Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Ала СЯМЁНАВА

ШЧАСЦЕ БЫЦЦЯ — МУДРАСЦЬ ВЕЧНАСЦІ

«Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне,
але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае» (Ян 6, 27).

Жыццё вечнае, да якога наблізіўся Янка Брыль... Менавіта пасля гэтай апошняй мяжы зямнога шляху адкрываецца сапраўдная сутнасць значнай часткі нашага існавання.

А ў Янкі Брыля яно, без перабольшання, адпавядала хрысціянскаму, агульначалавечаму ідэалу. Жыццё — сакральны дар. У ім Бог выяўляе сваю таямніцу і сваю шчодрасць. І скарыстаць гэты дар на «зямлі жывых» (пар. Пс 26, 13) трэба паводле Провіду Божага і запаведзяў Божых.

Янка Брыль жыў доўга і памёр «у старасці добрай, насыціўшыся днямі» (пар. Ёв 42, 17). Меў добрых дзяцей і ўнукаў. Меў вялікі плён творчай працы. І да апошняга дня выходзіў з ранку «на дзеі свае і на працу сваю да вечара» (пар. Пс 103, 23).

І быў ён, Янка Брыль, як і Васіль Быкаў, сумленнем нацыі, гонарам нацыі, духам яе.

Роўныя і розныя. Заўсёды з вызнаннем гармоніі — спакойны, мудры, надзейны, што Ноеў каўчэг, ад зямлі, але не заземлены, а магутна моцны, з прыхільнасцю да гуманізму класічнага складу, Янка Брыль. І як жывы нерв народа, эпохі, з завостраным трагічным светаадчуваннем, усведамленнем крызісных сітуацый і крызіснай надломанасці часу, духоўнай прасторы ХХ стагоддзя — Васіль Быкаў. Тры гады — як мы праводзілі ў апошні шлях Васіля Быкава. Тры дні — як развіталіся з Янкам Брылём...

Той момант, калі яшчэ не даеш веры таму, што адбылося... А рука — звычна і ўжо крыху інакш — цягнецца да паліцы з яго прозаю.

Моцная народная, глыбінная, сутная сіла, што ўмее валодаць сабою, стрымліваць сябе. Традыцыя, такт, культура...

Апавяданні, эсэ, раман... Мініяцюры...

Сувымернасць пісьма паміж бытапісальніцтвам, псіхалогіяй, філасофіяй, мастацтвам. Мысленне і свядомасць таго складу, што можна назваць сапраўдным, калі не ідэальным. Ён умеў вяртаць думку да яе прыроды і першаасновы. Ніколі не мітусіўся, заўсёды быў поўны годнасці. У спосабе пазнання свету на ўсё глядзеў з духоўнай вышыні гісторыі, чалавецтва, з вышыні тых маральных імператываў, што так ці інакш зацверджаныя хрысціянскімі запаведзямі.

Ён разумеў чалавечую натуру з усімі яе крайнасцямі, але не затрымліваў увагі на анамаліях, вывіхах светаўспрымання, алагізме ўчынкаў і свядомасці — не таму, што не ўмеў. Проста ў яго быў такі тып эстэтычнага зроку, калі ўсе выявы рэчаіснасці павінны разглядацца паводле векавой духоўнай традыцыі, у кантэксце выснаваных духоўных каштоўнасцяў. Ён не маніпуляваў чалавечымі пачуццямі, не захапляўся калажамі выштукаваных росшукаў, не баяўся традыцыі, часам імкнуўся быць падкрэслена простым, ледзь не элементарным. Але за гэтым былі — багаж ведаў, мастацкая інтуіцыя, бездакорны густ, выснаваная эстэтычная логіка.

Тонкі гумар... Непадробны стыль... яго, Брылёва, слова... Прадуманага, лёгкага і важкага адначасова. Трапнага. Яго мелодыка. Яго фарбы. Яго водар...

Свет Янка Брыль успрымаў і як гаспадар, працаўнік, і як паэт, рамантык, летуценнік. Пейзаж у яго — і ў простых, канструктыўных высновах: зямля, луг, дождж, паша... І ў яго натхнёна заўважаных імгненнях: «на цэлым свеце — белы снег», «белае шчасце», «непераможна белы снег». І такая вось філасофска-лірычнага складу думка: «Сум палёў і раўненне на вечнасць».

Лірык, майстар акварэльнага эцюда, творца з непаўторнымі рухамі душы, Янка Брыль умеў быць і з’едліва-назіральным, і эпічна-разважлівым. І — мудрым. Мудрым. Мудрым. Адчуваў тое, што не мае пачатку і канца. Бясконцую выснову жыцця...

Умеў цаніць гэты высокі дар — жыццё. Шчасце быцця. У высокім, эпахальным, гістарычным. У імгненні. У вясковым ранку. У познім вечары. У пошуме дрэваў... Якія і сёння вядуць сваю размову па ўсёй зямлі. У Крынічным. У вёсцы Загора. У Наваградку. У Мінску. У Калодзішчах, там, над яго апошнім прыстанкам. Адкуль ён крочыць у Вечнасць, увасобіўшы ў Слове шчасце і гармонію быцця. І перадаўшы гэты Дар нам. Як спадчыну мудрасці, хараства, сумленнасці, чысціні, вернасці — Айчыне, самому сабе, людзям.

 
Гл. таксама:
:: У ВЯНОК ПАМЯЦI ЯНКУ БРЫЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY