|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
З сакавіка месяца мінулага года ў маёй памяці зноў і зноў узнікае той пахмурны дзень, дакладней, ранак, калі перад паездкай беларускай дэлегацыі ў Кракаў я стаяў ля акна на кухні, глядзеў на перадвеснавое неба і думаў, што ж мне казаць, што рабіць там як старшыні грамадскай камісіі «Вяртанне» пры Беларускім фондзе культуры. Не раз і ў Мінску, і ў Гомелі мне задавалі пытанні, чаму ні камісія, ні я асабіста нічога не робім, каб вярнуць у Юравічы, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельшчыны (а калісьці яны былі ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні) цудатворны абраз Маці Божай, які пасля паўстання 1863 года быў патаемна вывезены ў Кракаў і цяпер там знаходзіцца на сцяне або ў алтары касцёла святой Барбары. А ў Юравіцкім праваслаўным храме засталася толькі яго копія… Таму слова «вяртанне» ўвесь час тады круцілася ў галаве. І раптам пачуў нібы знутры і нібы здалёку выразны голас: — Ніякае не вяртанне, а толькі абмен! Бо што падумаюць кракаўскія парафіяне, пабачыўшы ў касцёле замест таго абраза пустое месца?! З гэтым цвёрдым рашэннем: «Толькі абмен!» я і паехаў у той дзень у польскае консульства, каб атрымаць на шэсць дзён камандзіроўкі бясплатную (бо ехаў жа я з навуковымі мэтамі) шэнгенскую візу. І якое ж было маё здзіўленне, калі, выслухаўшы мой кароткі аповед аб мэтах паездкі, пачуў у адказ: — Справа гэта сур’ёзная і звязаная з узаемаразуменнем народаў і канфесій. Таму даем вам візу на пяць гадоў. У той дзень добраспрыянні праявіліся яшчэ некалькі разоў. Але іх можна вытлумачыць і простымі супадзеннямі. А вось віза — гэта рэальнасць. Мае калегі, пачуўшы пра такі рэдкі выпадак, тлумачылі яго так: значыць, уся справа заўгодная добрым сілам... Перад ад’ездам я пайшоў за дабраславеннем і ў каталіцкую курыю, і ў праваслаўны экзархат. Але там пачуў, хутчэй, песімістычныя меркаванні: з часу вымушанага вывазу прайшло ўжо каля паўтара стагоддзя — напэўна ж, загубіліся і правы, і сляды. Той жа скепсіс прагучаў і ў Польшчы пасля майго выступлення на беларуска-польскім «круглым стале», арганізаваным пад эгідай ЮНЕСКА Міжнародным цэнтрам культуры ў Кракаве і Польскім інстытутам у Мінску. Праўда, спачатку, калі я гаварыў пра ўвекавечанне памяці «маці ўсіх польскіх каралёў-Ягелонаў» і тым самым усіх каралеўскіх дынастый у сучаснай Еўропе двухканфесійнай Соф’і Гальшанскай і пра набходнасць хутчэй нарэшце адчыніць у Кракаве музей Гутэнаў-Чапскіх, перавезены туды са Станькава ў 1896 годзе яго ўладальнікамі ў шасці вагонах, усё разглядалася і вырашалася добразычліва, спрыяльна. Аднак, калі гаворка дайшла да цудатворнага абраза з Юравічаў, мне ціха, а потым усё гучней запярэчылі: — Вяртаць вам? Перавозіць? Але куды? На глухое Палессе? У глухую цэркаўку? Да таго ж да Юравічаў абраз быў у Львове… Калі перавозіць, то, хутчэй, ужо туды… — А да Львова быў Бар, — адважыўся парыраваць я. — Там гетман Рэчы Паспалітай Станіслаў Каняцпольскі, ратуючы абраз ад казацкага нападу, перадаў яго езуітам. Адзін з іх, папулярны ў народзе Марцін Тыраўскі, пераехаў на Палессе, збудаваў там, у Юравічах, на высокім беразе даліны Прыпяці, драўляны храм і пакінуў у ім абраз, ужо шырока вядомы сваёй цудатворнасцю. Галоўны ж мой аргумент заключаецца ў тым, што абраз гэты яўна візантыйскага паходжання. Значыць, месца яму не столькі ў касцёле, колькі ў царкве, якая з 1995 года дзейнічае, адноўленая, у Юравічах пры жаночым праваслаўным манастыры ў імя Раства Багародзіцы. Усё пытанне, — працягваў я аргументацыю, — можа быць вырашана безбалесна і дзеля карысці абедзвюх нашых канфесій, таму што гаворка ідзе не пра вяртанне, а пра абмен. Копію ж нашы продкі зрабілі так па-майстэрску, што пасля паўстання 1863 года, пры перадачы ў царкву, «падману» не заўважылі не толькі вернікі, але і праваслаўнае духавенства. Арыгінал жа знаходзіцца, кажуць у нас, у Кракаве, недалёка ад цэнтра, дзе мы засядаем, у касцёле святой Барбары, які таксама цяпер належыць айцам езуітам. Дырэктар Міжнароднага цэнтра культуры прафесар Яцак Пурхля разумна вырашыў пытанне ў той жа дзень: калі абраз з’яўляецца ўласнасцю айцоў езуітаў, то ідзіце прама да гаспадароў — няхай самі вырашаюць лёс старадаўняй рэліквіі.
Назаўтра, калі ўсе астатнія члены нашай дэлегацыі пайшлі на Вавель, каб у катэдры ўскласці кветкі да магілы Соф’і Гальшанскай, якая, думаецца, з цягам часу будзе кананізаваная падобна Соф’і Слуцкай, мы, разам з супрацоўніцай цэнтра спадарыняй Козак, пайшлі да славутага мар’яцкага касцёла, ля падножжа якога прытулілася маленькая святыня святой Барбары. Зайшлі ў яе гатычна-барочныя сцены і адразу ж за дзвярыма, каля левай сцяны, убачылі алтар, а ўверсе яго — невялікі абраз яўна візантыйскага паходжання. Адтуль сыходзіла добрае і светлае супакаенне. Пад яго ўздзеяннем пачынаю разумець, што вяртанне, а не абмен было б тут немаральным. Выйшаўшы на вулачку, абышоўшы муры, мы трапілі на невялікую плошчу і знайшлі дзверы, што вялі ў кляштар айцоў езуітаў. Тэлефоннае папярэджанне цэнтра падзейнічала: сустрэча адбылася з хрысціянскай добразычлівасцю. Я не буду пераказваць усю амаль гадзінную размову, прывяду толькі фразу, пачутую ў адказ на прапанову зрабіць абмен копіі на арыгінал: — Калі на тое будзе воля Божая і адначасовае спрыянне двух міністраў культуры нашых краін, — усё мажліва. Падзякаваўшы за такую надзею, асцярожна спытаўся, ці былі зафіксаваны цуды, здзейсненыя каля абраза пасля 1931 года, калі ён быў змешчаны тут, у алтары касцёльнай капліцы пад найменнем Маці Божай Балеснай. Адказ прагучаў адназначна: не, не зафіксаваны. На развітанне я атрымаў ілюстраваную брашуру «Касцёл святой Барбары ў Кракаве» і паштоўкі з выявамі абраза і касцёла. Нахаду гартаючы падарунак, убачыў раздзел «Гісторыя абраза Маці Божай Юравіцкай» і «Малітву да Маці Божай Юравіцкай дзеля таго, каб выпрасіць асаблівую ласку». Ну, падумалася, на чытанне кніжачкі будзе час у цягніку Кракаў — Варшава, а малітву папрашу перакласці ў рэдакцыі «Нашай веры». Аднак у цягніку ўвесь час пайшоў на абмеркаванне ўражанняў ад «круглага стала» ды планаў на бліжэйшую будучыню. Таму пры перасадцы ў Варшаве, калі калегі дружна скіраваліся аглядаць польскую сталіцу, я адмовіўся павандраваць па ёй яшчэ раз і скіраваўся ў пачакальню, каб нарэшце грунтоўна пазнаёміцца з падарункам айцоў езуітаў. І не памыліўся, бо нарэшце зразумеў, чым тлумачылася іх звышдобразычлівасць. «Палескі» раздзел брашуры пачынаецца вось такімі азнаямляльнымі сказамі: «Вялікай пашанай вернікаў акружаны абраз Маці Божай Юравіцкай у капліцы Маці Божай Балеснай. Яго паходжанне невядома. Паводле праф. Веслава Зажыцкага, гэты абраз візантыйскага паходжання быў намаляваны ў канцы XIV або ў пачатку XV стагоддзя, у ім ужо бачны ўплыў рэнесансу. Самыя даўнія звесткі пра абраз адносяцца да першай паловы XVII стагоддзя». Далей гаворыцца, што, аказаўшыся ў Юравічах, абраз неўзабаве ператварыў гэтае невядомае мястэчка ў «славуты марыйны санктуарый». У першай палове XVIII стагоддзя езуіты ўзвялі там мураваны касцёл і сваю рэзідэнцыю. Пасля скасавання ордэну езуітаў (1773 г.) апекавацца санктуарыем найперш сталі айцы бэрнардыны, потым — айцы капуцыны. Пасля студзеньскага паўстання Гуга Гадэцкі, «апошні юравіцкі пробашч, змясціў копію абраза Маці Божай у алтары, а праслаўлены ласкамі абраз пераказаў для перахавання Габрыэлі з Ваньковічаў Горватавай, жонцы маршалка (шляхты) Рэчыцкага павета». Дарэчы, дадам ад сябе: Габрыэлю Горват беларускі і польскі пісьменнік Аляксандр Ельскі назваў сярод трох найвыдатнейшых жанчын беларусак ХІХ стагоддзя; дзве другія — гэта пісьменніца і палітычная ссыльная ў Сібір Ева Фялінская, маці нядаўна кананізаванага арцыбіскупа Алойзы Фялінскага, і аўтарка неаднаразова ананімна выдадзенай «Літоўскай гаспадыні» Ганна Цюндзявіцкая, таксама жонка маршалка шляхты, але ўжо не Рагачоўскага, а Барысаўскага павета. Аднак вернемся да тэксту брашуры. У канцы яе знаходзіцца сказ, які тлумачыць надзвычайную добразычлівасць айца езуіта ў Кракаве. Аказваецца, «у маі 1885 года Габрыэля Горватава аддала абраз у дэпазіт (выдзелена мною. – А. М.) езуітам з Кракаўскай калегіі». Значыць, паводле юрыдычных канонаў, цяперашнім кракаўскім уладальнікам давялося б абраз вярнуць нават у тым выпадку, калі б гаворка ішла не пра абмен арыгінала на копію, а пра звычайнае вяртанне… У час сустрэчы айцец езуіт ужо ведаў, што абраз быў перададзены з такой умовай, а я яшчэ не ведаў. Хто ж з’яўляецца аўтарам так выкананай копіі, што яе нават не адрознілі пры падмене ад раней бачанага арыгінала? На навуковым форуме, прысвечаным знакамітым мінчанам, знаўца гісторыі Беларусі прафесар Раман Юркоўскі з Ольштына (Польшча) сказаў мне, што гэта была знакамітая палеская мастачка Галена Скірмунт (1827–1874), нараджэнка маёнтка Калоднае на Століншчыне. Пэндзлем яна авалодвала ў Вільні, удасканальвала жывапісанне ў Берліне і Дрэздэне, потым вучылася скульптурнаму майстэрству ў Вене і Рыме. Праславілася выразанымі з дрэва шахматнымі фігуркамі воінаў Рэчы Паспалітай і Турцыі, якія змагаліся ў вядомай бітве пад Венай. Часта звярталася да рэлігійнай тэматыкі (партрэт «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні», праект алтара для касцёла ў вёсцы Ахова каля Пінска, алтарны абраз «Бязгрэшнае Зачацце», рэстаўрацыя вышывак на літургічных шатах у пінскім касцёле). Копію з абраза Маці Божай Юравіцкай зрабіла, відаць, яшчэ да паўстання, бо ў 1863 годзе была арыштаваная і высланая ў Тамбоў. У 1870-м вызваленая, але без права вяртання на радзіму, дажывала свой век у Крыме. Такім чынам, копія абраза Маці Божая Юравіцкая ў мастацкіх адносінах роўная арыгіналу, а, можа, і пераўзыходзіць яго (параўнальнага ж аналізу ніхто не рабіў). А ў духоўных адносінах, цудатворных? Адказаць на апошняе пытанне мне дапамаглі розныя людзі, якія прыязджалі ў Мінск з Гомельшчыны («Не, — гаварылі яны, — пра такія факты мы не чулі»), а таксама — нібы наканаванае выяўленне адпаведнай цытаты ў прысланай мне з Гомеля дакументальнай аповесці Рыгора Андрэяўца «Капітан Франц». Выдадзена яна ў 2012 годзе ў Гомелі ў серыі «Ваенныя разведчыкі» і прысвечана герою Афгана Францу Клінцэвічу. У кнізе зафіксаваны такі факт: на радзіму героя, у вёску Крэйванцы, што на Ашмяншчыне, прыходзіў адразу ж пасля вайны, шукаючы магілу свайго забітага сына, старац-лірнік ажно з паўднёвага ўсходу Беларусі. Ён належаў да асаблівай супольнасці рэчыцкіх старцаў. Вандруючы па Палессі, яны спявалі духоўныя вершы, вучылі людзей распазнаваць несправядлівасць. А кожнай вясной рэчыцкія старцы збіраліся каля крупейскай капліцы, спявалі духоўныя песні і псальмы, збіралі грошы. «Частка ахвяраванняў ішла на юравіцкі абраз. Гэты абраз быў з’яўлены: ён вылечыў многіх сляпых». Выходзіць, калі разважаць спрошчана, раней Божая ласка ў Юравічах праяўлялася, нават масава, а цяпер — зусім не. Чаму? Некаторыя мае суразмоўцы схіляліся да думкі, што прычына тут — у канфесійнай іншасці: калісьці арыгінал знаходзіўся ў каталіцкай святыні, а цяпер яго копія — у праваслаўнай… Але мне такое сцвярджэнне здаецца надуманым, бо абедзве святыні з’яўляюцца хрысціянскімі. Колішні касцёл, а цяперашняя царква аднолькава шануюцца вернікамі абедзвюх канфесій. Доказам таму для мяне стаў вялікі фотарэпартаж Раісы Сушко і Карнэлія Консэка «У адну дарогу», апублікаваны летась у баранавіцкім часопісе «Дыялог» (№ 1, 2012). Там гаворыцца, што вось ужо шосты год кожнай восенню з Мазыра ў Юравічы і назад накіроўваецца вялікая пілігрымка. У ёй аб’ядноўваюцца праваслаўныя вернікі пад кіраўніцтвам епіскапа Тураўскага і Мазырскага Сцяфанія і каталіцкага святара Тадэвуша Воласа. Вернікам абедзвюх канфесій выносіцца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай Міласэрнай, Апякункі беларускага Палесся. Усе заміраюць, становяцца на калені ў чаканні цудадзейнасці, а яна не наступае… А, можа, падумалася мне, арыгінал спадзяецца на сваё вяртанне на стагоддзямі намоленае і таму роднае для яго месца?! Можа, чакае, пакуль аб’яднаныя палескія вернікі абедзвюх канфесій самі стануць ініцыятарамі ўзаемнага абмену? Уяўляю сабе такую вялікую і нечуваную ўрачыстасць...
|
|
|
|