Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

восень

нічога з таго што было
ні згадкаю ні напамінам
нічога з таго што было
я сам сабе не пакінуў
я ў гэты бялюткі дзень
ступлю незаўважным крокам
і след не пакіну нідзе
ні ў сэрцы ні навідавоку
я з чыстай свабоднай душой
свой погляд да неба ўзнімаю
бо ўрэшце рэшт я дайшоў
да самага небакраю
ва ўладзе нябёсаў пустых
ва ўладзе адкрытай прасторы
душа мая быццам уздых
баіцца і прагне пакоры
душа мая быццам прамень
што далеч прарэзаць імкнецца
што раптам знікае як цень
і потым не застаецца
нічога з таго што было
нічога з таго што будзе
пройде туманам праз шкло
і ранкам мяне абудзіць

 

* * *

туды дзе падымаецца рунь
а таполі — смяротна параненыя байцы —
збялелымі пальцамі ўпарта трымаюцца за зямлю
я прыходжу і раскладаю вогнішчы

што мне той абстрактны дым айчыны
разам з яго салодкасцю і прыемнасцю

і той невядомы вецер
і мужчыны са смалянымі валасамі

я апускаю рукі ў туман і вымаю з яго антонаўкі
ніколі яшчэ мая прыналежнасць не была такой

відавочнай

 

* * *

маё фізічнае цела безумоўна існуе ў прасторы
а вакол яго існуюць блізкія людзі
і гэтыя людзі нават час ад часу
імкнуцца стварыць яму прыдатныя
для існавання ўмовы
спрабуюць яго накарміць
пакласці ля тэлевізара
зварыць яму каву
а раніцай выправіць на працу
пажадана на цэлы дзень
а гэтае цела як нацятая спружына
ні на што не рэагуе
ніяк не можа пагадзіцца
што яго існаванне бачаць менавіта такім
і другога яму не жадаюць

няўжо яны не адчуваюць
як мая экзістэнцыя
бы старая тканіна
што праляжала ў зямлі
тысячагоддзі
распаўзаецца ў руках
рассыпаецца ад удараў
тэнісных мячыкаў
і гэтыя валокны
яшчэ зусім нядаўна
такія моцныя
цяпер не вытрымліваюць
нават лёгкага дотыку пальцаў

крохкасць зрабілася
яе асноўнай якасцю
вельмі небяспечнай
але незаўважнай
для тых
хто ніколі не чытае маіх вершаў

 

* * *

не зважаючы на ўсе сродкі камунікацыі
на мноства гукаў якія запаўняюць прастору

паэзія і толькі паэзія
застаецца маім адзіным сродкам
зносін са светам

бо паэзія –
гэта любоў тут і адразу
паэзія – гэта тое што не патрабуе адказу
паэзія – гэта вада – і мёртвая і жывая
паэзія – гэта тое што мяне апраўдае

сонца заходзіць і неба за ім
чырвоным радком палае

 

* * *

бурштыны дробненькія як крышталікі цукру
змяшаныя з пяском і марской травой
высвечваюцца сонечнымі промнямі

жанчыны перабіраюць пясок
і знаходзяць абсалютную радасць

пасля шторму мора нібы выбачаецца
за ўласную нястрыманасць

калі б я павінна была напісаць нацюрморт
то паставіла б на стол шклянку з мёдам
а вакол рассыпала б бурштыны

ёсць нешта ў гэтым:
шукаць бурштыны і знаходзіць
абсалютную радасць

 

* * *

ні пра што не думаць а проста жыць
пазіраючы на свет і тваімі вачыма таксама
перакрыжоўваючы позіркі заўважаць
як на тоненькай нітачцы падвешанай да неба
гайдаецца знічка што ніяк не апусціцца да зямлі

дзесьці на свеце ёсць чароўныя горы
да якіх на досвітку прылятаюць анёлы
накрываюць іх белым крыллем
прытуляюцца да горных вяршыняў
і чакаюць прасветленых даляў

а калі заіскрыцца пад промнямі снег
і абвесціць пачатак наступнага кола
над няроўнаю лініяй горных хрыбтоў
адлятаюць у чыстае неба анёлы
да наступных світанкаў на схіле гары

адлятаюць анёлы ў нябесныя гарады
а за белай гардзінай аблокаў у сонечных сферах
расчыняюцца вокны якія пакінуў Бог
для тых перад кім раптам закрыліся дзверы

у крыштальным паветры знікаюць анёлаў сляды


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY