|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Сучасны чалавек моцна прагне радасці, свабоды, спакою, упэўненасці. Хрысціяніну ўсё гэта можа даць Хрыстус, Жывы Бог, які і сёння жыве ў нашым свеце, што так часта пазбаўляе чалавека гэтых жаданых адчуванняў. Як жа магчыма сустрэць Яго, Жывога Бога? Сустрэць і пачаць супрацоўнічаць з Ім? Пра гэта пісьменніца Ірына Жарнасек гутарыць з айцом дамініканінам Тамашам Мікам.
— Ойча Тамаш! Калі мне прыйшла ідэя пагутарыць з Вамі пра Бога Жывога, Бога, які сёння дзейнічае ў нашым жыцці і пазнаваць якога пакліканы кожны хрысціянін, то адначасна прыйшло ў галаву парадаксальнае пытанне, з якога мы і пачнем нашу гутарку. А хіба можа быць Бог мёртвы? — На жаль, можа… Калі чалавек верыць у Яго толькі па традыцыі, бо «так трэба», тады Бог для яго можа быць і нежывы. Калі ён больш проста «прызнае» Яго, таму што так прынята, бо ў свой час быў ахрышчаны, бо да шэрагу вернікаў сябе адносяць ягоныя браты і сёстры, бацькі, сябры… Так робяць многія, але я буду казаць пра сябе. Быў час, калі я нібыта і верыў у Бога, але гэта быў Бог маёй маці, бацькі, бабулі, для якой, дарэчы, было вельмі важна, каб я быў добрым вернікам. Ды мінуў час, бабуля памерла, і ў маім жыцці ўтварылася пустка. Мне вельмі не хапала ў жыцці гэтага чалавека, а Бог маёй маці і майго бацькі, Бог маёй сям’і, але не мой асабісты Бог, не даваў адказу на шматлікія пытанні, што трывожылі маё сэрца.
— Так бывае: памірае хтосьці з блізкіх, і чалавек не заўсёды здольны перанесці гэтую страту. У выніку ён бунтуецца, абвінавачвае ў страце ўсіх, а часам нават і Бога. — У той час мне было вельмі адзінока. Пустэчу, што ўтварылася ўва мне, трэба было чымсьці запоўніць. Так з’явіліся ў маім жыцці сумніўныя сябры, дзяўчаты, алкаголь, наркотыкі… Усё гэта працягвалася цэлых дзевяць альбо дзесяць гадоў. Я адышоў ад Касцёла, пакінуў Бога, жыў сваім новым жыццём. Уяўвіце сабе, я нават удзельнічаў у дэманстрацыях супраць Касцёла.
— Не магу гэтага ўявіць. — І тым не менш так было. Я дазваляў сабе непрыгожа выказвацца пра Касцёл і вернікаў, я адмаўляў Бога…
— Як жа ўдалося вырвацца з гэтага? — Пасля майго навяртання я даволі шмат распавядаў людзям пра сябе, сведчыў пра сваё вяртанне да Бога і Касцёла… Але цяпер, з адлегласці часу, я іншымі вачыма гляджу на той перыяд майго жыцця і на ўсё, што са мной адбылося. Я зразумеў такую праўду пра сябе: маёй заслугі ў маім навяртанні проста няма, бо з таго жыцця, у якім я тады сядзеў, уласнымі сіламі проста немагчыма было вызваліцца. Адно што нават у тым балоце да мяне часам прыходзіў успамін пра ранейшае жыццё, дзяцінства, юнацтва, Касцёл… Дзесьці глыбока ў сэрцы гэты ўспамін жыў і час ад часу нагадваў пра сябе.
— Можа, Ваша заслуга ўсё ж ёсць хоць бы і ў тым, што Вы не дазволілі таму ўспаміну канчаткова памерці ў сваім сэрцы… Няхай сабе і глыбока, але быў у душы сум па Богу… — Так, быў… І аднойчы я зноў пераступіў парог касцёла, але на гэты раз у сэрцы была вялікая прага пачуць адказы на тыя пытанні, што заселі ў сэрцы. Я ж скончыў факультэт філасофіі ва ўніверсітэце імя Стэфана Вышынскага, быў «мудры», і мне хацелася выказаць камусьці свае погляды, атрымаць адказы на пытанні.
— І атрымалі? — Атрымаў! Бог прамовіў у маё сэрца так моцна, што супраціўляцца Яму я ўжо больш проста не мог. Ды і не меў аніякага жадання. Парадокс майго жыцця ў той час, без Бога і Касцёла, быў у тым, што я хоць і бунтаваўся, але адначасна любіў слухаць усё, што абвяшчалася з амбоны. Ну-у, як той Ірад, памятаеце?..
— Вы кажаце, што не было ў гэтай гісторыі вяртання ніякай Вашай заслугі. Ды ці так гэта? Чалавеку ж Бог даў вольную волю, і ён вольны ў тым ліку забіць у самім сабе Бога. — Гэта праўда… Ведаеце, калі я першы раз пасля дзевяці гадоў пайшоў да споведзі, мне святар сказаў: «Маліся за добрых сяброў. Маліся, каб знайшліся яны ў тваім жыцці і дапамагалі табе ісці ўверх, а не ўніз». Вельмі гэта важна, з кім ты ідзеш па жыцці. Ну і такія сябры, дзякуй Богу, знайшліся вельмі хутка. Можна сказаць, гэта яны мяне, а не я іх знайшоў. Усё ў маім жыцці ад таго часу пайшло вельмі імкліва, як хуткі цягнік.
— А старыя сябры? — Напачатку мы яшчэ нейкі час сустракаліся, размаўлялі, але з кожным днём нам усё менш і менш было аб чым гаварыць. Я памяняў жыццё, адмовіўся ад вельмі многіх рэчаў, пачаў жыць у згодзе з навучаннем Касцёла, паводле Божых запаведзяў. Часам ад сваіх ранейшых сяброў я чуў, што я — «цёмны лес, узровень Сярэднявечча», і я зразумеў, што трэба проста развітацца. Цяпер жа мы зноў маем нармальны кантакт, хоць і бачымся вельмі рэдка. Галоўнае, што яны паважаюць мой выбар, прынялі яго.
— Які быў бы жах, каб не здарылася таго навяртання, каб не дакрануўся да Вашага сэрца Бог Жывы — не было б таксама шмат чаго, у тым ліку і гэтай нашай гаворкі. — Я таксама з жахам успамінаю той час і вельмі хацеў бы, каб усяго таго, што са мной тады дзеелася, проста не было ў маім жыцці.
— І разам з тым не магу не запытаць у Вас вось пра што. Чалавеку зазвычай хочацца распавядаць пра сябе толькі прыгожае. Вы ж так ахвотна, не хачу казаць лёгка, распавядаеце пра, як Вы самі кажаце, балота, праз якое прайшлі. У прынцыпе, я гэтага і не выцягвала з Вас, не падштурхоўвала на такую шчырасць. Што кіруе Вамі, калі Вы распавядаеце пра сябе непрыгожае? — А мне не настолькі важна, наколькі прыгожа ды пазітыўна тое, што я кажу пра сябе. Гэта проста не мае значэння. Важна тое, што няма такой сітуацыі, у якой Ён адвярнуўся б ад нас і пакінуў. Ён можа змагацца за цябе і дзевяць гадоў, як у маім выпадку, і не стоміцца, і ўрэшце абавязкова пераможа. Дзякуй Табе, Ойча, што перамог!
— А Вам дзякуй за шчырасць. Вернемся да тэмы нашай гутаркі, да Бога Жывога, які так выразна дзейнічае ў Вашым жыцці. — Другі раз я адчуў дотык Жывога Бога, калі перажываў у Варшаве рэкалекцыі, што праводзілі айцы місіянеры з Італіі, якія працуюць на місіі ў Бразіліі. Я тады быў ужо ў ордэне айцоў дамініканаў і ўсялякія харызматычныя рухі не ўспрымаў. Гэтыя ж айцы былі з касцёльнага руху Адновы ў Духу Святым, і таму яны мне не спадабаліся. Памятаю, нам з маімі братамі трэба было ад’ехаць па справе ў Кракаў, дык я ўгаворваў свайго кіраўніка не вяртацца на рэкалекцыі, маўляў, застанемся ў Кракаве, з братамі. Гэта быў такі падман і самога сябе, і братоў, бо мне проста не хацелася вяртацца на тыя рэкалекцыі. Але мяне не паслухаліся і дзякуй Богу, бо там мяне чакала яшчэ адна сустрэча з Жывым Богам, які пасля малітвы нада мною літаральна паваліў мяне на зямлю. Але гэта было ўжо зусім не страшна, бо я ведаў, што гэта Ён паклаў мяне ў часе малітвы на зямлю, гэта Ён пажадаў зняць з мяне маю напружанасць, забраць мою насцярожанасць і недавер. Ён быццам сказаў мне: «Адпачні. Супакойся. Паляжы тут, на падлозе касцёла ў Маёй Прысутнасці». Я ляжаў гадзіны тры — такі быў мой адпачынак у Духу Святым.
— Калі ласка, ойча Тамаш, патлумачце для тых, хто не ведае, што гэта такое — адпачынак у Духу Святым. — Можна сказаць, што гэта фізічная рэакцыя нашага арганізма на Божую ласку. Чалавек у часе спаткання з Духам Святым проста не мае сілы супрацьстаяць гэтай ласцы і падае на зямлю. Ён проста не здольны змясціць у сабе ўсёй моцы Божай ласкі і паддаецца ёй, расслабляецца. У такія хвіліны не хочацца нічога рабіць, нічога думаць, планаваць, за штосьці перажываць. Пан Бог нібы бярэ цябе на свае рукі, кладзе на зямлю і кажа: «Адпачні. Супакойся». Чалавек тады не робіць ніякіх перашкодаў Богу, ён знаходзіцца цалкам у Яго ўладзе, даверы да Яго. Гэта зусім не тое, што ты самлеў, страціў прытомнасць. Ты ўсё чуеш, разумееш, нібы ўспрымаеш, але адначасна табе не хочацца ніякай дзейнасці, табе добра адчуваць сябе безабаронным дзіцем на Божых руках. Часта ў такія хвіліны да чалавека прыходзіць ласка аздараўлення — фізічнага ці духоўнага. У чалавеку ж душа і цела моцна звязаныя, і таму, калі Бог прыходзіць у душу, немагчыма, каб на Яго прыход не зрэагавала цела. У Евангеллі прыклад такой рэакцыі — навяртанне апостала Паўла. Памятаеце, як ён зваліўся з каня і што з ім было потым? Але, вядома, дзеянне Божай ласкі праяўляецца па-рознаму. Хтосьці атрымлівае дар пазнання, хтосьці дар малітвы мовамі, а да некага прыйдзе такі патрэбны яму супакой. Словам, Бог ведае, каму і што з нас патрэбна.
— Добра, вернемся цяпер у той час, калі Вы ляжалі на падлозе ў касцёле ў Варшаве… — Доўга тады я не мог падняцца, а потым доўга плакаў — усё жыццё праляцела за гэты час перада мною; усе мае грахі, мая нявернасць Богу, крыўды, якія я ўчыніў людзям. Плакаў, курчыўся і думаў, што няма для мяне, такога грэшнага, прабачэння. А потым… потым я, зняможаны, здолеў неяк выціснуць з сябе імя: «Езус». Я паўтараў і паўтараў яго, і мне паціху рабілася лягчэй. Я ляжаў і паўтараў, паўтараў: «Езус! Езус! Езус!..» Потым у нейкі момант прыйшлі да мяне словы: «Езу, Твая міласэрнасць большая за мой грэх». Я прамовіў гэтыя словы, і… усё скончылася, усе мае пакуты адышлі, адплылі ад мяне. Я адчуваў сябе цалкам свабодным! Супакоіўся, памаліўся яшчэ нейкі час перад табэрнакулюмам, падзякаваў Пану Богу 120-м псальмам. Памятаеце: Вочы ўзношу свае ўгору, адкуль мне прыйдзе помач. Помач мая ад Пана, што стварыў зямлю і неба… Я зразумеў — Бог са мною. Ён, які дзейнічае ў маім жыцці, які лечыць, загойвае нашыя раны, Ён у гэтыя хвіліны тут, зусім блізка, побач… Вядома, патрэбны час, каб загаіліся раны. Не для Бога ён патрэбны, гэты час, але для нас, хворых. Трэба, каб Ён зняў з нашай душы ўсе непатрэбныя напластаванні, як з тае цыбуліны. Трэба, каб Ён дакрануўся да самай сэрцавіны нашага «я». Да таго дня я думаў, што Бог мне прабачыў, я нібы і супакоіўся, але часта на Эўхарыстыі альбо на якой іншай малітве мне раптам моцна хацелася плакаць — мае раны балелі. І толькі пасля тых рэкалекцый я быў духоўна цалкам аздароўлены. Жаль да сябе мінуўся, я пачаў з радасцю служыць майму Богу. І гэта вельмі класнае адчуванне. Хвала Яму!
— Бога можна пазнаваць рознымі спосабамі, у тым ліку, напрыклад, праз выяўленчае мастацтва. Праўда, часам не магу пазбыцца адчування, што калі мы шмат гаворым пра нейкі мастацкі твор, які мае на мэце набліжаць чалавека да Бога, то рызыкуем «загаварыць» прадмет размовы і тым самым падмяніць саму веру прыгожымі размовамі на тэму. Як думаеце, айцец Тамаш, ці мае чалавек шанец сустрэць Жывога Бога ў літаратуры, мастацтве альбо праз размовы аб мастацкіх творах? — Напэўна… Ніколі невядома, якім шляхам Пан Бог захоча прыйсці да чалавека. Сам я люблю выяўленчае мастацтва, і можна ўбачыць, фальш ці праўда ў духоўным мастацтве, можна адрозніць, ці аўтар пісаў нейкі твор, абраз у малітве, ці проста дзеля твора. Альбо ў іншым нейкім творы моцна адчуваецца ўнутраная барацьба аўтара, як, напрыклад, у абразах польскага мастака Навасельскага. Люблю ягоную творчасць, бо ягоныя іконы праўдзівыя, але… Ікона павінна несці супакой, а ў ягоных творах я адчуваю змаганне аўтара з самім сабою, з Богам. І ўсё ж шчырыя творы прамаўляюць моцна, таму хтосьці і праз іх знойдзе свой шлях да Бога.
— Не магу не задаць Вам як дамініканіну, як прапаведніку Божага слова пытання пра ролю Божага слова ў духоўным жыцці чалавека. Наколькі важна для сучаснага хрысціяніна рэгулярна чытаць Божае слова? — Надзвычай важная! Што ж тычыцца мяне, то я да таго як прапаведаваць іншым Божае слова, найперш моцна перажываю яго сам. Напачатку я кажу казанне самому сабе, а потым ужо людзям. Божае слова, калі яго чытаць шмат, усур’ёз, можа адкрываць чалавеку, як яму ўспрымаць тую ці іншую сітуацыю. Напрыклад, калі я распазнаваў сваё пакліканне, то знайшоў адказы менавіта ў Божым слове. А часта бывае так, што ўжо цяпер яно прыходзіць у маю памяць менавіта ў патрэбны момант. Трэба, скажам, камусьці дапамагчы святарскай парадай, і вельмі хутка прыходзяць на памяць цытаты са Святога Пісання, вельмі выразныя, актуальныя. Гэта цудоўна!
— Але для таго, каб пачалі прыходзіць такія падказкі, трэба чытаць Святое Пісанне, самому жыць ім. — Ну так, трэба яго ведаць, чытаць. Калі чалавек усур’ёз пачынае задаваць сабе пытанні, ці так ён жыве, ці жыве ў згодзе з Божымі наказамі, калі ён захоча набліжацца да Бога, то чытаць Святое Пісанне трэба абавязкова і штодня.
— Словам, Вы заахвочваеце да такой практыкі чытачоў «Нашай веры». — Абавязкова! Я сказаў бы яшчэ больш катэгарычна: адкладзіце пакуль што часопіс, вазьміце ў рукі Біблію і, пакуль не прачытаеце яе, не вяртайцеся да яго.
— Ойча Тамаш! Але некаторыя нашы чытачы рызыкуюць у такім разе зазімаваць, не дачытаўшы нашу гутарку! Можа ўсё ж дасьцё паслабленне? — Я не даваў бы яго! Жарты жартамі, але калі вернік не чытае рэгулярна Божага слова, то як ён можа жыць паводле яго? Як можна тады падтрымліваць цесную сувязь з Богам? Біблія мусіць быць у хрысціяніна заўсёды пад рукою. Мы часта любім атачаць яе такім залішнім пафасам: паставім яе на бачнае месца, дзесьці на палічку пад абразамі, і часам забываем дацягнуцца рукой да тае палічкі. А Біблія няхай будзе ў спальні, на кухні, там, дзе чалавек найбольш бывае. Божае слова тады стане для нас жывым, калі мы будзем да яго звяртацца ў штодзённым жыцці, а не тады, калі нам няма чаго рабіць.
— Былы генерал ордэну дамініканаў айцец Цімаці Радкліф пісаў у адной са сваіх кніг, што ён найвыразней адчувае Бога ў прыродзе. А Вы? — Я, ведаеце, малафранцішканскі, таму я, напэўна, менш Яго адчуваю ў прыродзе.
— Малафранцішканскі? Упершыню чую такі выраз. — Часам жартуюць, што францішкане моцна адчуваюць Бога ў прыродзе, ідучы ўслед за сваім заснавальнікам, ну а мы, дамінікане, шукаем Яго ў кнігах… Гэта, вядома, жарт, але ў кожным жарце… Што ж да мяне, то я найвыразней адчуваю Бога праз людзей, якіх сустракаю. Не толькі праз братоў са свайго ордэну, але і праз іншых святароў, свецкіх, праз сяброў, знаёмых і незнаёмых, праз тое, што перажываюць людзі ў тых ці іншых сітуацыях. І гэта зразумела: Хрыстус гаворыць да нас праз чалавека, бо Ён сам стаўся чалавекам. Мне, напрыклад, шмат дапамагаюць пазнаць самога сябе хлопцы і дзяўчаты з нашай парафіі, нават калі мы і не гаворым пра гэта. Нам дадзены іншыя людзі ў тым ліку і для таго, каб мы лепш пазнавалі саміх сябе.
— Гэта проста цудоўна, тое, што Вы кажаце! А цяпер парайце, калі ласка, як сустрэць Бога ў тым чалавеку, які брудны, у лахманах ляжыць на дарозе ці ў калюжыне? — Усё магчыма. Пакуль чалавек жыве, у яго яшчэ ёсць шанец паправіць сваё жыццё, бо ён яшчэ ў дарозе. Мы баімся такіх людзей, не падыходзім да іх, бо думаем, што для іх ужо ўсё скончана. А тым часам… Нам важна разумець: тое, што мы маем, — працу, жытло, сям’ю, сяброў — мы маем не дзякуючы нашым заслугам. Вядома, трохі ёсць тае заслугі, бо працуем, прыкладаем свае намаганні, імкнемся берагчы час, але ўсё ж аснову ўсяго гэтага дае нам Бог. Варта памятаць, што няма ў нас гарантый не апынуцца заўтра альбо паслязаўтра на месцы бяздомнага жабрака альбо яшчэ кагосьці, чыё становішча нас адштурхоўвае. Мне гэтая тэма блізкая, бо я ў свой час працаваў у Кракаве ў супольнасці, што апякуецца бяздомнымі. Давялося шмат сустрэць бедачынаў, якія распавядалі, як яны паехалі на заробкі, а вярнуліся і не знайшлі нічога з таго, што пакінулі, — ні жонкі, ні дома, ні дзяцей… У выніку — раз выпіў, другі, а потым і пайшло-паехала. Не сустрэў той чалавек у цяжкі для яго час нікога, хто б яму дапамог, падаў руку. Адсюль і падзенне. Нам варта вучыцца бачыць у кожным чалавеку чалавека. І пакуль мы ў тым брудным абарванцы не ўбачым чалавека, няма чаго думаць пра тое, як знайсці ў ім Бога.
— Цудоўныя словы. Скажыце, а Вы ўмееце любіць усіх людзей? — Спадзяюся, так. А зрэшты… не ведаю… Пра гэта трэба ў іх пытацца. Ва ўсялякім разе, я спрабую гэта рабіць. Хіба што наша памылка часта ў тым, што мы спяшаемся рабіць высновы, шмат чаго не ведаючы пра іншага чалавека. Да таго ж, нас можа шмат хто раздражняць, у тым ліку і хрысціяне, вернікі, але ж гэта не супярэчыць любові.
– А якія хрысціяне Вас раздражняюць? — Напэўна, тыя, якія больш шукаюць ворагаў у сваім жыцці, ворагаў Касцёла, чым самога Бога. Напэўна, тыя, якія, прыкрываючыся традыцыяй, ператвараюць жывое хрысціянства ў музей.
— Патлумачце, калі ласка, што Вы маеце на ўвазе пад «музеем»? — Напрыклад, калі казанне прамаўляецца такой пафаснаю моваю, што людзі ажно баяцца слухаць, бо яны не разумеюць і не ўспрымаюць таго пафасу.
— Ойча Тамаш, а не баіцеся нажыць нядобразычліўцаў пасля гэтых словаў? — Не. А калі б і баяўся, то ўсё роўна не маю права маніць — Бог жа ўсё чуе. «Музейнае» хрысціянства было б, напрыклад, і тады, калі б я паводзіў сябе ў хабіце лепш, чым без яго, калі б хаваў за знешнім абліччам сваё сапраўднае «я».
— Парайце, калі ласка, як практыкуючым хрысціянам, тым, якія ўжо маюць досвед веры, сустрэць у сваім жыцці Жывога Бога. — Я думаю, што найперш трэба жадаць Яго сустрэць, прызнацца самому сабе, што яшчэ не сустрэў. І шукаць. У Святым Пісанні, у разважанні, у асабістай малітве. Не хавацца за розныя формулкі, а моцна жадаць і рабіць усё магчымае. Не баяцца задаваць самому сабе пытанні, напрыклад: «Чаму я пайшоў сёння на Эўхарыстыю? Чаму малюся? Чаму не малюся? Чаму іду да споведзі?» Не баяцца задаваць сабе пытанні і дабівацца адказаў. Часта бывае так, што людзі і ставяць пытанні, але не маюць настойлівасці і жадання атрымаць адказы. Не трэба іх баяцца. Апроч малітваў і розных распаўсюджаных практыкаў, яшчэ рэкамендаваў бы медытацыю. Паспрабаваць падымацца трохі раней, на хвілін 15, і пабыць ранкам з Хрыстом, даверыць Яму свой дзень, усё, што чакае ў гэты дзень, усё чаканае і неспадзяванае. Карысна нам у сучасных жыццёвых рытмах знаходзіць час, каб суцішыцца, пабыць з Ім. Варта навучыцца знаходзіць у саміх сабе супакой.
— Сапраўды, свет мы не суцішым, а сябе, калі пастараемся, можам. — Так. І вельмі важна не адступацца, а калі ўжо пачалі практыкаваць ранішнюю медытацыю, то практыкаваць яе з дня ў дзень.
— Чым бы Вы хацелі закончыць нашу гутарку? — Яшчэ раз сцвердзіць: Бог Жывы — гэта не выдумка, не нейкая там гісторыя. Ён ёсць. Ён і сёння дзейнічае ў нашым жыцці: і надалей аздараўляе, падтрымлівае нас, супакойвае, дае надзею. Калі б я раней, да свайго навяртання, прачытаў кнігу айца Эміліяна Тардзіфа «Езус жыве!», то падумаў бы, што гэта казкі, гэтага проста не можа быць. Бо там распавядаецца, як на ягоных служэннях навярталіся сотні людзей, сотні аздараўляліся. Цяжка паверыць? Але цяпер, калі я сам стаў сведкам неспадзяваных фізічных і духоўных аздараўленняў, навяртанняў, калі сам гэта перажыў, то я проста ў гэта веру. Жывы Бог дае нам свабоду. Сустрэўшы Яго, мы самі ажываем, знаходзім радасць.
— Хіба што самы час пажадаць нам і самім сабе, і нашым чытачам гэтай вялікай радасці і свабоды, якую дае хрысціяніну Жывы Бог. Дзякуй, ойча Тамаш, за гутарку!
|
|
|
|