсю пазасталую ў вузлаватых каранях сілу. За два дзесяцігоддзі вымахала станістая бяроза. Яна і сёння стаіць на пні-пастаменце, як дзівосны сымбаль спалучанай красы і сілы, нагадваючы пра несмяротнасць жыцця.

І была ва ўсім гэтым нейкая невыпадковасць, быццам прырода, перш чым вытварыць дрэва-цуд, параілася з Гаспадаром. «І пошум трапяткі бярозы, і дуба роздум векавы.» Нездарма Брыль любіў Міхася Стральцова.

Звычайна ён хутка вяртаў прачытаныя кнігі. А стральцоўскае выбранае ў светла-жоўтым пераплёце прытрымаў. І я зразумеў, што гэтая кніга з удумлівай прадмовай Алеся Адамовіча патрэбная яму. І я зманіў. Сказаў, што ў мяне ёсць яшчэ адзін асобнік Стральцова, куплены пра запас. Брыль падзякаваў і, ведаючы пра мае літаратурныя зацікаўленні, падараваў у адказ томік паэзіі Ліны Кастэнкі. Але ж і без Стральцова я жыць не мог. Давялося гады два мэтанакіравана абшукваць букіністычныя кнігарні. І дапільнаваў-такі. Але ні на хвіліну не пашкадаваў, што мой Міхась Стральцоў перабраўся ў брылёўскую шафу Найлепшых.

З Валянцінай Аксак і Міхасём Скоблам.
Пра адносіны Брыля да кнігі трэба пісаць асобна. Другога такога кніжніка хіба і не ведала наша пісьменніцкая сябрына. Не збіральніка кніг, а менавіта чытача.

Лічыцца, што чалавек за сваё жыццё можа прачытаць да 12 000 кніг. А калі чытаць штодзень па кнізе на працягу 70 гадоў, без выходных, то – удвая больш. Колькі ж кніг прайшло праз рукі Брыля-чытача? Калі чытаеш яго самога, ствараецца ўражанне, што жыў Брыль у бібліятэцы – столькі ў яго згадак аб прачытаным, спасылак і цытатаў!

Толькі пры багавейным стаўленні да Кнігі магло прамовіцца: «Калі я чытаю добры твор, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову».

І міжволі згадваецца выказванне святога Аўгустына: «Адзінай прыкметай высакароднасці хутка стане веданне літаратуры». І стала. Я перакананы: чалавек, які час ад часу перачытвае светланосныя апавяданні Янкі Брыля, мае над сабой ахоўную аўру, пад якой няма месца подласці і хамству.

Аднойчы ацаляльная сіла брылёўскага слова праявілася на маіх вачах. Адну маладую жанчыну пасля нараджэння дзіцяці апанавала цяжкая дэпрэсія. Яна згубіла цікавасць да жыцця. Знаёмыя і сваякі што толькі ні рабілі. Давалі слухаць жыццярадасную музыку Грыга. Падсоўвалі альбомы мастакоў-імпрэсіяністаў. Прымушалі чытаць Біблію. Нічога не дапамагала. Я прынёс маладзіцы кнігу Янкі Брыля. Праз два дні маладая маці ўжо спявала над дзіцячым ложачкам калыханку: «Лю-лі, лю-лі, лю-лі-лю, я дачушку прытулю і спяю ёй, лю-лі-лю, як я ўдзячная Брылю...»

Часам можна пачуць, што вялікаму Брылю было зацесна ў абразках і мініяцюрах. Што варта было пісьменніку не забывацца і на больш буйныя жанры. Што жанр лірычнага запісу стары, як свет.

У выдавецтве «Беларускі кнігазбор»
з Міхасём Скоблам і Кастусём Цвіркам.
Хай сабе Брыль і не вынаходнік. Але ў зношаныя мяхі старых жанраў ён здолеў наліць маладога віна сваёй лірычнай прозы, паспрабаваўшы якога чытач не толькі хмялее ад эстэтычнай асалоды, але і прывучаецца думаць.

Сёння ўжо відавочна, што ў сваіх аповесцях Брыль застанецца непаўторным летапісцам заходнебеларускага жыцця. Да яго падобнай глыбіні ў спасціжэнні народнай душы, на маю думку, змаглі дасягнуць хіба толькі трое: Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны ды Іван Мележ.

Гэта многа – знайсці і паказаць усім, urbi et orbi, сваю Беларусь.

Якая гэта раскоша – захапіць з сабою ў вёску трохтомавік Янкі Брыля і чытаць, і перачытваць «Цуды ў хаціне», «Сёння Дзяды!», «Пасынак», «Як маленькі»! Дзівіўся і дзіўлюся той арганічнасці пачуццяў і перажыванняў, з якіх вылеплены вобраз майго любімага брылёўскага героя – Даніка Мальца з «Сірочага хлеба». Здаецца, аўтар прыслухаўся да евангельскага пажадання «быць як дзеці», і яму шчасліва ўдалося вярнуцца ва ўласнае маленства.

І тут ізноў прыгадваецца Крынічнае і амаль неверагодны факт, які меў месца ў гэтым лясным селішчы. Непадалёк ад лецішча Брыля нехта атрымаў кавалак зямлі і распачаў будаўніцтва. Прычым дом узводзіў з перавезенага аднекуль зруба. Вянец да вянца, вушак да вушака са старога смалістага бярвення...

І якое было здзіўленне Янкі Брыля, калі аднойчы, выйшаўшы на шпацыр, ён апазнаў у новапаўсталай хаціне сваю школу, у якую хадзіў у роднай Загоры! А да яе кіламетраў пятнаццаць. І гэта – калі напрасткі цераз лес... Выпадковасць? А мне здаецца – падарунак Бога. Бо якраз загорскае маленства сталася для пісьменніка той бяздоннай студняй, з якой ён чэрпаў і чэрпаў вобразы і тыпажы. Загора яго сілкавала. І вось – часцінка Загоры, прытым адна з самых дарагіх часцінак, дзівосным чынам апынулася ў Крынічным пад вокнамі брылёўскага лецішча! Памятаю, з якім узрушэннем дзяліўся са мной Брыль гэтай сваёй неспадзяванай радасцю...

Увогуле, і ў сталым веку Янка Брыль не развучыўся па-дзіцячы бачыць і адчуваць паэзію прыроды. Пацвярджэннем гэтаму – нізка «прыродазнаўчых» абразкоў «Перад яе красой», якая сваім лірызмам нагадвае паэму ў прозе. І Брылю дарагі гэты стан далікатнага судакранання з прыродай. У адным з запісаў ён прызнаўся: «Дайшоў аж да юнацкай радасці – пераклаў і, здаецца, удала, цудоўны верш Буніна «И цветы, и шмели, и трава, и колосья...» Пераклад ні на кроплю не сапсаваў арыгіналу. Вось ён, гэты бунінска-брылёўскі шэдэўр:

Травы, кветкі, чмялі, каласы не гайдаюцца
І ад спёкі блакіт не зміргне…
Прыйдзе час – добры Бог у бадзягі спытаецца:
«Знаў ты шчасце зямное, ці не?»

І пра ўсё я забудуся, толькі пабачу
Палявую дарогу, траву, збажыну –
І душу, анямелую ў слодычы плачу,
Да каленяў Яго прыхіну.

Брыль – перакладчык паэзіі? Прызнацца, я таксама вельмі здзівіўся, калі выпадкова напаткаў брылёўскія пераклады ў зборніку «Паэты Ленінграда». А паколькі выходзіў той зборнік у далёкім 1948 годзе, то і падумалася адпаведна пра ўзроставы поцяг да паэзіі – хто ж у маладосці вершаў не піша... Але ў Брыля з паэзіяй дружба пазаўзроставая, пажыццёвая. Аказваецца, друкаваўся ён і як паэт – у віленскім часопісе «Шлях моладзі». І нават хацеў уключыць свае вершы ў першую кнігу, ды адгаварыў рэдактар – Кандрат Крапіва. А перакладаў Брыль не толькі ленінградскіх паэтаў і Буніна, яшчэ і Адама Міцкевіча. Але паэзія жыве не толькі ў рыфмах і рытмах – сваіх ці чужых. У Брыля паэзія рассыпаная па ўсёй прозе, як раса на ранішняй траве.

Камертонам ягонага творчага настрою была прырода. Дакладнасць сказа, слова, гука падказвала яна. «Вецер вышугаў хату». «Гразь сцягнулі першыя прымаразкі». «Прыпадняўшы вуха трусінай шапкі, я спакваля настроіўся на калыханку ціхенькага пошуму ў вершняку». Апошнім сказам захапляўся Міхась Стральцоў, сам ва ўсіх жанрах схільны да паэтычнага пісьма.

Паэзія ў брылёўскай прозе ўтрымліваецца, як сок у яблыку. Выцісні яе, аддзялі адно ад другога – і страціцца смак, застануцца жамерыны.

У брылёўскім клавіры гучання прыроды няма фальшывых нотаў. Усё суладна. Таму папракаць пісьменніка ў празмерных паэтызмах – тое самае, што рэвізаваць гармонію.

«Спяваюць, грэючыся песняй, жаваранкі».
«Цымбальныя скокі дажджу па вадзе».
«Сонца праз хмары падперлася косамі».
«Маланка хрысціцца, як спалоханая маладзіца».

Хто з нашых празаікаў так паэтызаваў-адухаўляў прыроду?..

Тут успамінаецца малітоўная просьба святога Францішка з Асізі: «Калі ласка, людцы, будзьце мудрымі, як братка наш дзьмухавец і сястрыца маргарытка. Яны ніколі не дбаюць пра заўтрашні дзень, а ў іх кароны – як у каралёў ці імператараў...»

Францішак Асізскі служыў «птушыныя месы».

Янка Брыль голас Натуры ператвараў у гук сакральны. Амбонаю служыла яму ўтульная мансарда, вокны якой адчыняліся ў кроны, у аблокі, у шчэбет, цёхканне і курлыканне.

«Краса прыроды клікала да чысціні душы», – як прызнаўся ён сам.

Аднойчы на пачатку жніўня мы з сябрамі ехалі ў Крынічнае, каб павіншаваць Гаспадара з днём народзінаў. Калі перад Беражным міналі лясную вёсачку Ініца, Анатоль Сідарэвіч згадаў, што там усталяваны мемарыяльны знак пісьменніку Уладу Ініцкаму. Збочылі да памятнага каменя пасярод вёскі. Пакуль сябры чыталі прымацаваную да каменя шыльду ды захапляліся прыгажосцю наваколля, я прыладзіўся на багажніку легкавіка надпісаць кнігу, якую меўся падараваць Брылю. Напісаў колькі словаў, і раптам проста на верх асадкі прысеў прыгажун-матылёк, бела-чырвоны лятун з двума сінімі пацерчынамі на крыльцах. Паўлінава вока. Я знерухомеў, затаіў дыханне... Сябры прыспешвалі ехаць, няўцямна азіраліся на мяне з салона аўто, а я не мог патрывожыць матылька.

Потым у Крынічным, падносячы Брылю кнігу, я пажартаваў, што аўтограф на ёй напісаны ў суаўтарстве з матыльком.

Іван Антонавіч засмяяўся і сказаў, што калі ён працуе пры адчыненым акне, матылькі залятаюць і бязбоязна садзяцца на пісьмовы стол.

Паводле народных уяўленняў матылькі – гэта душы памерлых людзей. Хто ведае, магчыма, да Брыля прыляталі душы ягоных шматлікіх сяброў, якіх ён надоўга перажыў і якіх увесьчасна ўспамінаў у сваіх абразках...

Калі Янку Брыля хавалі на могілках у няблізкіх Калодзішчах, прырода старалася адпавядаць таму бунінскаму вершу, якім калісьці захапляўся Нябожчык. І каласы не хісталіся, і ад спёкі блакіт не міргаў, і палявая дарога патанала ў збажыне. І над свежавыкапанай жоўтай магілай лёталі матылькі. Як перад акном, адчыненым на той свет...

У чэшскай Празе над брамай, што вядзе на Вышаградскія могілкі, дзе знаходзіцца Пантэон вялікіх чэхаў, напісана: «Ač zemreli, ještě mluvi» («Хоць памерлі – яшчэ прамаўляюць»).

І хочацца папрасіць усё беларускае чалавецтва: чуйма голас Янкі Брыля з-за высокай брамы Вечнасці!

Фота Cяргея ШАПРАНА.

Гл. таксама:
:: У ВЯНОК ПАМЯЦI ЯНКУ БРЫЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY