|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Вёска Варняны. Варняны вядомыя з 1391 года. У 1397 г. яны ўзгадваюцца ў пераліку паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага, якія належалі каралю Ягайлу і перадаваліся ў маёмасць Віленскай капітуле. У 1462 г. па фундацыі Марыны Сангайлавай, «згодна з воляй памерлага мужа», у цэнтры вёскі, на гандлёвай плошчы, быў пабудаваны драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам Божага Цела. Наступныя ўладальнікі Варнянаў — князі Свірскія — пабудавалі ў пачатку XVІ ст. новы касцёл (2, 10, 11, 15). З канца XVІ ст. і да 1880 г. Варняны — уласнасць вядомага шляхецкага роду Абрамовічаў. Набыўшы паселішча, Ян Абрамовіч (+1602), ваявода мінскі і смаленскі, ператварыў касцёл у кальвінскі збор, але ягоны ўнук Самуэль Абрамовіч (1617–16??), староста старадубскі і ваявода троцкі, навярнуўшыся ў каталіцтва, у 1654 г. зачыніў збор і ўзнавіў дзейнасць варнянскай рыма-каталіцкай парафіі. У 1688 г. Варняны атрымалі статус мястэчка Віленскага павета (2, 12-а, 15). Да ХІХ ст. варнянская парафія ўваходзіла ў склад Ашмянскага, а потым, у часы Расійскай імперыі — Віленскага павятовага дэканата. У міжваенны перыяд Варняны атрымалі статус цэнтра аднайменнага дэканата Віленскай дыяцэзіі — з 1925 г. у Варнянскі дэканат уваходзілі 11 парафій: Варняны, Астравец (2 парафіі), Быстрыца, Гервяты, Кемелішкі, Міхалішкі і Свіранкі Вялікія, а таксама Буйвіды, Міцкуны і Лаварышкі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Літвы. З 1991 г., з утварэннем Гродзенскай дыяцэзіі, Варняны — парафія Астравецкага дэканата гэтай дыяцэзіі (6-б, 11). У 1767–1769 гг. на месцы старажытнага храма на сродкі Марыі (Марцыяны) Абрамовіч быў узведзены новы, і ўжо мураваны, касцёл, які згодна з праектам архітэктара А. Касакоўскага (ён жа аўтар праекта палаца Тышкевічаў у Валожыне) стаў галоўным акцэнтам і дамінантай выдатнага рэгулярнага горадабудаўнічага ансамбля ў стылі позняга барока. Касцёл замыкае ўсходні бок вялікай, выцягнутай, прамавугольнай у плане плошчы, заходні бок якой ствараў палацава-паркавы комплекс сядзібы Абрамовічаў. Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фармуюць рады тыпавой жылой забудовы з карчмой і крамамі, аб’яднанай у адзінае цэлае каменнымі прасценкамі з арачнымі праездамі. Два будынкі 1770 г., што фланкуюць касцёл, — плябанія (злева) і дом аптэкара (сёння калгасная кантора і адміністрацыя с/с) — ствараюць перад храмам курданёр, разгорнуты на плошчу (2, 11). Касцёл быў урачыста кансэкраваны ў 1769 г. біскупам-суфраганам Тамашам Зяньковічам пад тытулам св. Юрыя. У ХІХ–ХХ стст. святыня неаднойчы рамантавалася і рэканструявалася на сродкі парафіянаў (1880, 1903, 1909 гг.). Сёння — гэта велічны двухвежавы залавы храм з падоўжанай прамавугольнай апсідай з дзвюма двухпавярховымі двухпакаёвымі сакрыстыямі. Інтэр’ер, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з распалубкамі над вокнамі, у ХІХ ст. упрыгожвалі ажно 7 алтароў: Унебаўзяцця Маці Божай (галоўны), Укрыжавання, святых Пятра, Казіміра, Ізыдора, Юрыя і Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Частка абразоў належала пэндзлю вядомага мастака С. Чаховіча. Цяпер у малітоўнай прасторы святыні 3 барокавыя алтары: галоўны Маці Божай Успамогі Хрысціянаў і бочныя, левы — Маці Божай Ружанцовай, правы — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Галоўны алтар вырашаны ў выглядзе трох’яруснага трыфорыума, цэнтр якога займае абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, які пасля набажэнства зачыняецца абразом святых Яна Боскі і Дамініка Савіо — ужо больш за дзесяць гадоў варнянскай парафіяй апякуюцца салезіяне, якія пашыраюць культ менавіта гэтых святых. Над уваходам у касцёл зробленыя хоры на дзвюх апорах з хвалістым барокавым парапетам (3, 11). Да варнянскай парафіі здаўна належалі капліца ў Вароне, у 2-й пал. ХІХ ст. (пасля зачынення касцёла ў Быстрыцы і да 1920-х гг.) — капліца ў Слабодцы, а ў 1930-я гг. — капліца ў Дубніках (не захавалася). Перад Другой сусветнай вайной колькасць мясцовых парафіянаў складала больш за 3000 вернікаў. Дзейнічала пры касцёле і парафіяльная школа (3, 10, 11). У часы савецкай улады касцёл быў зачынены і занядбаны. На пачатку 1980-х гг. распачаліся рэстаўрацыйныя працы, а 11 сакавіка 1990 г. храм быў нарэшце перададзены вернікам. У 1996 г. вакол касцёла зроблена новая мураваная агароджа з брамай і стацыямі Крыжовага шляху. На заходняй ускраіне мястэчка знаходзяцца старажытныя парафіяльныя могілкі. Уваход на іх пазначаны неабарокавай мураванай атынкаванай брамай з надпісам «wieczne odpocznienie racz im dać, Panie». У цэнтры могілкавага ўзвышша захаваліся руіны мураванай каплічкі (падобнай на надмагілле, але мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што каплічка малітоўная) — гэта было цэнтрычнае, пірамідальнае, квадратнае ў плане (1 × 1 × 2м) збудаванне з атынкаванай цэглы. Справа ад могілак у 2006–2008 гг. вернікі збудавалі прымогілкавую капліцу з сілікатнай цэглы. Святыня нагадвае маленькі касцёл — прамавугольны ў плане залавы аб’ём перакрыты двухсхільным дахам з металадахоўкі, галоўны фасад завершаны псеўдабарокавым франтонам і дзвюма дэкаратыўнымі вежачкамі.
Вёска Баброўнікі. Прыдарожная каплічка-«слупок», пабудаваная ў ХІХ ст. у цэнтры вёскі на скрыжаванні, асабліва цікавая ў параўнанні з падобнымі збудаваннямі ў навакольных вёсках. Гэта цагляная атынкаваная прызма на бутавым падмурку, у вялікай цэнтральнай нішы змешчаная фігура Езуса Назарэтанскага, у бочных — фігура Найсвяцейшай Марыі Панны і разьбянае Укрыжаванне. Увенчвае каплічку над чатырохсхільным дахам вялікі карункавы каваны крыж. Вёска Варона. Капліца на могілках, на ўзвышшы паўночнай ускраіны вёскі, была пабудавана яшчэ ў XVІІ ст. (паводле іншых звестак — у 1-й палове ці сярэдзіне XVІІІ ст.), асвечаная пад тытулам св. Філамены (св. Юрыя?) і прыпісаная да варнянскай парафіі (2, 3, 11). Паводле Курчэўскага, капліца была заснавана яшчэ ў 1530-я гг. біскупам Янам Жыгімонтавічам, фундатарам гервяцкай парафіі, і да яе ж далучаная. Упасажыў капліцу на пач. XVIII ст. біскуп Бжастоўскі. Аднак у рэестры капліцаў святыня пазначана як «узнесеная» Каспарам Чыжам у 1803 г., што з’яўляецца памылкай (магчыма, тады адбылося аднаўленне святыні, хоць Чыжы сапраўды былі ўладальнікамі Вароны ў ХІХ ст. (10, 14). Капліца прамавугольная ў плане, пад высокім двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трох’ярусным атыкавым франтонам з 3-ма пінаклепадобнымі вежачкамі, падобная вежачка ўвенчвае і трохвугольны франтон алтарнага фасада. Да алтарнай сцяны ў пач. ХХ ст. была прыбудавана невялікая сакрыстыя. Інтэр’ер залавы, з падшыўной плоскай столлю, раней быў упрыгожаны фрэскавымі размалёўкамі XVІІІ ст. — на сценах былі намаляваныя выявы апосталаў, вакол алтарнай нішы — выява перспектыўнага алтара з іанічнымі калонамі, антаблементам і конхай, на столі — імітацыя купала, у нішах агароджы хораў — разеткі. На жаль, усё гэта забелена падчас нядаўняй рэстаўрацыі (5). У алтарнай нішы ў 2004 г. быў змешчаны абраз св. Андрэя Баболі, а ў ХІХ стагоддзі інтэр’ер капліцы ўпрыгожвалі 3 алтары: галоўны — св. Філамены, бочныя — Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Антонія (3). Падчас Другой сусветнай вайны, у 1943 г., капліца была значна пашкоджаная, пасля — зачыненая і, нягледзячы на статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, знаходзілася ў амаль зруйнаваным стане. У 2002 г. пачалася рэстаўрацыя святыні, і на свята Божага Нараджэння ў 2004 г. капліца зноў адчыніла дзверы для вернікаў. Асвяцілі капліцу пад гістарычным тытулам св. Юрыя (11-е, 17). Участак абнесены невысокай карункавай металічнай агароджай з трохаркавай уваходнай брамай з сілікатнай цэглы. Вакол капліцы зробленыя стацыі Крыжовага шляху ў выглядзе слупкоў з сілікатнай цэглы. Вёска Дубнікі. Капліца ад варнянскай парафіі была пабудавана тут на пач. XVIII ст. ваяводам інфлянцкім Бжастоўскім «на востраве на возере» (10). Але час не пашкадаваў святыню — яна адрадзілася толькі ў міжваенны час. Тады капліца знаходзілася на 1-м паверсе дома для састарэлых, які пабудавалі ў гэтыя гады за 2 км на захад ад вёскі. Пасля вайны капліцу скасавалі, аднак дом для састарэлых дзейнічае і сёння (11-д). Затое ў суседняй в. Карвелі захаваўся камень-помнік, усталяваны накшталт прыдарожнай капліцы з выяваю Маці Божай Вастрабрамскай і надпісам на польскай мове «помнік вялікага юбілею 1901 г.», абвешчанага папам Львом ХІІІ.
Вёска Гервяты. Згодна з паданнем, пачатак Гервятам даў у 1271 г. вялікі князь літоўскі Гермонт, які і назваў паселішча Гермонтамі. З часам назва ператварылася ў Гервяты (9, 10). У 1434 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч ахвяраваў паселішча Віленскаму біскупству як «добра сталовыя». У 1471 г. і 1474 г. Віленскі біскуп Ян Ласовіч павялічыў вёску, набыўшы яшчэ «некалькі дымоў», а ў 1484 г. вёску павялічыў біскуп Анджэй Гасковіч. Статус «добра сталовых» захоўваўся да 1795 г. (апошнім уладальнікам Гервятаў быў біскуп Масальскі), калі Гервяты сталі ўладаннем «скарбу расійскага». У 1797 г. імператар Павел І аддаў вёску графу дэ Хойсеул-Гоўферу, расійскаму амбасадару ў Стамбуле, які ў 1803 г. прадаў яе Мацею Дамейку, падкаморыю віленскаму. Дамейкі і валодалі Гервятамі да 1939 г. (16). Раней лічылася, што гервяцкая парафія была заснаваная ў 1511 г. (9, 10) ці ў 1526 г. (11, 16), але на самай справе гэта адбылося трошкі пазней. У 1535 г. Віленскі біскуп Ян («з княжат літоўскіх» – de Ducibus Lituanis), сын караля Жыгімонта І, стаўшы ўладальнікам вёскі і яшчэ да афіцыйнай фундацыі касцёла, даў «да касцёла гервяцкага 2-х падданых ... і дзве пустоўшыны, Баброўшчызна і Кережніняны». Парафія ж была зафундавана 7 лютага 1536 г. з часткі варнянскай парафіі (1462 г.), і да яе была адпісана капліца св. Ежы «ў мясцовасці, званай Поле Каралеўскае» (дарэчы, дагэтуль не высветлена, што гэта была за капліца, дзе дакладна і хто яе пабудаваў. Мажліва, менавіта яна была збудаваная ў 1511 г., адкуль потым і з’явілася датаванне ўсёй парафіі), і гэты фундуш заставаўся нязменным да канца XVIII ст. (3, 13, 15, 16). Касцёл, пабудаваны ў 1535 г., першапачаткова быў кансэкраваны пад тытулам святых Яна Хрысціцеля, Юрыя і Мікалая біскупа. Як выглядала тая святыня, вядома няшмат — яна была зрублена з дрэва, на касцёльным «цментары» асобна стаяла драўляная званіца. У 1621 г. Віленскі біскуп Яўстафі Валовіч фундаваў новую драўляную святыню, якую ўзвялі на месцы струхлелага храма і кансэкравалі ў 1625 г. пад новым тытулам — Найсвяцейшай Тройцы. У 1736 г., да 200-годдзя, касцёл быў рэканструяваны намаганнямі біскупа Тамаша Зяньковіча (3, 9, 10, 16). Гэта была святыня «падоўжанай структуры», завершаная дзвюма вежамі над галоўным фасадам, вежаю над сярэдзінай даху і сігнатуркай над алтаром. Інтэр’ер святыні тады ўпрыгожвалі 4 старажытныя алтары. Галоўны, з тытульным абразом Найсвяцейшай Тройцы ў срэбранай «сукенцы», меў выгляд балдахіна «на кручоных калюмнах» (штосьці падобнае да алтара св. Пятра ў Рыме ў невялічкай вёсцы? А чаму не — усё ж такі касцёл Віленскага біскупства!); яго фланкавалі бочныя алтары з разьбяным Укрыжаваннем (левы, наверсе — абраз св. Казіміра) і св. Антонія (правы, аднаярусны); чацвёрты, з абразом Маці Божай Балеснай у срэбранай «сукенцы», таксама меў пазалочаную калонную структуру ў стылі барока. На хорах над уваходам былі ўсталяваныя арганы (новыя арганы да 1747 г. зафундаваў тагачасны пробашч касцёла кс. Мацей Пул’яноўскі, тады ж у галоўным алтары з’явіўся абраз св. Яна Непамуцэна). У 1737 г. для гэтага касцёла былі адлітыя 2 новыя званы, большы з якіх — у каралеўскай людзвісарні Георга Бернада Кіндэра; яны былі змешчаныя ў асобнай драўлянай званіцы, дзе дагэтуль знаходзіўся яшчэ адзін звон. Званы гэтыя былі канфіскаваныя нямецкімі вайскоўцамі падчас Першай сусветнай вайны і, на жаль, на радзіму не вярнуліся (16). Да 1797 г. у касцёле з’явіўся пяты двух’ярусны алтар — з абразамі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Ануфрыя (наверсе). У 1810-я гг. касцёл рамантаваўся на сродкі тагачаснага калятара Мацея Дамейкі — былі ўмацаваныя падмуркі, сцягнутыя «клямерамі» і ашаляваныя сцены. Чарговыя рамонты рабілі ў 1849 г., 1855 г. і ў 1862 годзе. А ў 1860 г. на сродкі наступнага калятара, Казіміра Дамейкі, вымуравалі новую браму-званіцу ў стылі класіцызму — двух’ярусную, квадратную ў плане, пад чатырохсхільным дахам, з бутавага каменю і атынкаваных цагляных элементаў (пілястры, гзымсы). У 1882 г. на хорах з’явіліся новыя арганы на 6 галасоў — намаганнямі пробашча Юліюша Наркевіча і арганіста Фларыяна Астрамецкага яны былі сабраныя з двух старых арганаў, перавезеных у Гервяты з зачыненых касцёлаў у Астраўцы і Шумску. У 1895 г. з ініцыятывы кс. Наркевіча адрамантавалі галоўны алтар і пабудавалі 2 новыя замест бочных: у левым захавалася Укрыжаванне, а ў 2-м ярусе быў змешчаны «Твар Змучанага Збаўцы»; у правым — абраз Маці Божай Ружанцовай пад абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця. Усе новыя абразы намаляваў мастак Вінсэнт Слендзінскі, які аднавіў таксама абразы святых Юрыя і Юзафа ў іншых двух алтарах (16). У 1896 г. пробашчам гервяцкай парафіі быў прызначаны кс. Уладзіслаў Альшэўскі, малады і энергічны, які адразу ж пачаў рыхтаваць будоўлю новага, і цяпер ужо мураванага, касцёла. У 1898 г. губернскі архітэктар Аляксей Полазаў (ён ж аўтар праекта касцёла ў Празароках (1896 г.) і нерэалізаванага праекта касцёла ў Белагрудзе, 1901 г.) зрабіў праект трохнававай аднавежавай неагатычнай святыні з цэглы пад тынкоўку, які быў зацверджаны Віленскім губернскім будаўнічым камітэтам у красавіку 1899 г., і 20 траўня пачалося будаўніцтва на пляцоўцы яшчэ дзейнага драўлянага касцёла. Аднак у наступным 1900 г., калі ўжо былі закладзеныя падмуркі, архітэктар, па жаданні вернікаў, змяніў праект — святыня стала будавацца больш стромкай, велічнай і з чырвонай вонкавай цэглы (спецыяльна для будоўлі каля засценка Гібірды была створана цагельня). Аднак і дакладна такім касцёл пабудаваны не быў — некаторыя змены ў дэкоры фасадаў, больш велічны партал галоўнага ўваходу, акно-ружа над парталам і галоўнае — спічастая вежа-званіца, з’явіліся дзякуючы інжынеру Ігнацыю Альшэўскаму, брату пробашча, і майстру Антонію (ці Анджэю) Каліноўскаму (16). Галоўныя сродкі на будаўніцтва ахвяравалі калятары Вацлаў Дамейка і яго маці, Анеля з Нарушэвічаў Дамейкава (надмагіллі роду Дамейкаў-Нарушэвічаў знаходзяцца за касцёлам) і Станіслаў Паплаўскі (ахвяраваў на дахоўку). Шмат сродкаў ахвяравалі і простыя парафіяне. Улетку 1903 г. касцёл быў гатовы — 4 жніўня кс. Альшэўскі напісаў віленскаму кансістару аб гатоўнасці да прыезду камісіі для прыняцця будоўлі. 8 верасня 1904 г. святыня была кансэкраваная пад гістарычным тытулам. Высокі спічак касцёльнай вежы ўзнес карункавы крыж на амаль недасягальную вышыню — больш за 50 метраў. Такім чынам, Троіцкі касцёл у Гервятах — адзін з найбуйнейшых і ў Гродзенскай дыяцэзіі (дзе ён падобны да самой катэдры) і ва ўсёй нашай краіне. Акрамя гэтага, гервяцкі касцёл — найцікавейшы ўзор стылю неаготыкі ў агульнаеўрапейскай культуры (11, 16). Аднак тая хуткасць і той патрыятызм, з якімі быў пабудаваны такі магутны храм, не выклікалі задавальнення ў імператарскіх уладаў — кс. Альшэўскаму прыпісалі збіранне сродкаў без дазволу ўладаў і ў іншых губернях, а «начальнік краю» нават патрабаваў у Віленскага біскупа панізіць ксяндза да вікарыя... Ксёндз Уладзіслаў быў аштрафаваны на 100 р., а ў 1904 г. у Гервятах з’явіўся новы пробашч. Тым не менш, менавіта з кс. Уладзіславам звязваюць росквіт гервяцкай парафіі, таму што з яго ініцыятывы не толькі пабудавалі архітэктурны цуд, а яшчэ былі заснаваныя хор з 50-ці вернікаў і аркестр з 30-ці музыкаў пад кіраўніцтвам арганіста Міхала Пятроўскага (16). Вялізная і велічная трохнававая базыліка з трансептам і прамавугольнай апсідай, арыентаванай на захад і фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, мае над галоўным уваходам высокую вежу-званіцу пад шпілем. Фасады касцёла дэкараваныя шматлікімі ступенчатымі контрфорсамі, аркбутанамі, пінаклямі, стрэльчатымі аркатурамі. Сяродкрыжжа над чарапічным дахам увенчана стромкай сігнатуркай. Інтэр’ер, падзелены на тры навы пяццю парамі складанапрафіляваных калонаў на высокіх васьмігранных п’едэсталах і перакрыты крыжовымі стрэльчатымі скляпеннямі з дэкаратыўнымі нервюрамі, упрыгожваюць 3 разьбяныя неагатычныя алтары: галоўны — Найсвяцейшай Тройцы (Каранацыя Марыі, абраз з папярэдняга касцёла, 1630-я гг., аточаны разьбянымі фігурамі св. Пятра і Паўла) і бочныя ў крылах трансепта — Маці Божай Вастрабрамскай (абраз аточаны фігурамі «Найсвяцейшага Сэрца Езуса» і «Найсвяцейшага Сэрца Марыі») і св. Юрыя (1890 г.; абраз аточаны фігурамі св. Казіміра і Ядвігі Вугорскай). Над уваходам зробленыя хоры, дзе ўсталяваныя арганы, створаныя яшчэ ў 1882 г. і адрамантаваныя ў 1901 г. (16, 17). Да стварэння сеткі дэканатаў гервяцкая парафія належала да «ключа Антакальскага», з 1596 г. і да 1910 г. яна ўваходзіла ў склад Ашмянскага дэканата, пасля — Віленскага павятовага дэканата, з 1925 г. — варнянскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Гэта была найбуйнейшая парафія ў дэканаце — перад Другой сусветнай вайною колькасць парафіянаў складала больш за 9 000 вернікаў (а ў 1904 г. — нават больш за 9 850, бо да гервяцкай былі далучаныя вернікі скасаваных парафій у Астраўцы і Слабодцы). З 1991 г. — гэта парафія Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. З ХVIIІ ст. да парафіі належалі капліцы ў Сакалойцях і Якентанах, у ХІХ ст. да іх далучылася капліца ў Гірах, а ў 2001 г. — у Завелцах (11, 12-а, 16). Некалі да гервяцкай парафіі належала і капліца ў Дубнічках (гл. хут. Малая Пелігрында, 18). У парафіяльным архіве захоўваецца праект могілкавай (?) каменнай неагатычнай капліцы, датаваны 1904 г. і неразборліва падпісаны, але ён так і не быў рэалізаваны. У 1750 г. пры касцёле было заснаванае брацтва Найсвяцейшай Тройцы, якое ў 1812 г. спыніла дзейнасць, але адрадзілася ў 1846 годзе. Апошні раз, як дзейнае, яно згадвалася ў 1860 годзе. У XVIII ст. была фундаваная і парафіяльная школка, дзе ў розныя гады вучыліся 6–10 дзетак, апошні раз згадвалася ў 1828 г. Парафіяльны шпіталь-прытулак з’явіўся толькі пасля 1797 г., апошні раз згадваўся ў 1872 г.(16). Троіцкі касцёл заўсёды дзейнічаў, і ў ваеннае ліхалецце, і ў бязбожны час савецкай улады, нягледзячы на тое, што ў 1950 г. быў арыштаваны і сасланы ў лагер пробашч кс. Станіслаў Хадыка і касцёл амаль да канца 1951 г. не меў ксяндза. Кс. Станіслаў вярнуўся ў 1956 г. і служыў тут да сваёй смерці ў 1978 г. (16). У 1970-я гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры. Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе пінаклепадобных неагатычных слупоў з чырвонай цэглы. У апошнія гады вакол храма зроблены амаль сад-парадыз — альпійскія горкі, кветнікі, дзівосныя расліны. Асабліва цікавая мясцовая традыцыя адзначаць памятныя падзеі парафіяльнага жыцця ўсталяваннем перад касцёлам драўлянага разьбянага крыжа ці помніка. З 2005г. прыгажосць быццам выйшла за межы касцёльнай агароджы — перад касцёлам была створаная плошча «Сад апосталаў» з калонай св. арханёла Міхала ў цэнтры і фігурамі дванаццаці апосталаў. Быў адрамантаваны і рэстаўраваны і сам будынак касцёла — заменены дах, атынкаваныя і пафарбаваныя сцены святыні. Шкада толькі, што карункавую пінаклепадобную неагатычную сігнатурку над сяродкрыжжам касцёла змяніў грувасткі слуп. Затое ў нартэксе касцёла былі зробленыя раскошныя каваныя дзверы-краты. Увогуле касцёльны комплекс у Гервятах сёння выглядае як сапраўдны сад-парадыз з вядомых каралеўскіх рэзідэнцыяў Еўропы, таму невыпадкова кожны дзень тут спыняюцца турыстычныя аўтобусы. Вёска Гіры. Дзейная і сёння, капліца на мясцовых могілках (раней належалі да в. Рымдзюны, таму ў некаторых дакументах капліца згадваецца як рымдзюнская) была пабудавана ў 1828 г. і асвечаная пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны (Святой Сям’і — 11). Прыпісана да гервяцкай парафіі. Гэта характэрная для свайго часу пабудова — драўляны сасновы зруб з трохграннай алтарнай часткай і галоўным фасадам у выглядзе чатырохкалоннага порціка, пад двухсхільным дахам (у ХІХ ст. ён быў саламяны, цяпер — бляшаны) з вальмамі над алтарнай часткай — тыповы прыклад народнай трактоўкі класіцызму. Залавая прастора перакрытая плоскай падшыўной столлю, у алтары змешчаны абраз Святой Сям’і. Бочныя алтарныя кампазіцыі змяшчаюць Укрыжаванне (левая) і фігуру Найсвяцейшай Марыі Панны (3, 11). Захавалася ў цэнтры вёскі і прыдарожная капліца — каменны двух’ярусны слупок, які паставілі тут у 1936 г. у гонар 500-годдзя каранацыі Вітаўта Вялікага. Вёска Завелцы. Аб існаванні тут каталіцкіх святыняў архіўных згадак няма. Капліца ж пад тытулам Міласэрнасці Божай дзейнічае тут з 2001г. і змешчана ў будынку былой школьнай сталоўні. Хутар Малая Пелігрында (не існуе). Капліца каля хутара Малая Пелігрында (побач былі хутары Каморы і Савічуны каля в. Рымдзюны) была ўзведзеная ў 1-й палове XIX ст. у стылі класіцызму. Магчыма, гэта тая самая капліца «Дубнічак», вядомая толькі з архіўных дакументаў як ліквідаваная ў 1875 г. (17, 18), а можа, менавіта гэтыя мясціны калісьці мелі назву Поле Каралеўскае — навокал і сёння палі ... Святыню пабудавалі з цэглы і атынкавалі звонку і ўнутры. Канструктыўна капліца ўяўляе з сябе 4 вуглавыя апоры, звязаныя аркамі, праёмы якіх запоўненыя ненясучымі сценамі. Уваход у капліцу быў аркавым, інтэр’ер пад плоскай падшыўной драўлянай столлю асвятляўся праз прамавугольныя вокны. Наверсе перыметр сценаў апаясваў профільны гзымс, вуглы былі дэкараваныя пілястрамі. Двухсхільны дах над капліцай вызначалі трохвугольныя франтоны над уваходным і алтарным фасадамі. Як дзейная пасля 1875 г. капліца больш не ўзгадвалася, а пасля Другой сусветнай вайны быў закінуты і хутар Малая Пелігрында. З часам і святыня, і пабудовы хутара ператварыліся ў руіны. У самой вёсцы Пелігрында ў 1980–1990-я гг. з’явіліся тры цікавыя прыдарожныя святыні з бетону, дэкараваныя арнаментамі і надпісамі з маленькіх каменьчыкаў на літоўскай мове. Унутры каплічак усталяваныя фігуры Пакутуючага Езуса (паўночная ўскраіна) і Маці Божай (цэнтр вёскі і паўднёва-ўсходняя ўскраіна). Вёска Сакалойці. Публічная капліца пад тытулам св. Станіслава (біскупа пакутніка) вядомая тут з 1744 г. (ці з 1782 г., ва ўладанні пана Чаховіча, харунжага кавалерыі літоўскай) як ужо дзейная, калі менавіта такі статус быў прызначаны ёй на дыяцэзіяльным сінодзе біскупам Міхалам Зянковічам. Пры гэтым «касцёлку, з дрэва будаваным», Марыяна Кошчыцава (+1816), старосціна заржыцкая і мясцовая ўладарка, зафундавала 17 студзеня 1815 г. альтарыю (10, 11, 16). Каменная капліца на месцы драўлянай, на поўдзень ад вёскі, была пабудавана ў 1838 г. у стылі класіцызму — прамавугольная ў плане, цагляная і атынкаваная, галоўны і алтарны фасады завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’ер быў перакрыты плоскай падшыўной драўлянай столлю, у алтарнай сцяне зроблена сегментарная ніша пад алтарный абраз (11, 16). У 1868 г. капліца згадваецца пад тытулам Маці Божай Пакутуючай (3). У пасляваенны час капліца была зачынена, прыстасаваня пад малочню, а потым стаяла занядбаная. У 1995 г. была зроблена кансервацыя святыні — заменены дах, адноўленыя вокны і дзверы (да 2007 г. амаль усё ізноў было разбуранае). Капліца яшчэ чакае сапраўднай рэстаўрацыі. Вёска Якентаны. Калісьці гэты фальварак належаў віленскаму кляштару канонікаў латэранскіх як месца вакацыяў. Законнікі на вакацыях і служылі Імшу ў пабудаванай з дрэва мясцовай капліцы, што як дзейная ўзгадвалася з 1797 года. Апошні раз святыня згадваецца «ў фальварку дзяржаўным» у 1849 годзе (16). Вёска Градоўшчына (Дубнічкі). Да канца 1930-х гг. мясцовых католікаў абслугоўвала драўляная капліца ў суседнім з вёскай панскім двары Дубоўка (ці Дубнічкі, таму парафія мае і іншую назву). Аднак вёска разраслася і маленькі храм ужо не мог задаволіць вернікаў, таму ў 1938 г. з недалёкага адсюль Шумска (на той час парафія Тургельскага дэканата, сёння тэрыторыя Літвы) быў перавезены драўляны касцёл і заліты падмурак для яго. У 1939 г. збудаваны ў цэнтры вёскі касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Андрэя Баболі, але самастойная парафія была заснаваная ў 1940 годзе (11-е, 17). Касцёл, калі стаяў у Шумску, верагодна, быў двухвежавым і трохнававым, а ў Градоўшчыне набыў рысы мадэрну і ператварыўся ў залавы аднавежавы храм з пяццюграннай апсідай і дзвюма сакрыстыямі пры ёй. Перакрыты высокім двухсхільным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем і сігнатуркай над алтаром. Над галоўным фасадам была ўзведзена двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца пад шатровым мадэрнавым дахам. Галоўны ўваход пазначаны прасторным бабінцам. Асабліва цікавыя адкрытыя слупавыя галерэі ўздоўж бакавых фасадаў. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю, упрыгожваюць 3 алтары: галоўны — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, левы бочны — Маці Божай Анёльскай і правы — тытульны, св. Андрэя Баболі. Над уваходам – галерэя хораў. Касцёл дзейнічаў і ў гады вайны, і пры савецкай уладзе, дзейнічае і сёння. Афіцыйная дата яго асвячэння — 16 мая 1994 года, а вось капліца ў Дубоўцы, як і сам маёнтак, не захавалася, але вернікі збераглі фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі, што стаяла там некалі, і сёння яна знаходзіцца ў касцёле.
ЛІТАРАТУРА І КРЫНІЦЫ
|
|
|
|