Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Данута БІЧЭЛЬ

ДАВАЙЦЕ ВЕРНЕМСЯ Ў ГЭТУЮ ПЕСНЮ…

Да 120-годдзя з дня нараджэння Канстанцыі Буйло

Верш са зборніка Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, 1914 г., друкарня Марціна Кухты. 88 старонак, 43 вершы і дзве драматычныя паэмы — «Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя», тыраж 3000 асобнікаў). Рэдактар і ўкладальнік Янка Купала. Па яго просьбе зборнік афармляў самабытны мастак Язэп Драздовіч, які намаляваў для вокладкі гравюру жанчыны-сфінкса, сімвал загадкавасці і яшчэ не раскрытых магчымасцяў здольнай паэткі.

На шмуцтытуле кнігі змешчаны герб «Лебедзь» з удзячнасці Магдалене Радзівіл з роду Завішаў, якая ахвяравала сямейнае калье на выданне беларускіх кніг, у тым ліку і «Курганнай кветкі».

Янка Купала першы заўважыў талент юнай Буйлянкі і, калі не было ад яе лістоў у «Нашу Ніву», пытаўся: «Чаму змоўклі? Чакаем вашых вершаў!». Паэт прысвяціў ёй верш «Мая думка».

Максім Гарэцкі ў кнізе «Гісторыя беларускай літаратуры» высока ацаніў паэзію Канстанцыі Буйло, назваўшы яе найбольш таленавітай паэткай пасля Цёткі.

Першы зборнік вершаў «Курганная кветка» быў створаны па натхненні: «То не песня мая — не пяю гэтак я, гэта вырваўся енк з набалелай душы…». Буйны шквал нерастрачанага дзявочага пачуцця, прага любові, гармоніі і адначасна смутку і адчаю, жадання абараніць усё безабароннае ад небяспекі. Нібы яе натхненнем вадзіла нябачная сіла, паэтка складала вершы аб красе роднай зямлі, усяго жывога на ёй, як у зачараваным сне. Паўсвядома прадчувала сваё прызначэнне, але пакуль што не прадчувала наканавання.

Янка Купала зразумеў, што прыйшла паэтка, якая стане побач з ім як роўная, і ўсцешыўся. Ды ўсё адбылося не так. Купала паміж пакутамі напісаў паэму «На Куццю», «Яна і я», шмат прарочых вершаў і п’есу «Тутэйшыя», а Канстанцыя Буйло пасля першага зборніка замоўкла. І ўсё ж «Курганная кветка» — адзін з цікавейшых зборнікаў беларускай паэзіі.

Верш «Люблю» стаў народнай песняй беларусаў дома і на чужыне. Мы не пагубляліся, таму што пры кожнай нагодзе спявалі гэту песню як народную малітву, паўтаралі, як клятву, як нацыянальны пароль.

...У Канстанцыі Антонаўны поўная неразбярыха з яе прыходам на свет. Нарадзілася яна 14 студзеня 1893 года ў Вільні, але ў розных даведніках і энцыклапедыях падаецца і 1898, і 1899 год нараджэння, і розныя месцы нараджэння: вёска Барсуковіна і вёска Вішнева на Ашмяншчыне.

Цяпер ёсць два Вішневы: вёска Вішнева ў Смаргонскім раёне і мястэчка Вішнева ў Валожынскім раёне, куды сям’я Буйло пераехала з Вільні ў 1895 годзе. У Вільні бацька працаваў конюхам у князя Гагарына. У Вішневе бацька быў арандатарам.

Настаўніца беларускай літаратуры Вішнеўскай школы Галіна Казіміраўна Краскоўская сказала мне па тэлефоне, што бацька паэткі працаваў лясным аб’ездчыкам у графа Храптовіча, жылі яны ў Вішневе нядоўга, але палюбілі гэтае мястэчка.

На сайце ў «Вікіпедыі», якім карыстаецца пераважна моладзь, чытаю:

«Канстанцыя скончыла кароткатэрміновыя курсы ў Вільні ў 1914 годзе. Працавала хатняй настаўніцай у Лідскім павеце, у 1915–1916 гадах загадвала беларускай кнігарняй у Полацку, калі ж кнігарню зачынілі, працавала ў земскім саюзе. У 1916 годзе выйшла замуж за Віталія Калечыца. Працавала статыстам у Валакаламскім райвыканкаме, бухгалтарам саўгаса “Данілкава”. У 1923 годзе пераехалі ў Маскву ў Ціхвінскі завулак, там Канстанцыя пражыла ўсё жыццё».

Мужа арыштавалі ў 1933-м… Яна працавала на заводзе «Аграном» (1929–1934), начальнікам аддзела збыту Палітэхлабсаюза (1934–1940), начальнікам аператыўнага аддзела (1940–1951), пазней — замдырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзапрам…

Калі ў Беларусі ўсё яшчэ спявалі песню «Люблю», аўтарка песні жыла ўжо іншым жыццём і не пісала вершаў (а калі і пісала, ніхто пра гэта не ведаў).

Кляштар бэрнардынак, пабудаваны ў 1621-м, быў перададзены Барысаглебскаму мужчынскаму кляштару ў 1854-м, у 1920-я гады ён апусцеў. У пустым будынку знайшлі прытулак шматлікія беларускія арганізацыі, а ў келлях жылі старыя беларускія настаўнікі і манах Іона з праваслаўнага манастыра. У кнізе «Гродназнаўства» (2012 год) змешчана фатаграфія, на якой стаяць і сядзяць у чатыры рады на фоне вокнаў кляштара дзеці і выхавацелькі, адна з іх — законная сястра… Дзеткі коратка, акуратна падстрыжаныя, глядзяць у аб’ектыў. Надпіс на фатаграфіі: Беларускі прытулак у м. Горадні — 25. ІV. 1920.

Сёстры Канстанцыі Станіслава і Іна ў той час працавалі настаўніцамі ў маёнтку Магдалены Радзівіл у Жорнаўцы. У красавіку 1921 г. арганізавалі ў Вільні Таварыства дапамогі ахвярам вайны. У пачатку мая 1921 г. Станіслава пераехала ў Гародню працаваць загадчыцай беларускага прытулку.

У лісце да Лявона Вітана-Дубейкаўскага ў Варшаву (16 верасня 1921 г.) Станіслава просіць дапамогі для прытулку, бо дзяцей няма чым карміць і няма вокнаў у памяшканні. У лісце ад 7 кастрычніка дзякуе за дапамогу, скардзіцца на сваё здароўе. Станіслава памерла ад сухотаў у канцы лютага 1922 года, і праваслаўны манах Іона маліўся над яе труной. Апанас Цыхун, успамінаючы, як хавалі Станіславу, называе і месца пахавання — на цвінтары каля сабора. Але гісторыкі кажуць, што каля сабора не хавалі — гродзенцы згубілі магілу сястры паэткі. Апанас Цыхун піша, што Канстанцыя прыязджала з Масквы ў Гародню на магілу сястры, але гэты ўспамін выклікае сумненні... Калі не засталося ніякай магчымасці ўтрымліваць у Гародні дзіцячы прытулак, Дубейкаўскі паклапаціўся, каб дзяцей перавезлі ў Вільню і ўладкавалі ў бурсы падрыхтоўчых класаў беларускай гімназіі.

Канстанцыя Буйло прысвяціла сястры Станіславе паэму «Па траскіх гацях».

Будынак кляштара бэрнардынак, пабудаваны ў 1620-я гады, на здымку 1950 года яшчэ цэлы, толькі на страсе растуць дрэвы і няма крыжа на вежы. Але яго хутка разабралі на цэглу. У 1977 годзе на руінах пачалі будаваць драматычны тэатр (скончылі ў 1984 годзе). Гэты будынак змарнаваў краявід еўрапейскай Гародні.

У Заходняй і Усходняй Беларусі спявалі розныя песні, але пераважна спявалі «Бывайце здаровы, жывіце багата...», а пасля вайны «Ой, бярозы ды сосны...». У Заходняй Беларусі свядомыя беларусы спявалі «У імшарах, затканых імглою...», «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі...» …Калі я пераросткам пайшла ў школу ў 1945 годзе, на ўроку спеваў настаўніца Любоў Антонаўна Ройша навучыла нас спяваць песню «Люблю». Заспявалі «Люблю» — і ўся школа стала адной песняй. Вёска заспявала песню «Люблю» — і таксама стала адной песняй. Гэтая песня спакойна ўлілася ў іншыя вясковыя спевы, якія гучалі на нашай зямлі ад прадзедаў спакон вякоў.

Людзі ведалі, што гэта верш Канстанцыі Буйло, а што паэтка жыве ў Маскве, нікому да гэтага не было ніякай справы. Паэтка і яе песня трымаліся адна ад другой на адлегласці, нібы незнаёмыя. Але яны былі непадзельныя, таму і пражылі доўгі век — адна ў Беларусі, другая ў Маскве...

І мала хто ведае, што музыку да верша напісаў таленавіты кампазітар Мікола Равенскі, ён жа напісаў і музыку да верша Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», які стаў каталіцкім гімнам-малітваю.

У дзяцінстве я сніла, што лётаю высока над полем, над лесам і над хатамі. І прысніла верш «Пад казачным дубам, над Нёманам сінім касец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне». Мой верш спявала я адна, ён і створаны быў, каб я жыццё пражыла з любоўю да Краю, у якім дакранулася да Бога праз дабрыню людзей.

Песня «Люблю» не мае ценю — уся ў сонцы або ў цемры, як гара Табор...

Маё жыццё праходзіць на нізіне, у нас няма гары, каб узысці на яе і сказаць Богу «люблю». Толькі ў дзяцінстве мы куляліся з горачкі ў Масцішчы, пакуль кароўкі, наеўшыся, адпачывалі. Некалькі перакулянак — і горка скончылася...

Пасля вайны паэтку прынялі ў Саюз пісьменнікаў. У 1950 годзе выйшаў другі зборнік яе вершаў «Світанне», потым — «На абноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965) і яшчэ шмат кніжак. Паэтку ўзнагародзілі ордэнам «Знак пашаны» і медалямі, прысвоілі званне Заслужанага работніка культуры БССР.

Песню «Люблю» спявалі хоры Рыгора Шырмы і Генадзя Цітовіча, Антона Валынчыка, гарадскія і вясковыя хоры, капэлы; мелодыя гэтай песні стала пазыўнымі замежнага радыё для беларусаў «Свабода». І вельмі любяць гэтую песню на Беласточчыне.

У 1968 г. Янка Брыль уключыў мяне ў склад дэлегацыі пісьменнікаў у Маскву, дзе я пазнаёмілася з паэтам і вучоным Міхайлам Грамыкам. У другую паездку мы былі ў гасцях у яго маскоўскай кватэры. У Маскве я сустрэлася з Паўлінай Мядзёлкай, якая расказала сваю версію смерці Янкі Купалы. Чаму ж мы не наведалі Канстанцыю Буйло?

Тэлефаную Нілу Сымонавічу Гілевічу і пытаюся ў яго пра гэта. А ён мне і кажа, што наведваў Буйлянку незадоўга да яе смерці — вазіў паэтцы ўзнагароду ад нашага Саюза пісьменнікаў. Вельмі яна ўсцешылася, сядзела на ложку і ўсё паўтарала: «Ніл! Ніл прыехаў!»… І я зразумела: прызначэнне Канстанцыі — абагрэць чужую Маскву, куды мы ездзілі, як нявольнікі на паклон. Масква нас не праглынула, бо там жыла паэтка, чыя песня «Люблю» сагравала неба...

Калі я пачала працаваць у музеі М. Багдановіча, зайшоў аднойчы да нас Янка Канышка з Мінска і расказаў, што бывае ў камандзіроўках у Маскве і наведвае Канстанцыю, якая не ўстае з ложка. Сын заходзіў да яе кожны дзень, каб дапамагчы, і пакідаў адну, але настрой у яе добры, ніякай крыўды на людзей няма. Я напісала ёй кароткі ліст, бо ён згадзіўся завезці і аддаць ёй у рукі, і неўзабаве прывёз мне ад Буйлянкі некалькі словаў.

4 чэрвеня 1986 года Канстанцыя Буйло, па мужу Калечыц, памерла…

У 1989 годзе сын прывёз урну з прахам паэткі ў Мінск. Ніл Сымонавіч Гілевіч расказаў мне па тэлефоне, як ён сваімі рукамі, стаўшы на калені, апускаў урну ў магілу на Вішнеўскіх могілках. У прыгожым месцы, недалёка ад дарогі. Было цёпла, сабралася шмат народу. Пахаванне адбывалася са святаром святой памяці Уладзіславам Чарняўскім, пра якога Ніл Сымонавіч успамінае як пра свайго добрага знаёмага... Гаспадыняй на памінках была старшыня сельсавета, не старая жанчына, якая павінна яшчэ жыць. На памінках спявалі песню «Люблю».

Настаўніца беларускай мовы Галіна Казіміраўна ў той час была студэнткай і таксама памятае гэтую падзею.

Неўзабаве паставілі прыгожы помнік, вучні і цяпер апякуюцца магілай.

У 1989 годзе Вішнеўскай школе прысвоілі імя паэткі, а на сцяне змясцілі памятную шыльду. На жаль, у сярэдзіне дзевяностых школа страціла гэтае імя... Добра, што вуліца Канстанцыі Буйло ў Мінску захавалася… у раёне вуліцы Сяргея Ясеніна ў Малінаўцы.

У 1993 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» была выдадзена кніга «Коціцца рэха. Вершы, паэмы, лісты» (укладальнік і рэдактар Дзіяна Чаркасава).

Песню «Люблю» і цяпер спяваюць хоры на сцэне, сябры пры вогнішчы, у застоллях, на вечарынках. Духоўны хор «Бацькаўшчына», які стварыла ў Гародні Вера Кунцэвіч, дваццаць гадоў спявае песню «Люблю». Яна па-за часам — простая, шчырая і глыбокая, як душа Беларусі. Можна паразважаць, як дакладна паэтка расставіла духоўныя вартасці ў вершы «Люблю». На першым месцы — любоў нават не да Радзімы, а да старонкі, дзе нарадзілася, на другім месцы — любоў да народа, яго сядзібаў і зямлі, што корміць народ, на трэцім месцы — любоў да ракі як сімвалу руху, глыбіні, вечнасці; пасля паэтка патлумачыла, за што яна любіць вясну, лета, восень і зіму, якія мяняюцца ў роднай старонцы і мяняюць яе краявіды. Нарэшце яна прызналася ў любові да песні, тонамі дзявочых галасоў абняла і сагрэла сваю старонку, загарнула яе ў любоў. Няма ў гэтым вершы метафараў і гіпербалаў, толькі эпітэты і параўнанні. Песня «Люблю» для неба, як песня жаўранка, прадвесніка вясны, яна не для глыбіні. Такое яе прызначэнне.

Ніхто не падумаў, што гэтая песня жыве з намі ўжо стагоддзе і ёсць нашым гімнам. Чаму гімны павінны быць ваяўнічымі? Давайце ж возьмемся за рукі, створым жывы вянок і прызнаемся ў любові роднай старонцы і палюбім адзін аднаго, як пяецца ў гэтай песні, — яна падыходзіць для кожнай долі, для кожнай душы! Паэтка Канстанцыя Буйло абняла нас сваёй песняй, абагрэла, замаліла і зачаравала, замовіла на дабрыню… Песня была нам калыханкай і малітвай тады, калі чужынцы выгналі Бога з нашых святыняў, вывезлі ў ГУЛагі святароў, а святыні ператварылі ў склады ўгнаенняў. А другія чужынцы палілі святароў у Росіцы і ў печах лагераў смерці разам з дзецьмі і бабулямі. Песня «Люблю» стала нашым духоўным хлебам.

Усе вершы паэткі трэба перавыдаць, перачытаць і ведаць — іх жа напісала аўтарка песні «Люблю», якая навучыла нас любіць і заслужыла нашу любоў!

Досыць адной песні, каб цябе любілі, але каб не згубіцца з адной песняй, трэба зрэдку даваць знак пра сябе, каб успомнілі і цябе, і тваю песню…

Размаўляючы з заснежанай Беларуссю, з Паэтам Нілам Сымонавічам, краязнаўцамі і настаўнікамі, з літаратаркамі, са скульптарам, які рэстаўруе сакральнае мастацтва святыні ў Вішневе, дзе служыў Богу на роднай мове і пахаваны на цвінтары каля касцёла ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, гледзячы на фатаграфію 1921 года ў вочы дзяцей і настаўніц беларускага прытулку ў Гародні, я падумала, што душа на нябёсах збірае між слёз нашчадкаў плёны талентаў, у якіх жыве Слова, — Яно было ад пачатку…

Данута Бічэль

Гл. таксама:
Канстанцыя БУЙЛО :: ЛЮБЛЮ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY