|
|
|
№
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ЗВАРОТ У СУВЯЗІ З РАШЭННЕМ ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XVI АБ СЫХОДЗЕ З ПАСАДЫ НАСТУПНІКА СВЯТОГА ПЯТРА Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
На шляху веры
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
АБРАЗ ПОЛАЦКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ
|
|
|
Полацкая Адзігітрыя з срэбнай басмай пасля рэстаўрацыі. 2012 год. |
Юзэфа і Таццяна — так клікалі маіх бабуляў. Адна жыла ў Фаніпалі, другая — у Барысаве. Адна была каталічкаю, другая — праваслаўнаю. У аднае хату ўпрыгожваў абраз Вастрабрамскай Божай Маці, у другой абавязкова на Пасху фарбавалі яйкі шалупіннем цыбулі. На жаль, яны пакінулі гэты свет — пайшлі ў Нябеснае Валадарства. Але ў мяне засталася іх вера. Каталіцкая і праваслаўная. Як усе мае блізкія непадзельныя і дарагія мне, так непадзельная і мая вера. Хрысціўся я ў касцёле на мінскай Кальварыі, а ўсё жыццё займаюся збіраннем і рэстаўраваннем праваслаўных святыняў. У душы не ўзнікае супярэчнасцяў, калі я прымаю святую Камунію ў касцёле і атрымліваю благаслаўленне на рэстаўрацыю беларускай святыні ў царкве. На адзінай сваёй аўдыенцыі ў кардынала Казіміра Свёнтка я расказаў яму пра выратаванне веры ў нашай сям’і, і кардынал з уласціваю толькі яму чыстаю дзіцячаю ўсмешкаю сказаў на развітанне: «Вялікі дзякуй усім бабулям за выратаванне веры!».
Тады, пасля аўдыенцыі, мне ўзгадаўся паўзмрок францішканскага касцёла ў ліпені 1983 года, час маёй студэнцкай пераддыпломнай практыкі. Я прыехаў у Пінск на эцюды і пасля дзённай працы на палескім гарачым сонцы прыйшоў у касцёл на вечаровую Імшу хутчэй з цікаўнасці, чым па жаданні сэрца. Каля алтара сабраліся ўсяго тры бабулькі. І ў той вечар маю душу зачаравала прахалоднае паветра велічнага інтэр’еру касцёла, насычанае пахам кадзіла, старых дубовых лаваў, старажытных палотнаў, халоднай тынкоўкі. У прахалоду высокай цішыні ўпляталіся тонкія галасы бабуляў, якія спявалі «Аллелюя». І ўсё гэта нараджала ў душы нейкія забытыя, далёкія дзіцячыя ўспаміны. Можа, гэта была генетычная памяць маіх продкаў, якія спрадвек хадзілі ў святыню на службу?
Ужо тады я пачаў задумвацца над тым, што ўсё ў свеце адбываецца не па волі выпадку. Хтосьці называе гэтую таямніцу лёсам, хтосьці кармаю, хтосьці ўзмахам рукі Стварыцеля. Назавем гэта Провідам Божым. Гэтая вялікая таямніца напрыканцы 80-х гадоў прывяла мяне ад простага вывучэння і капіявання абразоў у БДТМІ да разумення іх сапраўднай сакральнай сутнасці. Спачатку я меркаваў, што сам шукаю абразы для калекцыі і працы, а пасля зразумеў — абразы самі шукаюць свой шлях да рэстаўратара. Часам абраз па волі Божай ідзе не ў калекцыю, а ў святыню. Так адбывалася ў 1990-я гады з аналойным абразом Казанскай Божай Маці XIX стагоддзя. Я ледзь адрэстаўраваў яго, пакрыў лакам, уставіў у кіёт, але ўзнікла нейкае містычнае жаданне адвезці гэты абраз у царкву. Я ўзяў яго і павёз у Свята-Духаў сабор на Нямізе. Прынёс у святыню, а мне кажуць: у адной з цэркваў Віцебска з аналоя скралі абраз Казанскай Божай Маці, і гэтае злачынства адбылося акурат у дзень святкавання гэтага святога абраза — 21 ліпеня. Віцебскі святар прыехаў, каб знайсці нейкую замену, і адрэстаўраваны абраз аказаўся дарэчы. І зноў думка: ці ж ты сваёю воляю шукаеш шлях для святога абраза?
Ён знайшоў мяне і нават двойчы паклікаў да сябе... Я ўбачыў гэты святы абраз у майстэрні аднаго рэстаўратара ў Маскве. Уласнік пакінуў яго для доўгай працы, маючы надзею пасля прадаць. Аляксей, так клікалі маскоўскага рэстаўратара, звярнуў маю ўвагу на Полацкую (Тарапецкую) Божую Маці, пры гэтым удакладніўшы, што абраз мае дачыненне да беларускай гісторыі. Аднак у гэты момант маё сэрца прамаўчала. Хоць з першага погляду я зразумеў, што абраз рэдкі і старажытны. Мяне збянтэжылі абліччы... Калі тут ёсць вялікія страты, абраз становіцца праблематычным для сур’ёзнай прыватнай калекцыі. Карацей, я не рашыўся набыць яго ў першае сваё падарожжа. Але святы абраз Полацкай Божай Маці стаяў перад вачыма ўсю дарогу, быццам ехаў у цягніку разам са мною.
Цэлы тыдзень я ўзважваў усе «за» і «супраць», перачытаў шмат літаратуры пра абраз Полацкай (Тарапецкай) Божай Маці. Пазваніў у Маскву і, дзякуй Богу, абраз чакаў мяне. Так нашыя шляхі — святога абраза і мой — перасякліся па волі Божай у прасторы бясконцага часу амаль праз 450 гадоў...
Пра што думаў іканапісец, які пісаў гэты абраз? Ці мог ён дапусціць, што яго сакральная праца праз вякі трапіць у Беларусь... ды і наймення такой краіны ў XVI стагоддзі ён не ведаў... Масковія і Вялікае Княства Літоўскае былі тады ворагамі.
Беларускія калекцыянеры ніяк не адрэагавалі на рэдкі, на маю думку, абраз. Гэта зразумела — пашкоджаныя абліччы. Я падумаў, што, магчыма, яно да лепшага — няхай абраз пачакае 5–10 гадоў. Дасць Бог, ён знойдзе сваё месца. З цягам часу ўсё атрымалася добра. У адзін з вясновых дзён 2004 года ў мяне гасціў Анатоль Дунчык, рэстаўратар Мінскага епархіяльнага кіраўніцтва. Убачыўшы абраз, ён імгненна прыняў рашэнне: яго павінен убачыць уладыка Філарэт. Такім чынам, у сакавіку 2004 года абраз Полацкай Божай Маці апынуўся ў асабістых пакоях Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Экзарха усяе Беларусі.
Уладыка не адразу даверыў рэстаўрацыю святыні зусім незнаёмаму рэстаўратару. Я часта прыходзіў да мітрапаліта на аўдыенцыю ў вялікі прыёмны пакой на другім паверсе Епархіяльнага кіраўніцтва. Гадзінамі доўжыліся нашыя асабістыя размовы. Падчас гэтых размоваў уладыка пранізлівым позіркам цёмных вачэй вывучаў мяне не толькі звонку — здавалася, што ён заглядае ў самыя патаемныя куточкі душы і ведае, што адбывалася з самага майго нараджэння і што будзе заўтра. Партыйнае чыноўніцтва, узгадваючы савецкія часы, прызнаецца, што не кожны вытрымліваў гэты пранізлівы позірк, калі ў Мінскім выканкаме вырашаліся пытанні рэстаўрацыі святыняў.
|
|
Стан абраза да пачатку рэстаўрацыі. Лістапад 2003 года. |
Абраз доўга рыхтавалі да рэстаўрацыі...
Як працавалі іканапісцы даўней? Яны былі манахамі, людзьмі глыбокай веры. Доўга маліліся і трымалі пост перад працаю. А як у сучасным матэрыяльным атачэнні настроіць сябе на тонкую працу з абразом? Складана... Таму духоўнае ўмацаванне ў працы мне давалі малітвы сясцёр Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра, маім анёлам-ахоўнікам стала матушка Сергія. Сёстры прыязджалі ў Санкт-Пецярбург, каб памаліцца перад старажытным абразом Полацкай (Эфескай) Божай Маці ХІІ стагоддзя. І кожная вандроўка была азмрочаная выклікам міліцыі. Супрацоўнікі музея вельмі баяліся, што беларускія чарніцы патаемна забяруць шанаваны абраз у Полацк, дзе ён і павінен знаходзіцца па праве.
Атрымаўшы благаслаўленне ўладыкі Філарэта, у 2006 годзе абраз быў перанесены ў рэстаўрацыйныя майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Там былі зробленыя рэнтгенаграмы абліччаў Багародзіцы і Божага Дзіцяці, узятыя пробы фарбаванага слоя для фізіка-хімічнага даследавання. У гэты час ужо мелася заключэнне Маскоўскага дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута рэстаўрацыі, што абраз датаваны канцом XVI стагоддзя і аналіз фарбаванага слоя не супярэчыць гэтай эпосе. Беларускія спецыялісты пацвердзілі дату напісання абраза. Можна было пачынаць умацаванне і расчыстку. Гэтую шматмесячную і карпатлівую працу зрабіла рэстаўратар Святлана Дзікуць. Кожны слой запісу міліметр за міліметрам выдаляўся пасля ўсебаковага аналізу і парадаў з многімі рэстаўратарамі, у тым ліку і з рэстаўратарам вышэйшай катэгорыі Аркадзем Шпунтам.
Намоленыя абразы... Іх выратоўвалі, яны ратаваліся самі ўладаю Божага Провіду. Нашыя бабулі, маючы глыбокую веру, выносілі абразы са зруйнаваных ваяўнічымі бязбожнікамі святыняў, захоўвалі ў неспакойныя часы пад абаронаю сваіх ціхіх малітваў. Абраз Полацкай Божай Маці, магчыма, быў такім жа чынам выратаваны адной з верніц у Пскове або паблізу (як казаў апошні ўладальнік абраза, ён паходзіць з Пскоўшчыны). Шматлікія разрывы на срэбнай шаце (верх мафорыя Багародзіцы) змушаюць думаць, што абраз быў зганьбаваны ў 1920-я гады. З яго сарвалі срэбную басму і вянец. Новая ўлада, прыкрываючыся лозунгамі аб хуткім надыходзе «камуністычнага раю», распрадавала духоўную спадчыну народа. Магчыма, у гэтую кругаверць бязбожнасці трапіў і гэты абраз. Каштоўны метал з пячаткамі срэбра XIX стагоддзя быў рэквізаваны, а срэбная «сукня» XVII стагоддзя цудоўным чынам ацалела. Спачатку старажытная шата была ўпрыгожаная каштоўнымі камянямі на «зорках» Беззаганнай Дзевы, якія знаходзяцца на плячах і чале Багародзіцы. На нарукаўніках і бармах адзення таксама былі бачныя сляды срэбных кастаў. Маленькія адтуліны на шаце па краі рук і ножак — гэта месцы, куды мацаваліся нізкі з пярлінаў.
Абраз быў надзвычай ушанаваны — не кожную ікону ўпрыгожвалі такім багатым дэкорам. Шата абраза была выкананая ў другой палове XVII стагоддзя з тоўстага чаканнага срэбра. Такую ювелірную працу здольныя зрабіць толькі прафесіяналы з добрай майстэрні ў вялікім горадзе. Падобна, што гэта праца майстроў срэбных справаў з Пскова ці Ноўгарада. Вага і таўшчыня шаты таксама сведчаць пра ўшанаванне абраза. Рэч у тым, што свайго срэбра ў XVII стагоддзі Расія не мела, яго пачалі здабываць у Забайкальскіх рудніках толькі ў часы Пятра І, у 1704 годзе. Да гэтага часу срэбра завозілі з-за мяжы: з Еўропы, з Усходу, і таму каштоўны метал быў вельмі дарагі. Узгадайма, якімі тонкімі былі срэбныя капейкі XVI–XVII стагоддзяў. За малы памер іх называлі таксама «лускою». Еўрапейскае срэбра часцей за ўсё прывозілі, гандлюючы з Галандыяй, — гэта былі галандскія срэбныя талеры. На аверсе, тварным баку талера, была выява ільва, таму іх называлі «лёвінталерамі», а срэбра ў Расіі атрымала пячатку «лявок». Такім чынам, на шату Багародзіцы пайшло шмат галандскага срэбра. Тоўстая срэбная шата вельмі рэдкая для тых часоў. Дэкор «сукні», якая захавалася, па-майстэрску выбудаваны на кантрасце грубай фактуры складак адзення і кропкавай ювелірнай чаканкай барочнага малюнка на нарукаўніках, бармах і хітоне Хрыста. Шата першапачаткова была пазалочаная (у паглыбленнях дэкору бачныя рэшткі старажытнага залачэння лімоннага колеру) і прыбітая да асновы абраза срэбнымі (!) цвічкамі. Гэта сустракаецца вельмі рэдка, на што звярнулі асаблівую ўвагу мастацтвазнаўцы ў першапачатковым заключэнні, выдадзеным Дзяржаўным навукова-даследчым інстытутам рэстаўрацыі.
Шату знялі ў Маскве падчас даследаванняў. Захаванасць адзення пад шатаю аказалася цудоўнаю, я б назваў яе ідэальнаю для 1570–1580 гадоў. Упершыню зірнуўшы на абраз, я быў уражаны малюнкам залатога асіста на адзенні Багародзіцы і Божага Дзіцяці. Ён палымнеў скрозь старую пацямнелую бурштынава-карычневую аліфу як унутранае звышнатуральнае свячэнне святых фігураў і сведчыў пра таямніцу старажытнага візантыйскага паходжання абраза.
Багацце залатога асіста на мафорыі Багародзіцы не зусім звычайнае для рускай іканаграфіі XVI стагоддзя. Толькі пачынаючы з XVII стагоддзя апрацоўка складак мафорыя разведзеным золатам у строганаўскіх і царскіх іканапісцаў стала дасканалаю. На старых абразах багацце залатога свячэння ўласцівае толькі адзенню Хрыста як жывога ўцелаўлення Бога. Адзенне Багародзіцы (мафорый, туніку і каптур), як правіла, вытанчана ўпрыгожвалі асістам толькі па краі. Усё гэта паказвала на рэдкую іканаграфію і старажытную візантыйскую першакрыніцу абраза. У адрозненне ад адзення святых фігураў, закансерваваных на стагоддзі пад срэбнаю шатаю, палі і фон абраза пацярпелі ад шматлікіх умяшальніцтваў не толькі па фарбаваным слоі, але і па ляўкасе. Я мяркую, што «сукню» рэдка здымалі падчас многіх панаўленняў. У першую чаргу рэстаўратары XVII–XVIIІ–ХІХ стагоддзяў імкнуліся надаць свежасць фарбаванага слоя бачным часткам абраза — абліччам, рукам і фону. Дзякуй Богу, адзенне і ножкі Хрыста яны пакінулі ў спакоі пад цёмнаю аліфаю.
«Родныя» палі абраза XVI стагоддзя былі выкананыя сусальным золатам. Зялёны (травяны) колер памежжа XVI–XVII стагоддзяў часткова захаваўся на німбе Багародзіцы і Хрыста, з левага боку ад фігуры Божага Дзіцяці: уніз і ўбок да лузгі каўчэга абраза. На захаваным старым фоне ляўкас крыху вібруе праз зялёны глаўканіт. Як толькі ні «мучылі» рэстаўратары абразы на працягу вякоў! Тут сустракаецца і цёмна-чырвоная сургучная масціка XVIIІ стагоддзя, і васковыя ўстаўкі ХІХ–ХХ стагоддзяў, і «галубец» (модны блакітны колер перыяду ракако), і глухі зялёны ХІХ стагоддзя. Стары ляўкас на палях іконы ў асноўным захаваўся (вялікія выпадзенні ляўкаса да драўлянай асновы зафіксаваныя злева ад аблічча Божай Маці і Хрыста на стыках дошак і на правым плячы Багародзіцы). Аднак «родны» зялёны колер амаль па ўсім фоне спемзаваны да ляўкаса і ў сярэдзіне XVIIІ стагоддзя пакрыты цёмна-карычневым паліментам пад залачэнне. Па версе залачэння напрыканцы XVIIІ — у пачатку ХІХ стагоддзя ізноў зрабілі ляўкас і пакрылі «галубцом». Усё змянялася ў адпаведнасці з моднымі стылямі ў мастацтве. Апроч гэтага, ляўкас каля фігураў пашкожданы мноствам адтулінаў ад замацаванняў наборнай басмы. На рэнтгенаўскім здымку рэшткі цвікоў бачныя як белыя кароткія лініі, што ляжаць па краі адзення, нібы раны ад шрапнэлі. Колькі разоў перабівалі і перараблялі наборную басму, аднаму Богу вядома.
Абліччы шмат разоў паднаўлялі, аднак слой аўтарскага пісьма XVI стагоддзя дзе-нідзе захаваўся: на правай шчацэ і шыі Багародзіцы, на шыі Божага Дзіцяці. У іншых месцах на абліччах бачныя сляды спемзавання тэмперных плавяў амаль да санкіра, зробленага ў празелень. У ХІХ стагоддзі падчас паднаўлення абліччаў была нанесеная грубая граф’я цыроўкаю па аўтарскім пісьме. Магчыма, рэстаўратары ўжо не маглі разгледзець аўтарскі малюнак пад цёмнаю аліфаю? Хаця на руках Божай Маці выразна чытаецца тонкая, па-майстэрску выкананая граф’я лебядзіных рук Багародзіцы (для XVI стагоддзя характэрны плаўны, вытанчаны малюнак рук — яны падобныя да абрысаў лебядзінага крыла). Гэта гаворыць пра высокае майстэрства іканапісца, знаёмага з найлепшымі ўзорамі іканапісу пскоўскай і наўгародскай школаў. Падчас рэстаўрацыі абліччаў мы былі вымушаныя прыняць неадназначнае рашэнне: не расчышчаць рэстаўрацыю ХІХ стагоддзя да спемзаванага старога жывапісу, а ўпісваць таніроўкі дзесьці пад ХІХ стагоддзе, а дзесьці пад XVI. Інакш можна захапіцца плаўю і прыплескамі і дайсці ў рэстаўрацыі да поўнага наватвору. Пуцяводнаю зоркаю ў выбары цялеснага колеру сталі ножкі Хрыста, якія захаваліся амаль цалкам. Таніроўкі я раблю найдалікатнейшым кропкавым чынам, каб пакінуць астраўкі старога пісьма і аб’яднаць пісьмо розных стагоддзяў. Гэта праца пуантэллю (ад французскага «пуантэ» — кропка) нагадала мне працу лекара, які сшывае разам раструшчаныя кавалкі пашкоджанага пісьма. Не туды ўколе каланковы пэндзаль-нулёўка — і ўся праца змарнуецца..
Вялікія цяжкасці ў рэстаўрацыі ўзніклі падчас працы над ручкаю Божага Дзіцяці, якая трымае скрутак. На абразе з Рускага музея і на пазнейшых сучасных спісках указальны палец левай ручкі Хрыста ідзе наверх. Жэст на рэстаўраваным абразе XVI стагоддзя крыху адрозніваецца. Большая частка пісьма па руцэ страчаная (аўтарскі жывапіс захаваўся толькі па краі рукі і на двух ніжніх пальчыках), аднак на старой граф’і добра бачны вялікі палец, схаваны скруткам. Таму я вырашыў аднаўляць левую ручку Хрыста па граф’і рэстаўраванага абраза. Правая ручка Хрыста ў жэсце благаслаўлення таксама аднаўлялася па старой прамалёўцы, як і рукі Божай Маці.
На арыгінале, які захоўваўся ў Рускім музеі, страчаны малюнак нарукаўніка на правым рукаве тунікі Багародзіцы. На абразе XVI стагоддзя нарукаўнік цудоўна захаваўся і дае нам магчымасць уявіць, якім быў малюнак першакрыніцы.
Іканапісец, якому замовілі спісак з абраза Эфескай Божай Маці, паставіўся да працы не толькі творча і высокапрафесійна, але і з асаблівай дбайнасцю і ўвагаю да ўсіх дэталяў абраза. Кожны штрых асіста, яго накірунак, патаўшчэнне і вібрацыя перададзеныя дакладна, як на абразе ХІІ стагоддзя. Скапіяваны нават машчавік каля правай ножкі Хрыста. Дарэчы, у дакументах яго ніхто не апісвае на абразе ХІІ стагоддзя! Магчыма, у візантыйскі абраз ХІІ стагоддзя ад пачатку былі ўкладзеныя святыя мошчы, калі яго везлі святой Еўфрасінні?
Хто ведае, магчыма, два гэтыя абразы ХІІ і XVI стагоддзяў ляжалі побач, калі працаваў іканапісец?
Памер абраза XVI стагоддзя да рэстаўрацыі ХІХ стагоддзя дакладна супадаў з памерам арыгінала ХІІ стагоддзя — 82,5×60,3×3,3 см. Цяпер ён мае памер 78,1х57х2,6 см і невялікі каўчэг. Аснова іконы абрэзаная па краях і крыху ўверсе — гэта бачна па непрапарцыянальна вузкіх палях і слядах піла на тарцы абраза па большым боку. Магчыма, абраз устаўлялі ў іканастас вызначанага памеру? У ХІХ стагоддзі ўверсе і ўнізе ў тарэц абраза былі ўрэзаныя шпонкі. З адваротнага боку аснова абраза дасканала выведзеная скобляю або гэбелем. Зверху і знізу на адлегласці 1,5–2 см ад краю абраза з адваротнага і тварнага боку на роўнай адлегласці знаходзяцца адтуліны.
Якія высновы можна зрабіць з гэтых пераробак абраза? Магчыма, ён быў двухбаковы, вынасны, як і арыгінал з Рускага музея. З адваротнага боку быў напісаны абраз святога Мікалая Цудатворцы, які з цягам часу быў страчаны. Магло здарыцца, што вынасны абраз распілавалі ў ХІХ стагоддзі і зрабілі два абразы XVI стагоддзя. Напрыканцы ХІХ стагоддзя калекцыянеры называлі такія абразы «спілкамі». Адтуліны ўнізе і ўверсе служылі для прымацавання наглямі (драўлянымі цвічкамі) накладных шпонак з адваротнага боку і прымацавання накладной рамы з тварнага боку. Яшчэ трэба разгадаць таямніцу дзевяці нагляў, бачных ля ножак Божага Дзіцяці пад пэўным вуглом. На адваротны бок яны не выходзяць. Магчыма, гэта прымацаванне для страчанага дзяржальна вынаснога абраза?
У святынях асаблівым чынам ушаноўваюцца вынасныя абразы, іх лічаць цудатворнымі. Іх, як і запрастольныя крыжы, выносяць вернікам для пакланення толькі ў выключных выпадках: на вялікія святы, для працэсіі або для засцярогі ад вялікай бяды.
Калі праца рэстаўравання абраза была завершаная, дзякуючы матушцы Сергіі да мяне ў рукі трапіў поўны артыкул па гісторыі абраза Эфескай Божай Маці навуковага супрацоўніка Рускага музея І. А. Шалінай. Адразу ж мазаіка гіпотэзаў і здагадак склалася ў адзіны цэласны і зразумелы малюнак гісторыі абраза XVI стагоддзя.
«Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў Корсунска-Багародзіцкім саборы Тарапца захоўвалася копія з Корсунскага абраза, зробленая ў XVI стагоддзі. Пасля рэвалюцыі яе лёс невядомы. Кажуць, што жыхары Тарапца, чакаючы прыезду ў горад цара Івана Грознага, баяліся, што святыня будзе вывезеная ў Маскву, і таму вырашылі зрабіць з яе спісак. Калі копія была гатовая, на яе паклалі срэбную шату і ўпрыгожванні з абраза Корсунскай Божай Маці і паставілі ў іканастас на месца цудатворнага абраза. А сам абраз без упрыгожванняў аднеслі за прастол.
Сапраўды, у XVI стагоддзі існавала традыцыі везці ў Маскву найбольш шанаваныя мясцовыя святыні з усіх заваяваных краёў Русі. Так адбылося з абразамі Уладзімірскай і Смаленскай Божай Маці, старажытнымі здабыткамі Ноўгарада, Пскова ды іншых гарадоў.
Боязь гараджанаў была марнаю, бо Іван Грозны не дайшоў да Тарапца. Абраз і яго копія назаўжды засталіся там...»
Звяртаючыся да цытаванага ўрыўка з працы І. А. Шалінай, можна зрабіць выснову, што гэты абраз Полацкай Божай Маці XVI стагоддзя і ёсць дакладны спісак «па меры і падабенстве», зроблены для Івана Грознага. А каб цар не раскрыў падману, спісак замовілі лепшаму мясцоваму іканапісцу. Такі ўчынак патрабаваў вялікай мужнасці. Жыхары Тарапца шмат чулі пра гнеў, які цар абрушыў на суседнія гарады Твер, Клін, Таржок і Ноўгарад. У летапісах ёсць дакладны час паходаў на непакорныя Ноўгарад і Пскоў. Таму дата стварэння гэтага абраза з вялікай верагоднасцю — студзень-сакавік 1570 года.
Такім чынам, у Корсунска-Багародзіцкай святыні горада Тарапца былі выстаўленыя для пакланення два абразы Полацкай (Эфескай) Багародзіцы: з правага боку ад алтара — абраз ХІІ стагоддзя, з левага боку — XVI стагоддзя. Маліліся перад абразамі да 1921 года, калі новыя ўлады зачынілі святыню, а каштоўнасці і рэліквіі былі канфіскаваныя і страчаныя. Абраз ХІІ стагоддзя трапіў у краязнаўчы музей Тарапца, а пасля ў Рускі музей, а дакладны спісак XVI стагоддзя, уратаваны мясцовымі вернікамі, апынуўся на маім працоўным стале.
Так па Божай волі абраз Полацкай Божай Маці XVI стагоддзя трапіў у горад святой Еўфрасінні.
|
|
|