|
|
№
3(37)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas
In memoriam
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
Кантэкст
З архіваў часу
Мастацтва
|
Пачатак у №1(35)/2006
«Хачу прамовіць ад імя тых, хто не мае слова…»
Былы прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі Алесандро Пэрціні быў камуністам і не верыў у Бога. Падчас ІІ сусветнай вайны ён належаў да руху супраціўлення і нават уваходзіў у так званае «павуцінне» — групу, якая павінна была забіць Мусаліні. Заняўшы пасаду прэзідэнта, ён з вялікаю павагаю ставіўся да Яна Паўла ІІ, але толькі як да кіраўніка Дзяржавы Ватыкан. Ян Павел ІІ як Папа — Галава Каталіцкага Касцёла — нічога для яго не значыў. Аднойчы, напрыканцы ранішняй аўдыенцыі, асабісты сакратар Папы пралат Станіслаў Дзівіш перадае мне даручэнне ісці на верталётную пляцоўку. Я не ведаў, што адбываецца. На гэты дзень не было запланавана нічога такога, з-за чаго трэба было б пакідаць Ватыкан. Я пытаюся ў пілота, куды мы паляцім, але ён таксама нічога не ведае. Праз пяць хвілін пад’язджае машына, з якой выходзіць Святы Айцец і прастуе да верталёта. Праз хвіліну мы ўжо ў паветры і ляцім у бок мора. Я ўсё яшчэ нічога не разумею! Толькі пабачыўшы з вышыні берагавую лінію, я зарыентаваўся, што верталёт бярэ курс на Капо Котта. Праскочыла думка: «Не! Гэта немагчыма!». Аднак праз хвіліну верталёт сеў непадалёк ад летняй рэзідэнцыі прэзідэнта на Капо Котта. Як звычайна, я першым выйшаў з верталёта і апынуўся сам-насам з прэзідэнтам Пэрціні. Не ведаю, ці атрымалася ў мяне схаваць сваё здзіўленне. Калі ў верталётным люку з’явілася постаць Папы, прэзідэнт падышоў да яго і хутка сказаў: «Добры дзень, Ваша Святасць! Дзякуй за тое, што прынялі маё запрашэнне». Я не верыў сваім вушам. Я быў упэўнены, што ён скажа толькі «Святы Ойча Яне Паўле ІІ», але ніяк не «Ваша Святасць». Пасля ён запрасіў Папу ў сваю машыну, і яны паехалі ў бок прэзідэнцкай вілы.
З таго часу па некалькі разоў на тыдзень прэзідэнт Пэрціні тэлефанаваў асабістаму сакратару Яна Паўла ІІ. Нават на смяротным ложы, на хвіліну выходзячы з комы, ён клікаў свайго сябра Папу. І Папа прыехаў да яго, каб развітацца. Ці было гэта сапраўднае навяртанне або толькі сяброўства? Гэта была дзіўная сітуацыя. Сам Пэрціні дакладна быў ахрышчаны, а яго маці была вельмі веруючай. Мне здаецца, гэта было амаль што сапраўднае навяртанне. Калі б ён пажыў крыху больш, хутчэй за ўсё, так яно б і было. Але скажу шчыра: я не баяўся б занадта за такіх атэістаў, як ён, які на смяротным ложы клікаў Папу. 1 снежня 1989 г. адбыўся гістарычны візіт у Ватыкан прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Той, хто думае, што гэта не мае нічога агульнага са святасцю жыцця Яна Паўла ІІ, памыляецца. Міхаіл Гарбачоў тройчы быў з візітам у Папы, і вынікі тых візітаў вядомыя ўсяму свету. Але, безумоўна, першы з іх быў самым важным і беспрэцэдэнтным. Пазней Міхаіл Гарбачоў шмат разоў падкрэсліваў, што без гэтага Папы было б немагчымым тое, што адбылося ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Праўда і тое, што без удзелу Гарбачова і яго рашучасці гэта таксама было б немагчыма. Без гэтага камуністычная імперыя не распалася б.
Я ведаю, што Папа размаўляе па-руску. Калі яны размаўлялі сам-насам, напэўна, гаварылі на гэтай мове. Але толькі ім вядома, пра што была тая размова. У любым выпадку, неўзабаве пасля яе паміж Ватыканам і ў той час яшчэ Савецкім Саюзам былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны. Апошні візіт Гарбачова ў Ватыкан адбыўся падчас вайны ў Косаве. Тады тут праходзіла канферэнцыя, прысвечаная праблемам міру ў свеце. Пасля канферэнцыі Святы Айцец размаўляў з Гарбачовым, і савецкі прэзідэнт сказаў (паўтараю так, як я запамятаў у перакладзе з рускай мовы на італьянскую): «Ваша Святасць, прэзідэнт Гарбачоў больш, чым калі-небудзь, просіць паказаць яму пэўны шлях, па якім мы, палітыкі, маглі б пайсці, каб сапраўды прывесці свет да міру». Каля яго стаяла Раіса Максімаўна, якой сёння, на жаль, ужо няма, — жонка Гарбачова. Што гэта была за жанчына! Яна глядзела на Папу так, як быццам ён адным сваім словам мог бы ўсталяваць мір ва ўсім свеце. Яна так моцна верыла ў яго магчымасці! Я вельмі паважаю Міхаіла Гарбачова. Я ніколі не мог бы падумаць, што ён вось так вокамгненна прыме папскую місію міру, бо ён жа быў з-за «жалезнай заслоны», з лагера, дзе душылі свабоду. Для мяне гэта быў яшчэ адзін цуд. Міхаіл Гарбачоў шмат разоў запрашаў Святога Айца ў Расію. Пераварот і наступныя падзеі, у выніку якіх прэзідэнт страціў уладу, змяшалі ўсе планы і знішчылі тое, што ўжо было папярэдне падрыхтавана. Да ўлады ў Расіі прыйшоў Барыс Ельцын, які таксама даваў зразумець, што для яго важна, каб гэты візіт адбыўся. Ён нават прыехаў у Рым і паўтарыў запрашэнне. Мне здаецца, перашкоды стварае Праваслаўная Царква, хоць тэарэтычна Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква знаходзяцца на шляху да ўзаемаразумення. На практыцы Ян Павел ІІ некалькі разоў звяртаўся да Алексія ІІ з просьбаю аб сустрэчы. У выніку аж тройчы запланаваная сустрэча так і не адбылася. Не па віне Папы. Апошні раз усе спадзяваліся на сустрэчу ў Вене, калі Ян Павел ІІ знаходзіўся там з візітам. Былі вызначаныя нават такія дробязі, як час: паўтара дні. І зноў нічога не атрымалася. Аднак мне здаецца, што не ўсё залежыць нават ад Алексія ІІ. На маю думку, супраць гэтага выступае сінод. Але падкрэсліваю: гэта толькі мая здагадка.
Праз пяць гадоў адбыўся другі візіт. Вітаючы Яна Паўла ІІ у аэрапорце, чэшскі прэзідэнт вельмі выразна вымаўляў словы: «Я, Вацлаў Гавел, прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі, вітаю Вашу Святасць…». Прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі! Хачу нагадаць, што падзел краіны на Чэхію і Славакію прайшоў без аніводнага стрэлу, без усялякіх ахвяраў. Было дастаткова ўмела правесці дыялог, як гэтаму вучыў Ян Павел ІІ. Гэты незвычайны чалавек пайшоў за голасам Святога Айца, які паказаў яму шлях падчас свайго першага візіту ў Чэхаславакію, цалуючы зямлю і ў аэрапорце ў Празе, і ў аэрапорце ў Браціславе.
Гэта толькі маё асабістае ўражанне, але я ніколі не сумняваўся ў тым, што нешта павінна адбыцца. Будучы заўсёды поруч з Янам Паўлам ІІ, я ведаў, што раней ці пазней здарыцца тое, што здаецца немагчымым — адбудзецца цуд. У Польшчы пройдуць свабодныя выбары, будзе разбураны берлінскі мур… Я таксама прадчуваў змены ў Расіі. У той момант, калі Міхаіл Гарбачоў прывітаўся з Папам, калі іх вочы сустрэліся, быў як быццам падпісаны дакумент аб свабодзе для Расіі. «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» У 1998 г. падчас візіту на Кубу Ян Павел ІІ цэлебраваў святую Імшу на вялізнай плошчы Рэвалюцыі ў Гаване. На Імшы прысутнічаў Фідэль Кастро. Перад Камуніяй быў абрад супакою, і Папа выразна сказаў: «Перадайце бліжняму знак супакою». На момант я перахапіў позірк Папы: ён глядзеў проста на Фідэля Кастро. Той, нібы ўнікаючы гэтага позірку, схіліўся да свайго міністра па справах рэлігіі і нецярпліва спытаўся: «Што сказаў Папа? Што гэта значыць?». Як быццам у яго — выпускніка езуіцкай школы — раптам адняло памяць, або, можа, ён спадзяваўся, што спецыяльна, каб пазбегнуць канфузу, Святы Айцец прапусціць гэтую непрыемную для Кастро частку Імшы. І ў гэты момант адбыўся цуд: сціплая манашка, абмінуўшы ўсіх ахоўнікаў, адказных за бяспеку прэзідэнта, і выклікаўшы ў гэтых здаравенных хлопцаў, гатовых у любы момант пачаць дзейнічаць, непадробны жах, падышла да Фідэля Кастро, падала яму руку і пацалавала ў руку чалавека, які забіў столькі святароў і манашак! Кастро не паспеў апамятацца, а да яго ўжо падышоў святар і таксама падаў яму руку, за ім — наступны… Тысячы людзей з напругаю назіралі гэтую сцэну на вялікіх маніторах, і раптам выбухнулі бурныя воплескі. Магчыма, многія з іх упершыню праз 40 гадоў падалі адзін аднаму рукі, таму што чалавек у белым адзенні сказаў: «Перадайце бліжняму знак супакою». Старыя людзі плакалі, а моладзь… Магчыма, некаторыя з іх увогуле ўпершыню пачулі гэтыя словы: не прамовы пра рэвалюцыю, а словы любові і салідарнасці. Я паглядзеў на Святога Айца і ўбачыў самае галоўнае: ён ведаў, што яго зразумелі. На заканчэнне святой Імшы, калі над плошчаю Рэвалюцыі ўзняўся моцны вецер, Ян Павел ІІ сказаў: «Той вецер, што дзьме сёння, — гэта сімвал Святога Духа. Гэта значыць, што Дух Святы прыходзіць на Кубу».
(…) Другі візіт Яна Паўла ІІ у Нікарагуа ў лютым 1996 г. быў зусім не падобны да таго першага. Я не ведаю, колькі мільёнаў жыхароў у гэтай краіне, але з-за натоўпаў людзей, што займалі кожны лапік зямлі, не было відаць ні дамоў, ні дрэваў. Прыйшлі ўсе, як быццам жадаючы кампенсаваць яму цяжар і непрыемнасці першай пілігрымкі, якая пазней прынесла ім свабоду і магчымасць з мазалямі будаваць дэмакратыю. А ці скарыстаў ён для гэтага хоць штосьці, акрамя словаў Евангелля? У Мексіцы быў такі вельмі драматычны выпадак: нечакана перад Папам з’явіўся індзеец-кампэзінос — селянін — і пачаў выкрыкваць усю сваю крыўду: што звяры жывуць лепш за людзей, лепш за індзейцаў. Ён скардзіўся на галечу і прыніжэнне, у якіх жыве ён і ўсе тыя, што паслалі яго прамовіць ад іх імя; на парушэнне ўсіх правоў і на дыскрымінацыю. Раптам, нават не скончыўшы фразы, ён пачаў адыходзіць. Хтосьці даў яму знак змоўкнуць. І ён змоўкнуў. Святы Айцец устаў і папрасіў яго вярнуцца і сказаць да канца ўсё тое, што ён хацеў. Індзеец дрыжаў ад страху. Тады Папа сказаў: «Цяпер я буду казаць за цябе і за іншых». Штосьці падобнае здарылася ў шахцёрскім мястэчку Ароро. Пасярод дарогі да Яна Паўла ІІ падышоў мужчына, узрост якога я не бяруся вызначыць: настолькі яго выгляд быў знявечаны цяжкаю працаю ў шахце. Ён трымаў у руцэ драўляную місу. За ім стаяла жанчына, за спадніцу якой трымаліся пяцёра маленькіх дзетак. «Паглядзі, Святы Ойча! Я цяжка працую і не маю чым накарміць сваіх дзяцей», — усклікаў мужчына ў роспачы.
Большасць моцных гэтага свету не разумеюць тых, хто галадае і церпіць; жанчын, якія мусяць гандляваць сабою, каб утрымліваць усю сям’ю. Ян Павел ІІ для абароны гэтых няшчасных выкарыстаў увесь свой аўтарытэт, бо ён сам уключыў гэта ў сваю пастырскую місію. Ён без вагання заступаецца за правы гэтых пакрыўджаных, нявінных людзей. Часам ён бывае нават вельмі рэзкі, жадаючы ў імя Евангелля пашаны да чалавека і яго жыцця, павагі да рэлігіі, традыцыі і культуры. Безумоўна, можа ўзнікнуць пытанне: «Што ён адзін здолее зрабіць з усім тым злом, якое ёсць на свеце?». Але яшчэ раней мы казалі, што дабром можна «заразіць». Вось толькі каб людзі жадалі зразумець шлях Евангелля, якім ідзе Папа… Ён не баіцца праўды пра жыццё, а таму яго слова нясе падтрымку і надзею. Таму моцаю сваёй веры ён можа злагодзіць боль і суцешыць. Як ён гэта робіць — аднаму Богу вядома. А акрамя таго, следам за словамі Яна Паўла ІІ цякуць грошы з Ватыкана туды, дзе яны найбольш патрэбныя. Калі б гэтыя сумы сталі вядомыя, вось бы ўвесь свет здзівіўся! Дзякуючы экуменізму я адчуў, што мая вера сапраўды ўмацавалася. Цяпер пра іншыя рэлігіі я мог не толькі прачытаць, але «дакрануцца» да іх, пазнаць і перажыць. Гэта не значыць, што папярэднія Папы нічога не зрабілі ў гэтым кірунку, але толькі цяпер як католік я змог параўнаць, ацаніць і яшчэ мацней палюбіць мой Касцёл. Я штодня дзякую Богу за тое, што Ян Павел ІІ сваім заклікам «Адчыніце дзверы Хрысту» павёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе хрысціянства і дзякуючы яму гэты Касцёл ужо больш не закрыты. Мой Касцёл адкрыўся і памаладзеў. Ян Павел ІІ — першы Папа за 400 гадоў — пераступіў недасяжны парог катэдральнага сабора ў Кэнтэрберы і быў прыняты арцыбіскупам Робэртам Рансі, як родны брат! Дзякуючы яму стала магчымаю канструктыўная сустрэча з лютэранамі ў Падэрборне падчас апошняга пастырскага візіту ў Германію, што прынесла адчувальныя вынікі. А між тым адкрытая размова ішла таксама пра вытокі рэфармацыі і прычыны падзелу, пачатага Марцінам Лютэрам. Падчас наведання сядзібы Сусветнай рады Цэркваў у Швейцарыі Ян
Шлях экуменічнага дыялогу, вызначаны Янам Паўлам ІІ, цяжкі, але ён няўхільна вядзе пад гару. Па ім трэба ісці паволі, загойваць стагоддзямі незалечаныя раны і вырашаць праблемы не толькі тэалагічнага характару. 27 кастрычніка 1986 г. Ян Павел ІІ абвясціў Сусветным днём малітваў за мір і запрасіў у Асізі людзей, веруючых у Бога. Ах, Асізі — вось гэта быў цуд! Цуд на зямлі святога Францішка, дзе Папу ўдалося сабраць вакол сябе вернікаў усіх веравызнанняў, Цэркваў і рэлігій. Былі юдэі і мусульмане, будысты і пратэстанты, праваслаўныя ўсіх абрадаў і нейкі бушменскі святар, не ведаю нават, якой рэлігіі. Усе былі ў зборы. Гэта быў сапраўдны цуд! Не падумайце, што я нейкі шаленец, але ў Асізі адчувалася Божая рука. Там, у Асізі, праявілася святасць гэтага чалавека, якога мы называем Янам Паўлам ІІ, намеры і пачынанні якога вядзе сам Бог. Толькі святы чалавек моцаю сваёй любові ў імя Бога мог гэта здзейсніць: сабраць натоўпы людзей з усяго свету ў адно месца, каб усім разам маліцца за мір. І гэта адбылося. Там была адна супольная малітва, якую распачаў Ян Павел ІІ словамі: «Ойча наш, каторы ёсць у небе…», а ўсе яе падхапілі, кожны па-свойму, у адпаведнасці са сваёй традыцыяй. Бог з’яўляецца Айцом для усіх: юдэяў, мусульманаў, праваслаўных, пратэстантаў… «Ойча наш, каторы ёсць у небе…» — у гэтай малітве заключаецца ўся вера кожнага чалаваека. У Асізі гэта было адчувальна і кранальна.
Працяг >>
Матэрыял і фотаздымкі да яго друкуюцца паводле альбома «Święty Ojciec. Arturo Mari. Wspomnienia i fotografie» з дазволу выдавецтва «Biały Kruk» (Польшча). Пераклад М. Гракава
|
|
|