|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011. VII. СУТНАСЦЬ БОГА І ЯЕ ПАЗНАВАЛЬНАСЦЬ Складзенасць усіх рэчаў з магчымасці і здзяйснення, якая выяўляецца як усеагульная складзенасць з сутнасці і існавання, вядзе нас проста да прычыны існавання — ад існавання выпадковага да існавання неабходнага, самаіснага, і менавіта гэтае самаіснае існаванне мы называем Богам. «Я ёсць той, хто Ёсць» — вось сапраўднае імя Бога, як кажа св. Тамаш. Ці можам мы шляхам прыроджанай рэфлексіі пазнаць штосьці з Яго сутнасці і якасцяў, апрача таго, што Бог існуе і што існаванне — Яго сутнасць? Тут мы закранаем пытанні філасофскага метаду і тэалагічнага пазнання Бога. Усялякая навука, якая датычыць Бога, усялякі шлях пазнання Бога называецца тэалогіяй. Аднак, як мы ведаем, існуе не толькі тэалогія, заснаваная на Аб’яўленні, ці тэалогія надпрыродная, але таксама тэалогія філасофская, якая складае саму сутнасць метафізікі. Гаворка ідзе перадусім пра тое, ці гэтая філасофская тэалогія, гэтае філасофскае разважанне пра Бога адбываецца праз пазітыўнае сцвярджэнне пра Бога, г.зн. шляхам такіх сцвярджэнняў: Бог ёсць А, Бог ёсць Б і г.д., ці таксама яно развіваецца і паглыбляецца праз адмаўленне, праз запярэчанне, калі мы сцвярджаем: Бог не ёсць А, Бог не ёсць Б і г.д.? Гэтую першую тэалогію мы называем (у гэтым кантэксце, бо слова «пазітыўная» мае некалькі значэнняў) тэалогіяй пазітыўнай, сцвярджальнай, а другую — тэалогіяй негатыўнай, запярэчвальнай. Згодна з агульным меркаваннем, тамістычная тэалогія, якая звяртаецца да вучэння св. Тамаша, з’яўляецца перадусім тэалогіяй пазітыўнай, якая выказвае шэраг сцвярджэнняў пра Бога. Але гэта толькі на першы погляд, бо ў сутнасці тэалогія, якую распрацоўвае св. Тамаш, нашмат бліжэй да пазнання негатыўнага, г.зн. да пазнання Бога праз адмаўленне, праз запярэчанне, чым да пазнання сцвярджальнага. Тэза, што тамістычная тэалогія нашмат больш пазітыўная, чым негатыўная, гэта скажэнне сапраўднай канцэпцыі св. Тамаша, які робіць выразны націск на таямнічасці не толькі Бога, але ўсёй рэчаіснасці. Усё, што нас атачае, прасякнута таямніцаю, а тым больш таямніцаю ёсць Бог. Ён — таямніца таямніцаў. Мы пабачылі ўжо, што нам дадзена пазнаць існаванне, але разам з тым мы ўсведамляем, што сам факт існавання — дзівосная таямніца. Ёсць шмат рэчаў, якія мы добра ведаем, але калі больш уважліва задумаемся над імі, убачым, што з усіх бакоў нас атачае таямніца, што мы ахінутыя таямнічасцю. Чалавек асуджаны на тое, каб глядзець на гэтую рэчаіснасць, якая нас атачае, праз безліч заслонаў. Мы ўсведамляем гэта асабліва тады, калі думаем пра нашыя адносіны да Бога. Ужо ў Кнізе Зыходу ясна сказана, што смерць чакае таго чалавека, які б пабачыў аблічча Бога (пар. Зых 24, 11; 30, 21; 33, 20). Гэта да такой ступені перавышае магчымасці чалавека, што ён павінен быў бы памерці, бо мусіў бы выйсці з таго парадку, у якім знаходзіцца, калі б яму было дадзена пабачыць аблічча Бога. Вялікія філосафы паганскай старажытнасці добра разумелі, што тое, што з’яўляецца сапраўдным сэнсам усяго навокал нас, ад нас схаванае. Платон у славутым міфе, прыпавесці пра пячэру, гаворыць, што мы, уласна кажучы, бачым толькі цені. Мы, як нявольнікі, прыкутыя да лавак у цёмнай пячэры, і глядзім не на ўваход у пячэру, а толькі на супрацьлеглую ад уваходу сцяну. Звонку палае вогнішча, мінаюць нейкія постаці і на ўнутраную сцяну пячэры падаюць іх цені. Паводле Платона, толькі гэткім чынам мы пазнаем рэчаіснасць, бачым толькі цені таго, што ёсць насамрэч. Гэтак жа сама і вучань Платона Арыстоцель (пра гэта яшчэ будзе гаворка, калі будзем займацца чалавекам) кажа, што чалавечы інтэлект такі выдатны і такі дзівосны, але падобны да вачэй начной птушкі, прыстасаванай да таго, каб бачыць толькі ў цемры, бо бляск сонца яе цалкам асляпляе. Тое, што нас атачае, — цемра, і мы не можам убачыць сапраўднага зместу святла, якое акаляе гэтую цемру. На гэтым фоне для нас робіцца больш зразумелай і павучальнай дактрына св. Тамаша пра аналогіі быту і пра аналагічнасць пазнання (аналогія — гэта тое ж, што і падабенства). Тут гаворыцца перш за ўсё пра аналогію існавання. Калі мы кажам, што нейкая рэч існуе, то добра разумеем, што паміж існаваннем гэтай рэчы і існаваннем Бога ёсць толькі падабенства, аналогія. Існаванне Бога — гэта існаванне само ў сабе, якое знаходзіць абгрунтаванне і прычыну ў сабе, а існаванне ўсяго іншага — гэта існаванне прычаснае, пыртыцыпацыйнае (лац. participare — удзельнічаць). І таму як у існаванні, гэтак і ў сутнасці ёсць толькі далёкія аналогіі паміж тым, што запаўняе свет, у якім мы жывем, і Богам. Калі мы кажам, што нейкі прадмет А аналагічны прадмету Б, гэта значыць, што паміж А і Б ёсць нейкія мінімальныя ідэнтычнасці; нейкі адзін пункт, адзін момант такі самы ў гэтых прадметах, а ўсё іншае, уся рэшта — розныя. Менавіта таму, калі мы кажам, што ёсць аналогія паміж існаваннем свету, які нас атачае, паміж сукупнасцю існуючых рэчаў і існаваннем Бога — і паміж сутнасцямі гэтых рэчаў і сутнасцю Бога — то мы сцвярджаем, што ёсць толькі пэўныя пункцікі, нібы найдрабнейшыя моманты судакранання паміж гэтай і той рэчаіснасцю, а па-за імі — цэлае мора, цэлая прорва адрозненняў. Ужо само гэта кажа нам пра таямнічасць таго, Божага, парадку. Але тут трэба сказаць, што і ў прыродным парадку, у адносінах да ўсіх прадметаў, якія ўспрымаем пачуццёва, мы ўсведамляем, якія ў ім бездані таго, што недаступна нашаму пазнанню. Наколькі больш вакол нас, і перадусім у адносінах да Бога і да Божых справаў, невядомага, чым вядомага. Таму ўсведамленне таямніцы — гэта адна з рысаў, характэрных для ўсёй тэалагічнай і філасофскай думкі св. Тамаша. Але Тамаш парафразуе, пераіначвае пэўным чынам першае выказванне, якое падаў Арыстоцель у сваёй Метафізіцы. Арыстоцель напісаў там, што «кожны чалавек ад прыроды хоча ведаць, хоча пазнаваць» («Уступ» да Метафізікі). І гэта так натуральна для кожнага чалавека, што без такога імкнення да пазнання і без жадання рэалізацыі гэтага імкнення ён не быў бы чалавекам. Св. Тамаш кажа нешта большае ў сваёй Summa contra gentiles (III, 57, 4), ён піша: Omnis intellectus naturaliter desiderat divinae substantiae visionem — кожны інтэлект (чалавечы ці анёльскі), кожная разумовая пазнаваўчая здольнасць ад прыроды прагне сузіраць прыроду Бога (тут слова substantia азначае Божую прыроду). Гэтае імкненне натуральнае для кожнага чалавека, незалежна ад таго, усведамляе ён гэта ці не. Тут, аднак, мы натыкаемся на перашкоду: перш за ўсё мы ведаем, што калі штосьці пазнаем, то хочам дакладней акрэсліць гэтае штосьці; гэта называецца ў логіцы дэфініяваннем. Але гэткім чынам мы не можам акрэсліць, дэфініяваць Бога. Мы ведаем толькі, што трэба заўсёды паўтараць сабе, што існуе найдасканалейшы быт, сутнасць якога — існаванне. Вяртаемся да таго, што ўжо казалі, але не можам акрэсліць гэтую сутнасць, бо існаванне не ўдаецца ўкласці ў паняцце, а мы можам акрэсліць, дэфініяваць толькі тое, пра што мы маем паняцце: напрыклад, пладовае дрэва, яблыня, расліна. У дачыненні да існавання мы не маем такога паняцця, а толькі сцвярджаем, ведаем пра тое, што штосьці існуе; у нашым выпадку тое штосьці — гэта самаіснае існаванне. Мы не можам дэфініяваць Бога менавіта таму, што не можам мець паняцця Бога ў дакладным значэнні — можам лепш ведаць, чым Ён не ёсць, а не чым Ён ёсць. Таму мы асуджаныя на цемру, на ноч, як тыя людзі ў пячэры з міфа Платона, але адначасна мы можам быць пэўнымі, што на дне гэтай цемры, каля яе кораня, знаходзіцца рэчаіснасць, якою ёсць самаіснае існаванне, ці Бог. Вернемся зноў да гісторыі. Вось жа, быў аўтар, які, што праўда, меў у філасофскім плане цалкам іншы, чым св. Тамаш, падыход да гэтых справаў. Ён увогуле не закранаў праблемы існавання, бо быў вызнаўцам неаплатанізму, але на працягу ўсяго Сярэднявечча карыстаўся вялікай павагаю. Гэта быў так званы Псеўда-Дыянісій Арэапагіт. «Псеўда», бо пазней высветлілася, што ён не быў аўтарам твораў, якія яму прыпісваліся. У Сярэднявеччы яны карысталіся вялікай павагаю, бо думалі, што яны амаль гэтак жа блізкія да крыніцы, блізкія да Пана Езуса, як Апостальскія Лісты ці самі Евангеллі, паколькі павінны былі паходзіць нібыта ад Дыянісія, які быў навернуты да веры св. Паўлам у Арэапагу і пазней стаў біскупам Атэнаў. Вось гэты Псеўда-Дыянісій, з лістоў якога зрэшты карыстае св. Тамаш, інтэрпрэтуючы яго на свой лад, падкрэслівае негатыўнасць тэалогіі. На яго думку, перш за ўсё трэба падбіраць негатыўныя сцвярджэнні тыпу: Бог не ёсць гэтым, не ёсць гэным, не ёсць тым. Такі, паводле Псеўда-Дыянісія, шлях тэалогіі, шлях негатыўнага тэалагічнага разважання, якім пакрокава мы прыходзім да ўсведамлення таго, што такое Бог. Пасля св. Тамаша значэнне таямніцы ў тэалогіі падкрэсліваў вялікі мысляр ХV стагоддзя Мікалай з Кузы. Ён напісаў выдатны твор, прызначаны для бэнэдыктынскіх навіцыяў. Твор гэты не быў лёгкім і меў яскравую назву: De docta ignorantia («Усвядомленае няведанне»). Толькі тады чалавек набліжаецца да Бога, — кажа Мікалай Кузанскі, — калі ўсвядомлена разумее, што не здольны мець яснага і простага ведання Бога. «Усвядомленае няведанне» — гэта парафраза словаў, якія нібыта сказаў калісьці ў старажытнасці Сакрат: «Я ведаю толькі тое, што нічога не ведаю». Тут не ідзе гаворка пра скептыцызм і праграмнае няведанне. Не сказана: «я не магу нічога ведаць пра Бога», — але «я не магу пра яго ведаць так, як мне на першы погляд падаецца, што ведаю». Гэта ўсведамленне таго, што тут мы стаім перад таямніцаю. І мабыць, не трэба падкрэсліваць, колькі ў гэтым падабенства да св. Яна ад Крыжа: уся «ноч пачуццяў» і «ноч розуму» ў св. Яна — гэта развіццё тых жа матываў у сферы містычнага жыцця. Выказванні св. Тамаша на гэтую тэму вельмі ясныя. Так, у Quaestio disputata de potentia (7, 2, ad 1) ён кажа: Est idem esse Dei quod et substantia, et sicut eius substantia est ignota, ita et esse — існаванне ў Богу — гэта тое ж самае, што і Яго прырода, Яго субстанцыя (бо слова «субстанцыя» ў гэтым выпадку азначае прыроду, сутнасць). Сутнасць жа і існаванне ў Богу атаясамляюцца (мы мусім заўсёды памятаць пра гэтае фундаментальнае палажэнне). І гэтак жа, як невядомая Яго сутнасць, таксама невядомае і існаванне: sicut eius substantia est ignota ita et esse. І далей там жа (De potentia, 7,2, ad 11): quid est Deus nescimus — мы не ведаем, што такое Бог. Ведаем, што Ён ёсць, што Ён — самаіснае існаванне, але што такое самаіснае існаванне — гэта будзем ведаць толькі тады, калі будзем бачыць Бога. І яшчэ адно выказванне ў Summa contra gentiles (3, 34, 9): Quid vero sit Deus penitus manet ignotum. Інтэрпрэтуючы гэтае выказванне, Жыльсон піша, што цяжка знайсці штосьці больш невядомае, бо св. Тамаш кажа: што такое Бог, нам цалкам невядома — penitus manet ignotum. Гэтыя фразы вельмі выразна кажуць, што мы не можам мець пазітыўнага ведання пра Божую сутнасць, пра тое, што з’яўляецца сутнасцю існавання, якое ёсць прыродаю Бога, бо мы не спазнаём гэта на досведзе. У містычным досведзе хтосьці можа мець толькі прадчуванне, прадсмак гэтага, але не будзе магчы перадаць яго іншым: гэта застаецца яго неперадавальным містычным досведам. Для нас жа важныя праўды філасофскія, якія могуць быць перададзеныя ўсім. Бо калі «ўсвядомленае няведанне» ў пэўнай ступені датычыць усёй рэчаіснасці, то найбольш яно адносіцца да яе асновы, ці да Бога. Відавочна, што зазірнуць у гэтую таямніцу ўсіх таямніцаў нам дае пэўную магчымасць вера і Аб’яўленне. Перадусім маецца на ўвазе Аб’яўленне Тройцы. Тамаш кажа, што на тэму Тройцы філасофія нічога не можа нам сказаць. Іншай была пазіцыя св. Аўгустына, для якога паміж філасофіяй і верай няма выразнай мяжы і філасофскае мысленне нейкім чынам можа падводзіць нас да гэтых надпрыродных справаў. Аўгустын напісаў 15 кніг на тэму Тройцы, дзе пэўныя філасофскія трактоўкі павінны, на яго думку, аблегчыць зразуменне таямніцы Тройцы. Але для св. Тамаша ясна, што пра Святую Тройцу нам кажа толькі Аб’яўленне. Вера падае нам праўды, якія перавышаюць нашае разуменне. Мы разумеем, што догмат пра Тройцу паказвае нам, што ў Богу спалучаюцца множнасць і разнастайнасць з абсалютным адзінствам і прастатою; але гэтая праўда веры перавышае нашыя магчымасці яе разумення. Гэтаксама мы не ў стане зразумець спалучэння ў Богу поўнай дасканаласці і нязменнасці з паўнатой дынамізму жыцця. Што ўсё гэта дакладна значыць — мы не ведаем. Філасофія тут маўчыць; адкрываюцца толькі перспектывы веры і містыкі. Скрайнія вызнаўцы веры ў аднаго Бога звычайна маюць найбольш цяжкасцяў, калі гаворка ідзе пра догмат Тройцы. Іх цяжкасці вынікаюць перадусім з антропаморфнага (на чалавечае падабенства) разумення Бога. Калі гаворыцца, што Бог ёсць асобаю, што Бог асабовы, то памятайма: тут ідзецца пра выяўленне таго, што чалавечая асоба, з якой параўноўваем асобу Бога, гэта толькі нейкі слабы водбліск таго, што складае сутнасць поўнай асобы Бога. Дапамагчы тут можа толькі пазнанне аналагічнае. Нельга казаць, што Бог ёсць асобаю гэткаю, якой ёсць чалавек. Калі не прытрымлівацца такога тыпу аналагічнасці ў разуменні Бога, мы сустрэнемся з тымі цяжкасцямі, якія маюць скрайнія вызнаўцы веры ў адзінага Бога ў адносінах да догмату Тройцы. Пры ўсіх гэтых засцярогах, якія мы тут зрабілі, пры ўсім усведамленні таямніцы, неабходнасці аналагічнага пазнавання і разважання пра Бога, а таксама пры ўсім разуменні таго, што існаванне — гэта штосьці такое, што не паддаецца нашым паняццевым акрэсленням, перад намі, аднак, паўстае пытанне: ці мы сапраўды нічога не можам ведаць пра прыроду Бога? Св. Тамаш ясна кажа: Impossibile est igitur aliquid de Deo et rebus aliis univoce dici (C. gent. I, 32, 7) — нельга адназначна, гэта значыць не аналагічным чынам, меркаваць штосьці пра Бога і пра рэчы. Аднак у нейкім сэнсе мы можам пазнаць і пазнаём гэтыя нябачныя рэчы, таямнічыя якасці ці ўласцівасці Бога, праз пазнаванне «дасканаласці», ці розных уласцівасцяў, якасцяў у стварэннях. Яшчэ раз прыгадайма славутае выказванне св. Паўла, што мы ўсё ж можам пазнаваць не толькі тое, што Бог ёсць, але меркаваць штосьці больш пра Бога і Яго сутнасць на падставе сузірання свету (пар. Рым 1, 20). Калі кажам, напрыклад, што Бог добры, сапраўдны, жывы і г.д., мы мусім памятаць, што заўсёды пераходзім ад уласцівасцяў, якія назіраем у стварэннях, але ў абмежаваным выглядзе, да самай паўнаты і крыніцы гэтых якасцяў, і што заўсёды, калі мы гэта сцвярджаем, мы выказваемся няўцямна. Нашае суджэнне пра Божыя якасці не можа не быць няўцямным. Яно ніколі не можа быць дакладным выказваннем і азначэннем таго, пра што ідзе гаворка. Таму містыкі раяць больш маўчаць, чым выказваць нейкія сцвярджэнні. Яшчэ раз вяртаемся да таго, што адмаўленне, спалучанае з захапленнем, запярэчанне, маўчанне ёсць найпаўнейшым і найсапраўднейшым шляхам. Зразумела, што ў гэтым пазнанні якасцяў, а праз гэта і прыроды Бога, нам могуць дапамагчы розныя мадэлі, розныя вобразы. Мікалай з Кузы лічыў, напрыклад, што ў гэтым нам шмат можа дапамагчы матэматыка. Геаметрычныя мадэлі павінны былі б зменшыць неспасціжнасць Божай прыроды. Паколькі бясконцасць — гэта адна з найістотнейшых якасцяў Бога, то ў Богу спалучаюцца і яднаюцца ўсе тыя вартасці, якія мы назіраем у стварэннях рассеянымі і ў канечным, абмежаваным памеры. У Богу якасці, даведзеныя да бясконцасці, атаясамляюцца адна з адной, гэтак як трохкутнік з бясконца доўгім бокам зліваецца з простай лініяй. Матэматыка нічога не кажа нам пра тое, што Бог існуе, а матэматычныя мадэлі — толькі адзін са спосабаў, якія дапамагаюць нам зразумець неспасціжную Божую прастату, злучанаю з гэткім жа неспасціжным багаццем уласцівых Богу якасцяў. Падобным чынам св. Бонавэнтура, найвялікшы францішканскі Доктар, які так прыгожа пісаў пра свет, кажа, што кожнае стварэнне — люстэрка. Кожнае стварэнне, нават самае благое, у большай ці меншай ступені, у залежнасці ад сваёй дасканаласці, — гэта люстэрка, якое адлюстроўвае Божую дасканаласць. Бонавэнтура глядзіць на свет як на сістэму такіх люстэрак. Тут мы маем своеасаблівую філасофскую транскрыпцыю бачання св. Францішка. Усе гэтыя спосабы (напрыклад, матэматызм Мікалая Кузанскага ці экзэмплярызм Бонавэнтуры) могуць аблегчыць нам пазнаўчае спасціжэнне таго, што такое Бог. Але яны не даюць пэўнага ведання. Толькі аналагічнае пазнанне, надзвычай абмежаванае, вельмі недасканалае, з’яўляецца, аднак, пазнаннем пэўным, і дзякуючы яму мы можам ведаць, што на дне таямніцы, перад якою мы стаім, ёсць рэчаіснасць, а не пустата. Бо калі кажу: я ведаю, што нічога не ведаю, калі індус згадвае пра нірвану, — гэта не значыць, што прызнаецца нябыт альбо сцвярджаецца, што няма нічога. Тут абвяшчаецца толькі тое, што нас атачае вялікая таямніца. Перад гэтай таямнічай і такой вельмі рэальнай рэчаіснасцю «ноч пачуццяў» і «ноч розуму» падаюцца больш пэўным шляхам, чым нават самыя выдатныя матэматычныя ці метафарычныя мадэлі, якія павінны былі б дапамагчы нам на гэтым шляху. Тут выяўляецца незаменная роля містычнага досведу. А ў філасофіі аналагічнае мысленне і шлях адмаўлення з’яўляюцца адзіным шляхам, якім мы можам ісці, намагаючыся хоць на крыху пранікнуць у таямніцу Божай сутнасці.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|