|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
«ПАСТАВІЦЬ БОГА
|
|
| Святы Айцец Бэнэдыкт XVI |
У самыя важныя моманты жыцця трэба ўсведамляць, што мы становімся перад пытаннем: хочам ісці за сабою ці за Богам? На гэта звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI у сваім разважанні перад традыцыйнай нядзельнай малітвай «Анёл Панскі», якая адбылася 17 лютага на плошчы св. Пятра. Святы Айцец заклікаў вернікаў не баяцца ўступіць у барацьбу з духам зла і памятаць, што важна рабіць гэта з Хрыстом, Пераможцам.
«Дарагія браты і сёстры, у мінулую сераду, праз традыцыйны абрад пасыпання галоваў попелам, мы ўвайшлі ў перыяд Вялікага посту — час навяртання і перапрашэння на шляху падрыхтоўкі да Пасхі. Касцёл, які з’яўляецца маці і настаўніцай, кліча ўсіх сваіх членаў духоўна абнавіцца, рашуча звярнуцца да Бога, адкідаючы пыху і эгаізм, для таго, каб жыць у любові. У гэты Год веры Вялікі пост — гэта час, асабліва спрыяльны для адкрыцця веры ў Бога ў якасці базавага крытэрыя нашага жыцця і жыцця Касцёла. Гэта заўсёды прадугледжвае барацьбу, духоўнае змаганне, таму што дух зла, безумоўна, супрацьстаіць нашаму асвячэнню і спрабуе адвесці са шляху Божага. Таму ў першую нядзелю Вялікага посту кожны год абвяшчаецца Евангелле аб спакушэннях Езуса ў пустыні.
Езус, пасля таго як атрымаў «інвестытуру» як Месія — «намашчаны» Святым Духам праз хрост у Ярдане, быў Ім прыведзены ў пустыню, каб сустрэцца са спакусамі сатаны. На самым пачатку публічнага служэння Езус павінен быў выкрыць і разбурыць фальшывыя вобразы Месіі, якія спакусіцель прапаноўваў яму. Але гэтыя спакусы былі таксама фальшывымі вобразамі чалавека, які ў любы час здраджвае свайму сумленню, прымаючы зручныя і эфектыўныя прапановы, нават добрыя. Евангелісты Мацвей і Лука апісваюць тры спакусы Езуса, змяняючы толькі іх парадак. Галоўны сэнс гэтых спакусаў заключаўся ў тым, каб інструменталізаваць Бога для ўласных мэтаў, надаючы важнасць поспеху ці матэрыяльным дабротам. Спакусіцель подлы: ён не прама падштурхоўвае да зла, але праз добрыя ўчынкі, дазваляючы думаць, што сапраўдная рэальнасць – гэта ўлада і тое, што задавальняе першасныя патрэбы. Такім чынам, Бог становіцца на другое месца, ператвараецца ў сродак, становіцца нерэальным, не важным і знікае. Нарэшце, у спакусах на кон пастаўлена вера, таму што ўсё круціцца вакол пытання аб Богу. У самыя важныя моманты жыцця трэба ўсведамляць, што мы становімся перад пытаннем: хочам ісці за сабою ці за Богам? Выберам уласныя інтарэсы ці праўдзівае дабро, тое, што па-сапраўднаму з’яўляецца добрым?
Як навучаюць айцы Касцёла, спакусы з’яўляюцца часткаю «прыніжэння» Езуса да нашага чалавечага стану, да прорвы граху і яго наступстваў. «Прыніжэнне», якое Езус прайшоў да канца, аж да смерці на крыжы і адхлання, вялікага аддалення ад Бога. Такім чынам, Ён з’яўляецца рукою, якую Бог працягнуў чалавеку, згубленаму ягнятку, каб вярнуць яму збаўленне. Як навучае св. Аўгустын, Езус узяў ад нас спакусы, каб падарыць нам сваю перамогу. Не будзем баяцца і мы ўступіць у барацьбу з духам зла: важна тое, каб мы рабілі гэта разам з Ім, з Хрыстом, з Пераможцам. І каб быць з Ім, звернемся да Маці, Марыі: будзем усклікаць да Яе з сыноўскім даверам у час выпрабаванняў, і Яна дасць нам адчуць моц прысутнасці свайго Боскага Сына, каб адхіліць спакусы Словам Хрыста і такім чынам паставіць Бога ў цэнтр нашага жыцця. <...>
17 лютага 2013 г.
Паводле
«Беларускай рэдакцыі
Ватыканскага радыё».
Гл. таксама:
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ :: ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА ::
«КАСЦЁЛ НАЛЕЖЫЦЬ ХРЫСТУ...» ::
Арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ :: ГАМІЛІЯ ПАДЧАС СВЯТОЙ ІМШЫ ЗА СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI ::
|
|
|