Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Ірына ЖАРНАСЕК

РАЗМОВА ПАСЛЯ РАЗВIТАННЯ...

Памёр Янка Брыль — і сонечна-радасная ліпеньская раніца ўадначас зрабілася шэрай, змрочнай, бясколернай. І агарнула раптоўная невытлумачальная крыўда невядома на каго альбо на што за спакой гэтых некалькіх дзён на маёй роднай Глыбоччыне, якія па горкай іроніі супалі з днямі бяды, за тое, што позна даведалася пра гэтую бяду і ўжо не паспею, не змагу пабыць на пахаванні. Але разам з усім гэтым у душу закрадвалася спакуслівае: я не пабачу яго ў дамавіне. А можа, гэта сапраўды літасць лёсу, што я не бачыла яго мёртвым? Бо гэты чалавек для мяне заўсёды асацыяваўся з жыццём. Ягоная жыццярадаснасць, жыццесцвярджальнасць, замілаванне ўсялякай красой прымушалі і мяне таксама радавацца, набірацца ўпэўненасці і любові да жыцця. А ягоная агромністая любоў да кнігі заўсёды ўражвала, здзіўляла, захапляла і таксама вучыла любіць слова, кнігу, прыгожае пісьменства. Так я адчуваю слова Янкі Брыля. Так яно ўздзейнічае на мяне.

Калі б цяпер хтосьці запытаў, што галоўнае для мяне ў ягоных творах, што адказала б? Напэўна, дабрыня. Так, дабрыня, спагада, любоў да чалавека, усяго прыгожага ў ім. Уменне бачыць гэтае прыгожае, заўважаць яго ў найменшых, найслабейшых знешніх праявах, у святочным і будзённым, высока-ўрачыстым і тым, што зусім нізка, амаль на доле.

Адкрываю ягоную кнігу «Парастак», якую два тыдні таму, 11 ліпеня, пра што сведчыць штэмпель на канверце, атрымала ад Івана Антонавіча. Адкрываю і... не магу чытаць. Занадта вялікі боль. Яшчэ мне трэба прывыкнуць, што гэта ўжо памятка ад таго, каго няма больш на гэтым свеце. Бо яшчэ ў вушах, у памяці гучыць ягоны голас, наша апошняя размова тады ж, 11 ліпеня. Шчаслівая, што атрымала ад майго любімага пісьменніка чарговую ягоную кнігу, я пагартала, пачытала яе з большага і патэлефанавала яму, каб падзякаваць за дарагі падарунак.

Пасля кароткіх слоў прывітання пачула ягонае:

— Атрымала?

— Атрымала. Дзякуй. Яшчэ добра не прачытала, але во спяшаюся падзякаваць.

Жартуем, гаворым, радуемся гэтай размове і той прычыне, што выклікала яе, — ягонай новай кнізе. Кажу яму, што мне вельмі спадабалася вокладка. Кажу:

— Вокладка такая брылёўская...

Смяецца:

— Во прыдумала! Трэба сказаць гэта Міколу Новікаву, гэта ён рабіў здымак. А я прыдумаў, што сфатаграфаваць.

Потым (не быў бы ён Янка Брыль) пераключыўся на адну маю публікацыю ў «ARCHE» і пачаў казаць добрыя словы. Дзякую за іх, а ён зноў пераходзіць да іншага:

— Ці бачыш калі Марыю Баравік? Нядаўна ў «ЛіМе» такі харошы верш яна надрукавала пра тое, што трэба людзям казаць прыемнае, пакуль яны жывыя. Перадай ёй прывітанне і абавязкова скажы, што мне вельмі спадабаўся той верш.

Праз некалькі гадзін я выконваю ягоную просьбу і чую ў адказ шчаслівае Марыіна:

— Праўда?! Я так рада, што яму спадабаўся мой верш! Як жа я рада!

Так множыцца радасць. Унікальная здольнасць Янкі Брыля — множыць радасць сваім словам, творамі, нераўнадушнасцю да ўсяго і ўсіх.

У той жа размове я ўзгадала, як слухала ягоную гутарку па «Свабодзе», ягоныя творы, як потым дзялілася ўражаннем з Вінцэсем Мудровым. Кажу і чую новае, што зноў уражвае:

— А Вінцэсева жонка з Турца?

— Не ведаю, — прызнаюся разгублена.

І ён распавядае, як на адной сустрэчы падыходзіў да яго мужчына і казаў, што ён цесць Мудрова.

Пазней размаўляю з Вінцэсем і той сцвярджае, што гэта сапраўды было, але вельмі даўно...

Такі ён, наш Янка Брыль, чалавек з унікальнай памяццю і унікальнай любоўю да ўсяго жывога. Не хачу, не магу і наўрад ці змагу калі-небудзь сказаць, што ён быў. Ён ёсць. Бо ляжаць во на стале ягоныя кнігі, яшчэ некалькі — на паліцах, яшчэ — у знаёмых, якім я дала іх пачытаць, ёсць некалькі ягоных лістоў, а ў памяці ёсць сустрэчы з ім. Кожная — непаўторная.

Развітваючыся ў той дзень, я сказала, што збіраюся паехаць на нейкі тыдзень на Глыбоччыну. Ён парадаваўся і пахваліўся, што таксама збіраецца выехаць з Менску — у сваё Крынічнае.

— Кнігу Вашу я забяру з сабой, — паабяцала, — так што, яшчэ буду размаўляць з Вамі і там.

У адказ кароткае:

— Дзякуй.

І паўза. Як цяпер здаецца, штосьці было ў той паўзе вельмі значнае, трывожнае... А потым:

— Харошая ў нас, Іра, прафесія: развітаемся, а потым і яшчэ паразмаўляць можна, чытаючы кнігі.

Пасмяяліся. Пацешыліся, што ёсць яна, такая дзіўная прафесія, якая дазваляе людзям размаўляць нават тады, калі не чуеш голасу суразмоўцы.

Ведаю: буду часта размаўляць з Янкам Брылём, перачытваючы ягоныя кнігі. Вось толькі няхай адпусціць хоць трохі горыч, што сціскае сэрца пасля пачутых слоў: «Памёр Янка Брыль». Буду чытаць і... радавацца, што Беларусь мае такога сына.

...Калі б у мяне запыталі, з чым можна параўнаць напісанае Янкам Брылём, што адказала б? Бадай што, з летняй роснай раніцай. Так-так, з чысцінёй зіхоткай расы на дрэвах, кветках, траве. З брыльянцістай красой роснай раніцы, якую ён так любіў. А зрэшты, што я тут сказала новага? Ён жа сам гэта сказаў сваёй «Жменяй сонечных промняў», кнігай, праз якую я адкрыла для сябе гэтага пісьменніка. І палюбіла яго. А яшчэ лаўлю сябе на тым, што трохі, можа, нават зайздрошчу яму, ягонаму прыгожаму адыходу ў вечнасць. Выпусціць сваю апошнюю кнігу ў свае апошнія зямныя дні, убачыць яе, паспець парадавацца, разаслаць сябрам і... пайсці ў вечнасць, пакінуўшы сябрам і ўсім сваім чытачам магчымасць і надалей размаўляць з ім... Які пісьменнік не жадаў бы сабе такога?

Фота Сяргея Шапрана.

Гл. таксама:
:: У ВЯНОК ПАМЯЦI ЯНКУ БРЫЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY