Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Ніл ГІЛЕВІЧ

МАСТАК. ГРАМАДЗЯНІН. АСОБА.

З Нілам Гілевічам у Крынічным.
Фота Анатоля Клешчука.
На пачатку — трохі прыватнага, асабістага.

На кніжных паліцах маёй кватэры — каля 30 тамоў і томікаў Янкі Брыля, у тым ліку — 20 з дароўнымі сяброўскімі аўтографамі. Першы надпіс зроблены 25 верасня 1959-га, 47 гадоў таму. На кнізе «Выбраныя апавяданні». «Таленавітаму, шчыраму чалавеку — дарагому Нілу Гілевічу. Янка Брыль». Вельмі люба і дорага было мне, яшчэ досыць маладому паэту, атрымаць такі падарунак ад ужо знакамітага майстра слова. А праз тры гады, летам 1962-га, у Омску (вярталіся з Далёкага Усходу) ён прапанаваў мне перайсці на «ты» — на чатырнаццаць гадоў маладзейшаму. «Не змагу, дарагі Іван Антонавіч, пакуль што — не змагу: дыстанцыя! Дайце падцягнуцца трохі...» Так былі зроблены прызнанні ў даверы і сяброўскай прыязнасці — з яго боку, і ў вялікай пашане — з майго.

Запомнілася: летам 1946-га купіў у Мінску першую кнігу Янкі Брыля «Апавяданні», якая пайшла ў вёсцы па руках і хутка была «зачытана» да лахмоцця; неаднойчы, яшчэ тады ж, рамантаваная мною, яна захоўваецца ў маёй бібліятэцы і сёння. Колькі гадоў назад Іван Антонавіч пабачыў гэту «рэліквію» і зрабіў на ёй надпіс. Асабістае нашае знаёмства адбылося ў 1953-м, у рэдакцыі «Маладосці», дзе ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара і куды я часта прыходзіў з вершамі.

Запомнілася (такое не забываецца): у сакавіку 1954-га, на сумесным пасяджэнні Камісіі па рабоце з маладымі і Камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў абмяркоўвалася мая кандыдатура. Брыля паклікалі ў суседні пакой да тэлефона. Вярнуўся ён, калі толькі што прагаласавалі: «Што — ужо? — спытаў ён яшчэ ад дзвярэй. — Прашу далучыць «за» і мой голас. З паметкай: у дзве рукі». І падняў абедзве рукі. Гэта было ў ягоным — вясёлым, духавітым — «стылі».

З той шчасліва незабыўнай пары мінула больш за паўстагоддзя. Сотні сустрэч, праходак-прагулянак, сумесных паездак, сотні пасядзелак з віном і песнямі, сотні шчырых, узаемадаверлівых размоў па тэлефоне... Так, больш за паўстагоддзя ішлі-беглі-праносіліся нашы паяднаныя службай Роднаму Слову дні. І вось — раптам усё гэта абарвалася. Назаўсёды. Усё недагаворанае-недасказанае ён панёс з сабою. І ўсяго недасказанага сябрамі ён ужо не пачуе.

«Гаварыце з чалавекам, покуль ён між вас, жывы», — так пачынаецца і заканчваецца ў мяне, у кнізе «Актавы», адзін вершык. Гаварыце, дарагія мае, гаварыце...

 
Фота Анатоля Клешчука.
Бог быў міласэрны і шчодры да Янкі Брыля і даў яму доўгі век — без дзесяці дзён 89 гадоў. З іх — амаль 70 ён працаваў у літаратуры (першыя, вучнёўскія спробы пяра лічыць не будзем). Выпадак, можна сказаць, унікальны ў гісторыі нашага краснага пісьменства, і з агульналюдскіх меркаванняў мы, яго сябры-чытачы, крыўдаваць на несправядлівасць лёсу не павінны. І аднак жа мы ўспрынялі гэтую цяжкую страту як заўчасную і зусім нечаканую. Па-першае, таму што выдатны пісьменнік быў у выдатнай творчай форме — ён толькі-толькі выдаў і надзяліў сяброў новай кніжыцай сваёй лірычнай прозы «Парастак». Па-другое, калі адыходзіць з жыцця такі пісьменнік як Янка Брыль — Мастак, Грамадзянін, Асоба з вялікай літары, — сэрцы нам працінае не толькі боль і шкадаванне, але і пачуццё накшталт, я сказаў бы, асірацеласці і разгубленасці, пачуццё — як падступны ўдар па нашай душэўнай пэўнасці і трываласці, як бы мы раптам трацім тое, што было моцным духоўным і маральным апірышчам для кожнага з нас — і для блізкіх сяброў, і для шматлікіх чытачоў. Як жа так? Жыць далей без Янкі Брыля — без магчымасці прачытаць у друку яго новыя сакавітыя-жыццядайныя радкі, без радасці спаткацца і пагутарыць з ім, пачуць яго голас і пераканацца, што пакуль ёсць, жыве і працуе побач, у адным часе з табою, гэты вялікі беларус і вялікі мудрэц — дык не ўсё так і страшна ў нашым растурзаным, раскілзаным, выбітым з каляіны жыцці.

Цяжка, вельмі цяжка змірыцца з думкай, што нас напаткала менавіта гэтая бяда — асірацеласць, жыццё без адчування на плячы яго вялікай, цяжкой і надзейнай мужчынскай дзясніцы — як жыццё без бацькоўскага бласлаўлення. Але рэальнасць факта не адменіш, і нам нічога іншага не застаецца, як працягваць жыць з ім, з ягоным словам, у душы і сэрцы, у памяці, як чытаць і перачытваць яго кнігі. Разумна і вельмі разумна будзе рабіць той, хто не будзе шкадаваць часу на чароўны плён яго працы — на раман «Птушкі і гнёзды», на аповесці (а іх каля дзесятка), апавяданні і эсэ, на лірычныя і аўтабіяграфічныя запісы. Чытач, пра якога кажу, будзе кожны раз узнагароджаны двойчы. Адзін раз тым, што ўвойдзе ў ясны і высозны свет волата духоўнай культуры, далучыцца душой да тых агульналюдскіх маральных каштоўнасцяў, без засваення якіх чалавеку не гарантавана стаць у дакладным сэнсе слова інтэлігентам; тым, што прасякнецца жыццядайным духам патрыятызму, родалюбства, скажам іначай — духам беларушчыны, пачуццём любові і пашаны да роднай мовы, да нацыянальнай гісторыі і культуры, да беларускай зямлі, — а без усяго гэтага сапраўднага інтэлігента ўявіць немагчыма. У той жа час, ці лепш сказаць — заадно, чытач будзе ўзнагароджаны тым, што атрымае рэдкую (зусім рэдкую!) насалоду ад мастацкай мовы яго твораў — жывой, сакавітай, каларытнай, дасціпнай, перасыпанай прымаўкамі і прыгаворкамі, адным словам — папраўдзе народнай беларускай мовы. І прасякнецца ўсведамленнем, што ён, чытач, — творца і гаспадар гэтай мовы, і што ён вялікі і слынны ў свеце толькі з ёю, а без яе — ніхто і нішто. Дык вось падкрэслім, што з такім нацыянальна-патрыятычным усведамленнем ішоў у літаратуру і малады Янка Брыль, бо ў яго былі мудрыя, вялікія папярэднікі-настаўнікі: Багушэвіч, Купала, Колас, Гарэцкі, Гарун, Цётка... Таму і сцвердзіў сябе і вырас у магутную постаць, што ад самага пачатку паіў свой талент з жыватворных крыніц роднай мовы, роднай песні, казкі і легенды, прыказкі і прымаўкі. Не помню, ці звярнуў хто ўвагу на цэнральны ідэйны матыў яго невялікай, несумненна аўтабіяграфічнай, аповесці «У сям’і» — на размову дзядзькі Міхася з пляменнікам Цімам. Аповесць гэта датуецца траўнем 1943-га, напісана пад нямецка-фашысцкай акупацыяй, Брылю было 25 гадоў. Цытую па яго першай кнізе «Апавяданні», падпісанай да друку ў канцы 1945-га, г. зн. ні пра якую пазнейшую апрацоўку-дапрацоўку тэксту думаць не прыходзіцца. «Сыны народа павінны пачаць гаварыць з народам народнай мовай». Паўтараю, гэта напісана ў 1943-м. А нібыта сёння — ці не праўда? З далёкай маладосці было для яго і перакананнем, і прынцыпам, і галоўным запаветам ад прашчураў — служыць народу сапраўднай народнай мовай. Ад маладосці — і праз усё жыццё. І было найпершым творчым стымулам, бо на іншай мове ён не змог бы не толькі тварыць, але і жыць.

У нашай сям’і, г.зн. і Нінай Іванаўнай і мною, перавага аддавалася тым пісьменнікам, чые творы вызначаюцца жывой, натуральнай народнай мовай, поўнай лексічных, фразеалагічных, інтанацыйных і вобразнавыяўленчых фарбаў. Як любіла падкрэсліваць Ніна Іванаўна, «усё цаню ў мастацкім творы — і востры напружаны сюжэт, і сацыяльную важкасць зместу, і дакладную псіхалагічную выверанасць, але мне гэтага мала — мне яшчэ дай слоўца ці фразу, каб можна было пакласці на зуб і пакруціць-пасмакаваць, як цукерачку. А яшчэ — каб не-не дый светла ўсміхнуцца напатканай дабрыні, хітраватай чалавекалюбнай дасціпнасці, а то і рагатнуць весела, голасна над якім сказам — над камізмам апісанай сітуацыі ці трапнай характарыстыкай героя».

Так, Брыль належыць да тых, на жаль, нямногіх у нашай літаратуры пісьменнікаў, творчаць якіх тысячамі ніцяў звязана з вялікай жыватворнай традыцыяй Беларускага Смеху — народнага гумару, іроніі і гратэску. Як вядома, гэта тая якасць народнага духу, якая сведчыць пра яго невычэрпную і неўвядальную жыццёвую сілу. І дзеля гэтага трэба чытаць і перачытваць Брыля.

Нарэшце, колькі слоў пра Янку Брыля як пра Грамадзяніна і Чалавека. Да яго надзвычай падыходзіць характарыстыка-вызначэнне — Асоба. Станоўчасць і паважнасць была ва ўсім — у грамадскай пазіцыі, у стаўленні да сваёй прафесійнай працы, у адносінах да калег і сяброў. Не віхляцца і не крывіць душой. Не кідаць слова на вецер. Сур’ёзнасць і годнасць — без ганарлівасці і пыхі. Ягоны пісьменніцкі і чалавечы аўтарытэт — абавязваў. У яго прысутнасці, як правіла, не дазвалялі сабе блазнаваць нават самыя безаглядныя жартаўнікі. Пошласці, як і ўсякага вульгарнага тону, ён не любіў — і ў пісаннях пісакаў таксама. Дробнае гадства ў друку з пагардай ігнараваў, бо быў занадта вялікі. А яўнай подласці не цярпеў і даваў ёй бой. Помню, як у 1954 годзе з трыбуны ІІІ з’езда пісьменнікаў Беларусі ён літаральна знішчыў аднаго занадта ідэйна-ўслужлівага крытыка, які правакацыйна напаклёпнічаў на творчасць Брыля. Гэта было больш за паўстагоддзя назад. Помню маё захапленне: «Ну Іван Антонавіч, ну малайчына! Вось у каго вучыцца, як трэба пры выпадку пастаяць за сябе!» Сёння дадаў бы: «За сябе і за Беларусь». Бо ў нас тыя, што плюндраць і б’юць праўдзівы талент — плюндраць і б’юць Беларусь. Бо Беларусь адраджае і сцвярджае сябе ў талентах. Яе ворагі гэта разумеюць і пнуцца не даць талентам ходу, замоўчаць і прынізіць іх, падмяніць няздарамі. Марная справа, марныя патугі. Вялікі пісьменнік Янка Брыль прайшоў і праз гэта — і застаўся вялікім пісьменнікам Янкам Брылём. Яго наважыліся абразіць нават і ў часіну цяжкога сямейнага гора — не дазволілі пахаваць на Кальварыйскіх могілках яго верную сяброўку жыцця Ніну Міхайлаўну, а значыць адмовілі пахавацца там і яму, побач з жонкай. І развітваліся з ім дзеці і сябры на могілках у Калодзішчах. Ворагі беларушчыны, па сваёй маральнай убогасці, думалі прынізіць пісьменніка, а не ведаюць, няшчасныя, што гэтым узвысілі яго. У той дзень, амаль тры гады назад, як адбылося гэтае хамства, у адказе на маё абурэнне ён сказаў: «Ах, якая розніца, і там беларуская зямля. Абы ў роднай беларускай зямлі...»

Абы ў роднай беларускай зямлі...

Яго вялікі запавет нам, браты і сёстры.

Гл. таксама:
:: У ВЯНОК ПАМЯЦI ЯНКУ БРЫЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY