|
|
№
3(37)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas
In memoriam
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
Кантэкст
З архіваў часу
Мастацтва
|
Краіна Беларусь, да апісання якой прыступаем, асабліва дарагая нашаму сэрцу, бо не адзіная сляза ды боль гэтыя повязі ўтварылі. Нашым намерам маецца даць чытачам не вучонае даследаванне, сухія бачынкі этнографа, а абразкі, якія дадуць нам уяўленне пра гэтыя мясціны. Часта краіну, якую апісваем, называем «Літвой». Ды і вялікі наш вяшчун Міцкевіч, калі апісваў наваградскія старонкі, ужываў гэтую самую назву: «Litwo, ojczyzna moja...» Мінулі тыя часы. Людская злосць моцна перамяніла наша жыццё, а неразумная зацятасць абвастрыла адносіны. Ніць, якая злучала два братнія народы, была абарвана. Што калісьці злучала любоў, сёння пашматаў пасеў нянавісці, а дзве сястры, ва ўласнай крыўдзе, знаходзяцца ў варожых адна да адной адносінах. Выраз «Літва» інакш сёння гучыць у нашых вушах. Ён насоўвае нашаму ўяўленню сумны стан гэтай разводкі, што, як паслухала паскудных нагавораў злога духа, традыцыйныя повязі парвала і шукае забароненых раскошаў, якія адзіна ёй нясмак ды роспач прынесці могуць. Пісаць буду аб краі, пераважна населеным беларусамі, такім чынам няхай мне можна будзе яго называць Беларуссю. Не знойдзеш тут, чытач, ані прысаку з’явішчаў той супольнай літоўскай «цывілізацыі». Яшчэ, бо касцёлы не зрабіліся месцамі нацыянальных адрахункаў, Бог любові пануе тут, а вернікі спяшаюцца да сваёй святыні, не бойку весці, а прысягі любові Богу складаць, палёгку і суцяшэнне ў сваіх пакутах знайсці. Праўда, і тут з’явіліся адзінкі, якія прагнуць замуціць спакой, але занадта глыбокія карані запусціла польская культура, каб тутэйшы народ даўся злапаць сябе на гэтую вудачку, да якой нянавісць прынадаю мелася быць. Аграмадныя абшары займае беларускі народ, аточаны ад усходу велікарусамі, ад поўначы летувісамі і латышамі, ад захаду і поўдня палякамі і маларусамі. Усе яны не перастаюць уплываць на жыццё і мову беларуса, а з-за таго гэтак неаднолькава гучыць беларуская мова ў размаітых мясцовасцях. На ўсходзе беларус болей ужывае русізмаў, а на захадзе — паланізмаў.
[...] Увесь гэты край не можа пахваліцца ані добраю глебаю, ані высокім узроўнем культуры. Нэндза ды ўбоства ёсць тут, на жаль, ажно занадта частым госцем. Нярэдка спатыкаем тут хаты без комінаў (курныя хаты), а постаць беларуса, убранага ў палатняную кашулю і лапці, звыклая з’ява. Аграмадныя абшары пакрыты балотамі, куды чалавек рэдка пранікае. Што ж тут дзіўнага, што не аднойчы сустракаемся тут з крайняй грамадскай ды нацыянальнай несвядомасцю. Адзін са святароў, калі аб’язджаў сваю занядбаную парафію, быў спытаны людзьмі, ці пануе яшчэ ў Варшаве кароль Станіслаў...1 Бедная Беларусь, яна ніколі не адыгрывала самастойнай ролі ў гісторыі, амаль заўсёды была цацкай у руках не заўсёды сумленных суседзяў. Ніколі, таксама, не мела яна багатай літаратуры. Ці ёсць беларуская мова самастойнай, ці толькі сапсаванай расейскай мовай? Пытанне гэтае неаднойчы сустракаем на бачынах размаітых выданняў. Як довад другараднасці беларускай мовы прыводзілі нястачу літаратуры, нястачу пісьменнікаў, якія на гэтай мове выказваюць свае думкі. Але ці было гэта колькі-небудзь істотным довадам? Бо запытаць належыць, а ці былі адпаведныя варункі для ўтварэння асобнай літаратуры? Аднак жа бываюць размаітыя прычыны, якія могуць стрымаць развіццё культуры, а менавіта гэтых у адносінах да беларусаў налічыць можна было б мноства. Аднак жа забаранілі друкаванне беларускіх ды летувіскіх кніжак, але тыя апошнія выдалі за мяжою, гэткаю блізкаю, а Беларусь, якая ляжыць далёка ад памежжжа, таго палягчэння не мела. З-за гэтага слаба развівалася летувіская літаратура, а беларуская была асуджана на застой. У кожным разе гісторыя напамінае аб другарадных творах, друкаваных на беларускай мове. Напрыклад, Літоўскі статут, які доўгі час дзейнічаў на Літве, друкаваны быў на беларускай мове. Гэтая мова мела не малое значэнне, калі пэўны перыяд часу ўважана была за ўрадавую мову. На гэтай мове таксама вяліся ўрадавыя акты, даваліся прывелеі. На жаль, шмат з тых дакументаў, якія сцвярджалі, што беларуская мова мела свае лепшыя часы, загінулі, аднак штосьці засталося. Таго «штосьці» найцалкам хапае, каб давесці, што беларуская мова не з’яўляецца чымсьці, на што можна б было не звяртаць увагі. У руках народа сёння яшчэ ёсць беларускія катэхізісы, што надрукавалі ў Полацку езуіты, якія нямала прыклалі намаганняў у кірунку беларускай мовы. 1860 год быў для Беларусі фатальны. Забаронена друкаванне беларускіх кніжак лацінскімі літарамі, а расійскага алфавіту тутэйшы народ не ведаў. Развіццё беларускай мовы было зроблена немагчымым ажно да апошніх гадоў, калі адносная вольнасць зрабіла магчымым з’яўленне беларускай кніжкі. Гэтую акалічнасць вельмі шпарка скарысталі, бо штораз часцей з’яўляліся на паліцах кнігарняў беларускія друкі. Беларуская мова вельмі падобная да польскай. Адной з рысаў яе ёсць тое, што замест польскага rz ужывацца літара r, напрыклад, rzeka–reka, rzecz–recz i г. д. Аднак беларусы маюць шмат уласных словаў, для палякаў нават незразумелых. Каб пазнаёміць чытача з беларускай мовай, прывяду тут колькі радкоў з «Pana Tadeucza» Міцкевіча ў перакладзе п. Марцінкевіча:
Нямала мае беларускі народ і ўласных песняў, у якіх дамінуе мелодыя тугі. Столькі слёз у іх адбіваецца, столькі скаргаў чуецца ў гэтых песнях, што з таго зразумець можна, што несалодкае было жыццё ў беларуса. Прывяду тут адзін народны спеў «Cieraz moj dwor zialonińki... ca зборніка «Biełaruskije pieśni z notami» пана Грыневіча.
Калі прыглядаемся да беларускага люду, цяжка не заўважыць дзіўных ягоных адносінаў да роднай мовы. Заўсёдна ў хатнім жыцці беларус ужывае ўласную мову, але толькі не ў касцёле. Там ён і моліцца, і спавядаецца, і жадае казань слухаць на польскай мове. Польская культура гэтак прынялася сярод беларусаў, што было б для іх надзвычайным адказванне ксяндза ў касцёле па-беларуску. Выключэнне складаюць дзве парафіі — Фашчоўка і Ілля, дзе з давён даўна ўведзены беларускія набажэнствы. Сваю мову беларус называе «простая» (размаўляць «па-простаму»), а польскую мову — «панскаю», «ксяндзоўскаю» моваю. Адступленне ад гэтага традыцыйнага разумення польскай мовы будзіць у беларусу антыпатыю. Асабліва з ксяндзом беларус жадае размаўляць па-польску, а прынамсі, каб ксёндз да яго прамаўляў па-польску, іначай абражаецца. Неаднойчы аўтару надаралася чуць: «Ja ż papunuczka (oúza) po polski razumieje». Вось некалькі заўваг, кінутых мімаходзь, а цяпер, у кароткіх прамежках часу, буду намагацца знаёміць чытачоў з паасобнымі рысамі жыцця жыхароў гэтых старонак. Касцёл тут наймацней спаяны з краем і польскай культурай, а так як мы будзем знаёміць чытача з рэлігійным жыццём парафій, таму паляк памешчык і беларус селянін аднолькава будуць прадметам нашай працы. З вераю ў Бога і даверлівасць у паблажлівасць чытача прыступаем да гэтай працы, якая ўмацуе мацней повязі братэрства паміж палякамі і беларусамі. Няхай гэтыя бачыны большасцю ўзбуджаюць любоў да свайго краю, няхай пранікаюць да кожнага палацу, кожнай хаты.4
Пераклад з польскай мовы
Алеся Баркоўскага
Гл. таксама:
|
|
|