|
|
№
3(37)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas
In memoriam
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
Кантэкст
З архіваў часу
Мастацтва
|
...Такіх натхнёных асобаў, са святым уяўленнем, якія маюць усе вершы ў галаве, якім дастаткова двух-трох словаў, і ўжо гатовая песня, якую яны ўмеюць спяваць без акампанементу нават і тады, калі слухаюць толькі кветкі ў вазоне; якія не баяцца чорнай дзіры адхлані, якія ўмеюць чэрпаць поўнымі жменямі промні... Якія не выпрошваюць у нікчэмнасцяў нават «цёплага» месца свайго адпачынку; якія не баяцца апошняй вандроўкі туды, куды Бог пасылае, бо ведаюць, што іх спакою не вытрымае ніводзін д’ябал... Якія ў думках кажуць: «Я хачу вам адкрыць вочы»... Глядзяць на ўсіх зверху, бо высокія ростам, але не забываюць, што Бог заўсёды вышэй за ўсіх... Бог, крыніца жыцця, даў Янку Брылю высокі рост і ўзрост, даў розум, плён таленту, даўгавечнасць, поўню жыцця, гэта значыць уменне не прывязвацца да багацця, хоць бы яно расло само па сабе... А мы, яго нашчадкі духоўныя, яго вучні, разгубіліся, калі ён пайшоў ад нас: не ведаем, што сказаць яму наўздагон, калі ён сам усё пра сябе сказаў... Меў добрае слова ад Бога, якое працавала, працуе далей, прыносіць плёны, трымае ў стане шчасця, бярэ удзел у поўні жыцця... Калі Бог благаслаўляе, Ён Сам і стаіць за тым словам, і нават болей: Сам дае сябе ў тым слове... З дарам слова, як з каханнем: яго нельга вызначыць іначай, як праз асабістае сведчанне.
Божанька, Ты надзяліў яго такім высокім ростам, што ён ішоў, як ляцеў. Бачыў усё зверху, меў перспектыву, г.зн. не прывязваў сябе да другасных рэчаў. Меў вялікі разгон. А ў нашай краіне — хоць даганяй за тры гады сто гадоў, якія пражылі суседзі, — усё роўна іх не дагоніш. А ці трэба даганяць, калі высокаму можна быць першым і ззаду?! Калі б я яго не ведала асабіста, ведала б пра яго не нашмат меней, таму што ён усе моманты свайго жыцця і жыцця сваіх блізкіх увёў у сваё добрае слова. Таму што з дзяцінства яго паэзія прозы ўдзельнічала ў фармаванні маёй асобы — у школе, у педвучэльні, у інстытуце... Калі ж выкладала родную літаратуру, вывучэнне яго творчасці было шчасцем, святочнай урачыстасцю, бо як родныя дзеці пад сэрцам, так пад сэрцам біліся яго прыгожыя героі: хлопчык Данік, Марыля, Галя з гарманістам Сярожам, Толя Руневіч, і шумелі яго ліпка і клёнік. Ён іх спісваў са сваіх родных людзей, а мы іх знаходзілі ў сваіх родных. Ён ствараў у слове добрым жывую Беларусь ва ўсіх маляўнічых, цёплых і змрочных праявах. Мы прытулялі яго, як нашу Беларусь, да сваёй вёсачкі, да свайго сэрца — усё яно неяк зрасталася, зраслося ў адно. Ён абняў, прытуліў і сагрэў усіх нас сваімі добрымі словамі. Побач з ім — крок у крок — ішоў яго малодшы сябра Валодзя Караткевіч, які ўзяў яшчэ большы разгон, хацеў убачыць, а што там свеціць беларусам, дзе нябёсы дакранаюцца да зямлі і тут жа ад яе адштурхоўваюцца... Залішне разагнаўся Валодзя, заляцеў у будучыню і згарэў там (целам — не духам!). Пакінуў не попел — а благаславенне Божых словаў. І мы іх маем. Янка Брыль бярог кожны дзень, дадзены Богам. Ён узвышаў нас у думках да свайго ўзроўню, прымаў нас за сваіх дзяцей. Беларусь была ягонай сям’ёй. Хоць і сваю сям’ю меў, бярог яе, шанаваў, апекаваўся як добры бацька. Янка Брыль ніколі не быў марнатраўным сынам. Быў сынам старэйшым, які зберагаў здабыткі роднай зямлі і памнажаў іх. Але найдаўжэй ён быў бацькам, духоўным бацькам беларускай інтэлігенцыі, які цярпліва вучыў усіх і чакаў цярпліва, калі блудныя сыны пазбіраюцца, памірацца са старэйшымі сынамі і прытуляцца да роднага цяпла. Былі яго сынамі ўсе, хто ведаў, разумеў і не зневажаў роднае слова, добрае слова. Развітацца з ім прыйшлі толькі сыны — беларуская эліта. Раптоўна вялікі двор каля яго малой кватэры запоўніўся людзьмі. Сынамі і дочкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі з жалобнымі стужкамі. Зацвіў ружамі і белымі лілеямі, кветкамі, якія вырасціла Беларусь, хоць было гарачае, сухое лета. А ў Варшаве плакаў Чэсь Сэнюх, удзячны, што Янка Брыль сказаў яму аднойчы: «А ты вазьміся за пераклад паэмы Якуба Коласа „Новая зямля!“» І даў яму гэтым словам работу на ўсё жыццё... Сціплая была мая задача — быць там, побач каля яго вечнага каўчэга, глядзець, плакаць, маліцца, дайсці да месца яго спачыну, потым прыехаць у Гародню. Я справілася. І вось цяпер зноў малюся, плачу і пішу гэта развітальнае слова. І маю надзею, што верны, адданы яму легіён анёлаў, які вызваліў яго з зямной няволі, цяпер суправаджае яго да Цябе, добры Божа. Прабач яму тыя зямныя грахі, якіх я не ведаю. Прымі яго ў Валадарства Тваё.
|
|
|