|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Паэму Якуба Коласа «Новая зямля» нездарма лічаць энцыклапедыяй сялянскага жыцця беларусаў. Пагодзімся з Петрусём Броўкам, які адзначаў шматграннасць твора Я. Коласа1. Паказана ў паэме і рэлігійнасць тагачасных сялянаў. Пачаткам паэмы паслужыла вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў», напісанае ў 1911 годзе ў мінскім астрозе, куды Канстанцін Міцкевіч трапіў за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Пазней гэтае пераапрацаванае апавяданне склала XXVII–XXIX раздзелы паэмы. У турме ж, на працягу чэрвеня–верасня 1911 года, былі створаны I–VIII раздзелы паэмы2. Большасць раздзелаў «Новай зямлі» Якуб Колас напісаў у 1921–1922 гады, калі ён разам з сям’ёй вярнуўся на Беларусь з Курскай губерні. Беларусь была ўжо савецкай, з усімі асаблівасцямі новай улады. У студзені 1923 года Я. Колас закончыў напісанне апошняга, трыццатага, раздзела паэмы, дзе ёсць намёк, які можна палічыць антырэлігійным:
Так апісваюцца апошнія хвіліны жыцця Міхала, які «ратунку просіць у людзей», а не ў «пустога» неба. Гэта частка твора належыць да савецкага часу стварэння паэмы. У XXVII раздзеле, асновай напісання якога стала апавяданне яшчэ 1911 года, калі зазначаецца, што «ўсё сваю дарогу мае», і ўзгадваюцца пры гэтым «багі», можна заўважыць нібы недахоп тэксту пасля словаў пра вызначэнне лёсу людскіх дарогаў «багамі»:
Аднак думка аўтара пра пачатак дарогаў-лёсаў застаецца няяснай. Якуб Колас неаднаразова ўзгадвае розныя праявы рэлігійнасці і рэлігійныя перажыванні сваіх персанажаў. Гэта натуральна, бо, апісваючы жыццё сялянаў, ён не мог абмінуць іх рэлігійнасці як часткі іх культуры. Сам Канстанцін Міцкевіч быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве ў Стоўбцах. Згадаем, што яго продкі па маці былі ў 1866 годзе пераведзены з каталіцтва ў праваслаўе3. Сваю маці — Ганну Міцкевіч (Лёсік) — аўтар, не змяняючы імя, апісвае ў вобразе жонкі Міхала, а яе бацьку — у вобразе дзеда Юркі. Менавіта «дзед Юрка» вучыць у паэме свайго сына маліцца па-польску (з уплывам беларускай мовы), што выдае ў ім рыма-католіка: «Ну, кленч!.. хрысціся! ў імя Ойца!». Рэлігійным традыцыям амаль цалкам прысвечаны два раздзелы паэмы: «Каляды» і «Вялікдзень». У першым з іх апісваецца святкаванне Божага Нараджэння. «Прыйшлі піліпаўкі, Мікола» — такімі словамі распачынаецца раздзел «Каляды». Падрыхтоўка да Калядаў пачыналася Піліпаўкай — пастом перад Божым Нараджэннем, які ў праваслаўнай традыцыі пачынаецца 15 (28) лістапада і працягваецца да 25 снежня (7 студзеня)4 . У католікаў амаль у гэты самы час ідзе перыяд Адвэнту, які мае тую самую мэту, што і пост перад Божым Нараджэннем у праваслаўных — падрыхтоўку да калядных урачыстасцяў. «Мікола» — гэта ўспамін святога Мікалая (цудатворцы) — біскупа Міры, якія вызначаўся клопатам пра бедных і абяздоленых. Успамін гэтага святога адзначаецца і ў Каталіцкім Касцёле, і ў Праваслаўнай Царкве. Апісана ў «Новай зямлі» і падрыхтоўка да святкавання Вялікадня і Божага Нараджэння з беларускімі адметнасцямі. «Некаторыя большыя сьвяты, такія як Каляды і Вялікдзень, папераджаліся вельмі дбайлівай падрыхтоўкай. Перад гэтымі сьвятамі рыхтавалі ня толькі смачную і сытную ежу, але чысьцілі дакладна ўсю хату, вопратку і перадусім ачышчалі сваю душу сьв. Споведзьдзю і сьв. Прычасьцем»5. Праўдзівасць гэтага сцвярджэння ў паэме «Новая зямля» адлюстрованая ў апісанні падрыхтоўкі да Вялікадня. У Вялікую суботу дзеці Міхала прыбіраюць двор:
Сам Міхал і яго родны брат да вялікай урачыстасці рыхтуюцца і фізічна, і ўнутрана:
Пост заключаўся не толькі ва ўстрыманні ад ежы, але і ў адмове ад ужывання алкаголю, у пазбяганні спрэчак, што добра бачна ў дыялозе Ганны і Міхала, калі апошні прыйшоў дадому падвыпіўшым:
Падчас посту абмяжоўваліся ўсе жарты і весялосць моцна не праяўлялася. Так, у «Новай зямлі» Карусь Дзівак, які 15 гадоў не спавядаўся, нягледзячы на Вялікую суботу, «…ніяк не мог стрымацца, // каб з печы жартам не азвацца…», на што яго жонка востра рэагуе, заклікаючы схадзіць у царкву. Персанажы «Новай зямлі» разам з аднавяскоўцамі ўдзельнічаюць у літургіі. Сям’я Міхала ходзіць у праваслаўную царкву, што яскрава вынікае з таго, як Колас называе святыню («цэрква», «макаўка святая»), а святара — «поп», а таксама з апісання літургіі ў ноч з Вялікай суботы на Пасхальную нядзелю. У гэтым апісанні лёгка распазнаецца традыцыйнае адзначэнне Пасхі ў візантыйскім абрадзе. Так, Якуб Колас піша, што «сярод царкоўкі» знаходзіцца плашчаніца — покрыва з шоўку, на якім адлюстраваны Езус Хрыстус у магіле. Плашчаніцы аддаюць пашану ў Вялікую пятніцу на заканчэнне вячэрні. Перад пачаткам светлай Ютрані гэтае покрыва пераносіцца з сярэдзіны царквы на алтар, дзе знаходзіцца да ўрачыстасці Унебаўшэсця Хрыста6 . Жанчыны і дзяўчаты апранаюць у царкве хусты і ўшаноўваць плашчаніцу, робячы паклоны:
Жанчыны стаяць з левага боку храма, а мужчыны – з правага («направа сталыя мужчыны»). Адзін з вернікаў, называны ў праваслаўнай традыцыі чытальнікам, нараспеў дэкламуе ўрывак з Апостальскіх Дзеяў, пры гэтым ён мае праблемы з чытаннем, бо выкарыстоўваецца царкоўна-славянская мова:
Літургія заканчваецца пад раніцу («блізак час святой дзянніцы»). Людзі вітаюць адзін аднаго: «Хрыстос васкрос». Пасля Літургіі адбываецца благаслаўленне страваў на велікодны стол:
Апісанае ў «Новай зямлі» царкоўнае святкаванне Вялікадня ўрыўкамі перадае ход святкавання Пасхі ў візантыйскім абрадзе: у Вялікую суботу ўвечары вернікі збіраюцца ў храм, дзе прыкладна апоўначы адбываецца працэсія вакол царквы (Крыжовы ход), і падчас спеву «Уваскрасення дзень» святары і дыяканы ўзаемна вітаюцца пасхальным прывітаннем: «Хрыстос уваскрос!» («Христос воскресе!»), пасля чаго падобным чынам вітаюцца з вернікамі. Пасля Ютрані адбываецца літургія (Эўхарыстыя), якая заканчваецца пад раніцу. Благаслаўленне страваў на велікодны стол адпавядае старадаўняй хрысціянскай традыцыі благаслаўляць ежу. У Беларусі, ва ўсходнім і заходнім абрадах, благаслаўленне велікодных страваў адбываецца пераважна на працягу дня ў Вялікую суботу, але часам і пасля заканчэння Пасхальнай літургіі, як гэта апісана ў «Новай зямлі». Рыма-каталіцкі Касцёл у часы, якія апісваюцца ў паэме (1890–1900), пачынаў святкаваць Вялікдзень у Вялікую суботу раніцай, а ў Велікодную нядзелю раніцай адбывалася яшчэ адна святочная Імша. Цяпер Касцёл вярнуўся да хрысціянскага звычаю, які сягае першых стагоддзяў пасля нараджэння Хрыста, пачынаць Вялікдзень, як і праваслаўныя браты, ноччу з суботы на нядзелю. Адметнай рысай беларускага народа з’яўляецца тое, што свята Пасхі прынята называць «Вялікдзень» (як і ў «Новай зямлі»), хоць па сутнасці кульмінацыйным пунткам святкавання з’яўляецца Пасхальная ноч, а не дзень. Хоць з факту наведвання царквы вынікае, што суседзі Міхалавай сям’і праваслаўныя, аднак Якуб Колас паказвае, што на апісаных ім землях захаваліся каталіцкія звычаі:
Узгаданыя ў гэтым урыўку «Пакуты Езуса» вельмі падобныя да «Песняў жальбы» («Gorzkie żale»), якія сапраўды маюць падабенства да літаніі (заклік – адказ), а змест песняў, што складаюць гэтае набажэнства, — Мука Хрыста. «Песні жальбы» складаюцца з некалькіх частак, а тыя ў сваю чаргу — з некалькі песняў, паводле ж «Новай зямлі», тыя, хто спяваў «Пакуты Езуса», мелі праблемы з пачаткам новай песні. Набажэнства «Песні жальбы» сфармавалася ў Польшчы на пераломе XVII–XVIII стагоддзяў. Відаць, што ў сям’і Міхала шануюць каталіцкія звычаі. Вярнуўшыся велікодным ранкам з царквы дадому, Міхал з жонкай і з Антоніем, як прынялося «год ад году», спяваюць песню «Wesoły nam dziś dzień nastał», дзе ўслаўляецца Хрыстова ўваскрасенне. Старэйшыя людзі — «сталыя мужчыны» — спяваюць «Пакуты Хрыста», трымаючыся старых каталіцкіх традыцый: «па звычаю старому», «свае захоўвалі парадкі». Пры гэтым дзеці Міхала не ўдзельнічаюць у спеве старэйшых («а хлопцы толькі ўсміхнуцца») — народжаныя ў канцы XIX ст., яны былі выхаваныя ў праваслаўнай традыцыі. Пра рэлігійнае выхаванне ўзгадваецца ў раздзелах 15-м і 16-м. Цяпер вернемся да апісання велікоднага стала. Для рэлігійнасці беларусаў характэрна, што кожнае святкаванне, апрача прадпісаных абрадаў, мела яшчэ шмат сямейных звычаяў. Ілюстрацыяй гэтага можа быць звычай урачыстага снедання велікодным ранкам. Традыцыйна яно і да гэтага часу праходзіць згодна з «раскладам», прыведзеным у «Новай зямлі»: узаемнае прывітанне, выкананне адпаведных спеваў, спажыванне асвячонай ежы, віншаванні.
Перад Божым Нараджэннем сяляне захоўвалі ўстрыманне ад мяса, але некаторым гэта не ўдавалася, і такі чалавек, не дачакаўшыся свята, «цішком свяжынкі паспытае». Супольнае спажыванне ежы ў вігілію Божага Нараджэння адбывалася за сталом, на які клалі сена і засцілалі абрусам:
У вігілійны вечар на стале было шмат страваў, але не ўжывалася мясное — гэта апісана ў «Новай зямлі», і такі звычай застаецца дагэтуль. Такая вячэра называецца «куццёю», згодна з назвай адной з ужываных страваў. Якуб Колас піша таксама пра звычай карміць хатнюю жывёлу сенам, якое рассцілалася на святочным стале, і варажыць па зярнятках, знойдзеных у сене. Такім чынам, апісваючы рэлігійнасць герояў «Новай зямлі», Якуб Колас гарманічна паказаў веру і звычаі беларускіх сялянаў у суіснаванні і пераплеценасці лацінскай і візантыйскай традыцыі. Пры гэтым аўтар абапіраўся на жыццёвы досвед свайго асяроддзя. Рэлігійнасць герояў паказана вельмі праўдзіва, што яшчэ раз дазваляе пераканацца ў моцнай хрысціянскай аснове гэтай сапраўднай энцыклапедыі жыцця беларускага народа.
|
|
|
|