|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
З нагоды 20-годдзя выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і 50-годдзя адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору папа Бэнэдыкт XVI абвясціў у Касцёле Год веры. Афіцыйна ён пачаўся 11 кастрычніка гэтага года, у гадавіну склікання першай сесіі Сабору, а скончыцца 24 лістапада 2013 года ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. У сувязі з гэтым мы будзем друкаваць артыкулы і гутаркі, прысвечаныя вызнанню веры, паасобных пастулатаў імшальнага «Credo». На гэты раз прапануем вашай увазе размову галоўнага рэдактара польскага часопіса «W drodze» а. Рамана Бялецкага з вядомым дамініканінам а. Паўлам Крупам.
— У час нядзельнай святой Імшы мы вызнаем сваю веру. Гаворым, што верым у Бога Айца, Сына і Духа Святога, што Бог з’яўляецца Стварыцелем, што Ён усемагутны і збаўляе нас. Ці магчыма дапусціць вызнанне веры, якое пачыналася б са словаў: «Ведаю, што ёсць адзіны Бог, Айцец усемагутны, Стварыцель неба і зямлі»? — Калі мы гаворым «веру» ў кантэксце святой Імшы і літургіі, то ў пэўным сэнсе гэта азначае «ведаю». Толькі веданне гэта не мае эксперыментальнага характару. Яго нельга праверыць доследным шляхам. Яно грунтуецца на Аб’яўленні і веры ў Таго, Хто нам усё гэта аб’явіў. Хоць складовыя элементы «Credo» не называюцца ў Бібліі expressis verbis*, мы верым, што яны аб’яўленыя нам Богам — у Святым Пісанні або па-за ім, напрыклад, праз дзеянне Духа Святога ў розумах вернікаў (зразумела, ніколі не ўразрэз з Пісаннем). Той, Хто мае абсалютныя веды, сказаў нам гэта. У апошняй фармулёўцы заключана важная праўда хрысціянства. У нашай рэлігіі не столькі чалавек выходзіць да Бога, шукае Яго і распазнае ў свеце, колькі менавіта Бог першы выходзіць да чалавека. Мы крыху звыкліся з гэтым, але ж гэта рэвалюцыйна! Бог першы прыходзіць і кажа: «Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ» (Зых 3, 14). Нашым адказам на сказанае Богам «Я ёсць» з’яўляецца вера, дзякуючы якой мы атрымліваем веданне, а не толькі перакананне. Таму ў пэўным сэнсе мы ведаем і — не пабаюся сказаць у прыватнасці — я ведаю, што ёсць адзіны Бог, Айцец усемагутны. Часам варта дазволіць сабе здзіўленне з гэтага сцвярджэння.
— Аднак ці не з’яўляецца вызнанне веры своеасаблівым спісам рэлігійных праўдаў, якіх мы не разумеем? — Неразуменне чагосьці не раўназначнае нявер’ю. Ёсць шмат з’яваў, якіх я не разумею, аднак ведаю, што яны існуюць. Касмічная чорная дзіра застаецца загадкаю не толькі для мяне, але і для многіх фізікаў. У той жа час мы ведаем, што яна існуе. У сувязі з гэтым мне ўспамінаецца анекдот пра аднаго старога рабіна, якому ўнучак падарыў на дзень нараджэння радыё. Рабін усцешыўся, слухаў гэтае радыё з раніцы да вечара, а ў душы ўнука расла незадаволенасць, бо дзядуля хоць і прыняў радыё, карыстаўся ім, але ні пра што не пытаўся. Унучак жа разлічваў, што будзе засыпаны пытаннямі аб тым, як у гэтай магічнай скрынцы ўсё адбываецца, — а тут ніякіх роспытаў. Вось ён не вытрываў, прыйшоў да дзядулі і гаворыць: «Дзядуля, табе не цікава, як усё гэта працуе?». А той паглядзеў на яго і сказаў: «Ведаеш, унучак, я ўжо так шмат гадоў карыстаюся чыгункаю і таксама не ведаю, як яна працуе. Таму дай мне крыху часу». Так і з намі. Наша неразуменне не ўплывае на існаванне або неіснаванне той рэальнасці, пра якую ідзе гутарка. Калі я не разумею, што значыць стварыць свет або збавіць чалавека, гэта зусім не значыць, што гэтыя рэальнасці не існуюць. Я проста не ўмею гэта растлумачыць.
— Ці значыць гэта, што, калі я буду моцна хацець, то яно «станецца»? — Не. Бо калі я гавару «веру», гэта не значыць, што я заплюшчваю вочы і крычу: «Веру! Веру! Веру!». Маё «веру» — гэта адказ, скіраваны да Таго, Хто аб’яўляе мне рэальнасць. Я тым самым кажу: «Веру Табе, бо Ты гэта аб’явіў». Гэта крыху падобна да палёту на самалёце. Мы ўваходзім на борт і, не задумваючыся пра гэта, ажыццяўляем акт веры! Мы верым, што фізіка не памыляецца і самалёт падымецца ў паветра; верым, што пілот цвярозы і валодае ўменнямі, неабходнымі для кіравання самалётам; верым, што ўсе бартавыя прыстасаванні спрацуюць і мы даляцім у патрэбнае месца. Так і з нашаю вераю ў Бога. Яна не бяздумная. Мы запрошаныя да разумення веры, як гаворыцца ў класічнай сентэнцыі св. Анзэльма з Кентэрберы credo ut intelligam, — «веру, каб зразумець». Размежаванне ведання і веры ў тэалогіі крыху памылковае. На самай справе вера дае веданне. Але, на жаль, мы з’яўляемся дзецьмі сцыентызму — такога мыслення, згодна з якім веданне — гэта толькі тое і выключна тое, што можна пазнаць эксперыментальным, доследным шляхам, што матэрыяльнае, а да веры належыць усё астатняе. Гэта няпраўда.
— У першым сказе «Credo» мы вызнаем веру ў Бога Стварыцеля. Для чаго нам патрэбная гэтая праўда? Хіба нельга было б прыняць тэорыю Вялікага выбуху? Стварыцель падаецца таямнічым і незразумелым, а выбух — гэта ўсё ж такі канкрэтыка. — Вера ў стварэнне выяўляе прыгожую і, у прыватнасці для мяне, суцяшальную думку пра тое, што ў гэтым свеце ёсць нейкая разумнасць. Калі я гавару: «Веру ў адзінага Бога, Стварыцеля неба і зямлі», то перш чым вызнаць сваю любоў да Асобы Бога, я ўжо вызнаю глыбокае перакананне ў тым, што гэты свет мае сэнс, што ёсць нейкія прынцыпы і законы, якія кіруюць ім. Вызнаю таксама тое, што жыву ў пэўным парадку, які магу пазнаваць, а сам я — не справа выпадку, не пылінка, не з парожняй бочкі затычка.
— Але навошта для ўсяго гэтага Пан Бог? Хіба не дастаткова сілаў прыроды і законаў фізікі? — Калі мы прызнаем тэорыю Вялікага выбуху і ў сувязі з гэтым лічым, што ўсё вакол нас з’яўляецца справаю выпадку, то варта спытаць: адкуль паходзяць законы фізікі і дзякуючы чаму мы іх адкрываем? Гэта пытанне метафізічнае, яно датычыць таго, што знаходзіцца па-за межамі фізічных з’яваў. Пытанне аб пачатку свету, а таксама пошукі згоды паміж розумам і логікаю, якая кіруе светам, заўсёды непакоілі людзей. Імкненне пазнаць гэта настолькі глыбока ўкаранёнае ў нас, што яно ўвогуле не належыць да якой-небудзь рэлігійнай культуры, а мае непасрэдна боскае паходжанне. Найбольш раннія вядомыя нам меркаванні на гэтую тэму сфармуляваныя ў грэцкай філасофіі, прадстаўнікі якой былі перакананыя, што ёсць нейкі logos, нейкае ratio гэтага свету. Аднак пераход ад сцвярджэння пра разумнасць свету, які мы назіраем, да веры ў Бога, які з’яўляецца трансцэндэнтным, г. зн. прынцыпова адрозніваецца ад свету, — гэта скачок, які прынесла свету культура Бібліі. Трэба памятаць, што ў Старажытнай Грэцыі платонаўская канцэпцыя «Адзінага» (дасканалай крыніцы ўсялякага быцця) або «Першапрычына» Арыстоцеля былі сапраўды найвышэйшымі, але іманентнымі і даступнымі для розуму элементамі касмічнага ўніверсума. Біблійнае аб’яўленне — гэта выхад па-за космас.
— Вернемся да папярэдняга пытання. Ці сумяшчальныя Аб’яўленне і вера з тэорыяй Вялікага выбуху? — Яны гавораць пра розныя рэчы. Вызнаючы «Credo», мы не спрабуем апісаць фізічныя ўласцівасці свету, а вызнаем штосьці накшталт духоўнай Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. «Credo» — гэта не падрабязная інструкцыя па выкарыстанні, а толькі ўсеагульныя прынцыпы функцыянавання.
— Я згодны, але ўсё ж такі не ведаю, ці магчыма сумясціць гэтыя прынцыпы і серыю баек «Ледніковы перыяд» (у пэўным сэнсе цікавых) пра прыгоды дыназаўраў? — Мы блытаем узроўні, пра якія гаворым, таму давайце ўпарадкуем іх. Калі дзеці прыходзяць да нас і гавораць, што быў Вялікі выбух і Ледніковы перыяд, і гэта значыць, што Бога няма, то неабходна сказаць ім, што першае ніяк не тлумачыць другое. Тое, што мы называем Вялікім выбухам, можа быць пачаткам космасу, які мы можам назіраць, але гэта яшчэ не высвятляе, што было на самым пачатку. Хіба ж выбух з’яўляецца гэтым пачаткам? Зусім не. Яшчэ раз звернемся да грэцкай філасофіі. Платон у сваіх разважаннях не раз згадваў пра тое, што калісьці, вельмі даўно, была нейкая вялікая цывілізацыя, адгалоскі якой дайшлі да яго часу. Гэта пісаў чалавек, які з пункту погляду нашай цывілізацыі паклаў «пачатак» усяму філасафічнаму мысленню, жывучы ў далёкай старажытнасці, і сёння мы вельмі мала можам сказаць пра яго — настолькі даўно гэта было. І ён за чатырыста гадоў да прыйсця Хрыста пісаў пра патанулае ў змроку гісторыі «калісьці». Усведамленне таго, што старажытныя людзі таксама «мелі» сваю старажытнасць, вельмі моцна ўразіла мяне. Гэтак жа і з тэорыяй Вялікага выбуху. Мы гаворым, што калісьці адбыўся выбух. Але хіба перад ім нічога не было? Можа, Вялікі выбух меў свой выбух? Усё ж такі нешта павінна было прывесці да яго. Не можа быць выбуху проста так, быццам «штосьці» па нейкай прычыне ўзяло ды выбухнула. Што гэта было, мы не маем паняцця. Таму Платон і адсылае нас нашмат далей, да ўяўленняў пра нейкі іншы свет. Усё гэта ніяк не адносіцца да сцвярджэння, што Бог стварыў гэты свет. Вызнаючы факт стварэння, мы прызнаем, што нейкая Істота, з якой, паводле нашага веравання, мы можам уваходзіць у кантакт, якая любіць нас, з’яўляецца абсалютна ўсемагутнаю і трансцэндэнтнаю, ёсць менавіта тым Пачаткам, дзякуючы якому адбываюцца ўсе гэтыя малыя і вялікія выбухі, бо менавіта Яна прывяла ўсё гэта ў рух.
— Але не будзем гэтак хутка адыходзіць ад пытання пра сумяшчэнне веры і тэорыі эвалюцыі... — Касцёл выказаўся на тэму тэорыі эвалюцыі, падкрэсліваючы, што гэта застаецца толькі тэорыяй, — са стопрацэнтнай дакладнасцю яе ніхто не пацвердзіў. Ёсць вялікая група адукаваных людзей, якія гавораць пра лакуны і непаслядоўнасць у разважаннях Дарвіна. Акрамя таго, вучэнне Касцёла перасцерагае, каб мы не злоўжывалі гэтай тэорыяй, даходзячы ў гэтым да адмаўлення факту стварэння чалавека ад любові і падмяняючы любоў шэрагам выпадковасцяў. У гэта мы не верым і не згаджаемся з гэтым. Гэтаму нас не вучаць Біблія і Аб’яўленне.
— А што можна сказаць пра анёлкаў, якія круцяць зямны шар, на думку некаторых сярэднявечных філосафаў? — Не анёлкі, а анёлы. Рух у Сусвеце нейкім чынам трэба было растлумачыць, таму з’явіліся аповеды пра тое, што планеты рухаюцца па волі анёлаў і дзякуючы іх моцы. Але ўжо Жан Бурыдан (памёр у 1358 г.) тлумачыў раўнамерны і паскораны рух не ўмяшаннем анёлаў, а імпэтусам, які на пачатку існавання прывёў Сусвет у рух. Гэтаксама не трэба было — як часта можна яшчэ пачуць — чакаць Новага часу, каб даведацца, што Зямля круглая. Святы Тамаш Аквінскі (памёр у 1274 г.) піша пра гэта як пра штосьці відавочнае: «І астролаг (астраном), і прыродазнаўца даказваюць, што Зямля круглая, аднак кожны робіць гэта па-свойму: астраном — з дапамогаю матэматычных вылічэнняў, прыродазнаўца — праз назіранні над матэрыяй». Вера і навука не павінны супярэчыць адна адной, бо ў прынцыпе займаюцца рознымі справамі. Вера не павінна пацвярджаць існаванне атамаў для таго, каб узнік атамны рэактар, а навука не павінна даказваць існаванне Бога, каб Ён сапраўды пачаў існаваць.
— Апісанне стварэння свету знаходзіцца ў пачатку Кнігі Быцця. Большасць з нас яго добра ведае. Ці не гучыць гісторыя гэтага сямідзённага стварэння як пабожная легенда для дзяцей? — Пачну з анекдота. Калісьці ў нашым кляштары ў Парыжы адзін з айцоў падчас снядання згадаў, што кожную раніцу яго ратуе менавіта руціна: устаў, зрабіў гімнастыку, пачытаў, памаліўся. Усё па вызначаным, аднолькавым парадку з дня ў дзень. А я, седзячы за кубкам кавы, паўпрытомны, з заспанымі вачыма, кажу: «Для мяне кожная раніца — нібы новы працэс стварэння. Штодня ўсё пачынаецца спачатку. Святлее — я расплюшчваю вочы, потым улоўліваю формы і гукі, іду ў ванны пакой, бачу паліцу каля люстэрка і прыглядаюся: што гэта? Са здзіўленнем адкрываю, што гэта шчотачка для зубоў, а вось і паста для яе». Расказваў я, расказваў, а яны смяяліся, ды раптам хтосьці з братоў запытаў: «Ну, а цяпер які дзень стварэння?». Я агледзеўся вакол сваімі заспанымі вачыма і кажу: «Не ведаю, але жывёлы ўжо ёсць...»
— Цудоўна! Але хіба гэта доказ таго, што свет узнік за сем дзён? — Зразумела, тут не ідзе гутарка пра панядзелак, аўторак ці сераду. Пра ход стварэння трэба чытаць так, як ён быў апісаны. Перш за ўсё гэта аповед пра тое, што паміж Стварыцелем і светам узнікаюць адносіны «Стварыцель–стварэнне». Трэба прызнаць, што гэта апісанне — геніяльнае. Сем дзён — знак таго, што Бог дае свету час, і гэта праява вялікай павагі да стварэння з Яго боку. Не «раз-два — і гатова»! Бог дазваляе свету спакойна набываць поўныя формы. Таму тэорыя эвалюцыі, зразуметая як тэорыя пэўнага развіцця, не павінна бянтэжыць веруючых, бо ў біблійным апісанні ёсць ідэя часу, у якім развіваўся свет. Тое, што стварэнне замыкаецца ў часе сімвалічных сямі дзён, дзе сямёрка азначае дасканаласць, ёсць падкрэсліваннем паўнаты: у свеце ўсяго хапае, усё ў ім жаданае Богам, свет з’яўляецца дасканалым. Наколькі доўга працягваўся гэты працэс, як яго бачыў Пан Бог, мы ўвогуле не ў стане сабе ўявіць. Заўважым таксама, што біблійнае апісанне стварэння не мае нічога магічнага. Гэта не забава фокусніка, які выцягвае з капелюша адну рэч за другой для пацехі гледачоў. Гэта апісанне перадачы жыцця — у пэўным сэнсе айцоўства і мацярынства, апісанне фармавання і стварэння, апісанне, у якім з самага пачатку падкрэсліваецца любоў Стварыцеля да стварэння.
— Ты гаворыш пра айца і маці. Аднак мы вызнаем веру ў Бога Айца, а не «Бога Айца і Бога Маці ўсемагутных». Ці можам мы гаварыць катэгорыямі «Ён–Яна», спрабуючы абмінуць пытанне полавай прыналежнасці Бога? — Гэта бессэнсоўныя інтэлектуальныя забавы. Ідэалогія. Як бы мы ні сказалі, заўсёды гутарка ідзе пра адну і тую ж ідэю: Бог — гэта Той, Хто дае жыццё.
— Так, але з іншага боку, многія здзівіліся б, калі б мы ў якую-небудзь нядзелю пачалі гаварыць: «Веру ў адзіную Маці ўсемагутную, Стварыцельку неба і зямлі». — Напэўна, калі б мы з самага пачатку так гаварылі, то ніхто не дзівіўся б, здзіўленне вернікаў хутчэй выклікала б замена на Айца. Праблема заключаецца не ў гэтым. Справа ў падкрэсліванні ролі Бога ва ўзнікненні свету. У старажытнасці мужчыну айца прызнавалі галоўным у перадачы жыцця. Вызнанне веры ў Бога Айца — гэта вызнанне веры ў тое, што мы маем боскае паходжанне, а таксама праяўленне пераканання ў тым, што і свет, і чалавек узніклі ад любові, гэтаксама як дзеці з’яўляюцца ад бацькоўскай любові. Хоць трэба адразу ж дадаць, што Бог стварае свет, а не нараджае! І стварае менавіта ex nihilo, з нічога.
— У нашай размове цяжка абмінуць апісанне стварэння чалавека, а дакладней, два апісанні, бо ў Кнізе Быцця змешчаны дзве гісторыі. Адна з іх — пра Бога, які лепіць чалавека, а другая — пра тое, як Бог стварае жанчыну з рабра мужчыны. — Апісанне ў Кнізе Быцця грунтуецца на старажытнай сімволіцы, згодна з якой найніжэйшымі элементамі свету былі вада і зямля — у адрозненне ад узнёслых элементаў, паветра і агню. Для стварэння чалавека Бог выкарыстоўвае элементы прымітыўныя, нізкія, вельмі матэрыяльныя. І ў гэтую матэрыю ўдыхвае свой дух. Гэтае дыханне адрозніваецца ад таго, якое дагэтуль атрымалі створаныя жывыя істоты, бо чалавек створаны асобна, у іншым парадку ў параўнанні з раслінамі і жывёламі. У плане палітычнай карэктнасці гэта выклікае праблемы, бо хіба дазваляецца сцвярджаць, што мы з’яўляемся вянцом стварэння? Але адмаўленне гэтага — толькі праяўленне ілжывай сціпласці. Давайце ж урэшце згодзімся на гэтую выключнасць, перастанем так адракацца ад яе, робячы выгляд, што мы ўсяго толькі малпы без поўсці.
— А што можна сказаць пра стварэнне жанчыны з рабра Адама? — Кожны нармальны чалавек ведае, што жанчына і мужчына адрозніваюцца паміж сабою, і не толькі фізічна. Аўтар Кнігі Быцця спрабуе выявіць і абгрунтаваць гэтую розніцу. Вельмі добра яе апісала сярэднявечная містычка Хільдэгарда Бінгенская, тлумачачы, што стварэнне кабеты з ужо існуючага, цёплага, пульсуючага жыццём цела мужчыны паспрыяла таму, што для жанчыны бліжэй цялеснае, а для мужчыны цела — штосьці такое, што было створана з элементаў халодных, грубых, матэрыяльных. І таму мужчына адносіцца да яго як да чагосьці чужога, з чым ён мусіць весці барацьбу. Спрадвеку людзі бачылі, што абодва гэтыя стварэнні падобныя, але адрозніваюцца. Калі Адам гаворыць: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела», ён распазнае падабенства, але таксама і розніцу! Бо гэта іншая асоба, зусім адрозная, гэта не ён.
— Хіба рабро не мае да гэтага ніякіх адносінаў? — Біблійны аўтар выказаў гэта праз вобраз рабра, але тут не ідзе гутарка пра вышэйшасць або ніжэйшасць. Адразу ж пасля словаў Адама напісана, што «стануць яны адным целам», нягледзячы на свае адрозненні. Наша асноўная праблема з вераю ў Бога Стварыцеля заключаецца ў тым, што мы адпрэчваем створанасць свету, бо не можам дакладна апісаць гэта і растлумачыць. Адначасова мы прымаем за праўду многія тэорыі, якія абгрунтаваныя яшчэ менш, чым стварэнне свету і чалавека. Давайце памятаць, што мы толькі адкрываем і апісваем свет, але менавіта Хтосьці іншы дзесьці ў іншым месцы з’яўляецца крыніцаю існавання гэтага складанага Сусвету.
Гутарыў а. Раман Бялецкі OP.
|
|
|
|