Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Уводзіны


Клайв Стэйплз Льюіс (Clive Staples Lewis; 1898–1963) — англійскі пісьменнік, навуковец і багаслоў, выкладчык англійскай мовы і літаратуры Оксфардскага ўніверсітэта, член Брытанскай акадэміі навук і Каралеўскага літаратурнага таварыства. Вядомы даследаваннямі сярэднявечнай літаратуры, творамі па хрысціянскай апалагетыцы, апавяданнямі і раманамі ў жанры фэнтэзі. Аўтар двух зборнікаў вершаў пад псеўданімам Клайв Гамільтан. Падчас Другой сусветнай вайны працаваў у рэлігійнай службе радыё Бі-бі-сі — паводле матэрыялаў гэтых радыёперадач напісаў кнігу «Проста хрысціянства». Атрымаў сусветную вядомасць дзякуючы цыклу апавяданняў «Хронікі Нарніі» (The Chronicles of Narnia, 1950–1954). Найбольш вядомыя рэлігійныя творы: «Праблема пакутаў» (The Problem of Pain, 1940), «Лісты Прайдзісвета» (The Screwtape Letters, 1942), «Вялікі разрыў» (Great Divorce, 1945), «Проста хрысціянства» (Mere Christianity, 1952), «Роздумы аб псальмах» (Reflections on the Psalms, 1958), «Чатыры віды любові» (The Four Loves, 1960).
 

«Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16), — кажа святы Ян. Калі я ўпершыню спрабаваў пісаць гэтую кнігу, мне здавалася, што яго словы пакажуць мне просты і верны шлях у разважаннях на ўзнятую тэму. Мне падумалася, я здолею сказаць, што кожны від чалавечай любові заслугоўвае гэтага наймення толькі ў той ступені, у якой ён падобны да той любові, якою ёсць Бог. Такім чынам, найперш я размежаваў тое, што назваў любоўю-дарам і любоўю-патрэбаю. Тыповы прыклад любові-дару — гэта любоў, якая натхняе чалавека працаваць, ствараць планы, назапашваць дабро дзеля будучага дабрабыту сваёй сям’і, нягледзячы на тое, што пры жыцці ён не ўбачыць і не скарыстаецца плёнам сваёй працы. Любоў другога віду прымушае самотнае або напалоханае дзіця кідацца ў абдымкі маці.

У мяне не было сумневаў у тым, якая з гэтых дзвюх больш падобная да Любові-Бога. Яго любоў — гэта любоў-дар. Айцец аддае ўсяго сябе і ўсё, што Ён мае, Сыну. Сын у сваю чаргу ахвяруе сябе Айцу і свету. Ён аддае сябе Айцу замест свету і такім чынам праз сваю Асобу вяртае Айцу і сам свет.

А з іншага боку, што можа быць менш падобнае да ўсіх нашых ўяўленняў пра Бога, чым любоў-патрэба? Ён не мае недахопу ні ў чым, а нашая любоў-патрэба, як заўважыў Платон, з’яўляецца «дзіцем галечы». Гэта трапнае назіранне, якое раскрывае сутнасць нашай натуры. Мы нараджаемся бездапаможнымі. Ледзь дасягнуўшы поўнай свядомасці, мы адкрываем для сябе ўласную адзіноту. Нам неабходныя іншыя людзі ў фізічным, эмацыйным, інтэлектуальным плане. Яны патрэбныя нам, каб спасцігнуць і зразумець хоць нешта, у тым ліку і саміх сябе.

Я чакаў, што напішу просты хвалебны водгук на першы від любові і ганебны — на другі. Многае з таго, што я збіраўся сказаць, і цяпер здаецца мне справядлівым. Я працягваю лічыць так: калі ўсё, што мы разумеем пад словам «любоў», — гэта шалёнае жаданне, каб нас саміх любілі, тады становішча нашае вартае вялікага жалю. Але цяпер я скажу таксама (разам з Мак-Дональдам1, маім настаўнікам), што, маючы на ўвазе выключна гэтае жаданне, мы блытаем любоў з нечым іншым, што зусім ёю не з’яўляецца. Цяпер я не магу пазбавіць любоў-патрэбу наймення любові. Кожны раз, спрабуючы ў сваёй кнізе высветліць гэтае пытанне да канца, я бянтэжыўся і заблытваўся ў супярэчнасцях. Рэальнасць аказалася больш складанаю, чым мне здавалася.

Па-першае, не называць любоў-патрэбу «любоўю» — гэта гвалт для большасці моваў, і для нашай таксама. Зразумела, мова — не бязгрэшны правадыр, але, нягледзячы на недахопы, у ёй заключанае багацце досведу і трапнага разумення сутнасці рэчаў. Калі вы пагарджаеце моваю, пазней яна можа адпомсціць за сябе. Лепей для нас не браць за прыклад Жаўтуна Баўтуна і не надаваць словам сэнс паводле сваіх прыхамацяў.

Па-другое, мы павінны асцерагацца, называючы любоў-патрэбу «ўсяго толькі эгаізмам». Усяго толькі — заўсёды небяспечныя словы. Няма сумневу, што сваёй любові-патрэбе можна эгаістычна патураць, як і любому іншаму імпульсу. Страшная рэч — тыранічная, ненажэрная прага любові. Але звычайна ніхто не кліча эгаістам дзіця, якое туліцца да маці, каб атрымаць ласку і суцяшэнне; або дарослага, што шукае кампаніі свайго сябра. І дзеці, і дарослыя, хто хоць зрэдку так робіць, звычайна не самыя бескарыслівыя людзі, і, адчуваючы любоў-патрэбу, неабходна часам утаймоўваць, цвёрда стрымліваць яе. Аднак ніколі не адчуваць любові-патрэбы азначае быць закончаным эгаістам. Паколькі мы сапраўды патрэбныя адно аднаму, — «Не добра, каб чалавек быў адзін» (Быц 2, 17) — адсутнасць таго адчування, якое мы ўсведамляем як любоў-патрэбу, або, інакш кажучы, ілюзорнае адчуванне, што чалавеку добра быць у адзіноце, — гэта дрэнны духоўны сімптом. Падобна, адсутнасць апетыту з’яўляецца дрэнным медыцынскім сімптомам, бо чалавеку сапраўды патрэбная ежа.

Але, па-трэцяе, мы падыходзім да нечага нашмат больш важнага. Кожны хрысціянін згодзіцца, што духоўнае здароўе чалавека дакладна прапарцыянальнае ягонай любові да Бога. Але па самой сваёй сутнасці нашая любоў да Яго заўсёды ў большай ступені, а часта нават і цалкам, з’яўляецца любоўю-патрэбаю. Гэта становіцца відавочным, калі мы молімся аб прабачэнні сваіх грахоў або аб падтрымцы ў няшчасцях. Але з цягам часу яшчэ больш выразна гэта выяўляецца ў тым, як у нас узрастае — і павінна ўзрастаць — усведамленне, што ўся нашая істота па сваёй натуры з’яўляецца адною бяскрайняю патрэбаю. У сваёй незавершанасці, прымітыўнасці, пустэчы, загрувашчанай абы-чым, мы ўсклікаем да Яго — адзінага, хто здольны развязаць моцна знітаванае, і звязаць тое, што цяпер незамацаванае. Я не сцвярджаю, што чалавек няздатны прынесці Богу нічога, апроч любові-патрэбы. Узвышаныя шляхетныя душы могуць распавесці нам, як шмат дасягнулі апроч гэтага. Але мне здаецца, яны ж будуць першымі, хто скажа, што гэтыя вышыні перастануць быць сапраўднаю Божаю ласкаю, ператворацца ў неаплатанічныя і ў рэшце рэшт д’ябальскія ілюзіі ў той самы момант, калі чалавек асмеліцца думаць, што можа пражыць за іх кошт і таму назаўжды адпрэчыць элемент патрэбы. «Найвышэйшае, — кажа Тамаш Кэмпійскі ў кнізе “Следам за Хрыстом”, — не бывае без найніжэйшага». Бессаромным і бязглуздым было б тое стварэнне, якое прыйшло б да свайго Стварыцеля, пахваляючыся: «Я не жабрак. Я люблю Цябе бескарысліва». Тыя, хто наблізіўся да любові-дару ў адносінах да Бога адразу ж, нават у тое самае імгненне, пачнуць біць сябе ў грудзі разам з мытнікам і вызнаваць сваё ўбоства перад адзіным сапраўдным Даўцам. І Бог з гэтым згаджаецца. Ён так кажа пра нашую любоў-патрэбу: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя» (Мц 11, 28), а ў Старым Запавеце: «Разамкні твае вусны, і Я напоўню іх» (пар. Пс 81, 11).

Такім чынам, любоў-патрэба ў сваёй найвышэйшай праяве або супадае, або, прынамсі, з’яўляецца асноўнаю часткаю найлепшага, найбольш узнёслага і рэалістычнага духоўнага стану чалавека. Адсюль вынікае незвычайная, вельмі дзіўная выснова — чалавек знаходзіцца найбліжэй да Бога тады, калі ў пэўным сэнсе найменш да Яго падобны. Бо што можа быць больш непадобнае адно да аднаго, чым паўната і нястача, улада і немач, праведнасць і пакаянне, усемагутнасць і заклік аб дапамозе? Калі я ўпершыню заўважыў гэты парадокс, ён надзвычай мяне ўразіў і знішчыў усе мае папярэднія спробы пісаць аб любові. Калі мы сутыкаемся з ім, напрошваюцца наступныя высновы.

Мы павінны адрозніваць дзве рэчы, якія называюць «блізкасцю да Бога». Першая — гэта падабенства да Бога. Я мяркую, што Бог уклаў пэўнае падабенства да сябе ва ўсё, што стварыў. Прастора і час па-свойму адлюстроўваюць Яго веліч, жыццё — Яго плённасць, жыццё жывёлаў — Яго здольнасць дзейнічаць. Падабенства чалавека — больш поўнае, бо ён надзелены розумам. Анёлы, як мы верым, падобныя да Бога тым, чаго пазбаўлены чалавек, — сваёю несмяротнасцю і інтуітыўным веданнем. У гэтым сэнсе людзі — і добрыя, і злыя — і анёлы, нават пасля падзення, больш падобныя да Бога, чым жывёлы. У гэтым сэнсе іх натура «бліжэйшая» да Боскай. Але зусім іншая рэч — тое, што можна назваць блізкасцю праз набліжэнне. Калі мы маем на ўвазе менавіта гэтае, чалавек знаходзіцца «найбліжэй» да Бога, калі ён найбольш упэўнена і хутка ідзе да сваёй канчатковай еднасці з Богам, бачання Бога і радасці ў Богу. І як толькі мы адрознім блізкасць паводле падабенства ад блізкасці праз набліжэнне, мы ўбачым, што гэта не адное і тое ж.

Магчыма, зразумець гэта дапаможа такая аналогія. Давайце ўявім, што мы прагульваемся ў гарах і накіроўваемся цяпер дадому, у вёску. Апоўдні мы падымаемся на скалу і там, калі ўлічваць адлегласць, мы знаходзімся вельмі блізка ад дома, бо вёска акурат пад намі. Да таго месца можна дакінуць каменем. Але мы не альпіністы і не можам спусціцца туды. Нас чакае доўгі вакольны шлях дамоў міляў у пяць. Фактычна, робячы па дарозе такое кола, мы ў пэўныя моманты апынаемся далей ад сваёй вёскі, чым калі сядзелі на скале, але гэта толькі справа адлегласці. Насамрэч, рухаючыся наперад, мы ўжо нашмат бліжэй да таго, каб вымыцца і выпіць гарбаты.

Паколькі Бог благаслаўлёны, усемагутны і творчы, у пэўным сэнсе шчасце, сіла, свабода і творчая плённасць (і розуму, і цела), напаўняючы жыццё чалавека, робяць яго падобным да Бога і такім чынам набліжаюць да Яго. Але ніхто не будзе думаць, што гэтыя дары абавязкова звязаныя з нашым узрастаннем у святасці. Ніякія багацці не стануць пропускам у Нябеснае Валадарства.

На вяршыні скалы мы бліжэй да сваёй вёскі, але як доўга там ні сядзі, бліжэй да ванны і гарбаты не станеш. Таму тут блізкасць да Бога паводле падабенства, якою Ён, як дарам, надзяліў некаторыя свае стварэнні або дазволіў ім час ад часу перажываць такі стан — гэта нешта завершанае, убудаванае і маналітнае. А блізкасць праз набліжэнне можа павялічвацца і ўзрастаць — гэта бачна па самім значэнні слова. І калі падабенства проста дадзенае нам, і мы можам адгукнуцца на гэты дар з удзячнасцю або не, можам выкарыстоўваць яго або занядбаць, набліжэнне — зусім іншая рэч. Натхнёнае і падтрыманае Божаю ласкаю, набліжэнне — гэта нешта, што мы павінны зрабіць самі. Усе стварэнні на свой капыл з’яўляюцца адлюстраваннем Бога, гэта не патрабуе іх удзелу і нават згоды. Не так яны становяцца Божымі дзецьмі. І падабенства, якое яны атрымліваюць праз гэтае сыноўства, — зусім не партрэтнае. З аднаго боку, гэта больш чым падабенства, бо яно азначае ўнісон, еднасць волі стварэння з Божаю воляю, але з іншага боку — паўстаюць усе тыя адрозненні паміж Стварыцелем і стварэннем, пра якія мы тут узгадвалі. Таму, як сказаў лепшы за мяне аўтар, нашае наследаванне Бога ў гэтым жыцці (да якога мы прыкладаем свае намаганні і якое адрозніваецца ад Божага падабенства, адлюстраванага ў нашай натуры або стане) павінна быць наследаваннем уцелаўлёнага Бога. Узор для нас — Хрыстус. Не толькі з Кальварыі, але і з майстэрні, з дарогі, Той, што быў сярод натоўпу, настойлівых патрабаванняў і злосных пярэчанняў, у недахопе супакою і адасобленасці, сярод перашкодаў. І выходзіць, што гэтае жыццё, на дзіва непадобнае да ўсяго, што можа быць аднесена да жыцця Божага, не толькі да яго падобнае, але ім насамрэч з’яўляецца. Яно і ёсць Божым жыццём — тым, якое развіваецца ў зямных умовах.

Цяпер мне варта растлумачыць, чаму я палічыў патрэбным вынайсці гэтыя адрозненні ў трактоўцы паняццяў любові. Я доўга разважаў над словамі святога Яна аб тым, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16) у адносінах да выказвання аднаго сучаснага аўтара, Дэні дэ Ружмона2: «Любоў толькі тады перастае быць дэманам, калі перастае быць богам». У перыфразе гэта гучыць так: «становіцца дэманам, калі становіцца богам». Мне здаецца, абедзве думкі павінны абавязкова знаходзіцца ў раўнавазе. Калі мы не ўлічым гэтага, тады тая праўда, што Бог ёсць любоў, стане значыць для нас абсалютна супрацьлеглае — што любоў ёсць Богам.

Думаю, што кожны, хто калі-небудзь разважаў над гэтым пытаннем, зразумее, што мае на ўвазе Дэні дэ Ружмон. Чым вышэй чалавечая любоў, тым больш яна схільная патрабаваць для сябе боскіх паўнамоцтваў. Яе голас гучыць так, быццам сам Бог абвяшчае ў ім сваю волю. Гэты голас заклікае нас не лічыцца з цаною, вымагае суцэльнага падпарадкавання, спрабуе перакрэсліць усе іншыя патрабаванні і пераконвае ў тым, што любое дзеянне, шчыра ўчыненае «дзеля любові», у сувязі з гэтым становіцца законным і абавязвае да ўхвалення і ўдзячнасці. Агульнавядома, што каханне да чалавека і любоў да Радзімы могуць намагацца «стаць багамі». Але сямейная прывязанасць — таксама. Па-свойму імкнуцца стаць боствам можа і сяброўства. Зараз я не буду дэталёва разглядаць дадзенае пытанне — гэта чакае нас у наступных раздзелах.

Цяпер жа варта звярнуць увагу на тое, што натуральная любоў ставіць перад намі гэтыя блюзнерскія патрабаванні не тады, калі знаходзіцца ў найгоршым стане, а наадварот — калі яна дасягае вяршыні і становіцца, як казалі нашыя продкі, «чыстай», «шляхетнай». Найвыразней гэта заўважна ў каханні. Вернае, шчырае і непадробнае, самаахвярнае палкае пачуццё будзе прамаўляць да нас нібы Божым голасам. Звычайная жывёльная і легкадумная пажадлівасць — не. Яна будзе псаваць і бэсціць свайго падданага шматлікімі спосабамі, але такім — не. Чалавек можа дзейнічаць пад уплывам гэткіх пачуццяў, але ніколі не будзе іх ушаноўваць, як не стане ўшаноўваць невыноснага жадання пачухацца. Калі неразумная жанчына час ад часу патурае свайму разбэшчанаму дзіцяці (а насамрэч — уласным прыхамацям), песціць яго, як жывую ляльку, пакуль стае сілы, наўрад ці такая паблажлівасць «стане богам». Іншая справа — глыбокая сляпая самаахвярнасць маці, якая ў прамым сэнсе слова «жыве дзеля свайго сына». Я схільны лічыць, што патрыятызм, які разгараецца пад уплывам піва і духавога аркестра, не прымусіць чалавека зрабіць шмат шкоды (і шмат дабра таксама) сваёй Радзіме. Яго можна цалкам загасіць, замовіўшы яшчэ адзін кілішак і далучыўшыся да агульнага спеву.

І гэта цалкам прадказальна. Нашая любоў не будзе патрабаваць боскага ўшанавання, пакуль гэтыя вымаганні не стануць абгрунтаванымі і пераканаўчымі. А яны не стануць гэткімі, пакуль чалавечая любоў не атрымае падабенства да Бога — да самой Любові. Не дазволім сабе памыліцца. Чалавечая любоў-дар сапраўды мае боскія рысы, і чым больш яна бязмежная і нястомная ў раздаванні, тым больш падобная да Бога. Усё, што кажуць пра яе паэты, — праўда. Яе радасць, яе магутнасць, цярплівасць, гатоўнасць прабачаць, тое, як яна жадае дабра ўмілаванай асобе, з’яўляецца сапраўдным вобразам Божага жыцця, вартым ледзьве не пакланення. Мы маем рацыю, калі дзякуем за яе Богу, «які даў такую ўладу людзям» (Мц 9, 8). Усе зразумеюць і згодзяцца з намі, калі мы скажам, што тыя, хто моцна любіць, «бліжэй» да Бога. Але, вядома, гэта «блізкасць паводле падабенства» і сама сабою яна не стане «блізкасцю праз набліжэнне». Мы адораныя такім падабенствам, і яно зусім не абавязкова звязанае з тым марудным і балесным набліжэннем, якое павінны здзейсніць мы самі, хоць і не без дапамогі. Аднак жа гэтакае падабенства цудоўнае, поўнае бляску і велічы, таму адбітак можна зблытаць з арыгіналам і надаць чалавечай любові годнасць, якая належыць толькі Богу, цалкам аддаўшыся на яе волю. Тады любоў становіцца богам, становіцца дэманам. Тады яна знішчае нас разам з сабою, бо натуральная любоў, якой дазволілі стаць богам, ужо не застаецца любоўю. Яе называюць так, але насамрэч яна становіцца складанай формай нянавісці.

Нашая любоў-патрэба можа быць прагавітай і хцівай, але яна ніколі не ўзнясе сябе да боства. Яна недастаткова блізкая да Бога (паводле падабенства), каб імкнуцца да гэтага.

Адсюль можна заключыць, што не варта рабіць з натуральнай чалавечай любові ідала, як і не варта станавіцца яе «выкрывальнікам». Вялікая памылка літаратуры ХІХ стагоддзя ў тым, што ідалаў рабілі з кахання і «сваяцкай прывязанасці». Браўнінг, Кінгслі і Пэтмар3 часам пішуць так, нібы ўпэўненыя ў тым, што закахацца — тое самае, што стаць святым. Празаікі звычайна супрацьпастаўляюць «свету» не Валадарства Нябеснае, а родны дом. Мы жывем у часы, калі ўсё зусім наадварот. Выкрывальнікі любові ганьбяць як сентыментальную лухту амаль усё, што казалі іх бацькі на яе ўслаўленне. Яны надакучаюць усім, выварочваючы адваротным бокам і выпінаючы на свет брудныя карані натуральнай любові. Але не слухайма ні занадта мудрых, ні занадта бязглуздых волатаў4. Вышэйшае не бывае без ніжэйшага. Расліна павінна мець і карані, і патрэбу ў сонечным святле, а карані павінны быць брудныя. Гэты бруд застанецца чыстаю зямлёю, калі вы пакінеце яго ў садзе і не будзеце раскідваць па пісьмовым стале. Чалавечая любоў можа быць слаўным вобразам любові Божай. Не менш за гэта, але і не больш — блізкасць паводле падабенства можа і дапамагчы і перашкодзіць блізкасці праз набліжэнне. А часам яны не маюць аніякага дачынення адна да другой.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Джордж Макдональд (George MacDonald) — 1824–1905, шатландскі навеліст і паэт. Яго творчасць мела вялікі ўплыў на К.С. Льюіса.
  2. Дэні дэ Ружмон (Denis de Rougemont) — 1906–1985, швейцарскі філосаф, пісьменнік і грамадскі дзеяч.
  3. Роберт Браўнінг (Robert Browning), 1812–1889; Чарльз Кінгслі (Charles Kingsley), 1819–1875; Ковентры Пэтмар (Coventry Patmore), 1823–1896 — выбітныя англійскія пісьменнікі.
  4. Вобраз з паэмы «Гіперыён» Джона Кітса (John Keats), 1795–1821.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY