Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

ДУХОЎНЫЯ АПЕКУНЫ ПАЎЛЮКА БАГРЫМА

Светлай памяці крашынскіх ксяндзоў
Войцаха Магнушэўскага і Каруся Жураўскага

А той, які атрымаў адзін [талант],
пайшоў і закапаў яго ў зямлю,
і схаваў срэбра свайго гаспадара.

Евангелле паводле Мацвея, 25, 18

«...даю сию подписку в том, что означенных стихов никогда ни пред кем и ни по какому приказанию не буду и не смею произносить или переписывать и давать кому-либо, даже и у себя [о]ных никогда иметь не буду: в противном же случае подвергаю себя строжайшему суждению и взысканию по законам, в чем и подписуюсь. Paweł Bahrym».

Учытайцеся ў гэтыя словы, якія 5 ліпеня 1828 года прагучалі перад «запісаным па рэвізіях сярод вольных людзей» Паўлюком Багрымам. Задумайцеся: што адчувала 15-гадовая душа падлетка? Душа, пазначаная Боскай пячаткай, — пячаткай таленту! Душа каталіка на забраных землях, якая верыла ў добрае і ў тое, што Бог паслаў яго на зямлю рабіць дабро…

Якіх яшчэ абарыгенаў і на якіх інданезійскіх выспах гэтак пераследавалі каланізатары за спробы стварэння прыгожага пісьменства на роднай мове?!

Мемуарыст і эмігрант Ігнат Яцкоўскі (паўстанец 1831 года), які першым расказаў пра трагічныя падзеі ў Крашыне (1828) у кнiзе ўспамiнаў «Powieść z czasu mojego, czyli przygody litewskie» («Аповесць з майго часу, або Лiтоўскiя прыгоды»; Лондан, 1854), свой аповед пра незайздросную долю 16-гадовага падлетка, пазбаўленага права не толькі пісаць-ствараць, але нават рэцытаваць ці перапісваць паэтычныя творы, скончыў наступнай сентэнцыяй: «Бёрнс, парабак англійскі, пры менш цяжкіх акалічнасцях, уласным талентам, не падтрыманым ніякай навукай, забяспечыў сабе неўміручае імя, а сваёй сям’і — пашану і дастатак; Пётрак з Крошына за талент, дадзены яму ад Бога, зазнаў самае жорсткае няшчасце!».

Даўні крашынскі касцёл.

Так услед за першапублікатарам паўстанцам лічылі ўсе наступныя пакаленні чытачоў. Потым гісторыкі высветлілі, хто насамрэч мог хавацца за імем крашынскага падлетка Пётрака. Дзякуючы архіўным матэрыялам стала вядомым імя юнака, які на памяць узнаўляў вялікія вершаваныя палотны: Павал, сын Язэпа і Марылі (Ганны?). «Паўлік жа ведае на памяць розныя байкі з Нарушэвіча, Эзопа і «Brukowych Wiadomości», — засведчыў перад расейскімі сатрапамі ў сваіх паказаннях тагачасны пробашч з Крашына ксёндз Войцах Магнушэўскі.

Хто з вас, маіх сучаснікаў ХХІ ст., ведае на памяць творы нашага земляка Адама Нарушэвіча (1733—1796), паэта, гісторыка родам з Піншчыны? Ці Эзопа? Паводле легенды, Эзоп быў нявольнікам (нейкага Іядмона з выспы Самас), але нямецкі рэфарматар Марцін Лютэр засумняваўся (праз 22 стагоддзі!) у праўдзівасці існавання Эзопа як рэальнай асобы… А гэтак званыя «гіперкрытыкі» ХІХ стагоддзя давялі сумнеў да «фінішу»: адмовілі яму, сказаўшы, што Эзоп — зборны вобраз, а байкі ягоныя — зборнік тэкстаў, напісаных іншымі людзьмі…

Алфавітны спіс парафіянаў
крашынскага касцёла, у якім
пад нумарам 1741 запісаны
Паўлюк Багрым. ХІХ ст. Захоўваецца
ў дыяцэзіяльным архіве
ў Драгічыне (Польшча).

Таямніцаў у кожнай літаратуры хапае. Аднак загадкавасць пачатку ўсёй новай беларускай літаратуры — як загадкавасць стварэння свету, бо і там, і там прысутнічае сам боскі пачатак. У пазамінулым, паднявольным і змагарным ХІХ стагоддзі, па волі тых, хто панаваў на нашых паняволеных гонях, аніякай беларускай літаратуры не павінна было ўзнікнуць. А якая й была, напаўфальклорная, павінна была памерці. Аднак панішчаныя вёскі і аселіцы, папаленыя мястэчкі і фальваркі працягвалі рэгенаваць, нараджаць таленты, якія па каліву, па зярнятку, а часам і буйным коласе ўзбагачалі духоўны спажытак народа над Дняпром і Нёманам. Бо не хлебам адзіным жыве чалавек.

Такім тытанам роднага слова, мяркуючы па ўрыўку з верша «Заграй, заграй, хлопча малы…», меўся стаць Паўлюк Багрым. «Гэтая першая спроба-ўзор прафесійнай самабытна-нацыянальнай творчасці, што пакінуў нам таленавіты самавук з Крошына, аказалася сапраўды ўзорнай, у нейкім сэнсе напрамкам цэлае мастацкае традыцыі, якой неўзабаве належала развіцца» (Алесь Яскевіч). Развіцца, рэч ясная, не на мове вышэйшых салонаў, а на мясцовай «мужыцкай» гаворцы (калі лічыць «мужыцкаю» мову Статута ВКЛ). Роля кс. Магнушэўскага як духоўнага пастыра-настаўніка падлетка Багрыма ў станаўленні яго як чалавека й творчай асобы — першачарговая, але гэта неяк ніколі не падкрэслівалася багрымазнаўцамі.

Таксама найпершай патрэбай багрымазнаўства з’яўляецца неабходнасць поўнай публікацыі дакументаў, уратаваных другім крашынскім ксяндзом — Карусём Жураўскім, пробашчам касцёла Божага Цела ў міжваеннае ліхалецце. Публікуючы метрыку нараджэння паэта, я ў сваёй кнізе «За архіўным парогам» услед за кс. Жураўскім палічыў, што хрост Паўлюка чыніў крашынскі пробашч Войцах Магнушэўскі («За архіўным парогам», Мінск, 2002. С. 109). Насамрэч у метрычным запісе (на лаціне) названы Адальбэрт Магнушэўскі («Ego Adalbertus Magnuszewski C. K. baptisavi infantem nomine Paulum, natum heri, filium legitimorum conigum Josephi et Annae Bahrymow). Але ці існаваў святар Адальбэрт (Альбэрт) Магнушэўскі, яшчэ трэба высветліць.

У іншых матэрыялах, якія ацалелі дзякуючы кс. Жураўскаму, сустракаюцца частыя згадкі пра старэйшую Багрымаву сястру Ганну, і можна жахнуцца ад таго, што за год да агульнавядомай крашынскай трагедыі 1828 г. сямейства Багрымаў перажыло ўласную трагедыю, калі давялося капаць дол для васьмімесячнага Антосіка, а потым для трохгадовай Паўлінкі1. Апроч страты браціка й сястрычкі, у той самы год 1828-мы, калі ў мястэчку адбыўся адкрыты супраціў крашынцаў перад самавольным новым уладальнікам, паручнікам польскіх войскаў Станіславам Юрагам, памёр Станіслаў Багрым, дзед Паўлюка.

Фрагмент жырандолі,
якую выкаваў
Паўлюк Багрым
для крашынскага касцёла.

Можа, літаратуразнаўцы па-іншаму прачытаюць радкі славутага верша, даведаўшыся (упершыню) пра драму падлетка Багрыма, а не стануць услед за таннай сенсацыяй адмаўляць ягонае аўтарства і нават права лічыцца таленавітай асобай. Бо Паўлюк Багрым — Пятрок з Крашына, не стаў аж на столькі міфічнай асобай, як згаданы ў паліцэйскіх пратаколах грэцкі байкапісец Эзоп. Апроч вершыка (урыўка ў 29 радкоў), пакінуў Багрым іншае матэрыяльнае сведчанне свайго зямнога існавання — жырандолю, выкананую для роднага крашынскага касцёла паводле эскізаў уладальніка мястэчка Пятра Святаполка-Завадзкага ў 1881 годзе. Ці ведаеце, якія выявы адкаваў, быццам на дзяржаўнай пячатцы, на сваёй слыннай жырандолі Паўлюк Багрым? Прыгледзьцеся да ілюстрацый. Ці гэта святы Юры? Ці гэта наша святая Пагоня? Зрэшты, спадзеў малы. «Как одно из тёмных преступлений, для тупиц недоказуем гений» (Яўген Яўтушэнка).

І на трэцім стагоддзі ад нараджэння легендарнага каваля й мастака слова нас будуць хваляваць ягонае паднявольнае жыццё і незабітая прага творцы, каб хай не ў слове, забароненым яму для публічнага ўжытку, дык у метале звінець голасам неўміручага жаўрука.

Вядома, што, натхняючыся вобразам паэта-каваля, геній нашай літаратуры Уладзімір Караткевіч напісаў баладу (1957). Некалькі радкоў з яе, як выявілася, былі ў свой час знятыя (цэнзурай?) і не друкаваліся. Магчыма, з «антырэлігійных меркаванняў».

…Дагарае жыццё. Хто на ўлонне старому прытуліцца?
Ні дзяцей, ні нашчадкаў, даўно праляцела вясна,
Прагрымела паўстаннем, прайшла праз зялёную вуліцу,
Згасла ў подлай салдатчыне... Мусіць у рабстве сканаць.

Можа ў небе, дзе будуць Паэтаў саджаць каля Бога
Па таму, што «маглі бы зрабіць», калі б вольна жылі,
І Багрыма пасадзяць, хвастанага, напоўсляпога,
Нешчаслівага талента недарэчнай, каханай зямлі.

Мог бы славай грымець сярод годных паэтаў Еўропы, –
Гвалтам спуталі ногі, трымалі ўвесь час за руку.
Што пакіне ён? Вершык у памяці хлопаў,
Кандэлябру ў касцёле ды кроў на гарачым пяску…
.

Легенды, звязаныя з імем крашынскага каваля, працягваюць раскрывацца і ў ХХІ стагоддзі, чакаючы сваіх паэтаў... Аднолькава, як прычакаюць з’яўлення ў будучай «Беларускай каталіцкай энцыклапедыі» персаналіі духоўных апекуноў жыцця і творчай спадчыны Паўлюка Багрыма.

«Паўлюк Багрым» (1957).
Балада Уладзіміра Караткевіча.
Аўтограф. Друкуецца ўпершыню.

Магнушэўскi Войцах (Magnuszewski Wojcech; ? — снежань 1828), каталiцкi святар у Крашыне з 1810 г. «był to człek wielkiej nauki, i cnót niepospolitych»; памёр у сваёй парафіі пад хатнім арыштам за ўтрыманне нелегальнай школы, дзе распаўсюджваліся антыцарскія, антыпрыгонныя творы. Духоўны пастыр Паўлюка Багрыма, які наведваў парафiяльную школку пры касцёле Божага Цела ў Крашыне.

Жураўскi Карусь (Żurawski Karol, 1903—1994), ксёндз у мястэчку Крашын, дзе ў снежні 1939 г. зрабіў «фотакопii чатырох дакументаў пра сям’ю Багрымаў з мястэчка Крашын Наваградскага пав.» — касцёльных метрыкаў хросту і шлюбу П. Багрыма, метрыкаў смерці ягонай маці і бацькі — сенсацыйных дакументаў з жыццяпісу беларускага паэта. Рукапісу папярэднічае ўступнае слова «Апiсанне некалькiх метрык з сям’i Багрымаў, якiя я зрабiў падчас другой вайны» (цалкам рукапіс захоўваецца ў архіве Драгічынскай курыі на Беласточчыне). У 1940 г. зняволены бальшавікамі ў Баранавічах. Падчас вайны ўратаваў слынную жырандолю П. Багрыма, зробленую паэтам для мясцовага касцёла. Апошнія гады жыцця дажываў у кляштары святой Кацярыны (каля Вроцлава), дзе і памёр.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY