Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(63)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

РАЗЛІВЫ СВЯТЛА

ЗІМОВЫ ПЛЕНЭР У БУДСЛАВЕ
На шляху веры

СПАЗНАЦЬ РАДАСЦЬ І СВАБОДУ
70 гадоў росiцкай трагедыi
Галерэя
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Літаратуразнаўства
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Юбілеі

ЛЮБЛЮ
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Мар’ян ДУКСА

ПТУШКА ВЕЧНАСЦІ — ДУША

* * *

Прасякнуты бяздонны ўвесь сусвет
святлом, якому не спазнаць згасання.
Між зорак апусціўся цемры след,
але ж у ёй Яго іскрыцца ззянне.
Яго адчуць зусім не ўмее зрок.
А Ён — наш Валадар і Абаронца.
Ён між галактык і зямных аблок —
як Неўміручае Жывое Сонца.
Вакол Яго — бягуць гады, вякі.
З трывогаю у вечнай цемры хіжай
мы кружымся, як тыя матылькі,
і цешымся, як падлятаем бліжай...

 

* * *

Душа, запаланіў цябе пясок,
запаланіў цябе пясок без меры.
Ах, колькі раз бярвенні я валок
на бераг твой, каб стаў будынак веры.
Здаецца, і вялікім быў парыў,
здаецца, майстраваў і сцены дбайна.
Але заўсёды мой будынак плыў...
І я за гэтым назіраў адчайна.
Ах, як я мог забыцца — пад вуглы,
ну проста так, як той казаў, на шчасце,
кавалак цвёрды колатай скалы,
ці мармур духу, укапаць — падкласці.

 

* * *

І дзе хвала, і дзе найгоршы грэх,
адкуль ідуць найбольшыя пагрозы?
Як многа ў Бога закаштуе смех,
на кошт які пацягнуць нашы слёзы?
Дзе самы багацейшы наш багаж —
жыцця-ціхоні ці жыцця ў раскрутку?
Ёсць плён, што дорыць бойкі нораў наш,
ёсць плён, што нараджаецца са смутку.
Якая ты, нябесная шкала,
што вырашыш, завоблачная такса —
калі душа вясёлаю была
альбо несуцяшальнай плаксай?

 

* * *

А праўда горкая
ў душы шчыміць.
Даймае зноў,
і ёй не скажаш «годзе».
Вось боль і смутак
як нам уявіць
вірлівага дваццатага стагоддзя?
Мільёны гінулі,
нібыта ў мор,
як быццам баль
спраўлялі людаеды.
Спатрэбіцца гіганцкі манітор,
каб размясціць на ім
былыя беды.
За сто гадоў
змясціць на ім бы зло —
і пройме жах
усю душу і цела.
Як гэта людства
вытрываць змагло?
Усё ўвабрала
і не звар’яцела.

 

* * *

Кроў замірае і стыне,
Скруха не пройдзе ніяк.
Зноў перад ценем Катыні
ўздрыгвае кожны паляк.
Мусіць, лягчэй не стане —
пройдзе гадоў хоць сто.
Сэрца дзяўбе пытанне,
б’е недаўменне: «За што?».
Факел пякучага болю
ўспыхвае, нібы маяк.
Праўду ў зацятым падполлі
не замуруеш ніяк.
Одум іх нават не кратаў,
зналі яны, што рабіць.
Бо філасофія катаў —
як мага болей забіць.
Месца... усё яно ў ранах.
Памяць крывавіцца тут.
Нелюдзяў каранаваных
едка дыміцца прысуд.

 

* * *

Сум, туга, маркота, скруха,
нэндза, вусцішнасць, журба,
неспакой і нескладуха,
смутак, горыч і жальба —
Божа мой, а як жа многа
слоў-сінонімаў у нас,
ад якіх душа-нябога
сціснецца ў чарговы раз
і спасцігне ў лёгкім трансе
горкіх думак чараду.
Гэтых слоў усе нюансы
штосьці кажуць пра бяду.
І пра нас, пра беларусаў,
сцверджанне нясуць адно:
мы ад лёсу шмат укусаў
мелі часта і даўно.
Можа, беды і мітрэнгі
хоць цяпер скульнём далоў.
Можа, вырасце шарэнга
весялейшых трохі слоў...
Прагані сваю зацятасць,
цябе ж вельмі не стае —
разгарні ж ты, слова «радасць»,
нам сінонімы свае.
Каб суцешвалі, кружылі
паміж летаў, паміж зім.
Мы іх, пэўна, заслужылі.
Верхаводзіць — толькі ім.

 

* * *

Заўсёды радасць на прыкмеце,
нас можа лёс азалаціць.
За права жыць на гэтым свеце,
аднак, даводзіцца плаціць.
А вось якая гэта плата,
спытайце самі у людзей.
Ці гэта боль, ці попел хаты,
Ці гэта скрушны лёс дзяцей.
Што дасталося лёгка — трацім.
У нездаволенасці твар,
калі хоць трохі нешта плацім
за дар жыцця, бясцэнны дар.
Ты нарадзіўся — гэта свята.
І крыўдай дробнай не грашы.
За права жыць адна ёсць плата —
любоў,
што расцвіце ў душы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY