Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(37)/2006
Галерэя

МАЗАІКІ РАВЭННЫ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

АДЛЮСТРАВАННЕ ЧАСУ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas

СВЯТЫ БЭНЭДЫКТ НУРСІЙСКІ
In memoriam

ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ

НЕПАРЫЎНАСЦЬ

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ
На кніжнай паліцы

ДАРАГІ ПАДАРУНАК
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

СВЯТАЯ КРЫНІЦА
Кантэкст
З архіваў часу

БЕЛАРУСЬ КСЯНДЗА ЖЫСКАРА

БЕЛАРУСЬ
Мастацтва

УЛЮБЁНЫ Ў СВОЙ КРАЙ

Крыстына ЛЯЛЬКО

«СЭРЦА МАЁ СТАМІЛАСЯ...»

У Крынічным з роднымі і гасцямі
ў дзень нараджэння. 1999 г.
Фота Анатоля Клешчука.
Гэтымі сумнымі днямі перачытваю Янку Брыля. На большасці кніг, якія бяру з паліцы, — яго зычлівыя аўтографы. Адзін з іх датаваны 17 красавіка 2006 года. У той дзень я атрымала ў падарунак ад Івана Антонавіча прыгожы том — «Птушкі і гнёзды», што выйшаў у серыі «Беларуская проза ХХ стагоддзя». У кнізе не толькі аднайменны раман і маленькая сага «Муштук і папка», але й мая любімая аповесць «Золак, убачаны здалёк» — балючы і светлы гімн маленству і жыццю ўвогуле. Ужо чвэрць веку, з канца 70-х і да сённяшняга дня, жыве ў маёй душы і не перастае хваляваць сваёю «шчодраю духмянасцю» і «неабсяжным пчаліным гудам» высокая «красуня»-ліпа, пад якою аднаго разу росным летнім ранкам прысеў сам Аўтар...

Колькі ж такіх вобразаў — жывых, непаўторных — стварыў за сваё жыццё ў літаратуры Янка Брыль! Колькі іх назаўсёды пасялілася ў маёй удзячнай чытацкай душы, знітавалася з ёю. Праз іх светлую прызму часта гляджу на наш прыгожы свет і так часта лаўлю сябе на думцы, што вачыма пісьменніка бачу ўсе гэтыя «зямныя берагі, спакойную і чыстую ваду, ранняе сонца», бо ўсё яно сагрэта яго шчыраю любоўю і замілаванасцю. «Словы, што так шчасліва знойдзены адным на мільёны, што так непераймальна проста і ўзнёсла, так па-зямному, па-чалавечы, па-сыноўняму» змаглі перадаць і красу свету, і самыя патаемныя зрухі душы, сталі неацэнным скарбам, які шчасліва захоўваецца ў заўсёды даступных скарбніцах — яго кнігах: бяры, чалавеча, чытай, карыстайся, багацей духова, мацуйся ў любові да ўсяго роднага...

На згаданым прыгожым томе — асабліва дарагі майму сэрцу надпіс: «Мілай Хрысці — проста па дружбе». Ведаючы, як умеў Іван Антонавіч цаніць сяброўства і сяброў, удзячна думала тады, вясною (а цяпер, гэтымі днямі — асабліва) пра тое, што пад высокім і светлым крылом гэтай дружбы мне пашчасціла жыць амаль дваццаць гадоў, заўсёды так ці іначай адчуваючы яе цеплыню і радасць. І таму невыносна пустымі й халоднымі здаюцца спякотныя дні развітальнага лета, таму так неадступна нагадвае пра сябе боль страты... З адыходам Янкі Брыля паменела ў нашым свеце гармоніі — той абсалютнай і дасканалай, якая заўсёды хвалявала і прыцягвала ў гэтым чалавеку і пісьменніку. Дзякуй Богу, што засталася яна ў яго кнігах. І ў гэтай апошняй — «Парастак», якая паспела выйсці ў выдавецтве «Pro Christo» літаральна за тры тыдні да адыходу Аўтара ў Вечнасць. Цяпер суцяшаю сябе тым, што мы не спазніліся з яе выданнем, што яны, Аўтар і кніга, не размінуліся ў гэтым свеце, што ён, наш незабыўны Іван Антонавіч паспеў парадавацца сам і падпісаць кнігу многім сваім сябрам, пакінуць яе, як дарагі падарунак, сваім чытачам...

З унучкаю Вольгаю.
Фота Анатоля Клешчука.
«Парастак» прывезлі з друкарні якраз у той дзень, калі Янка Брыль вярнуўся з санаторыя ў Аксакаўшчыне, дзе ачуньваў пасля аперацыі. Не ведаючы яшчэ пра яго вяртанне, я трымала ў руках сігнальны экзэмпляр кнігі, з маладым яркім зяленівам парастка на вокладцы, гартала яе старонкі і думала пра тое, што многія з нас, хто піша ці спрабуе пісаць, у пэўным сэнсе — парасткі магутнага Брылёвага таленту, бо ў той ці іншай меры, жывімся крынічнаю жыццядайнасцю яго слова, бо спакайней і больш упэўнена пачуваемся ў засені яго мудрай, спагаднай прысутнасці, да якой мы ўсе так прывыклі і без якой ужо не ўяўляем нашага літаратурнага жыцця... Адклаўшы кнігу, я патэлефанавала дачцы Івана Антонавіча Наталлі, каб падзяліцца добраю навінаю. Аказалася, што магу паведаміць яе ўжо самому Аўтару. Як жа ён усцешыўся! Пасля, атрымаўшы кнігу, тут жа патэлефанаваў. Радаваўся, што такая ўдалая выйшла вокладка, што кніга так густоўна аформлена, удзячна згадваў нашых хлопцаў — Алега Глекава і Міколу Новікава, якія да гэтага спрычыніліся. Потым, як між іншым, сказаў: «Ведаеш, гэтая кніжыца для мяне нейкая асабліва дарагая...» Я пабаялася тады працягу фразы і хуценька перавяла размову на іншае. Не хацелася дапусціць нават намёку на нешта нядобрае, не хацелася думаць, што й назва кнігі ў нечым сімвалічна развітальная...

Голас жа быў упэўнены, бадзёры; размова, як заўсёды, сагрэтая яго ўсмешкаю і жартам. Развітваючыся, удакладніў: «Мы ж яшчэ пачуемся?» Пачуліся назаўтра, калі ўжо я дзякавала Івану Антонавічу за цёплы аўтограф. І яшчэ раз у размове мы вярнуліся да яго «Парастка», радуючыся, што ён нарадзіўся, жыве, і пажадалі адно аднаму добрага адпачынку: Іван Антонавіч збіраўся неўзабаве паехаць у сваё Крынічнае, а я — на сваю Лідчыну.

Менавіта туды, у родную хату, і прыйшла да мяне журботная вестка. Трэба было збірацца назад, у Мінск, каб апошні раз пабачыць, каб развітацца... Не могучы, як след, асэнсаваць гэтай горкай страты, не могучы ў яе паверыць, спрабавала зразумець, чаму так сталася, а ў галаве круціліся радкі з верша Чэслава Мілаша:

Сэрца маё стамілася
ад захаплення,
роспачы,
рупнасці,
надзеі...

Успомнілася, як ужо колькі гадоў назад на маё пытанне пра здароўе Іван Антонавіч адказаў: «Доктар сцвярджае, што сэрца маё стамілася...»

Цяпер, згадваючы Мілашаў верш, я думала пра тое, што яны — паляк Чэслаў Мілаш і наш Янка Брыль — былі для мяне заўсёды ў нечым вельмі істотным падобныя... Сапраўдныя ліцвіны. Апошнія з магіканаў. Рыцары духу. Яны ядналі нашу духоўную прастору.

Два гады назад Польшча, Кракаў таксама развіталіся са сваім Паэтам. Памятаю, як я перажывала гэтае развітанне, гледзячы цэлага паўдня яго прамую тэлетрансляцыю па праграме Polonia. Праз увесь горад, затоплены жалобаю, паволі рухаўся пахавальны картэж. Здавалася, уся краіна, прынамсі, уся польская інтэлігенцыя на чале з дзяржаўнымі мужамі, ідзе старажытнымі кракаўскімі вулкамі за паэтаваю труною. Пахавалі палякі свайго Вешча на знакамітай Скалцы, уганараванай, асвечанай вечнаю прысутнасцю многіх славутых асобаў... Па дарозе з Лідчыны ў Мінск, спяшаючы на пахаванне Янкі Брыля, я міжволі думала і пра тое, як наша сталіца, як Беларусь будзе развітвацца з адным са сваіх Найлепшых...

Ці трэба цяпер казаць, што развітанне гэтае, на жаль, дадало душы яшчэ больш горычы і болю і яшчэ больш сумных думак пра нас як пра народ і пра нацыю...

Стоячы ў падмінскіх Калодзішчах над магілаю сярод соснаў, разам са словамі малітвы я паўтарала словы ксяндза Яна Твардоўскага:

Можна адысці назаўсёды,
каб заўсёды быць блізка...

Гэта хоць крыху суцяшала, бо пакідала надзею...

 
Гл. таксама:
:: У ВЯНОК ПАМЯЦI ЯНКУ БРЫЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY