Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Валеры БУЙВАЛ

ХУСЭПЭ ДЭ РЫБЭРА.
СВЯТАЯ АГНЕШКА Ў ВЯЗНІЦЫ

Хусэпэ дэ Рыбэра.
Святая Агнешка ў вязніцы.
1641 г. Палатно, алей.
203×152 см.
Дрэздэн, Карцінная галерэя.

Неапалітанцы з сімпатыяй называлі яго Lo Spagnoletto (Іспанчык) за малы рост і вялікі талент. Але адну з сваіх лепшых карцін «Святая Агнешка ў вязніцы» і многія іншыя работы мастак падпісаў, з гонарам падкрэсліваючы сваё шляхецкае і нацыянальнае паходжанне: «Хусэпэ дэ Рыбэра, іспанец».

Рыбэру (1591–1652) называюць адным з шасці вялікіх майстроў Залатога веку іспанскага жывапісу, але з юных гадоў і да самай смерці ён пражыў у Італіі. Італьянскім мастаком ён, аднак, не стаў яшчэ і таму, што заказчыкі вывозілі ягоныя карціны ў Іспанію, дзе імя і творчасць Рыбэры мелі вялікую папулярнасць, а яго карціны актыўна капіраваліся. Пра гэта напісаў гісторык іспанскага жывапісу Карлас Арэан: «Чулы чалавек, Рыбэра аддаў сваю творчасць службе рэлігійнага аднаўлення, якое набірала моц у эпоху барока. Ён здолеў праз сваю “пранікнёную рахманасць” натхніць масы і ў той жа час заваяваць прыхільнасць эрудытаў»1.

Хусэпэ дэ Рыбэра нарадзіўся ў мястэчку Хаціва непадалёк ад Валенсіі. Вучыўся ў майстэрні выдатнага жывапісца Франсіска Рыбальты. Не пазней за 1613 год Рыбэра выехаў у Італію, дзе вывучаў творы вялікіх у Рыме і Парме. На ягоны стыль моцна паўплывалі Караваджа з яго рэалізмам вобразаў і святлаценевымі кантрастамі жывапісу, а пазней — творчасць майстроў балонскай акадэмічнай школы братоў Карраччы. Рыбэра ў сваю чаргу паўплываў на развіццё італьянскага жывапісу. Сярод яго вучняў быў знакаміты жывапісец барока Лука Джардана. У 1626 г. Рыбэра быў абраны членам рымскай Акадэміі імя св. Лукі. З 1616 г. мастак жыў і працаваў у Неапалі, які тады належаў Іспанскай кароне. Ён шмат працаваў для Касцёла і мясцовага віцэ-караля. Памёр у Неапалі.

Пецярбургскі мастацтвазнаўца Вера Раздольская напісала пра карціну Рыбэры «Святая Агнешка ў вязніцы»: «Гэта адна з самых дасканалых па жывапісе работ майстра. Ён дасягнуў у ёй незвычайнай гармоніі залацістага тону, які стварае ў карціне адчуванне прасветленай азоранасці і шмат у чым вызначае яе ўзнёслы паэтычны лад»2. Беларускія гледачы маглі ўбачыць і адчуць усё гэта, нават не ездзіўшы ў Дрэздэн. Карціна Рыбэры была адным з цэнтральных твораў выставы «Шэдэўры Дрэздэнскай галерэі», якая ў чэрвені-ліпені 1975 г. экспанавалася ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. А на пачатку 1980-х гадоў ветэран музейнай справы Пётра Герасімовіч распавядаў нам — маладым музейшчыкам — пра цікавы факт, што адбыўся яшчэ пры жыцці Сталіна ў маскоўскім Музеі выяўленчых мастацтваў імя А. Пушкіна: «Савецкім урадам было прынята рашэнне не вяртаць у Дрэздэн вывезеныя адтуль творы галерэі, а раздаць іх па савецкіх музеях. У галоўнай зале маскоўскага музея адбывалася гэтая “раздача” ў рукі прадстаўнікоў розных музеяў. Карціны расстаўлялі стосамі па рэспубліках. Я падышоў да начальства і кажу: “Наша рэспубліка вельмі пацярпела ў вайну. Просім выдзеліць яшчэ некалькі шэдэўраў для нас…”» Калі б не хрушчоўская «адліга», то карціна Рыбэры (а можа, і папулярныя «Сікстынская Мадонна» Рафаэля, і «Шакаладніца» Ліатара) магла б апынуцца ў экспазіцыі нашага нацыянальнага музея…

Хусэпэ дэ Рыбэра звярнуўся да вобразу святой Агнешкі, культ якой заставаўся жывым на працягу стагоддзяў. Юная дзяўчына стала ахвяраю апошніх вялікіх ганенняў на хрысціянаў у Рыме пры імператары Дыяклецыяне. Днём яе пакутніцкай смерці лічыцца 21 студзеня 304 года.

Агнешка гадавалася ў шляхецкай рымскай сям’і і з ранняга ўзросту вырашыла прысвяціць сябе Хрысту. Калі да яе пачаў заляцацца сын рымскага прэфекта Семпронія, яна адмовіла яму. Дзяўчыну арыштавалі і на допыце высветлілі, што яна вызнае хрысціянства. За адмову прынесці ахвяру паганскім багам прэфект загадаў аддаць дзяўчыну ў публічны дом і пакінуць там аголеную. Але цудоўным чынам на галаве Агнешкі выраслі доўгія валасы, якія закрылі яе цела, а з неба з’явіўся анёл, які падаў ёй светлае покрыва. Гвалтаўнікі, якія набліжаліся да Агнешкі, раптам гублялі свой грэшны імпэт і, ахопленыя сорамам, уцякалі прэч. Сын прэфекта памёр, калі наблізіўся да яе, але сваімі малітвамі Агнешка вярнула яго да жыцця па просьбе ягонага бацькі. Калі каты ўзвялі святую на вогнішча, агонь згас. Тады адзін з жаўнераў адсёк Агнешцы галаву. Цела святой было пахаванае хрысціянамі ў рымскіх катакомбах, якія носяць цяпер імя пакутніцы. Святая Агнешка лічыцца патронкаю маладых дзяўчат.

На палатне Хусэпэ дэ Рыбэры святая ўкленчыла на каменнай падлозе катоўні, склаўшы рукі ў малітве. Вакол яе — жудасная пустэча. Яна, здаецца, пакінутая ўсімі, безабаронная і бяззбройная перад катамі. У правым ніжнім кутку кампазіцыі, як зеўра магілы, чарнее правал у падлозе. Злева злавеснай хмарай прастору запаўняе цяжкая цемра. Але малітва Агнешкі пачутая Богам — цемра адступае перад залатым пяшчотным святлом, якое разліваецца паўсюль. У гэтым творы спелага майстра ўжо няма той драматычнай рэзкасці кантрастаў святла і ценю, якой ён у сваёй маладосці і многія ягоныя сучаснікі навучыліся ў Караваджа. Рыбэра працуе тонкімі, звышдалікатнымі лесіроўкамі і дасягае дзівосных эфектаў асвятлення. Рэмінісцэнцыя караваджызму найбольш выразная ў левым верхнім кутку карціны, дзе з цемры матэрыялізуецца фігурка анёла. Пасланец Бога разгортвае шырокае покрыва, якое перасякае кампазіцыю і ратуе цнатлівую дзяўчыну.

Але галоўная ў кампазіцыі (ледзь ссунутая ўправа ад геаметрычнага цэнтру) — постаць святой Агнешкі. Існуе легенда, што Рыбэра маляваў яе з сваёй дачкі. Юная прыгажосць дзяўчыны ёсць адлюстраваннем яе духоўнай чысціні. У яе вялікіх вачах, звернутых у нябёсы, мы чытаем малітву пакоры і гатоўнасці да ахвяры ў імя хрысціянскага ідэалу. Яе твар і ўся верхняя частка фігуры ярка асветленыя (у атачэнні доўгіх валасоў гэтае святло здаецца асляпляльным). Мастак не шукае фармальных эфектаў, ён дэманструе трыумф веры над дзікай паганскай цемрай, якой няшмат ужо засталося валадарыць у Рыме. Перамога хрысціянства выкупленая нявіннай ахвярай святой Агнешкі і іншых пакутнікаў. Гэта і ёсць маральная перамога Хрыстовай праўды над распусным светам, якому наканавана знікнуць.

Рыбэра, безумоўна, захапляўся творчасцю майстроў італьянскага барока, вучыўся ў іх, натхняўся іх творамі. На наш погляд, жывапіснае мысленне, уласцівае барока, праявілася перш за ўсё ў выразнай дынамізацыі кампазіцыі дрэздэнскай карціны (у цэлым амаль адназначна статычнай). Маецца на ўвазе напружаная дыяганаль палатна, якая перасякае карціну і злучае самотную святую з Боскім светам. Аднак нідзе ў карціне няма той экспрэсіўнай дысторцыі формаў, якую мы часта назіраем у барочных творах. Усё тут пабудавана на натурных назіраннях і мастацкіх штудыях. Рыбэра — перакананы рэаліст, майстар мастацтва, якое жывіцца з’явамі рэчаіснасці. Не забывайма, што ягоныя сучаснікі і пакаленні пасля іх маліліся перад карцінаю ў касцёле або хатняй капліцы, перажываючы рэлігійны катарсіс. Для людзей той эпохі подзвіг святой Агнешкі быў не прыгожай легендай, а крыніцай натхнення і прыкладам для наследавання. З такога мастацтва вырастаў і мацнеў кансерватызм іспанскага грамадства, якое апошнім у Еўропе доўга захоўвала непарушную адданасць каталіцкай традыцыі і маралі. Плыні, што развіліся ў навейшай гісторыі народаў Еўропы, абвясцілі гэта «цемрашальствам» і актыўна падрывалі («рэфармавалі») духоўную аснову народнага жыцця. Што з гэтага атрымалася, мы бачым па сённяшнім крызісе цывілізаванай Еўропы, у тым ліку і Іспаніі: пустыя храмы, афіцыёз садомскіх шлюбаў, спусташэнне многіх чалавечых душаў. Але наступ агрэсіўнага рэлятывізму — часовая з’ява, яму наканаваны марны лёс. Мільёны людзей шукаюць у хрысціянстве паратунку і апірышча, выйсця з ліберальнага тупіку. Ім належыць будучыня Еўропы.

У славу святой Агнешкі склалі свае панегірыкі вядомыя айцы Касцёла — св. Амброджа Міланскі, св. Аўгустын і св. Геранім. Канстанцыя, дачка імператара Канстанціна (які легалізаваў хрысціянства ў Заходняй Рымскай імперыі), загадала ў 342 годзе пабудаваць над катакомбамі з магілай святой Агнешкі храм, які ў перабудаваным выглядзе існуе дагэтуль. Вечным застаецца ідэал, якому прысвяціла сваё маладое жыццё Агнешка Рымская.

Валеры Буйвал


  1. Arean C. La pintura española de Altamira hasta el siglo XX. — Madrid, 1971. C. 207.
  2. История искусства зарубежных стран 17–18 веков. Под ред. В.И.Раздольской. — Москва, 1988. С. 66.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY