Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ

ГАМІЛІЯ
АПОСТАЛЬСКАГА НУНЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ
ПАДЧАС СВЯТОЙ ІМШЫ
ЗА СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI

(28 лютага 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл)

Эксцэленцыя, святары, законныя асобы, браты і сёстры!

Гэтая Эўхарыстыя суправаджае апошнія крокі паслугі Бэнэдыкта XVI, Біскупа Рыма і Пантыфіка. Гэта гістарычны момант, які выклікае ў нас хвалюючыя духоўныя перажыванні. Мы не можам дапусціць, каб у гэты вечар не ўзнеслася малітва беларускага народа, які атуляе ёю свайго Айца і Пастыра. Бэнэдыкт XVI любіў і любіць гэты народ, ведае ягоныя цярпенні і носіць яго ў сэрцы. І я асабіста быў гэтаму сведкам у час нашай апошняй сустрэчы, пра што ўжо распавядаў неаднойчы. Дзякую вам усім за вашыя малітвы і за вашу блізкасць да Папы. Ад імя Святога Айца дзякую таксама спадару Прэзідэнту, які пажадаў звярнуцца да Пантыфіка са сваім пасланнем, поўным цеплыні і павагі. Праз некалькі гадзінаў пасля благаслаўлення вернікаў у Кастэль Гандольфа маўчанне людзей ахіне гэтага чалавека, асобу, якую амаль восем гадоў Пан Бог утрымліваў як кіраўніка Касцёла. Але ў гэтым маўчанні прадоўжыцца дыялог: Бэнэдыкта XVI з ягоным Панам. І гэты дыялог будзе доўжыцца бясконца: на зямлі, пакуль Пан дазволіць жыць свайму слузе, потым — у жыцці, якое наступае пасля смерці, дзе кожны з нас убачыць Бога такім, які Ён ёсць, тварам у твар.

Папа Бэнэдыкт усведамляе, што гэтая малітва будзе для яго прадаўжэннем служэння ў Касцёле. Ён гэта сказаў і на працягу гэтых апошніх дзён паўтарыў некалькі разоў. Адзін кардынал параўнаў яго з Майсеем, які, узняўшы, высока трымае рукі ў час, калі Ізраэль змагаецца з Амалікіцянамі. Калі Майсей трымае распасцёртыя рукі, Ізраэль перамагае, але калі яны апускаюцца ад стомы, пачынае перамагаць непрыяцель. І той жа кардынал сказаў на заканчэнне, што Касцёл і надалей будзе падтрымліваць у вышыні распасцёртыя рукі Бэнэдыкта XVI, каб трывала ягонае заступніцтва і каб праз яго на народ Божы сышла моц благаслаўлення.

Дарагія браты і сёстры! Наша падзяка Нябеснаму Айцу за паслугу папы Бэнэдыкта XVI заключаецца менавіта ў тым, каб з’яднаць нашыя малітвы з ягонымі, і не толькі сёння, а ўвесь гэты час, пакуль ён будзе ў чуванні трываць над сваім статкам. І такім чынам малітваю стане ягонае афіцыйнае навучанне, ягоны трывалы заклік быць вернымі не якойсьці ідэі, але асобе: асобе Езуса Хрыста, Слову Бога, што сталася Чалавекам, памерлым і ўваскрослым для нас. Такім чынам, малітваю стане ягоны заклік утрымліваць Касцёл празрыстым і чыстым, шанаваць жыццё на кожным ягоным этапе. І такім чынам будзе маліцца Касцёл, каб не стацца толькі людской інстытуцыяй, войскам з аднымі толькі наказамі і забаронамі, супольнасцю, у якой паўтараюцца механізмы ўлады і звычкі вялікіх людзей гэтага свету, але стацца сям’ёй Эўхарыстыі, у якой людзі любяць, шануюць адзін аднаго і нязмерна радуюцца збаўленню, якім адарыў іх Пан.

Але ў гэтыя дні мы не можам забыцца, што ён, Папа, адыходзіць у маўчанне з малітваю за свайго наступніка, якога, настаўленыя Святым Духам, праз некалькі дзён выберуць кардыналы з упэўненасцю, што Бог ніколі не пакіне свой Касцёл. Няхай жа яны будуць здольныя пачуць унутранае натхненне і выбраць Папу, здольнага кіраваць лодкай святога Пятра па бурлівых хвалях сучаснага свету, які шукае сэнсу жыцця і сэнсу свайго змагання і любові, патрабуе і чакае Добрай Навіны, каб зноў пачаць спадзявацца.

Якая ж хвалюючая адказнасць гэтых пастыраў Касцёла, сабраных з усяго свету, пакліканых быць прадстаўнікамі розных культураў, розных гісторый, але з’яднаных у адзінай веры! Гэтая адказнасць стане яшчэ больш яўнай кожнаму з іх, калі, кладучы картку з напісаным імем выбранай асобы на алтар, што знаходзіцца пад велізарнаю фрэскаю Апошняга Суду Мікеланджэла, яны павінны будуць вымавіць словы, якія выклікаюць хвалюючае трымценне: «Я заклікаю ў сведкі Хрыста Пана, які мяне будзе судзіць, што мой голас аддадзены таму, хто, як лічу паводле Бога, павінен быць абраны». Гэта тое самае пасланне, якое сёння прапануе нам прарок Ерамія: «Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана... Больш падманлівае за ўсё і невылечнае — сэрца чалавека! Хто ж спазнае яго? Я, Пан, даследую сэрца і выпрабоўваю нутро, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных паводзінаў, паводле плёну ягоных учынкаў».

Дарагія браты і сёстры! Далікатная і кволая постаць нашага Папы, стомленая гадамі і клопатамі, пакідае святыя пакоі Ватыкана і накіроўваецца ў сціплы дом, каб, як кожны веруючы чалавек у сталым узросце, чакаць сустрэчы з Панам. Бог выбраў асобу з сарамлівай усмешкай, але з нязломнай маральнай моцай, з уменнем сказаць слова пераканаўча і свабодна, такім чынам, што ніякая зямная ўлада, ніякая рэакцыя пратэсту — а колькі ж іх было, такіх рэакцый і агрэсій! — не здолелі прымусіць яго маўчаць. І гэта моц Касцёла. Колькі ж супраць яго на працягу ўсіх часоў завывалі сілы зла! Спачатку затыкаюць вушы, каб не чуць Божага слова, якое Касцёл абвяшчае. Потым праз розныя напады чыняць спробы прымусіць яго замаўчаць, потым хочуць знішчыць яго ў лагерах і вязніцах. Але Касцёл трывае і моліцца. Як за Пятра ў вязніцы: «...А Касцёл няспынна ўзносіў малітвы за яго» (Дз 12,5). Пётр абудзіўся са сну, «і кайданы зваліліся з рук ягоных» (Дз 12,7). Псальм узгадвае нам пра спосаб мыслення тых, хто жыве паводле цела: «Сказаў сам сабе неразумны: Няма Бога» (Пс 52). І згадвае таксама гімн свабоды, што спадарожнічае тым, каго Пан вывеў з няволі: «Калі Пан вывеў палонных з вязніцаў, нам здавалася, што мы снім. На нашых вуснах з’явілася ўсмешка, а наш язык спяваў з радасці» (Пс 125).

Ваш беларускі народ праз свой уласны досвед вельмі добра спазнаў таго, хто жадаў перакрэсліць Бога, але ў рэшце рэшт з вуснах вернікаў паплыў спеў вызвалення.

Таксама і ў нашыя дні, у гэтыя мінулыя дні, у свеце была ўчынена не адна спроба кінуць у твар Касцёлу ўсю ягоную ўбогасць, ягоныя здрады, неадпаведнасць, каб пазбавіць яго даверу, учыніць годным літасці. І часцей за ўсё б’юць па «твары» Касцёл тыя асобы, якія самі не захоўваюць ніякіх маральных законаў, а тым не менш асуджаюць Касцёл менавіта за недахоп маральнасці.

Касцёл ведае, што ён грэшны, і кожны дзень просіць у Бога прабачэння за свой грэх, як мы чынім гэта ў перыяд Вялікага посту. Гэта няшчасце, калі Касцёл пачынае паказваць сябе дасканалым, жадае кіраваць светам, бо лічыць сябе лепшым за ўвесь свет. І тады Бог сапраўды можа прынізіць яго, каб Касцёл аднавіў свой шлях і вызнаў, што толькі Ён — Бог — з’яўляецца Панам.

Касцёл, нягледзячы на вельмі моцныя спакусы, не павінен стаць багачом з сённяшняга Евангелля. Багач не цікавіцца ані матэрыяльна, ані духоўна беднымі, якія знаходзяцца пад ягонымі дзвярыма. Бо калі б так адбылося і калі б Касцёл стаўся такім багачом, то мог бы пачуць голас Абрагама, што аднойчы загучаў бы ля вуха: «Дзіця, успомні, што ты ўжо атрымаў сваё дабро ў жыцці часовым, падобным чынам і Лазар — ліха. Але цяпер... ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш».

Браты і сёстры! Якая вялікая адказнасць ускладзена на выбар кардыналаў! Але якая вялікая адказнасць спачывае на нас, калі мы выбралі Хрыста і калі хочам быць братамі і сёстрамі, нягледзячы на нашу слабасць і неадпаведнасць.

Молім Святога Духа, каб святы Пётр вёў нас шляхам пакоры і служэння, шляхам унутранай волі праз моц жыцця, каб свет мог паверыць не нашым бясконцым словам, але нашаму маўкліваму сведчанню жыцця.

І ты, Бэнэдыкт XVI, наш Айцец, будзь сапраўды Benedictus (благаслаўлёны) за тое, што ўзмацняў нас у веры, аж пакуль не пачалі згасаць твае чалавечыя сілы. Дзякуй за тое, што ўзгадаў нам, што толькі праўда вызваліць нас і што праўда — гэта любоў укрыжаванага Бога. Дзякуй, што не саступіў зманлівасці магутных, якія маюць спакусы купіць Касцёл грашыма альбо прывілеямі, каб толькі той замоўк. І дзякуй за малітву, якую яшчэ будзеш узносіць за нас. Не забудзем цябе, Святы Айцец, і калі твае стопы пакінуць базыліку святога Пятра, у якой спачывае цела Першага паміж апосталаў. Анёлы няхай спадарожнічаюць табе аж да таго моманту, калі настане супакой у вялікім спатканні з Панам.

Пераклад з італьянскай мовы
а. Вячаслава Пялінка.

Гл. таксама:
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ :: ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА ::
«ПАСТАВІЦЬ БОГА Ў ЦЭНТР НАШАГА ЖЫЦЦЯ...» ::
«КАСЦЁЛ НАЛЕЖЫЦЬ ХРЫСТУ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY