Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Данута БІЧЭЛЬ

ПРА «ЗАБЫТЫ ВЕРНІСАЖ», І НЕ ТОЛЬКІ...

Наталля Маліноўская-Франке «Забыты вернісаж.
Творчасць мастакоў Гродзеншчыны 1860–1930-х гг.»,
«Канфіда», Мінск, 2012, серыя «Гарадзенская бібліятэка»

Наталля Маліноўская вырасла ў мяне на вачах. Бог прыслаў яе да добрых продкаў, у добры час, у добрае месца, у дом па вуліцы Цаглянай,10. Яе дзядуля Маліноўскі Міхал Нічыпаравіч, родам з вёскі Ванілевічы на Капыльшчыне, у трыццатыя гады скончыў архітэктурны тэхнікум у Ленінградзе і працаваў архітэктарам у Мінску. У 1939 годзе з архітэктурнай групай быў пасланы ў Беласток, адкуль пайшоў у партызаны. Пасля вайны спыніўся ў Гародні, дзе стварыў «Гроднапраект», спачатку як філіял мінскага, а пасля як самастойную арганізацыю. Кіраваў ім усё жыццё, а выбраў для жыцця прыгожы дом, з вокнаў якога відаць фарны касцёл. У тым доме жыло шмат людзей і яго гаспадары Валюды, але яны выехалі ў Польшчу, іншыя людзі раз’ехаліся, паўміралі, і дом застаўся Маліноўскім.

Продкі Наталлі па маці, Сымон і Агата Амільяновічы, паходзілі з-пад Нягневічаў. Іх дачка Надзя пазнаёмілася з Тодарам Галубовічам у бежанстве ў Казані. Ён працаваў тэхнолагам на заводзе, дзе рабілі бомбы. Пасля бежанства Тодар і Надзя вярнуліся ў вёску Гаркавічы да бацькоў Вінцэнта і Аўхімы. Гэта баярская вёска, — там жылі людзі, якія перавозілі пошту караля. Тодар памёр пасля аперацыі на апендыцыт у Гародні, пакінуўшы Надзю і пяцёра дзяцей. Малодшая дачка Валянціна — гэта бабуля Наташы. Пасля перадзелу межаў і розных пературбацый Надзя Галубовіч з дзецьмі пабудавала дом у Гародні па вуліцы Збажовай. Надзя Галубовіч была дзелавой гаспадыняй. Усіх дзяцей уладкавала. Валянціна выйшла замуж за вайскоўца Рыгора, чыя частка стаяла пасля вайны ў Гародні. Пры Хрушчове частку расфармавалі. Рыгор уладкаваўся ва ўнівермаг, дзе працавала прадаўцом Валянціна. Бацькі Наталлі пазнаёміліся ва ўніверсітэце: Таццяну пасвячалі ў студэнты, Аляксандр уручаў ёй студэнцкае пасведчанне. Сябравалі. Калі ён скончыў універсітэт, пажаніліся. На чацвёртым курсе ў Таццяны нарадзілася Наташа…

Пасля вучэльні Таццяна працавала ў Гісторыка-археалагічным музеі, Наталля расла пры ёй. Аднойчы ў музей увайшоў мастак Пётра Сергіевіч, які прывёз з Вільні сваю карціну «Кастусь Каліноўскі перад паўстанцамі»… Гэта была знакавая сустрэча!

Бацькі любілі мастацтва, таму аддалі Наталлю ў мастацкі гурток пры Палацы піянераў, якім кіраваў Браніслаў Андрэевіч Шышко. Ён даваў дзецям шырокае выхаванне: запрашаў на заняткі мастакоў, хадзіў з дзецьмі на пленэры. Шасцігадовая Наталля на гарадскім конкурсе атрымала першую прэмію за малюнак «Гадкае качаня». У горадзе ўжо працавала мастацкая школа, але Наталля не хацела пакідаць сваіх сяброў па гуртку, таму яна наведвала і школу, куды яе прынялі па малюнках адразу ў другі клас, і гурток. Сярэднюю школу скончыла з залатым медалём, паступіла на факультэт філалогіі і культуры Гродзенскага ўніверсітэта, дзе гісторыю беларускай культуры чытала яе мама. Наталля вучылася, і яе запрасілі з чацвёртага курса выкладаць у мастацкай школе гісторыю мастацтва. Перарабіла там праграму: на першым курсе выкладала беларускае мастацтва, на другім — сусветнае (рускае ўваходзіла ў яго праграму). Дыпломную працу ва ўніверсітэце абараняла па творчасці Яна Хруцкага. Універсітэт скончыла з чырвоным дыпломам. Магла далей працаваць у мастацкай школе, ды яе пераманілі ў газету «Głos z-nad Niemna». Польскую граматыку Наталля вывучыла ва ўніверсітэце. Дадаткова ўдзельнічала ў семінарах фонда імя Сапегі як перакладчыца з беларускай мовы на польскую і наадварот…

Калі адпачыла ад вучобы і вырашыла, што трэба вучыцца далей, то выбрала мастацтва. Прадстаўляла мастакоў на выставах у галерэі імя Тызенгаўза. Па просьбе сяброў-мастакоў выязджала з выставамі ў Вільню…

Паступіла ў аспірантуру Акадэміі мастацтваў у Мінску на завочнае аддзяленне. У 2006 годзе атрымала стажыроўку па праграме Caude Polonia ў Польшчы. Куратарка з Музея сучаснага мастацтва ў Варшаве Ганна Ракоўская пазнаёміла Наталлю з прафесарам Гэленай Стэмпень, якая выдала трохтомнік крыніц Мюнхенскай мастацкай акадэміі «Польскія мастакі ў мюнхенскім асяроддзі ў гадах 1828–1914», што дало значны штуршок у працы над дысертацыяй.

Даследчыца ўсцешылася, што ў канцы яе жыццёвай дарогі з’явілася дзяўчына, якая займаецца вывучэннем мастакоў Мюнхенскай школы, падаравала Наталлі трохтомнік, а першага тома ў аўтаркі не было, то яна аддала пераплеценую карэктуру кнігі з уласнымі праўкамі, з аўтографам.

У Каралеўскай акадэміі ў Мюнхене пасля паўстання не выдавалі палітычных уцекачоў, навучэнцы не лічыліся эмігрантамі, маглі вярнуцца пасля сканчэння на Радзіму, і многія пазней працавалі выкладчыкамі мастацкага факультэта ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Гэта яны стваралі падмуркі нацыянальнага мастацтва: Казімір Альхімовіч, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Альфрэд і Эдвард Ромэры, Ігнацы Карвін-Мілеўскі…

Ва ўсёй Еўропе жанчыны не залічваліся ў класы, вучыліся ў прыватных студыях. Марыя Магдалена Бутаўт-Анджэйковіч з вёскі Баландычы, што каля Гародні, была першай жанчынай з Беларусі, якая атрымала прафесійную мастацкую адукацыю ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі мастацтваў у сямідзясятыя гады ХІХ ст.

Так Наталля збірала звесткі ў музеях, мастацкіх галерэях, архівах і бібліятэках Варшавы, Кракава, Вільні і Пецербурга, у Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь.

На прэзентацыі кнігі ў галерэі «Крыга» яна расказала, як трапіла ў Правінцыйны архіў Варшаўскай правінцыі назарэтанак. Галоўная архівістка сказала ёй, што са спадчынай Марыі Гажыч, якая ў манастве насіла імя Паўла, па статуце кляштара — свецкая асоба і працаваць не мае права, але тут жа пачала паказваць альбомы, карціны, фотаздымкі, перапіску, водгукі пра выставы і крытычныя артыкулы пра творы мастачкі. У інтэр’еры касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гародні знаходзяцца абразы Марыі Гажыч «Святы Юзаф-цясляр», «Святы Клеменс», «Святы Пётр», «Маестат Марыі». Вернікі ведаюць гэтыя абразы, ведаюць, дзе пахавана Марыя Гажыч на старых каталіцкіх могілках, ды амаль не ведалі пра мастачку, пакуль не прачыталі ў часопісе «Наша вера», а пасля ў кнізе…

Улетку з мамай Таццянай, дачкой Паўлінай і Яўгенам Шунэйкам Наталля ездзіла па мясцінах мастакоў Гродзеншчыны.

Аб’ехалі родныя мясціны Станіслава Жукоўскага — Ендрыхоўцы, Свіслацкую пушчу, берагі рэчкі Рось, Падароск, маёнтак Марыі Бутаўт-Анджэйковіч Гарнастаевічы, маёнтак Казіміра Альхімовіча Дзембрава, родныя мясціны Марыі Гажыч — Сягенёўшчыну ў Ваўкавыскім раёне… А ў Тапаляны не трапілі, бо яны знаходзяцца на Падляшшы. Без аглядання мясцінаў нельга ўглыбіцца ў душу мастацтва.

Наталля пісала дысертацыю пра мастакоў Гродзеншчыны, але ведала, што ёсць зацікаўленыя людзі, якія пражылі жыццё і мала ведаюць пра мастацтва свайго рэгіёна на сумежжы еўрапейскіх і ўсходніх традыцый. На культуру, і ў ёй на мастацтва, тут уплывалі падзеі гісторыі, найважнейшымі вехамі ў якой былі войны. Наталля зрабіла экскурс у мінулае мастацтва, пачынаючы ад паўстання 1863 года, якое мела ўплыў на ўсе аспекты жыцця.

«…Як еўрапейскія творцы, стомленыя рэалізмам, які перарадзіўся ў натуралізм, шукалі і знаходзілі новыя сімвалы… імпрэсіянізм выклікаў недавер мастакоў з акадэмічнай адукацыяй — яны бачылі недапрацаванасць малюнка, штучнасць, занядбанасць кампазіцыі... інтуіцыя штурхала да ўнутранай рэчаіснасці праз сімвалы...

…Сімвалізм, звязаны з сецэсіяй, ахапіў усе магчымыя сферы жыцця ад дэкаратыўна-прыкладнога да прамысловага дызайну, графічнага афармлення кніг, да архітэктуры, жывапісу, нават сакральнага… лінія доўгая, гнуткая, капрызная, хвалістая, рытмічна неспакойная, як контурная, і плоская пляма з экзатычнымі матывамі флоры і фаўны…»

Аўтарка зрабіла сціслы агляд літаратуры беларускіх даследчыкаў па тэме, вывучала расейскую, нямецкую, літоўскую і польскую літаратуры. Абагульняла тое, што было напісана пры жыцці Станіслава Жукоўскага ў Расіі і ў Польшчы. Вывучала ў Мюнхене творчае жыццё мастакоўскага асяродку Каралеўскай акадэміі мастацтваў, мастацкія групоўкі ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, ролю Фердынанда Рушчыца на мастацкім факультэце ўніверсітэта ў стварэнні новага пакалення мастакоў у авалоданні класічнай формай, рэалістычнай традыцыяй і чысцінёй малюнка. Вывучала тэчкі і каталогі выставаў з удзелам мастакоў Гродзеншчыны ў музеях і архівах, заходзіла на інтэрсайты еўрапейскіх аўкцыёнаў, дзе шырока прадстаўлена мастацтва С. Жукоўскага, М. Гажыч, К. Стаброўскага, С. Богуша-Сестранцэвіча, Л. Дабжынскага, К. Чурылы і іншых, шматлікія публікацыі ў часопісе «Мастацтва» і газетах, аўтарскія альбомы. З кнігі даведваемся пра мецэнатаў і філантропаў, такіх, як граф Ігнацы Корвін-Мілеўскі з Геранёнаў, які з прыватнай калекцыяй твораў мастацтва ладзіў выставы ў Вене.

Станіслаў Жукоўскі ў 1892 годзе паехаў з родавых Ендрыхоўцаў у Маскоўскую вучэльню жывапісу, удзельнічаў там у выставах «перасоўнікаў» і быў «прыпісаны» да расейскіх мастакоў. Калі ж пасяліўся ў 1923 годзе ў Варшаве, выстаўляў свае творы ў «Захэнце», у Салоне Ф. Рыхлінга, быў сябрам мастацкага аб’яднання «Pro Arte», ствараў настальгічныя краявіды родных мясцінаў — тады лічыўся польскім мастаком. Інакш — быў сусветным мастаком.

Запознены рамантызм як стыль і як настрой і як галоўная нацыянальная ідэя ці спрадвечная мара пра незалежную Краіну — увесь час наперадзе. Іх тут як бы і не было. Яны тут узгадаваліся, сюды вярталіся на пленэры і адпачынак, тут іх любілі і чакалі, іх натхнялі людзі і прырода сваіх засценкаў, так праяўляліся іх адметнасць, дух, душа…

Што адчувае паляк, аглядаючы «Зямлю» Фердынанда Рушчыца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве? Што я адчувала, аглядаючы гэтае дзейства, я не магу перадаць словамі, але ёсць слязіна, якая прыходзіць на дапамогу ў такім выпадку…

Наталля злучыла мастакоў з Гродзеншчыны ў адну кнігу, не забірала іх у палякаў, літоўцаў і расейцаў — яны па праве належаць той культуры, у якой працавалі, але іх творчасць зрабіла ўплыў на традыцыі Гродзеншчыны і ўсёй Краіны, таму іх можна называць і беларускімі мастакамі Гродзеншчыны. У гэтым спісе аказаліся вядомыя імёны і імёны, зусім невядомыя. Наталля знайшла новыя творы, шляхі і месцы пошукаў згубленых твораў. Збірала і афармляла дысертацыю 2 гады, а як абаранілася, то і падумала, што гэта можна выдаць як кнігу. Гэтую думку падмацавала мама, якая ўвесь час была побач, хоць жывуць яны цяпер па розныя бакі ад мяжы з Польшчай — Таццяна застаецца ў Гародні, а Наталля спынілася ў Франкфурце-на-Одэры, выйшла замуж…

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна на прэзентацыі кнігі сказала, што гэта кніга патрэбная для зацікаўленых чытачоў, знойдзены новыя імёны і новыя творы. Добра напісаны раздзел пра мюнхенскае асяроддзе. Навуковым кіраўніком дысертацыі быў доктар мастацтвазнаўства Валерый Іванавіч Жук — ён накіроўваў даследчыцу і мог абараніць яе тэкст перад строгімі апанентамі.

Прыдзірлівы чытач заўважыць некаторыя паўтарэнні ў раздзелах. Прадумаць будову кнігі не проста. Калі біяграфіі мастакоў напісаць у паасобных раздзелах, тады цяжэй прасачыць, як хвалі розных стыляў каціліся з Еўропы і з Расіі, сутыкаліся, нагрувашчваліся адна на другую, стваралі новыя стылі. Аўтарка па перыядах знаёміць са стылямі і тэндэнцыямі — ад настраёвай стылізацыі пейзажаў Фердынанда Рушчыца праз класіцызм Людаміра Сляндзінскага, рэалізм Кубіцкага, рамантызм Яманта, постмадэрнізм Штурмана да каларызму Несялоўскага… Пра кожнага з гэтых творцаў можна напісаць кнігу.

У асобным раздзеле чытаем пра дзейнасць збіральніка музейных калекцый, гісторыка і краязнаўца, заснавальніка першага ў Гародні дзяржаўнага музея Юзафа Ядкоўскага, які не проста арганізоўваў выставы, але і ствараў умовы, каб таленавітыя мастакі маглі маляваць краявіды горада і яго ваколіцаў. Так, запрошаны сюды Зых Буйноўскі намаляваў цыкл «Старое Гродна», скульптар Рамуальд Зэрых у 1929 годзе стварыў помнік Элізе Ажэшцы.

У канцы кнігі ёсць «Кароткі біяграфічны слоўнік мастакоў Гродзеншчыны (1860—1930)» у алфавітным парадку, які вельмі дапамагае чытачу…

Вокладку кнігі ўпрыгожвае абраз «Святы Губерт» Луцыі Балзукевіч, напісаны ў 1934 годзе ў Вільні (ён знаходзіцца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары). Наталля знайшла яго нечакана, у касцёльных вопісах ён не лічыўся творам мастацтва, і невядома, якім шляхам трапіў у вясковы касцёл… Святы Губерт апякуецца паляўнічымі і нашым горадам. У мінулым дзень святога Губерта адзначалі як свята Гародні — нацыянальная інтэлігенцыя спрабуе аднавіць гэтую традыцыю. На карціне паляўнічы Губерт з сабакамі кленчыць перад аленем, між рагамі якога ззяе залаты крыж. Алень з крыжам стаў гербам Гародні. Пра сустрэчу з гэтым цудоўным аленем мараць беларускія дзеці...

Цешыць той факт, што моладзь выязджае ў свет шукаць сваёй долі, але не парывае сувязі з роднай культурай і памнажае яе здабыткі. Адзін зацікаўлены гродзенскі чытач, па прафесіі мастак, настойліва шукаў кнігу Наталлі Маліноўскай «Забыты вернісаж» — яна ў кнігарнях не прадаецца, — а як знайшоў, прачытаў і аўтарытэтна заявіў, што гэта добрая кніга.

Данута Бічэль,
Гродна


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY