Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Арсень ЛІС

ПАМЯЦІ ПАЭТА-ГРАМАДЗЯНІНА, ЗМАГАРА

Адышоў у вечнасць светлай памяці таленавіты творца, вялікі працаўнік на ніве беларускай літаратуры, культуры — Ніл Гілевіч.

Асэнсаванае ўспрыняцце — а пра гэта засведчылі ўжо раннія вершы Ніла Гілевіча — такіх вечных каштоўнасцяў, як мова народа, яго тысячагадовая гісторыя, старажытная пісьменнасць, культура, дапамагло паэту сарыентавацца ў няпростых абставінах грамадска-палітычнай атмасферы свайго часу.

У 1960-я гады вялізная Краіна адназначна скіроўвалася яе ідэолагамі на пабудову вялікай утопіі. Згодна з мэтаю, на дзяржаўным узроўні выпрацоўваліся пэўныя міфалагемы, даваліся адпаведныя ўстаноўкі. Сярод іх — стварэнне новай грамадскай супольнасці «адзіны савецкі народ». Не ў форме лозунгаў, аднак настойліва пакрыёма пачала прапагандавацца ідэя адмірання моваў, нягучна агітаваўся пераход пісьменнікаў нацыянальных і аўтаномных рэспублік на мову рускую як перспектыўную ў будучым камуністычным грамадстве.

На пленуме маладых савецкіх пісьменнікаў у Маскве Ніл Гілевіч выступіў з гарачым аспрэчваннем пражэкцёраў светлай будучыні адносна лёсу мовы. У сваім непрыняцці сумніўнага тэзіса ён атрымаў дружную публічную падтрымку ад прысутных не толькі ў зале літаратараў з усяго Савецкага Саюза. У сваіх жа вершах гэтага часу Ніл Гілевіч горача заклікаў братоў-паэтаў не слухаць фальшывых прарокаў, якія гаварылі пра паміранне моваў.

У духоўным узвышэнні свайго народа, вернасці яго традыцыям, мове як этнічным абліччы народа і гістарычнай памяці Ніл Гілевіч бачыў грамадзянскую пазіцыю пісьменніка:

Спявайце, юныя паэты.
Пакуль паэты будуць пець,
Не быць Радзіме безымяннай,
Зямлі бацькоў не анямець!

За час працы на кафедры беларускай літаратуры ў БДУ (1960–1986) Нілам Гілевічам было напісана пяць манаграфій, прысвечаных беларускаму фальклору і літаратуры 1920-х гадоў. Сярод іх такія адметныя выданні, як «Наша родная песня», «Паэтыка беларускай народнай лірыкі», «Паэтыка беларускіх загадак». Акрамя таго, выдадзена пяць зборнікаў беларускага аўтэнтычнага фальклору і некалькі кніжак літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.

У гэты ж перыяд Ніл Гілевіч значна пашырыў геаграфію перакладной паэзіі на беларускую мову. Ім была маштабна перастворана па-беларуску класічная і сучасная паэзія балгараў. Асобным выданнем у яго перакладзе выйшаў зборнік балгарскіх народных песняў.

Праз кнігу «Маці мая, Славенія» Ніл Гілевіч перанёс на беларускую культурную глебу і паэзію славенцаў ХІХ–ХХ стагоддзяў.

Заглыбленне ў паэтычную творчасць паўднёвых славянаў — а ён перакладаў яшчэ творы сербаў і лучыжанаў — дало магчымасць паэту-навукоўцу напісаць даследаванне «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян». Акрамя навукова-даследчых і перакладчыцкіх здабыткаў прафесара Ніла Гілевіча, якія іначай як вынікова-важкімі назваць нельга, выходзілі кніжкі яго ўласнай паэтычнай творчасці, лірычнай, гумарыстычнай, сатырычнай, а таксама выданні прозы і драматургіі.

Пасля першых паэтычных кніг Ніла Гілевіча, пачынаючы з канца 1950-х — а выходзілі ў свет яны часта-густа — у 1967 г. з’явіўся зборнік паэзіі «Актавы». Гэтая кніга сцвердзіла Ніла Гілевіча не толькі як творцу, што актыўна асэнсоўваў у літаратуры маральна-этычныя аспекты жыцця грамадства, лёсу народа, але і як сталага майстра беларускага мастацкага слова.

У напісаным вершам рамане «Родныя дзеці» (1985), асабліва ў аўтарскім роздуме аб лёсе зямлі і лірычных адступленнях, Ніл Гілевіч засяродзіўся на анталагічных праблемах быцця свайго народа, выйшаў за акрэсленыя ідэолагамі рамкі сацрэалізму як метаду мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.

Апошні перыяд жыцця і працы Ніла Гілевіча, пачынаючы з 90-х гадоў, быў самым складаным, напружаным у рэалізацыі грамадска-палітычных ідэалаў паэта і, пэўна, самым плённым у яго мастацкай творчасці. Абраны дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР, узначаліўшы ў ім Камісію па мове, гісторыі і культуры, Ніл Гілевіч непасрэдна спрычыніўся да абвяшчэння найвышэйшым заканадаўчым органам рэспублікі дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Каб дамагчыся гэтага гістарычнага акту, Нілу Гілевічу разам з нацыянальна арыентаванымі дэпутатамі давялося моцна пазмагацца як палымянаму прамоўцу з трыбуны Вярхоўнага Савета і як публіцысту ў друку — шматлікіх інтэрв’ю, артыкулах.

Палкае, таленавітае слова Ніла Гілевіча-публіцыста, увасобленае ў кнігах «Толькі мы самі», «Любоў прасветлая. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове», навочна сведчыць, колькі душэўных і інтэлектуальных сілаў аддаваў народны паэт дзеля дабра і годнай будучыні беларускага народа. У сваёй творчасці ён нястомна сцвярджаў фундаментальныя ісціны пра тое, што мова народа — гэта абярэг і гарант яго вечнага існавання ў прасторы і часе, а дзяржаўная суверэннасць — адзіная зарука поўнай рэалізацыі творчых патэнцый, закладзеных у народзе адпрыродна, Богам.

У сваіх мемуарах, названых «Паміж роспаччу і надзеяй», як і ў запаветным вершы «Усё ж дойдзем мы да Беларусі…», паэт пакінуў нам надзею...

Гл. таксама:
У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІЛА ГІЛЕВІЧА ::
Радзім ГАРЭЦКІ :: ЗМАГАР ЗА БЕЛАРУСЬ І МОЙ СЯБАР ::
Міхась СКОБЛА :: НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ ::
Тамара НУЖДЗІНА :: «Я МАРНА НЕ ЗГІНУЎ, БЯССЛЕДНА НЕ ЗНІК...» ::
Ірына ЖАРНАСЕК :: СУСТРЭЧЫ, РАЗМОВЫ, УСПАМІНЫ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY